30 гадоў таму музыкі папулярнага гродзенскага гурта Seven B з’ехалі з Беларусі, але сувязяў з радзімай не страцілі. Гітарыст Андрэй «Макар» Макарэвіч у час аднаго са сваіх візітаў вясной 2020 года даў інтэрв'ю лідару гурта Dzieciuki Алесю Дзянісаву. У ім «Макар» расказаў пра стварэнне гурта, запісы альбомаў, вядомасць у Польшчы і бойкі з вакалістам Генэкам Лоскам. Відэа размовы з’явілася на YouTube, а Telegram-канал Радыё «Harodnia» паглядзеў і выбраў самае цікавае.
Да рок-н-рола прывяло «нешта на генетычным узроўні», кажа сам Макарэвіч. «Мне ў галаву не прыйшло нічога цікавейшага, чым рок-н-рол. Каб ездзіць па розных гарадах, знаёміцца з людзьмі. І мяне ўвесь час штурхае да апантанасці».
Хард-блюз гурт Seven B у 1987 годзе стварылі студэнты Гродзенскага культасветвучылішча Генадзь (Генэк) Лоска і Андрэй (Макар) Макарэвіч. У 1992 годзе гурт выпусціў на касеце першы альбом «Over Doze». У тым жа годзе калектыў выступіў на фестывалі «Басовішча» ў Польшчы. Пасля гэтага музыкі вырашылі застацца за мяжой.
Яны зараблялі выступамі на вуліцах. Спачатку музыкі жылі ў Беластоку і гралі на Кавалерыйскім рынку, але ў 1993 годзе пераехалі ў Кракаў. З часам яны атрымалі польскае грамадзянства. Гурт існаваў да 2006 года, калі музыкі афіцыйна спынілі дзейнасць.
Макар навучаўся ў Гродзенскім культасветвучылішчы [сёння — Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў - Радыё «Harodnia»]. Там жа навучаўся Генэк Лоска. Там пачалася гісторыя гурта Seven B. Падчас перапынкаў Лоска пачынаў спяваць. «Прыкінулі: А можа сыграем што? — Ну давай сыграем». Гурт пачынаўся як каманда на адзін канцэрт. «Мы падумалі, што сыграем на адным фестывалі, гэта „Рок-форум“ быў. Сыграем адзін канцэрт і ўсё. Сыгралі мы адзін канцэрт і так гралі 18 гадоў», — сказаў Андрэй.
У Беларусі гурт Seven B запісаў адзін альбом — «Over Doze» — першы ў дыскаграфіі. Каб запісаць песні музыкі ездзілі ў агульным вагоне ў Мазыр [Гомельская вобласць — Радыё «Harodnia»].
«Там была каманда „Отражение“ і ў іх была самая класная студыя ў Беларусі. Бо яны фінансаваліся з хімічнай фабрыкі. Вельмі, вельмі класная студыя. Мы жылі ў нейкім інтэрнаце. Ехалі ў агульным вагоне, не было як сядзець і як стаяць у вагоне гэтым. Але гэтым не замарочваліся. Камфорт не стаяў нават у першай 10-цы нашых прыярытэтаў».
Чаму гурт Seven B быў папулярны на фоне таго, што ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў набіралі моц трэш-металёвыя каманды?
«Мне падаецца, што мы проста не хлусілі людзям. Гэта было так: як мы ўмелі, так і гралі. Мы давалі ўсе 100% і нават наш дэбют у Доме культуры хімікаў на фестывалі: там хаерамі трэслі і металісты пад сцэнай. Мне падаецца, гэта быў вулкан энергіі. Мы палонных не бралі. Выходзіш, робіш сваё. Пасля цябе можа прыйсці толькі прыбіральшчыца і падмесці», — сказаў Андрэй.
Паводле словаў Макара, у пачатку 1990-х гадоў Гродна быў самым прагрэсіўным горадам Беларусі. «Тут адбываліся самыя цікавыя праекты. Памятаю, як перад нейкім фестывалем да нас прыехалі хлопцы з Мінска. З нейкай цэнтральнай газеты, тыпу „Знамя Юности“. Яны не маглі паверыць, што тут адбываецца», — сказаў Андрэй.
«Больш іх здзівіла, як Дзіма Змей сказаў: «Хлопцы, трэба мне вам паказаць чувака ў шапцы на лыжах». Якога чувага? Ішлі мы праз усю Савецкую, выйшлі на Стары замак. А там абвалілася тынкоўка і выглядала [быў вобраз падобны на тое], як чувак у лыжнай шапцы на лыжах. І чувакі пастаялі, паглядзелі і сказалі: «Так, Гродна цікавы горад».
— Цяпер чувак на лыжах і ў шапцы кіруе 26 гадоў краінай. Напэўна, той вобраз, — сказаў інтэрв'юер Алесь Дзянісаў.
«Ніхто не чакаў такога павароту падзей, як гэта адбылося [у 1994 годзе — Радыё „Harodnia“]. Я памятаю гэтыя канцэпцыі, як людзі казалі, што „Мы хочам толькі працаваць“. Ну і папрацавалі. Праца над памылкамі будзе цяжкай, сур’ёзнай і вельмі доўгай».
Андрэй Макарэвіч не шкадуе, што ў 1993 годзе пераехаў у Польшчу. «Мы пакінулі Беларусь вольнай, нармальнай краінай. Праз нейкі час, калі прыехаў, здзівіўся. Што людзі з гэтай нармальнай, свабоднай краіны зрабілі? Але гэта пытанне ўжо іншае».
Макар лічыць, што ён «не тое каб пераехаў». Ён далей жыве там, дзе яму хочацца. «Я жыў у Польшчы, жыў крыху ў Велікабрытаніі, жыў ў Германіі, крыху ў Галандыі. Там, дзе была патрэба ў маёй музыцы, там і жыў».
«Была праблема, што і я і Гена вельмі моцныя асобы. Два альфа-самца. Быў час, калі проста, нармальна, банальна біліся перад канцэртам. І потым, вядома, цёмныя акуляры на паўтвара, каб не было бачна эфекта нашага сяброўства», — сказаў Андрэй.
Фронтмэн Seven B Генэк Лоска ў 2011 годзе перамог у першым сезоне шоў «X Factor» у Польшчы. Музыка атрымаў грашовы прыз і магчымасць запісаць альбом са сваім новым праектам «Gienek Loska Band». Гітарыстам новага гурта стаў таксама Андрэй Макарэвіч. У тым жа годзе выйшаў альбом «Hazardzista», які набыў статус залатога. У 2013 годзе выйшаў альбом «Dom». Нягледзячы на папулярнасць, Лоска працягваў граць на вуліцы.
У 2018 годзе Лоска прыехаў да маці ў Белаазёрск (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці), каб зрабіць від на жыхарства ў Беларусі. Але ў яго здарыўся левабаковы інсульт і закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Цягам 2,5 гадоў Генэк ляжаў паралізаваным у бацькоўскай кватэры. Пры гэтым музыка знаходзіўся ў прытомнасці. 9 верасня 2020 года Генэк Лоска памёр у Белаазёрску.
Аднойчы, падчас джэм-сэйшэна з бас-гітарыстам гурта Scorpions Паўлам Манціводам (Paweł Mąciwoda) у Кракаве, Андрэй і Гена пачалі ўстаўляць сэт, але не змаглі дамовіцца. І пакуль Павел чакаў іх, музыкі выйшлі на лесвіцу. «Некалькі сур’ёзных аргументаў, проста пабіліся і прыйшлі да высновы, што кампраміс гэта добра. І мы абралі нейкі кампрамісны сэт і сыгралі», — распавёў Андрэй.
Агулам у дыскаграфіі гурта «Seven B» чатыры альбомы і адзін DVD. Першы запісалі ў Беларусі, наступныя тры і DVD — у Польшчы. Пасля запісу апошняга альбома «Rock Tales» музыкі атрымалі ў Польшчы папулярнасць і «дарогу».
«Атрымаўся вельмі цікавы альбом. Але студыя была такая сабе. Мы прыехалі, у чувака былі дзве пары навушнікаў у студыі. Хто прыходзіў - запісваліся па чарзе. Мы паехалі ў Tesco [сетка польскіх супермаркетаў - Радыё „Harodnia“], набылі гэтых навушнікаў, каб ён вылічыў з таго, што мы яму плацілі. Але мы запісваліся жыўцом, усе адразу. Нас тады блюз-рокавая тусоўка заўважыла і пачалі граць канцэрты, даволі сур’ёзныя. Гралі на Rawa Blues — 15 тыс. народу», — распавёў Андрэй.
Андрэй не ведае, чаму ў Гродне не «стрэліў» ніводзін гурт [не здабылі такой агульнабеларускай вядомасці як, напрыклад, Akute з Магілёва ці ТТ34 з Гомеля — Hrodna.life]. «Ну Гродна, госпадзі, тут штогод павінна выстрэльваць нейкая каманда, — мяркуе Андрэй. — Можа людзі крыху змяніліся, можа згубілі веру ў сябе. Бог яго ведае. Бо гэта самае хрэновае, калі губляеш веру ў сябе: „Ай так нічога не атрымаецца“. Тады не атрымаецца».
«Рок-н-рол можа перашкаджаць мне жыць і яшчэ шматлікім людзям», — лічыць Макар. Але калі ён пераехаў у Шатландыю, зразумеў, што без гэтага не выжыве. «Я памятаю, як пераехаў жыць у Шатландыю з думкай, што ўсё, канец рок-н-ролу, ніколі больш. І першая рэч, якую я набыў, гэта была гітара. Зразумеў, што без гэтага не выжыву. Гэта спосаб рэагаваць на жыццё і яшчэ што небудзь сказаць людзям».
Чытайце таксама: Гурт «Seven B»: ад вулічных музыкаў да хэдлайнераў блюз-фестывалю
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…