Як паверыць у сябе, калі ты «далёка не Веласкес»? Дзе знайсці магчымасць зрабіць выставу, калі не ведаеш мову? Каму прапанаваць свае карціны, каб зарабіць на хлеб? На такія пытанні даводзіцца шукаць адказы мастачкам і мастакам, што воляю лёсу апынуліся ў эміграцыі.

Пераадолець складанасці дапамагаюць прафесійная салідарнасць і супольнасць аднадумцаў. Пра гэта для Hrodna.life расказалі тры мастачкі з Гродна і арганізатарка ініцыятывы «Інклюзіўная Польшча» Эльвіра Каралёва.

«У Беларусі дастаткова было апублікаваць сторыз у Instagram»

Мастацтвазнаўца з Мінска Эльвіра Каралёва жыве ў Варшаве. Пабачыўшы, як шмат людзей мастацтва эмігравала ў Польшчу пасля 2020-га, вырашыла аб’яднаць іх.

«Думаю, ну дай хоць якісьці чацік зробім». Па словах Эльвіры, «не было нічога, і трэба было проста пачынаць працаваць». Зараз у чаце арт-супольнасці 600 чалавек. Гэта мастакі ў Польшчы — і беларускія, і ўкраінскія, розныя. А пачыналі з невялікай сустрэчы на 30 мастакоў.

Суразмоўца тлумачыць, што на новай тэрыторыі, дзе нікога не ведаеш, вельмі складана працаваць.

«Калі я хацела ў Беларусі зрабіць нейкую выставу, дастаткова было апублікаваць у сторыз у Instagram, што вось мастак, шукаем пляцоўку».

На думку Эльвіры Каралёвай, каб прасцей арганізоўваць падобныя імпрэзы за мяжой, творцам варта аб’ядноўвацца. Так пачалі ладзіць сустрэчы, дзе людзі знаёміліся, расказвалі, хто займаецца жывапісам, хто скульптурай, хто арт-куратар, паказвалі працы, абменьваліся кантактамі. На адну такую сустрэчу прыйшлі ажно 80 чалавек.

Прыезджым мастакам было складана нават у тым, што яны не маглі прывезці з Беларусі ўсе свае працы для выставаў ці на продаж. Часам ім не хапала матэрыялаў для творчасці. Каралёва кажа, што знайшла фінансаванне, каб мастакам у эміграцыі было б хаця б за што купіць фарбы.

«Іншых шляхоў, акрамя таго як працаваць адно з адным, я бачу мала. Тым больш, без ведання польскай мовы», — тлумачыць мастацтвазнаўца.

«Ты не адзін»

Мастачка з Гродна Кацярына Еўдакімава пераехала ў Беласток два гады таму. На радзіме яна рабіла драўляныя цацкі, займалася фларыстыкай. Пісаць карціны пачала толькі ў Польшчы, бо адкрыць сваю майстэрню для вырабе цацак на новым месцы было складана.

Кацярына расказала Hrodna.life, што ёй за мяжой дапамагае камунікацыя з калегамі анлайн.

«Пункт першы — ты не адзін. З аднаго боку, гэта сумна, што нас шмат такіх. З іншага боку, побач ёсць плячо тваіх аднадумцаў», — разважае суразмоўца.

На яе думку, мастацкі ўзровень калег вельмі розны. І гэта спрыяе таму, каб паказваць іншым свае творы.

«Ты выходзіш за рамкі сваёй сарамлівасці і паказваеш свае працы. Мне вельмі падабаецца, што людзі вельмі спагадныя. Калі трапляе навічок, яго не закідаюць камянямі. Усё па прынцыпе зялёнай ручкі: пахваляць, раскажуць, на якіх пляцоўках можна прадавацца», — дзеліцца Кацярына.

Яна, дзякуючы такім парадам, адкрыла для сябе пляцоўкі, дзе можна прадаваць свае карціны або шукаць патэнцыйных заказчыкаў.

«Я не ведала, што ў Facebook ёсць цэлыя групы, дзе заказчык можа напісаць: „Мне патрэбная карціна з відам на мора, памер — два метры на метр“. Яму тысячы паведамленняў з карцінкамі: а ў мяне такая, а ў мяне такая», — расказвае мастачка.

Аднак прапанаваць свае працы Кацярына наважылася не адразу.

«Гэты сіндром самазванкі, калі ты ні разу не Веласкес. Я паўгода збіралася. Перад тым, як націснуць кнопку „адправіць паведамленне“, я потам пакрывалася. Гэты бар’ер, комплекс напаўнавартаснасці, ёсць, я з гэтым змагаюся», — кажа яна.

Праз адну з такіх эмігранцкіх мастацкіх суполак гродзенка даведалася пра калекцыянера з Беларусі, які збірае творы беларускіх мастакоў, што жывуць за мяжой. Яна напісала яму — і той набыў дзве ейныя працы. Цяпер рыхтуюць выставу твораў з прыватнай калекцыі гэтага мецэната, дзе будуць і карціны Еўдакімавай.

«Гэта іх з сужонкай цудоўнай місія. Яны выбралі такі спосаб дапамогі. Хтосьці дапамагае палітвязням, хтосьці дзецям. Яны выбралі такі спосаб дапамогі. Я здымаю перад імі капялюш», — тлумачыць суразмоўца.

Карысную інфармацыю пра мастацкія сустрэчы і музеі ў Польшчы Кацярына глядзіць у тэматычных мастацкіх групах, прыкладам, групе Эльвіры Каралёвай Art-community Warsaw у Telegram. Размешчаныя там анонсы выставаў знаёмых мастакоў натхняюць яе саму. Яна ведае, што ў такім чаце яна можа задаць нават дробныя арганізацыйныя пытанні і атрымаць адказ ад жывых людзей.

Кацярына адзначае, што свае людзі за мяжой важныя. Бо ў Беларусі шмат пытанняў вырашалася праз знаёмствы.

«У цябе ёсць знаёмыя галерысты, знаёмыя мастацтвазнаўцы. Праз сем поціскаў рукі ты зможаш зладзіць любую імпрэзу. Тут ты сутыкаешся з тым, што ты адзін», — дадае яна.

Выстава 500 партрэтаў палітвязняў

Мастачка Яўгенія Палуян з Гродна цяпер жыве ў Варшаве, працуе цырульніцай. Яна расказала Hrodna.life, што ёй супольнасць мастакоў вельмі дапамагае, бо ў іх яна можа атрымаць карысную інфармацыю: якія матэрыялы дзе лепей набываць, дзе большы выбар, дзе ніжэйшыя цэны. Там яна можа паказаць паплечнікам свае працы, а карціны іншых натхнялі яе на ўласную творчасць.

Яна кажа, што праз такую мастацкую суполку аб’ядналася яшчэ з дзвюма мастачкамі з Беларусі - Ірынай Хвайніцкай і яшчэ адной Яўгеніяй. Яны зладзілі выставу на пазітыўную тэматыку: там пераважна пейзажы, нацюрморты, кветкі ў розных тэхніках.

«Каб прыйсці, паглядзець, адпусціць трывожныя думкі і супакоіцца душою», — тлумачыць яна мэту іхняй выставы.

Раней Яўгенія рабіла сваю прыватную выставу на больш за 500 партрэтаў палітвязняў. Цяпер партрэтаў ужо больш за 1000. Экспазіцыі ўсталёўвалі на беларускіх пляцоўках. Суразмоўца адзначае, што ў польскіх установах былі б вышэйшыя кошты на арэнду памяшкання.

«Я не разумела, да каго тут можна звярнуцца»

Мастачка з Гродна Таццяна Калач жыве ў Беластоку амаль тры гады. Мастацкая супольнасць у эміграцыі дапамагае ёй сваёй анлайн арт-пляцоўкай, бо ў Telegram-канале можна выстаўляць свае працы ці рэкламаваць майстар-класы.

«Гэта, мне падаецца, адна з буйных пляцовак, якія ёсць зараз у інтэрнэт-прасторы, якая аб’ядноўвае беларусаў і не толькі. Эльвіра стварыла папраўдзе добрую суполку», — кажа суразмоўца.

Але большага плёну ёй пакуль гэта не прынесла. Паводле суразмоўцы, больш гэтая пляцоўка спрыяе мастакам у Варшаве.

«Мне хочацца, каб мае карціны знаходзілі сваіх пакупнікоў, знаходзілі свае дамы», — кажа яна.

У мінулым годзе дзве ейныя карціны паехалі ў Канаду. Сёлета ўвесну Таццяна Калач разам з калегай Таццянай Савіч ладзілі выставу «Радуніца» ў Беластоку з фотаздымкамі памерлых з Палесся і Падляшша, а таксама графічнымі працамі. Аўтарка выставы адзначае, што было мала гледачоў. Імаверна, праз тое, што выставу ладзілі ў новай малавядомай прасторы, а таксама праз тое, што тэма смерці страшная.

На думку Таццяны, беларусам цяжка ў эміграцыі асабліва першы год, калі яны нічога не ведаюць у новай краіне.

«Я не разумела, да каго тут можна звярнуцца. Першыя гады гэта наладжванне новых сувязяў. Не толькі з беларусамі, а з людзьмі той краіны, у якой ты жывеш. Я ў новым горадзе пачала шукаць, якія тут ёсць галерэі. Калі я прыходзіла ў галерэі сучаснага мастацтва, я глядзела, хто курыруе выставы, хто выстаўляецца. Калі я ведала беларускіх мастакоў, якія сюды пераехалі ці якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, я магла звязвацца з імі», — расказвае яна.

Чытайце таксама: Чым польскае мастацтва адрозніваецца ад беларускага — пяць назіранняў з Беластока

Малюнак Таццяны Калач
Малюнак Таццяны Калач. З асабістага архіву мастачкі

Таксама мастачка глядзела ў інтэрнэце, якія ёсць магчымасці. Так яна трапіла на мастацкую арт-рэзідэнцыю, прысвечаную беларусам. Пасля гэтай рэзідэнцыі адбылася выстава, на якой Таццяна працавала. Там яна пазнаёмілася з парай з Нямеччыны, якія займаліся маладымі мастакамі. Тыя запрасілі яе на арт-рэзідэнцыю ў Нямеччыну.

Суразмоўца дадае, што праз камунікацыю і інтэрнэт можна знайсці шмат бясплатных магчымасцяў для творцаў. Так яна трапіла на курс лекцый па мастацтве, дзе можна было атрымаць бясплатны разбор партфоліа ад куратара.

Пачаць з таго, што тут ты ніхто

Эльвіра ладзіць выставы прыкладна два разы на месяц. Яна заўважае, што і палякі, і ўкраінцы больш прабіўныя за беларусаў. Нашы надта сціплыя, многія не робяць нічога, каб прадаць свае творы, нават не выстаўляюць іх у сеткі.

«Калі ты ў Беларусі быў народным мастаком, цябе выстаўлялі кожны год, а тут ты ніхто, і ты павінен сваімі нагамі прайсці і размаўляць. А мастакі ў гэтым не майстры. Таму мы аб’ядноўваемся, каб дзяліцца досведам».

Мастацтвазнаўца, арганізатаркі ініцыятывы "Інклюзіўная Польшча", Эльвіра Каралёва

Каб мастакі маглі паказваць свае творы, Эльвіра стварыла віртуальную мастацкую галерэю. Яна кажа, што ў гэтым чаце цяпер удзельнічаюць 500 чалавек, у тым ліку польскія галерысты, аўкцыяністы. Так патэнцыйныя пакупнікі могуць убачыць і набыць цікавыя ім працы, а куратары — выбраць аўтараў для выставы.