Дзіцячы садок у Грандзічах каштуе столькі, колькі страціла Беларуская чыгунка за 13 дзён закрытай мяжы з Польшчай — з 11 па 24 верасня 2025 года. Але замест гэтых лічбаў журналісты дзяржаўнай «Гродзенскай праўды» адцягваюць увагу чытачоў на праблемы ў суседняй краіне. Яны скажаюць факты з польскіх навін і ствараюць адчуванне катастрофы за мяжой. Hrodna.life разбіраецца, як прыёмы маніпуляцыі схіляюць чытачоў да пэўнай інтэрпрэтацыі.

Дэзынфармацыя коштам у дзіцячы садок

Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі палічыла прыблізныя страты, якія панесла Беларуская чыгунка (БЧ) падчас закрытай мяжы. Атрымалася $ 500 — 600 тыс. Штодня.

Даведка Hrodna.life: Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі — гэта ініцыятыва, якая была заснаваная ў 2020 годзе на хвалі масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі. Зараз гэта незалежная арганізацыя праводзіць маніторынг і асвятляе падзеі на Беларускай чыгунцы.

За 13 дзён прастою БЧ страціла ад $ 6,5 да $ 7,8 млн. Каб ацаніць маштаб, дастаткова паглядзець на гродзенскі мікрараён Грандзічы-3. Там пабудаваны самы вялікі дзіцячы садок у Гродзенскай вобласці. Яго будаўніцтва каштавала каля $ 5 млн.

Інакш кажучы, за час закрытай мяжы толькі наша чыгунка страціла столькі, колькі б хапіла на новы садок — з ліфтам, басейнам і ўсім, што патрэбна дзецям.

Маніпуляцыя № 1: гучнае абагульненне і эфект глабальнага крызісу

Артыкул у «Гродзенскай праўдзе», які абяцаў расказаць пра наступствы закрытай мяжы, пачынаецца з гучнага абагульнення:

«Закрыццё мяжы з Беларуссю стала моцным ударам для польскай і еўрапейскай эканомік», — пішуць дзяржаўныя журналісты.

маніпуляцыі і прапаганда ў беларускіх СМІ

Гэты сказ узяты з матэрыялу на сайце trans.info — еўрапейскага медыя пра транспарт і лагістыку. Там гэта былі толькі меркаванні эксперткі ў сферы знешняга гандлю, а не дакладныя дадзеныя.

Першы крок маніпуляцыі: стварыць уражанне агульнаеўрапейскай катастрофы, якая нас нібыта не закранула.

Маніпуляцыя № 2: лічбы не хлусяць, але хлусяць тыя, хто іх тлумачыць

У артыкуле «Гродзенскай праўды» лічбы сапраўдныя. Яны ўзятыя з польскіх артыкулаў па гэтай тэме. Але журналісты тлумачаць іх іншымі словамі. У выніку скажаецца сэнс паведамлення.

беларуская прапаганда

«У сярэднім на працягу двух тыдняў, пакуль мяжа была закрытая, у чарзе стаяла некалькі тысяч транспартных сродкаў, страты транспартнай галіны дасягнулі прыблізна 100−200 млн еўра», — сцвярджаюць журналісты «Гродзенскай праўды».

Гэты не арыгінал, а вольны пераклад з артыкула на сайце trans.info. У першакрыніцы экспертка ў галіне знешняга гандлю толькі выказвае дапушчэнне: калі на мяжы сапраўды стаялі некалькі тысяч машын, страты маглі б дасягнуць 100−200 мільёнаў еўра. Гэта меркаванне, а не дакладны факт.

Журналісты «Гродзенскай праўды» сказілі пераклад. Яны перадалі словы эксперткі як правераныя дадзеныя. Такім чынам меркаванне ператварылася ў «праўду».

Другі крок маніпуляцыі: з’яўляецца ўражваючая лічба, якая павінна прымусіць нас паверыць у маштаб страт у Польшчы.

Маніпуляцыя № 3: як адзін голас ператварыўся ў патрабаванне ўсіх палякаў

Журналісты «Гродзенскай праўды» працягваюць узмацняць сваю гісторыю праз перабольшванні. Пад загалоўкам «Палякі патрабуюць справаздачы аб стратах» тэкст апісвае рэакцыю дэпутатаў Сейма:

«Паводле звестак польскіх СМІ, у Сейме раскрытыкавалі прэм’ера Туска за закрыццё мяжы з Беларуссю».

Маніпуляцыя замест фактаў: як у Гродне перапісваюць польскія навіны

Здаецца, што ў Сейме ўзнялася хваля абурэння. На самой справе ўсё абмежавалася выступленнем дэпутата ад апазіцыйнай крайне правай партыі «Канфедэрацыя» Вітольда Тумановіча (Witold Tumanowicz). Пра гэта піша польскае выданне DoRzeczy.pl (да слова, таксама кансерватыўнае ў сваёй рэдакцыйнай палітыцы).

У польскім Сейме 460 дэпутатаў. З іх толькі 18 прадстаўляюць партыю «Канфедэрацыя». У журналістаў «Гродзенскай праўды» выказванні прадстаўніка нешматлікай партыі ператварыліся ва «ў Сейме раскрытыкавалі», што гучыць як пазіцыя большасці.

Далей у артыкуле ўдакладняецца:

«Парламентарыі запатрабавалі ад кіраўніка ўрада адсправаздачыцца, колькі страціла польская эканоміка з-за гэтага кроку і ў чыіх інтарэсах прымалася рашэнне».

На самой справе гэта быў заклік ад таго ж самага дэпутата Вітольда Тумановіча. Ён падкрэсліў, што польскія перавозчыкі і польскія прадпрымальнікі шмат страцілі, таму варта б было ведаць агульныя страты ад закрыцця памежных пераходаў.

Журналісты «Гродзенскай праўды» заклік ператварылі ў патрабаванне, а голас прадстаўніка 18 дэпутатаў у пазіцыю ўсяго Сейма.

Трэці крок маніпуляцыі: стварыць уражанне, што дзеянні польскага ўрада былі непапулярнымі і шкоднымі. Іх нібыта асудзілі нават «свае».

Маніпуляцыя № 4: эмоцыі замест фактаў: як «простыя людзі» становяцца элементам маніпуляцыі

Наступны фрагмент артыкула «Гродзенскай праўды» пераходзіць ад фактаў да эмоцый:

«За час закрыцця мяжы пацярпелі не толькі перавозчыкі і буйныя кампаніі, а ў першую чаргу малы бізнес паблізу памежных пераходаў на ўсходзе Польшчы (бары, запраўкі, абменнікі валюты, што штодзённа абслугоўваюць тысячы кіроўцаў і турыстаў)», — піша «Гродзенская праўда».

беларуская дзяржаўная прапаганда

Гэты сказ перапісаны з матэрыялу на trans.info, але ў яго дадалі новую дэталь: словы «ў першую чаргу», якіх няма ў арыгінале. Менавіта яны пераносяць акцэнт на самых безабаронных: уладальнікаў кавярняў, заправак, людзей «з зямлі». Пры гэтым ніякіх канкрэтных лічбаў або прыкладаў няма.

Напрыканцы тэксту аўтары робяць высновы:

«Непрадбачлівыя палітычныя меры б’юць не толькі па эканоміцы, але і па жыцці простых людзей па абодва бакі мяжы».

Фраза «непрадбачлівыя палітычныя меры» — гэта ацэнка без доказаў, якая гучыць як безальтэрнатыўная праўда.

Словы «па абодва бакі мяжы» ствараюць ілюзію баланса: нібыта аўтары памятаюць і пра беларускі бізнес, які пацярпеў ад закрыцця мяжы, хоць у тэксце пра яго няма ні слова.

Чацвёрты крок маніпуляцыі: прымусіць нас спачуваць праблемам простых палякаў, каб адцягнуць увагу ад беларускіх страт.

Як выкрыць маніпуляцыю

Амаль увесь тэкст у «Гродзенскай праўдзе» — гэта «перапісаныя» сказы з польскіх медыя. Аўтары артыкула то дадалі ў іх эмацыйныя словы, то выдралі фразы з кантэксту, то змянілі пераклад так, што сказ страціў сэнс. Нам прапануюць абмяркоўваць не сваё, а чужое. Скажонае чужое.

З дапамогай перабольшвання, падтасовак і гульні на эмоцыях нас правялі ад «агульнаеўрапейскай» катастрофы да «пакут» звычайных людзей, такіх як мы.

Мэта артыкула ў «Гродзенскай праўдзе» — сфармаваць уражанне, што Польшча на мяжы эканамічнага калапсу, а ў Беларусі пануе цішыня і спакой.

як выкрыць маніпуляцыю

Парада Hrodna.life, як выкрываць маніпуляцыю ў такіх тэкстах:

  • аналізуйце мову, звяртайце ўвагу на ацэначныя фармулёўкі і гучныя абагульненні;
  • правярайце цытаты ў першакрыніцах;
  • шукайце пацвярджэнне інфармацыі ў незалежных медыя.

Маніпуляцыя працуе толькі тады, калі ёй верыш на слова. Верыш і пачынаеш абмяркоўваць чужыя страты, забываючы, што толькі на страты Беларускай чыгункі можна было б пабудаваць новы дзіцячы садок.