На некалькіх гродзенскіх малюнках Напалеона Орды можна пабачыць нябедны двор на фоне якога бачныя вежы Фарнага Касцёла. Гэта дом Макавельскай, дзе мастак жыў у час некаторых сваіх візітаў у Гродна. Улетку 1885 года гэты двор, як і амаль уся драўляная забудова горада, дашчэнту згарэў. Але мабыць тут у ліпені 1884 года паспеў нарадзіцца Аляксандр Восіпавіч Макавельскі, будучы вядомы філосаф і акадэмік акадэміі навук Азербайджана.

Акадэмік Макавельскі. 1950-я гг
Акадэмік Макавельскі. 1950-я гг

Сын шляцянкі і мяшчаніна

Ягоны бацька паходзіў з вядомай Гродне сям'і і працаваў у губернскай адміністрацыі, а маці Соф’я паходзіла з роду Астравухаў. Соф’я памерла ад сухотаў, калі Аляксандру было ўсяго тры гады. Яна пахаваная ў Гродне на старых каталіцкіх могілках у радавым склепе Астравухаў недалёка ад капліцы. Гэта бадай адзіны напамін пра вядомага навукоўца ў нашым горадзе.

Астравухі былі шляхецкім родам, а Макавельскія былі гродзенскімі мяшчанамі, якія, магчыма, выводзіліся з уніяцкіх, а пасля праваслаўных святароў. Аляксандар Макавельскі ў асабістых лістках па ўліку кадраў у савецкі час пісаўся як «асабісты дваранін», чалавек які атрымаў дваранства не па спадчыне, а паводле месца ў расійскім табелі аб рангах.
Магіла Астравухаў дзе пахаваная маці акадэміка
Магіла Астравухаў дзе пахаваная маці акадэміка

Надаваў увагу мовам

Макавельскі быў адным з лепшых вучняў гродзенскай гімназіі і паспеў яе скончыць да бурлівых рэвалюцыйных падзеяў 1905 — 1907 гг. атрымаўшы залаты медаль. Нягледзячы на не вельмі добры зрок, Макавельскі старанна вучыўся, надаючы шмат увагі класічным мовам. У гімназіі і пасля ва ўніверсітэце ён вывучыў лацінскую і грэчаскую мовы, а таксама некалькі еўрапейскіх моваў.

Аляксандр Макавельскі падчас вучобы ва ўніверсітэце
Аляксандр Макавельскі падчас вучобы ва ўніверсітэце
Пасля заканчэння вучобы ў Гродне Макавельскі паступае ў Казанскі ўніверсітэт, вядомы сваімі выкладчыкамі і дэмакратычнымі традыцыямі. Летам ён рэгулярна наведвае Гродна і жыве ў маёнтку свайго дзядзькі Рышарда Астравуха, дзе знаёміцца з будучай жонкай Вандай Залеўскай. Ужо будучы выкладчыкам Казанскага ўніверсітэта Макавельскі забярэ Ванду Залеўскую з Гродна, папярэдне таемна абвянчаўшыся з ёю ў вясковай царкве.
Ванда Залеўская - жонка акадэміка
Ванда Залеўская — жонка акадэміка

Пісаў кнігі нягледзячы на вайну і голад

У навуковым плане Аляксандра Макавельскага найбольш цікавілі старажытнагрэчаскія філосафы, якія жылі яшчэ да нараджэння Сакрата. Тое быў даволі дзіўны занятак для эпохі, калі Расійская Імперыя імкліва набліжалася да рэвалюцыі, а ўся Еўропа рыхтавалася да вайны. Аднак зацікаўленасць Макавельскага антычнай філасофіяй была такая вялікая, што ён атрымаў урадавую стыпендыю па вывучэнні антычных крыніц у еўрапейскіх універсітэтах.

Стыпендыя павінна была працягвацца два гады і ў 1914 г. заняты думкамі пра даўняе мінулае Макавельскі аказваецца ў ахопленым ваенным шавінізмам Берліне. Ён пасля ўспамінаў, як стаяў на запруджанай народам плошчы, і слухаў заклікі да пахода на Расію, а таксама выступленне кайзера Вільгельма ІІ пра аб’яўленне вайны Расіі. Кайзер выйшаў на балкон і павесіў на сцяне сваю шаблю сказаўшы, што пакуль не будзе забіты апошні рускі - шабля будзе вісець там. Макавельскаму ўдалося трапіць на апошні цягнік, які вывозіў з Германіі апошніх падданых расійскага цара.

На палях Еўропы гінуць мільёны людзей, навокал разбурэнні і голад, а Макавельскі працуе ў бібліятэках Масквы і Пецярбурга і адзін за другім выдае тры тамы сваёй кнігі «Дасакратыкі», прысвечанай антычнай філасофіі. Гады выдання тамоў - 1914, 1915, 1919. Апошні том пішацца ў ахопленай грамадзянскай вайной галоднай Казані, дзе ўлады штораз змяняюць адна другую.

Быў знаёмы з Доўнар-Запольскім, «ствараў» азербайджанскіх герояў

У 1920 г. Аляксандр Макавельскі перабіраецца на пойдзень у Баку, дзе пачынаецца арганізоўвацца навуковае жыццё Азербайджана. Яго запрашаюць выкладаць у Бакінскім універсітэце, але ён таксама выкладае і ў іншых навучальных установах Баку. Дарэчы, ва ўніверсітэце Баку некаторы час працуе выкладчыкам гуру беларускай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі, з якім Макавельскі падтрымлівае добрыя адносіны. Макавельскі выкладае мноства гуманітарных прадметаў і працягвае пісаць навуковыя працы «Авеста», «Сафісты», «Гісторыя логікі»…

Ужо калі паўстае акадэмія навук Азербайджана Макавельскі ўсур'ёз бярэцца за гісторыю азербайджанскай філасофіі, у прыватнасці творчасць найвялікшага азербайджанскага філосафа Сярэднявечча Нізамі Гянджэві. Макавельскі адыграў немалую ролю ў кампаніі абвяшчэння паэта азербайджанскім дзеячам, што з аднаго боку вельмі спрыяла развіццю азербайджанскай культуры, усведамленню азербайджанцамі сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці, а з другога боку прывяло да вялікай палітызацыі пытання нацыянальнасці Нізамі. Сёння ў Азербайджане гэта бясспрэчны нацыянальны герой з дзясяткамі помнікаў, маўзалеем, выявамі на грашах і марках, хаця ў Іране ён лічыцца іранскім (персідскім) творцам.
Адзін з будынкаў акадэміі навук Азербайджана
Адзін з будынкаў акадэміі навук Азербайджана

Зрабіў кар’еру, але застаўся сціплым чалавекам

Макавельскі пражыў у Баку амаль паўстагоддзя. У 1946 г. яго выбралі акадэмікам акадэміі навук Азербайджана. Як вучоны ён зрабіў вялікую кар’еру але застаўся сціплым чалавекам, які меў шмат вучняў і паслядоўнікаў. У Гродне варта было б часцей згадваць гэтага цікавага чалавека.

Акадэмік Макавельскі. 1950-я гг
Акадэмік Макавельскі. 1950-я гг


Знакамітыя вучоныя Гродна: браты Урублеўскія — навукоўцы і інжынеры, пра якіх сорамна не ведаць

Знакамітыя вучоныя з Гродна: Павел Кушнер — рэвалюцыянер і этнолаг, які «вызначаў» межы СССР

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life