Падчас збору подпісаў пад лістом да Міжнароднай арганізацыі працы супраць санкцый Еўрасаюза на гродзенскіх прадпрыемствах праводзілі «гутаркі», клікалі ў кабінет па аднаму, пагражалі непадаўжэннем кантракту і «ссылкай» ў калгасы. Гродзенцы распавялі Hrodna.life, як (не) падпісвалі ліст па просьбе начальства.

Што за ліст?

Калектыўны адкрыты ліст «працоўных Беларусі» да Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) з’явіўся на сайце Федэрацыі прафсаюзаў 26 студзеня. Еўрапейскім саюзам неабгрунтавана ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў нашай краіны, што закранула інтарэсы дзесяткаў тысяч людзей, у першую чаргу працоўных, адзначаецца ў лісце. За першыя тры дні ліст, паводле звестак прафсаюзаў, падпісалі 1 113 000 беларусаў.

Пагражаюць непадаўжэннем кантракту

Гродзенская абласная клінічная бальніца. Супрацоўнікам прынеслі ліст і сказалі паставіць подпіс, распавёў работнік установы Hrodna.life. Па яго словах, з імі «правялі размову» і супрацоўнікі падпісалі. Якога роду была гутарка, ён не ведае, бо «ўсе баяцца гаварыць на гэтыя тэмы». Супраць тых, хто адмовіўся ад подпісу пакуль «рэпрэсій», не было. «Але ў нас не хапае людзей і звольніць не могуць, далей будзе відаць», — падзяліўся супрацоўнік.

«Гроднаводаканал». Кіраўнік падраздзялення прынёс спісы і прапанаваў падпісаць ліст. «Хто адмовіцца падпісаць, з тым дырэктар не падоўжыць кантракт, — ананімна падзяліўся супрацоўнік з Hrodna.life. — З 600 работнікаў падпісалі 400». Крыніца рэдакцыі падпісаў ліст з-за фінансавых праблем у сям'і.

Гродзенскі рэзерв праваднікоў. «Калі прыходзіш распісвацца за яўку на працу, пасля адпраўляюць да інструктара, па адным у кабінет. Даюць ліст паперы, каб напісаць сваё прозвішча і насупраць яе паставіць роспіс. Пагражаюць непадаўжэннем кантракту, калі не падпішаш», — распавёў супрацоўнік чыгункі ў Гродне Hrodna.life аб выпадку 4 лютага. Ён не падпісаў ліст.

«Пакуль што ніякіх мер не ўжывалася. Ведаю толькі, што пра тых, хто не падпісаў, тэлефанавалі і дакладвалі вышэйшаму начальству. Тых, хто падпісаў, — дастаткова. Гэта ў асноўным людзі, якім мала да пенсіі засталося. Ніхто не хоча лаяцца з начальствам, хочуць дапрацаваць да пенсіі. На гэта ў асноўным і ціснуць», — распавёў супрацоўнік чыгункі.

Гродзенскі механічны завод. «У нас у аддзел начальнік проста прынёс гэты ліст, маўляў, пачытайце, хто хоча, падпішыце, глядзіце самі. Мне ніхто не прапаноўваў нават пачытаць. Думаю, што падпісалі толькі кіраўнікі аддзелаў і падраздзяленняў, цэхаў», — распавяла супрацоўніца завода Hrodna.life.

«На гродзенскай тытунёвай фабрыцы „Нёман“ у мяне муж працуе. Подпісы пад праўладным лістом збіралі добраахвотна-прымусова. Звальненнем не пагражалі, там іншыя меры — каб не нарвацца на вымову, будзеш па выхадных ездзіць у калгас, які належыць „Тытунцы“ на сельгасработы, проста ў полі камяні збіраць», — распавяла супрацоўніка завода. Пра «ссылку» ў калгас таксама распавядаў Аляксандр Куваннікаў, які пайшоў у стачку.

"Пагражаюць непадаўжэннем кантракту". Як гродзенцы падпісвалі ліст супраць санкцый Еўрасаюза
Гродзенская тытунёвая фабрыка. Фота: Надзея Вішнеўская

«Гроднаэнерга». У канцы студзеня 2021 года ў адным з Telegram-каналаў з’явіўся запіс, на якім мужчына з голасам, падобным на голас кіраўніка «Гроднаэнерга» Віктара Жука, адчытвае кіраўніцтва мясцовых філіялаў за дрэнны збор подпісаў. Ён намякнуў на тое, што невыкананне даручэння можа пацягнуць прэтэнзіі да кіраўнікоў філіялаў, піша reform.by.

«Гродна Азот». «У цэхах усё залежыць ад начальніка. Некаторыя проста кажуць: мне далі загад, але прымушаць я нікога не буду. А ў адным цэху начальнік прыйшоў і сказаў: калі хочаце працаваць-падпісвайце», — распавёў «Белсат» рабочы з «Азоту».

У адным з цэхаў, напрыклад, з 89 чалавек падпісаліся 15, у большым, электрацэху, дзе працуюць230 чалавек, ліст падпісалі таксама толькі 15 чалавек, і тое — адно начальства, піша «Белсат».

У стачкаме «Гродна Азот» Hrodna.life пацвердзілі факты прымусу да подпісу, але адмовіліся прадастаўляць кантакты супрацоўнікаў, каб не парушаць ананімнасць.

"Гродно Азот" стачком стачка забастовка
Пратэст на «Гродна Азот» у жніўні 2020. Фота: Кацярына Гардзеева, TUT.BY

Праваабаронца: звальняць з-за адсутнасці подпісу — парушэнне заканадаўства

Людзі не абавязаны падпісваць гэты ліст, нават калі яны члены прафсаюза, сказаў «Салідарнасці» кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак. У гэтай сітуацыі мэтазгодней дзейнічаць разам: калі адзін чалавек не падпіша, сапраўды будуць праблемы, калі пяць-дзесяць — сітуацыя іншая. Звальняць за «неподпіс» — парушэнне працоўнага заканадаўства. У крайнім выпадку, можна выйсці з афіцыйнага прафсаюза.

Прафсаюзы: «Добраахвотны характар»

«Кампанія па зборы подпісаў носіць добраахвотны характар. Асобныя паведамленні ў інтэрнэт-прасторы пра тое, што людзям „дапамагаюць“ пакінуць подпіс, не маюць ніякіх пацверджанняў і нават канкрэтных адрасоў, дзе гэта нібыта адбываецца. Падобныя паведамленне — не што іншае, як спроба яшчэ раз дэзарыентаваць людзей. Гэта спроба паказаць, што пазіцыі і меркаванні простых работнікаў, якія хочуць працаваць і зарабляць, не існуе. Не паддавайцеся на гэтыя хітрыкі», — пракаментавалі TUT.BY у федэрацыі.

Прафсаюзы таксама распавядаюць, што ўзнікаюць сітуацыі, калі «спрабуюць запалохаць тых, хто збірае подпісы». На прадпрыемствы і ў арганізацыі з прафсаюзаў накіравалі інфармацыйныя ўлёткі з кантактамі, куды можна звярнуцца, калі хтосьці перашкаджае работнікам свабодна выказваць сваю пазіцыю ў дачыненні да санкцый.

Што далей адбываецца з лістом?

Калектыўны ліст супраць санкцый з подпісамі работнікаў Беларусі адпраўленыя ў Раду Еўрапейскага Саюзу, заявілі ў федэрацыі TUT.BY.

У сваю чаргу беларусы стварылі петыцыю, у якой просяць лічыць несапраўдным ліст у МАП ад Рэспублікі Беларусь і ўвесці эканамічныя санкцыі. На 15 лютага петыцыю падпісалі больш за 17 000 чалавек.

Палітычна матываваныя звальненні

Пасля акцый пратэсту і спробаў забастоўкі некаторыя гродзенцы сутыкнуліся з пераследам на працы. 34-гадовага сталяра-станочніка чацвёртага разраду Антона Сафонава звольнілі з прадпрыемства «Гроднажылбуд». Пазней пасля суда яго аднавілі на працы. Адзінага бастуючага на «Тытунцы» ў Гродне Аляксандра Куваннікава таксама звольнілі. 13 звольненых у кастрычніку 2020 года работнікаў «Гродна Азот» падалі іскі ў суд.

UPD. Пасля публікацыі Hrodna.life паведамілі аб падобных фактах ціску супрацоўнікі і іншых дзяржпрадпрыемстваў.

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.