Дзе ў Гродне студэнты слухалі Быкава? У якой кнігарні прадавалі “вершы пісьменніка”? Да 100-годдзя Васіля Быкава Hrodna.life падрыхтаваў мапу гродзенскіх мясцін, звязаных з жыццём творцы.

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Васіль Быкаў. Фота: У. Мяжэвіч/ТАСС

Беларускі пісьменнік Васіль Быкаў жыў у Гродне 25 гадоў: з 1947 да 1949 і з 1955 да 1978 года. Тут ён пачынаў сваю творчую дзейнасць у мастацкіх майстэрнях і рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”. Менавіта ў Гродне Быкаў напісаў “Мёртвым не баліць”, “Жураўліны крык”, “Альпійскую баладу” і “Сотнікава”. 

Вялікая Траецкая, 28 

Першая кватэра, у якой жыў Васіль Быкаў. Тут ён напісаў творы: “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Салдацкі лёс”, “Ранак-світанак”, “Сваякі”, “Праклятая вышыня”, “Круглянскі мост”, “Круты бераг ракі”.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што былыя жыхары пасадзілі ў двары сад, сярод якога ёсць дрэвы, якія саджаў Быкаў.

Свярдлова, 18

Другая кватэра, дзе ў Гродне жыў Васіль Быкаў. Тут ён напісаў аповесці “Воўчая зграя” і “Пайсці і не вярнуцца”. Дом у савецкім Гродне лічыўся дастаткова элітным – там жылі розныя партыйныя дзеячы і высокія начальнікі.

Дуб Васіля Быкава 

У двары дома па вуліцы Свярдлова, 18 расце дуб, які, як лічыцца, некалі пасадзіў Васіль Быкаў. Дакладна невядома, калі менавіта і з якой нагоды пасадзілі дрэва. Але краязнаўца Таццяна Касатая лічыць, што яго пасадзілі Быкаў з сынам Васілём. 

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Дуб Васіля Быкава. Крыніца:  grodno.greenbelarus.info

Парыжскай камуны, 9

Трэцяя кватэра пісьменніка, у якую ён прыязджаў, калі ўжо жыў у Мінску. 

Дамініканская,5

На гэтай вуліцы размяшчалася мастацкая майстэрня, дзе ў першыя гады гродзенскага перыяду працаваў Васіль Быкаў. 

Леніна, 32

У корпусе філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 1995 годзе Васіль Быкаў апошні раз выступаў у Гродне перад студэнтамі і выкладчыкамі.

Палац Тэкстыльшчыкаў

Тут адбывалася ўрачыстае віншаванне Васіля Быкава з нагоды 50-годдзя ў 1974 годзе. 

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Андрэй Макаёнак віншуе Васіля Быкава з 50-годдзем у Палацы Тэкстысльшчыкаў

Дом-музей Элізы Ажэшкі

Тут размяшчалася Гродзенскае аддзяленне саюза пісьменнікаў БССР. У яго Васіль Быкаў уступіў у 1959 годзе. Акрамя Васіля Быкава, тут таксама працавалі Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, Міхась Васілёк. 

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Васіль Быкаў на вуліцы Ажэшкі ў Гродне

Ажэшкі, 49

Тут размяшчалася кватэра пісьменніка Аляксея Карпюка. Творцы сябравалі і час ад часу сустракаліся ў гэтай кватэры. 

Савецкая, 8 і Паліграфістаў, 2

Тут у розныя часы размяшчалася рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда”. Гэта было галоўнае месца працы Васіля Быкава.

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Васіль Быкаў (другі з права) у рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”

Савецкая, 31

Па гэтым адрасе з 2003 па 2018 гады размяшчаўся музейны пакойчык, прысвечаны Васілю Быкаву. У экспазіцыі былі асабістыя рэчы пісьменніка. 

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Музейны пакой Быкава. Крыніца: Белсат

Музейны пакой стварылі ў офісе ветэранскай арганізацыі. Памяшканне для музея абяцаў ГрДУ, а стварэнне паўнавартаснага музею было прапісана ў праграме “Спадчына” на 2016 – 2020 гады. Але ў выніку ў 2018 годзе калекцыя музейнага пакою пераехала ў Дом-музей Максіма Багданавіча. 

Чытайце таксама:  “Татальная музеефікацыя”. ТОП-10 музеяў-фантомаў Гродна

Савецкая, 3

Да 2021 года у гэтым будынку размяшчалася цырульня “Антэй”. Менавіта сюды хадзіў стрыгчыся Васіль Быкаў. У гэтай цырульні Быкава абслугоўваў адзін з вядомых у той час цырульнікаў у Гродне – Ісаак Маеровіч. Цырульня была самай старой у горадзе і працавала з 1927 года. 

Стары замак

На замкавай гары на руінах сцяны Старога замка было зроблена адно з самых вядомых фота пісьменніка.

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Васіль Быкаў на сцяне Старога замка

Нёман

На левым беразе Нёмана ў пісьменніка быў гараж. Там Быкаў захоўваў сваю тэхніку, у тым ліку і маторную лодку, на якой любіў вандраваць па Нёмане.

Чыгуначны вакзал

Тут Васіль Быкаў правёў сваю першую ноч, калі ўпершыню прыехаў у Гродна. 

“З першага пагляду горад мне спадабаўся, не такі ўжо і пабураны (хоць у цэнтры і трапляліся руіны некаторых будынкаў), але ў ім адчувалася пэўная «заходнасьць», рысы сярэднявечча — у старых будынках, касьцёлах, нават у брукоўцы вуліц. Зноў жа — два замкі і Нёман. Дужа гэта міла здалося майму сэрцу, зьнябытаму на чужыне. Паўдня хадзіў па вуліцах, прыглядаўся, але куды зайсьці не наважыўся. Першую гарадзенскую ноч правёў на вакзале”, – узгадваў пісьменнік у кнізе “Доўгая дарога дадому” (аўтарскі правапіс захаваны).

Будынак таго вакзала не захаваўся. Яго зруйнавалі ў 1986 годзе. Знаходзіўся ён зусім побач з сучасным вакзалам.

Лес Быкава

У 2016 годзе Індурскае лясніцтва высадзіла недалёка Гродна лес імя Васіля Быкава. Тады ж усталявалі памятны знак у гонар пісьменніка. 

Да 100-годдзя Васіля Быкава: мапа гродзенскіх мясцін пісьменніка
Памятны знак у гонар Васіля Быкава ў лесе Быкава. Крыніца: styl.hrodna.life

Кнігарня “Раніца”

У гэтай кнігарні на Маставой, 33 у 2012 годзе прадавалі сшыткі з “вершамі Васіля Быкава” на вокладцы. Высветлілася, што гродзенская друкарня проста ўзяла вершы з сайта “Стихи.ру”, аўтарам якіх быў пазначаны нейкі “Василий Быков”. Ніякага дачынення да творчасці беларускага пісьменніка ён не меў. 

Чытайце таксама: У Гродне знайшлі франтавыя малюнкі Васіля Быкава

Ведаеце яшчэ якія-небудзь месцы ў Гродне, звязаныя ў постаццю Васіля Быкава? Напішыце нам на [email protected] – і мы дадамо іх да мапы.