Праграма актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакрытыі будуецца на 10 пунктах, якія ён пазначыў яшчэ летам 2017 года ў пачатку сваёй грамадскай дзейнасці. Менавіта тады жыхары Альшанкі параілі яму паўдзельнічаць у мясцовай выбарчай кампаніі.
Сустрэча з выбаршчыкамі прайшла 29 студзеня ў школе № 39 на Альшанцы. Менавіта на Альшанскай акрузе № 13 вылучаецца ў дэпутаты Яўген. Падтрымаць яго прыехала дэпутатка парламенту Ганна Канапацкая.
Праграма Дудкіна прагуледжвае выкананне ўсіх пунктаў, пра якія ішла гаворка летам.
— Па-першае, гэта збудаваць другую школу ў 2019 годзе. Па-другое, знайсці сродкі на будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне. Па-трэцяе, стварыць парк у будучым цэнтры Альшанкі - мікрараён вырасце ў чатыры разы. Па-чацвёртае, змяніць сістэму пад’езду транспарту да садкоў і школ, якія знаходзяцца побач. І падтрымка ўсіх грамадскіх ініцыятыў, якія вырашаюць мясцовыя праблемы, — кажа Яўген Дудкін.
Зараз у школе на Альшанцы вучыцца 3000 чалавек замест запланаваных 900. Таму будаўніцтва яшчэ адной школы — адна з прыярытэтных задач для мікрараёна. Таксама тут няма месцаў для адпачынку і мала гандлёвых цэнтраў.
Дзякуючы Яўгену былі пракладзеныя аўтобусныя маршруты ад Альшанкі ў цэнтр горада, да мясакамбіната і дзіцячых паліклінік. Кандыдат дамогся забароны продажу алкаголю ў парку каля школы. Таксама дзякуючы яму і падтрымцы жыхароў удалося абараніць месца для паліклінікі, якое мелі забудаваць.
Таксама Яўген стаў ініцыятарам будаўніцтва рынку на Альшанцы. Там будуць гандляваць мясцовыя жыхары — тым, што самі вырасцяць.
На сустрэчу прыйшлі з пытаннямі і праблемамі жыхары ўсяго горада. Людзі з вуліц Пралетарскай і Шчорса змагаюцца за захаванне месца для будаўніцтва дзіцячага садка. Зараз там плануюць пабудаваць чарговы шматпавярховік, а ў ім міні-сад на першым паверсе. Жыхары пасёлка Фабрычны ўжо пяць гадоў патрабуюць пабудаваць дарогу, якую разбурылі, калі правяралі каналізацыю.
Ганна Канапацкая расказала, што нават адзін дэпутат можа паўплываць на змены: «Самы яркі прыклад — гэта адмена Дэкрэта № 3. Я адна звярнулася да прэзідэнта з патрабаваннем яго адмены. Мяне падтрымалі дэмакратычныя партыі і людзі, якія выйшлі на акцыі пратэсту».
Апытанні гродзенцаў паказваюць, што многія не ведаюць сваіх кандытатаў і не збіраюцца ісці на выбары. Людзі не маюць даверы да мясцовай улады. Прычына ў тым, што за апошнія 20 гадоў нівеліравалася паняцце мясцовага дэпутата, лічыць Канапацкая.
«Чыноўнік не мае адказнасці перад выбаршчыкамі, бо ён не памятае, хто плаціць яму зарплату. Ён часта шчыра лічыць, што зарплату яму плаціць прэзідэнт. Але з нашых падаткаў фармуецца бюджэт. Таму найперш чыноўнік павінен быць адказным перад грамадзянінам».
Грамадзяне праз мясцовых прадстаўнікоў павінны вырашаць, на што ідуць іх грошы. На грамадскіх абмеркаваннях летам Яўген даведаўся, што Кастрычніцкі раён плаціць палову падаткаў Гродзенскай вобласці. «Трэба задумацца, — кажа Яўген. — У нас ёсць вялікія грошы, якія ідуць на дапамогу іншым».
«У ідэале мясцовая ўлада павінна быць адказнай перад вамі за кожную капейку. І яна павінна патлумачыць вам, чаму яна пабудавала дарогу не там, дзе трэба вам. Калі вам кажуць, што ў бюджэце няма грошаў, вы павінны адказаць, што мы заплацілі - значыць бюджэт сфармаваны», — кажа Ганна.
Яўген Дудкін нарадзіўся 1 снежня 1989 года, скончыў школу № 13 у Гродне, Магілёўскі гістфак і магістратуру. Магістарскую працу прысвяціў беларускаму пытанню ў польскай нацыянальнай палітыцы міжваеннага часу.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…