Спадчына

Таямнічы «Манускрыпт Войніча» і лёс яго адкрывальніка: пры чым тут Гродна

Адкрывальнік самага таямнічага ў свеце сярэднявечнага рукапісу — Міхаіл Войніч — не раз бываў у Гродне ў 1880-х гг. Пра яго могуць расказаць у гродзенскай аптэцы-музеі, бо Войніч быў памочнікам аптэкара ў недалёкім Марыямпалі (сёння — Літва). Войніч не проста прыязджаў, але і трошкі жыў у Гродне, усталёўваючы кантакты з мясцовымі сацыялістамі. Пра яго жыццё ды знаходку «Манускрыпта Войніча» піша Telegram-канал Hrodna 11:27.

Высылка ў Сібір, знаёмства з Пілсудскім і нечаканая сустрэча ў Англіі

Міхаіл Войніч. Каля 1885 г. Фота: Wikimedia Commons

Міхаіл Войніч, які нарадзіўся ў 1864 г., быў сынам небагатага літоўскага шляхціча. Яго дзяцінства прайшло ў пераездах і вучобе ў Цельшах, Сувалках, Вільні і Маскве. Звязаўшыся з польскімі сацыялістамі, Войніч спрабуе выратаваць іх з Варшаўскай цытадэлі, сам трапляе туды, адбыўшы пакаранне апраўляецца ў высылку ў Сібір, дзе знаёміцца з Юзафам Пілсудскім.

Праз Манголію і Кітай яму ўдаецца перабрацца ў Англію, дзе ён не мае ніякіх канкрэтных справаў. Амаль выпадкова ён сустракае прыгожую бландынку, якую, як яму здаецца, ён бачыў недзе недалёка ад Варшаўскай цытадэлі. Дзяўчыну завуць Этэль Буль, яна дачка вядомага матэматыка і сваячніца некалькіх знаных брытанскіх палітыкаў.

Этэль і праўда бывала некалькі гадоў таму ў Варшаве. Такая вось сустрэча ў велізарным горадзе праз некалькі гадоў і паўсвету.

Этэль напісала раман, Міхаіл адшукаў самы таямнічы рукапіс у свеце

Зразумела, што Этэль Буль і Міхаіл Войніч пажаніліся. Цяпер яны быццам памяняліся ролямі. Этэль Войніч напісала і выдала знакаміты раман «Авадзень», прысвечаны італьянскім рэвалюцыянерам першай паловы ХІХ ст. Міхаіл (або, як ён пераіменаваў сябе ў Англіі - Уілфрэд) Войніч зацікавіўся антыкварыятам. Ён адкрыў антыкварную краму ў Лондане, а пасля пераезду сям'і ў Амерыку — і ў Нью-Ёрку.

Войніч шнырыў па старой Еўропе, шукаючы цікавыя кнігі і прадметы. У 1912 г. яму ўдалося набыць некалькі дзясяткаў рукапісаў з нейкай зачыненай езуіцкай установы. Сярод іх быў незразумелы рукапіс, які антыквар называў з-за сціплай вокладкі «брыдкім качаняткам». У гісторыю жа ён увайшоў як «мансукрыпт Войніча».

Чытайце таксама: Езуіцкі калегіум. 5 фактаў з гісторыі найстарэйшай навучальнай установы Гродна

«Авадзень» мільённымі накладамі выдаваўся ў СССР, але аўтарка пра гэта не ведала

Міхал Войніч памёр у 1930 г. ад рака страўніка. Усе ягоныя антыкварныя скарбы перайшлі да Этэль Войніч, якая перахоўвала іх нават не разбіраючы.

У 1955 г. папулярнасць рамана «Авадзень» ізноў рэзка ўзнялася на фоне чарговай зробленай у СССР экранізацыі. Калі савецкія літаратары адшукалі ў Нью-Ёрку дзевяностагадовую Этэль Войніч, яна была вельмі здзіўлена, што пра яе творчасць так добра ведаюць у савецкай краіне. Там кніга выдавалася шматмільённымі накладамі, але аўтарка, зразумела, ніякіх ганарарных адлічэнняў не атрымлівала.

Адно с савецкіх выданняў Этэль Ліліян Войніч

Пасля смерці Этэль у 1960 г. «Рукапіс Войніча», пахадзіўшы па руках, асеў у аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Ельскага ўніверсітэта.

Манускрыпт Войніча: невядомая мова і тямнічыя расліны

Манускрыпт Войніча мае больш за 270 старонак і напісаны знакамі, якія найбольш нагадваюць пісьмо эльфаў з кніжак Толкіна. Кніга складаецца з умоўных пяці раздзелаў, якія можна выдзеліць па асаблівасцях ілюстрацый.

Фрагмент «Манускрыпта Войніча»

Першы раздзел — батанічны, поўны рысункаў раслін. Другі - астранамічна-астралагічны: там шмат малюнкаў планет, знакаў задыяку і інш. Трэці - біялагічны — напоўнены выявамі аголеных жанчын і блытанінай дзіўных трубак. Потым ідзе касмалагічны раздзел са шматлікімі выявамі незраузмелых табліц. Апошні ж раздзел найбольш нагадвае папулярныя ў тагачаснай Еўропе зельнікі. Адна праблема — намаляваныя расліны не маюць вядомых навуцы аналагаў. Быццам яны выраслі на нейкай таямнічай далёкай планеце.

Фрагмент «Манускрыпта Войніча»

Рукапіс прывёз лекар Стэфана Баторыя?

Джон Дзі

Як высветлілі вучоныя метадам радыёвугляроднага аналізу, рукапіс Войніча быў складзены паміж 1404 і 1438 гг. Аднак гісторыя яго вядомая толькі з другой паловы XVI ст., калі рукапіс належаў германскаму імператару Рудольфу ІІ. Яга называлі «імператарам магаў». Ён, цяжка хворы сіфілісам, пераехаў з Вены ў Прагу і акружыў сябе алхімікамі, лекарамі, астраномамі, якія часцей за ўсё аказваліся шарлатанамі.

Магчыма, рукапіс прывёз Рудольфу ІІ англійскі алхімік Джон Дзі, які, дарэчы, спрабаваў лячыць і цяжка хворага Стэфана Баторыя. Кажуць, Джон Дзі ўмеў пераўтвараць медзь у золата са спецыяльнага парашку, здабытага з нейкай старадаўняй магілы. Але ні Баторыя ні Рудольфа ІІ ён не вылечыў.

Адмысловая тарабаршчына ці сэнсоўны тэкст?

Манускрыпт Войніча спрабуюць расшыфраваць ужо сто гадоў. За гэты час на гэтую справу кідалі ўсе дасягненні навукі: і спецыялістаў па старажытных мовах, і дэшыфроўшчыкаў, і метады камп’ютарнага аналізу. Эфекту амаль ніякага. Два гады таму з’явілася інфармацыя, што быццам камп’ютар змог прачытаць адну (!) фразу, якая напісана на старагабрэйскай мове: «Яна накіравала параду святару, гаспадару, мне і людзям».

Фрагмент «Манускрыпта Войніча»

Ці будзе нейкі працяг — ніхто не ведае. Шмат хто наогул думае, што рукапіс Войніча, гэта такая адмысловая прыгожая тарабаршчына, напісаная, каб дурыць галаву сярэднявечным уладарам. Аднак хочацца верыць, што тэкст такі ўдасца расшыфраваць. Магчыма, там будзе нават нешта пра Гродна і тады кола жыцця Міхаіла Войніча і ягонага рукапісу замкнуцца.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025