Пяць гадоў таму кампанія «Дысней» у рамках пераасэнсавання сваіх класічных твораў вырашыла перафарматаваць мультфільм 1959 гады «Спячая прыгажуня». У новай версіі казкі Шарля Перо быў рэзка зменены акцэнт ад прынцэсы, якая заснула вечным сном, на злодейку Малефісэнту.

www.youtube.com/watch?v=L0ttxMz-tyo

Падступная ведзьма ператварылася ў няшчасную крылатую фею, якая стала ахвярай няшчаснага кахання. На ролю паклікалі прыгажуню Анджэліну Джолі, якая павінна была на сваіх далікатных плячах выцягнуць маштабны казачны кінаатракцыён. Пры не самых лепшых водгуках фільм сабраў добрыя грошы і бачыўся цалкам сабе скончаным творам. Але «эпоха пастаянных сіквелаў» патрабавала працягу.

Не важны рэжысёр, важная Анджаліна

І Малефісэнта вярнулася, але ўжо пад кіраўніцтвам іншага рэжысёра: візіянера-дэбютанта Роберта Стромберга змяніў нарвежац Хаакім Ронінг. Глабальныя сюжэтныя дзіркі першай часткі, дзе гісторыя была падобная да вольнага пераказу казкі на ноч, паўплывалі на змену рэжысёра. Фільм даверылі пастаноўшчыку, які ўпершыню будзе працаваць адзін. Да гэтага Ронінг здымаў на пару са сваім суайчыннікам Эспенам Сандбергам і менавіта з ім ён здабыў славу пасля выхаду ў 2012 годзе фільма «Кон-Цікі». Затым гэты дуэт не змог выцягнуць пятых «Піратаў Карыбскага мора», але ў выніку адзін з іх усё роўна быў наняты «Дыснеем» для здымак «Малефісэнты».

Малефисента 2 Владычица тьмы

Але хто б не здымаў «Малефісэнту», цэнтральнай фігурай усяго праекта застаецца Анджэліна Джолі. У другой частцы яна і прадзюсар, і галоўны герой, а часам і галоўны злыдзень.

Жаночая сутычка з мужчынамі-мямлямі

Перад стваральнікамі фільма стаяла простая і складаная задача адначасова: прыдумаць працяг скончанай гісторыі і пры стварэнні пазбегнуць мінулых памылак. Пачатак фільма не дорыць вялікай радасці, а хутчэй скепсіс, бо гледачу прапануюць забыцца на мінулыя заслугі галоўнай гераіні. Народ суседняга каралеўства смяротна баіцца злой вядзьмаркі, хоць у першым фільме менавіта яна прыўнесла мір і росквіт. Малефісэнта таксама не давярае людзям той самай дзяржавы, таму перашкаджае замужжу сваёй хросніцы з тамтэйшым прынцам. Тым больш будучая свякроў (у выкананні пастарэлай Мішэль Пфайфер) таксама точыць зуб на крылата-рагатую Анджаліну і рыхтуе план генацыду казачных істот.

Адчуваецца што сцэнарысты натхняліся «Гульнёй тронаў», выдумляючы гэтыя закулісныя інтрыгі. Вельмі напружанай (а таму і якаснай) атрымалася сцэна знаёмства бацькоў закаханых, дзе быў паказаны асноўны канфлікт фільма. Там Джолі і Пфайфер змаглі паказаць цэлы букет эмоцый, тым больш фільм і пазіцыянуецца як спрэчка двух жанчын. Вельмі крыўдна за мужчынскую палову, якая апынулася бляклай пародыяй на фоне двухгадзіннай жаночай сутычкі: прынц апынуўся мямляй i згубіўся сярод казачных статыстаў, а караля наогул усыпілі як непатрэбнага сабаку, выкарыстоўваючы загавор «спячай прыгажуні». Дзве серыі запар «Дысней» здзекуецца з мужчынскіх персанажаў, выкручваючы навыварат сваю класічную гісторыю.

Больш чым дзіцячая казка

Але ў эмацыйным плане другая «Малефісэнта» абцірае нос першай частцы. Закулісныя інтрыгі выклікаюць чаканне вялікай бітвы паміж людзьмі і казачнымі істотамі. Момантамі напружанне дасягае досыць высокай кропкі і фільм перастае быць дзіцячай казкай. У думках злой каралевы цалкам фашысцкія задумкі знішчыць фэнтэзійных насельнікаў балот, бо яны радуюцца жыццю. І не важна, што яны міленькія і добранькія (хоць і скапіяваныя з Грута і Соніка), іх смерць будзе падобная да здзекаў у газавай душагубцы. Неверагодныя алюзіі для дзіцячага фільма.

Стваральнікі фільма натхняліся не толькі «Гульнёй тронаў», але і сінімі насельнікамі планеты Пандора з «Аватара». Дастаткова смелая пастаноўка атрымалася з гісторыі паходжання самой Малефісэнты. Стваральнікі вырашыліся на пашырэнне Сусвету і прыдумалі ёй дзікіх рагата-крылатых супляменнікаў, якія пакутуюць ад расавай сегрэгацыі. Была праведзена бліскучая праца мастакоў-візіянераў, якія прыдумалі ў прыватным парадку вялікую колькасць унікальных касцюмаў, выдатна накладзенага грыму, а майстры па камп’ютарных эфектах — выдатныя фігуры рагатых анёлаў.

Лепш за першую частку, але гэта ўсё яшчэ «Дысней»

«Малефісэнта 2» дакладна спадабацца тым, хто быў у захапленні ад першай часткі. Тыя, каго гісторыя 2014 года не натхніла, будуць прыемна здзіўлены, наколькі новы фільм прасунуўся ў якасці далей. Але і не забываем, што гэта звычайная дыснэеўская пастаноўка з тыповым фіналам, падобным да індыйскіх меладрам.