Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня падпісаў Дэкрэт № 1, якім прадугледжаны меры па садзейнічанні занятасці насельніцтва, перадае прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

У новы Дэкрэт не ўвайшлі нормы аб збіранні з непрацуючых працаздольных грамадзян збору на фiнансаванне дзяржаўных выдаткаў - так званага «падатку на дармаедства» ці «падатку на беспрацоўе». Асобы, якіх раней прызналі плацельшчыкамi гэтага збору, цяпер вызваленыя ад яго выплаты.

Што замест падатку?

Дэкрэт прадугледжвае канцэптуальна іншы падыход, накіраваны на стымуляванне непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. З 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць аплачваць паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік паслуг вызначыць урад.

Дэкрэт прадугледжвае стварэнне мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі пастаянна дзеючых камісій, асноўнымі задачамі якіх з’яўляюцца дапамога грамадзянам у пошуку працы.

У склад камісій будуць уключацца дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Узначальваць камісіі, якія ствараюцца на раённым узроўні, будуць, як правіла, старшыні Саветаў дэпутатаў.

Дэкрэт прадастаўляе камісіям шырокія паўнамоцтвы, у тым ліку па прыняцці рашэнняў аб вызваленні на пэўны час працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, ад абавязку аплачваць паслугі па поўным кошце пры наяўнасцi ў iх цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Падрабязнасці вырашаць ва ўрадзе

Для рэалізацыі дэкрэта урадам будзе прыняты шэраг пастаноў, якімі будуць у тым ліку вызначаны парадак аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, пералік паслуг, што аказваюцца дадзеных грамадзянам па поўным кошце, парадак разліку платы за гэтыя паслугі і іншыя пытанні.