З рэйсаў гродзенскіх маршрутак здымуць 35 машын, распавяла Hrodna.life крыніца сярод маршуртчиков. На некаторых маршрутах знікнуць літаральна ўсе мікрааўтобусы. Гэта — пакаранне за парушэнні. У кіроўцаў ёсць свае пытанні да правяральнікаў. У той жа час у горадзе абвясцілі конкурс на абслугоўванне некаторых маршрутаў на наступныя 5 гадоў.

Прыпыніць працу некаторых маршрутных таксі вырашылі ў Гродзенскім гарвыканкаме 14 траўня праз парушэнні кіроўцамі правілаў перавозкі пасажыраў.

Машыны ў тым ліку здымуць з маршрутаў № 17 («Дзевятоўка-5» — «Рынак „Паўднёвы“» (Альшанка)), 22 («Гарадская клінічная бальніца № 3» — «Альшанка»), 35 («Багушэвіча-2» — «Вуліца Карскага»), 36 («Вуліца Альшанская» — «Вуліца Урублеўскага»), амаль палову — з маршруту № 12 («Хімвалакно» — «Дзевятоўка-5»), усе — з маршруту № 8 («Вішнявец» — «Гарадская клінічная бальніца № 3»), распавёў Hrodna.life Аляксандр (імя зменена па просьбе крыніцы). Ён дапускае, што абмежаванне можа закрануць амаль усе гарадскія маршруты.

Машыны здымуць на месяц — з 6 чэрвеня па 6 ліпеня. Па звестках крыніцы, на месца знятых з маршрутаў не плануюць ставіць падменныя аўто. «Калі вы, дапусцім, раней чакалі 12-ы маршрут 10 хвілін, то зараз будзеце чакаць яго 30 хвілін», — прывёў прыклад мужчына.

Крыніца ў тралейбусным парку раней казала Hrodna.life, што інтэрвал чакання маршруткі ў сярэднім з 12 хвілін можа павялічыцца ўсяго да 15. Таксама яна сцвярджала, што працу часткі маршрутных таксі прыпыняць прыкладна з сярэдзіны чэрвеня да сярэдзіны ліпеня. Такі перыяд выбралі таму, што летам павінна зменшыцца колькасць пасажыраў: дзеці не будуць ездзіць у школы, студэнты сыдуць на вакацыі, хтосьці з’едзе ў адпачынак або ў вёску.

Каму з гродзенцаў маршруткі найбольш патрэбныя

Мяркуючы па апытаннях чытачоў Hrodna.life сярод праблемных ктрункаў для Гродна — тыя, з якіх здымаюць машыны. У першую чаргу гэта Альшанка, Грандзічы, Вішнявец, таксама Баранавічы, Зарыца, Каробчыцы, Азёрская шаша, вул. Паўднёвая, Урублеўскага, Мясніцкая, 3-я і абласная бальніцы. Адтуль складаней за ўсё выбрацца ў іншую частку горада без маршрутак. Цяжка дабірацца грамадскім транспартам з Касманаўтаў на Суворава і Паўднёвы рынак, з Маслабазы на Вішнявец, з Калбасіно ў цэнтр горада.

З 420 апытаных у Instagram чытачоў 137 адказалі, што ў іх раён без маршрутак не даехаць, 77 не любіць карыстацца маршрутнымі таксі, 96 — карыстаюцца, але расклад лічаць нязручнымі. 110 чытачоў адказалі, што адмена некаторых маршрутак ніяк не паўплывае на іх жыццё. У Telegram 51% апытаных не можа дабрацца дадому без маршрутак, 26% карыстаюцца, але не радыя раскладу, і 23% ненавідзіць іх і лічыць нязручнымі.

За што караюць

Хваля праверак маршрутных таксі ў Гродне прайшла ў снежні 2021 года. У асноўным падставамі для здымання машын з маршрутаў сталі нявыбітыя кіроўцам квіткі і «стаячыя» пасажыры. Так, калі усе сядзячыя месцы занятыя, кіроўца не мае права ўзяць вас, нават калі ідзе дождж, а вы з дзіцём ці спазняецеся на працу. Гэта лічыцца грубым парушэннем.

Чытайце таксама: В Гродно на всех остановках развесят камеры, чтобы контролировать маршрутчиков

Кіроўцы страчваюць працу на месяц (пакуль)

Машыны здымаюць у розных перавозчыкаў, якім падпарадкоўваюцца ўладальнікі машын. Кіроўцаў маршрутных таксі ўжо пачалі адпраўляць у адпачынкі за свой кошт на месяц. Кагосьці змогуць размеркаваць па іншых маршрутах.

На адной машыне могуць працаваць два-тры кіроўцы. Калі з парушэннем «трапіўся» адзін з іх, без працы застаюцца ўсе. Калі кіроўцу, які ўжо «трапіў» на праверцы, пасля аднаўлення на маршруце зноў зловяць з парушэннем, машыну здымуць ужо на тры месяцы. Кіроўцам проста прыйдзецца звальняцца, лічыць Аляксандр. «І гэта ў лепшым выпадку, калі на іх што-небудзь не павесяць», — дадае ён.

Да правяральнікаў таксама ёсць пытанні

Не ўсе кантралёры, па выніках праверак якіх здымаюць машыны з маршрутаў, паводзілі сябе карэктна, распавёў кіроўца. Па правілах, павінна быць два кантралёры — правяральнік і сведка для аб’ектыўнасці. Так бывала не заўсёды. Таксама бывала, што кантралёры патрабавалі ў кіроўцаў поўны пакет дакументаў, правяралі бэйджы, малаточкі і аварыйныя выхады ў салоне, хоць гэтым павінна займацца іншая інстанцыя. Былі выпадкі, што патрабавалі ў пасажыраў квіткі, не прадставіўшыся спачатку, або хавалі бэйджы пад курткамі. Гэта з’яўляецца парушэннем ўжо з боку кантралёраў: яны павінны быць выразна пазначаныя.

«У [кантралёраў] аўтобуснага парку такога няма, яны заўсёды ў сініх камізэльках. У тралейбуснага ж нейкі трэш робіцца. Аднойчы кантралёр зайшла, сказала — едзь, я на наступным выходжу, стоячы правярала квіткі, не разлічылася, хоць абавязаная разлічыцца або паказаць пасведчанне на права праезду».

Быў выпадак, калі кантралёры чакалі за прыпынкам, і кіроўца іх проста праехаў, бо нікога не ўбачыў. У выніку яму прыйшлося пісаць тлумачальную, хоць кіроўца абавязаны спыняцца па патрабаванні пасажыра або калі яго чакаюць на прыпынку.

Прэтэнзіі прад’яўлялі і да часу, выбітага на квітках. Калі яго лічылі неадпаведным, адпраўлялі справаздачу ў падатковую. «Хоць з Альшанкі да аўтавакзала можна ехаць хвілін 20−30. А па правілах я магу прабіць квіткі, і яны будуць дзейнічаць ад выезду на маршрут да канчатковага прыпынку, — патлумачыў Аляксандр. — Магу ў гадзіну пік выбіць 20 квіткоў, і на Альшанцы зойдзе 20 чалавек».

Цану павышаюць, але прыбытак не расце

У горадзе стала шмат нерэнтабельных маршрутаў, некаторыя проста «вымерлі». Пасля павышэння коштаў на маршруткі пасажыры сталі менш імі карыстацца, і прыбытак не вырас.

Аляксандр лічыць, што цана на праезд у маршрутных таксі ў Гродне неабгрунтавана высокая. Напрыклад, у Кобрыне аўтобус каштуе 80 капеек, а маршрутка — 85, у Брэсце і Віцебску — 1,5 руб., у Гомелі — 1,6 руб. «Я на таксі заязджаю за 2,3 рубля, да 3. Мне больш выгадна скінуцца, чым ехаць на маршрутцы», — кажа ён.

У гарвыканкаме кожны раз перад павышэннем усталёўваюць верхні ліміт кошту па просьбе некаторых перавозчыкаў. Па словах Аляксандра асобныя ўладальнікі машын пераконваюць іншых не ставіць кошты ніжэй.

Тым часам горад шукае новых маршрутчыкаў

За працу маршрутных таксі ў Гродне з 2022 года адказвае тралейбуснае ўпраўленне. Яно абвясціла конкурс на права здзяйсняць пасажырскія перавозкі па Гродне на маршрутных таксі з 1 ліпеня 2022 года да 1 ліпеня 2027 года, піша Telegram-канал Urban Hrodna.

Шукаюць перавозчыкаў для маршрутаў:

  • 1тк «Мясакамбінат — Рынак «Паўднёвы» (вуліца Багушэвіча) (на гэтым маршруце неабходна запоўніць 5 месцаў (машын для рэйсаў)),
  • 2тк «Дзевятоўка-5 — Вішнявец» (4 месцы),
  • 3тк «Калбасіно — Чыгуначны вакзал» (4 месцы),
  • 10тк «Калбасіно — Дзевятоўка-5» (9 месцаў),
  • 11тк «Вуліца Рэпіна — Рынак «Паўднёвы» (Вішнявец)» (4 месцы),
  • 12тк «Альшанка — Дзевятоўка-5» (6 месцаў),
  • 17тк «Грандзічы-3 — Рынак «Паўднёвы» (Альшанка)» (6 месцаў),
  • 18тк «Альшанка — Грандзічы-3» (1 месца),
  • 22тк «Альшанка — Гарадская клінічная бальніца № 3» (1 месца),
  • 25тк «Вішнявец — Зарыца-4» (6 месцаў),
  • 32тк «Вішнявец — КСМ» (4 месцы),
  • 35тк «Багушэвіча-2 — Вуліца Карскага» (1 месца).

Заказчыкам выступае Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт. Прапановы ад прэтэндэнтаў прымаюць да 17:00 7 чэрвеня ў запячатаных канвертах па кожным лоце асобна (адзін нумар маршруту — адзін лот) па адрасе пл. Леніна, д. 2/1, каб. 511 (тэл. 62 69 56). Сам конкурс пройдзе з 13 па 15 чэрвеня ў 14:10 у Гродзенскім гарвыканкаме (каб. 202). Машыны будуць аглядаць 13 чэрвеня з 9:00 на пляцоўцы абласнога ДАІ, вытворча-тэхнічную базу прэтэндэнтаў правераць 14 чэрвеня з 10:00 гадзін. Спіс неабходных дакументаў і патрабаванняў размешчаны на сайце тралейбуснага ўпраўлення. Не дапускаюцца машыны без рэгістрацыі і тэхагляду.