Замест McDonald’s у Беларусі неўзабаве будуць рэстараны расійскага брэнда «Вкусно — и точка». Hrodna.life узгадаў, колькі McDonald’s чакалі ў Гродне, як вазілі «Хэпі мілы» з Мінска і Варшавы, а таксама прабіраліся ў прыбіральні на кодавых замках.
Беларусь стала 100 краінай сеткі McDonald’s
Першыя тры рэстараны McDonald’s адкрылі ў Мінску 10 снежня 1996 года. Беларусь стала 100 краінай, у якую прыйшоў брэнд. Але доўгі час кампанія зусім не звяртала ўвагі на рэгіёны.
У Гродне чакалі 24 гады
Адкрыцця першага рэстарана ў Гродне чакалі 24 гады. За два дзясяткі гадоў чакання гродзенскі McDonalds змяніў некалькі патэнцыйных лакацый: яму прарочылі месца на Дубко і на Савецкай, а нават у адным з дамоў Сямашкі на Калючынскай. Але першы гродзенскі McDonald’s адкрылі ў кастрычніку 2020 года на Савецкіх пагранічнікаў. Гэта быў 21-ы рэстаран гэтай сеткі ў Беларусі. Будынак пабудавалі з нуля ўсяго за чатыры месяцы. Ён каштаваў кампаніі больш за 6 млн. рублёў.
«Мы не тое каб чакалі адкрыцця МакДональдс у Гродне, але памятаем, што гадоў 20 яны ўсё спрабавалі адкрыць яго тут. Я яшчэ студэнтам вучыўся тут, мы ў Мінск ездзілі і думалі: «Калі ўжо ў Гродне адкрыюць МакДональдс?» — казаў падчас адкрыцця першага рэстарана ў Гродне гродзенец Андрэй.
У 2021 годзе ў гандлёвым цэнтры TRINITI адкрылі другі McDonald’s у Гродне. Адкрыццё прымеркавалі да 25-годдзя працы сеткі ў Беларусі. Так Гродна стаў першым абласным цэнтрам, дзе былі два рэстараны гэтай сеткі.
Абавязковы пункт школьных экскурсій у Мінск
Многія гродзенцы пабывалі ў McDonald’s яшчэ ў 90-х — калі ў Польшчу пускалі без ніякіх візаў. Але большасць гродзенскіх школьнікаў знаёмілася з сеткай у Мінску. У пачатку 2000-х гадоў McDonald’s быў абавязковым пунктам школьных экскурсій у Мінск — разам з Хатынню і паркам Чалюскінцаў.
Магчыма, у вас дасюль дзесці ляжыць «хэпімілаўскі» смэрфік, Сціч, які кусаўся, калі націснуць на яго зубы, альбо прывезены з Мінска герой мультфільма «Карпарацыя монстраў» Майк Вазоўскі, вока якога свяцілася ў цемры.
Вазілі з Мінска і нават з-за мяжы
«Мы дачку ў санаторый вазілі толькі праз Мак у Мінску. Інакш адмаўлялася ехаць», — распавяла чытачка Hrodna.life.
Калі школьнік не мог па нейкай прычыне сам паехаць у McDonald’s, «Хэпі міл» яму прывозілі бацькі: з прыватных паездак, камандзіровак і нават памежнай працы кантрабандыстам або «чаўнаком». Бургер і бульба, калі даязджалі, былі далёка не першай свежасці, але галоўнае, што дабіралася забаўка з новай калекцыю.
У 90-х новыя калекцыі «Хэпі міл» актыўна рэкламавалі па польскім тэлебачанні, таму гродзенскія дзеці маглі дакладна патлумачыць і нават паказаць сваім бацькам, якую канкрэтна забаўку яны хочуць.
Бясплатная прыбіральня і месца, дзе можна забіць час
«Калі быў малады і прыязджаў у Мінск, а 6 раніцы, у гэты час працаваў толькі McDonald’s. Да таго, як горад прачнецца, трэба было дзесці правесці час. Таму McDonald’s для мяне гэта маладосць, першае каханне і вельмы смачыя сняданкі», — распавёў чытач Hrodna.life.
Іншая карысная функцыя McDonald’s для падарожных — бясплатная прыбіральня. Праўда, у многіх вялікіх гарадах трэба было праявіць хітрасць, каб патрапіць усярэдзіну. На прыбіральнях стаялі кодавыя замкі, а код друкавалі на чэках. Калі не хацелася нічога купляць, трэба было пільнаваць дзверы прыбіральні і заскокваць, пакуль нехта выходзіў.
«З супрацоўнікамі Макдональдс выварочвалі ўвесь смеццевы бак»
«Гэта было ў Мінску, гадоў 10 назад. Разам з маей стрыечнай сястрой прыйшлі ў Мак. Паелі і выкінулі смецце ў гэтыя спецыялізаваныя сметніцы. Калі пайшлі далей па сваіх справах, сястра заўважыла, што знік яе тэлефон. Пасля некаторага абмеркавання, вырашылі, што яна палажыла мабільны на паднос, закідала смеццем і выкінула. У выніку, разам с супрацоўнікам Макдональдса выварочвалі ўвесь смеццевы бак, але ж знайшлі тэлефон», — распавяла Hrodna.life Анастасія
Пасля гэтай гісторыі жанчына заўсёды правярае ўсе падносы на стале. «Гэткая маленькая фобія».