30 гадоў таму музыкі папулярнага гродзенскага гурта Seven B з’ехалі з Беларусі, але сувязяў з радзімай не страцілі. Гітарыст Андрэй “Макар” Макарэвіч у час аднаго са сваіх візітаў вясной 2020 года даў інтэрв’ю лідару гурта Dzieciuki Алесю Дзянісаву. У ім “Макар” расказаў пра стварэнне гурта, запісы альбомаў, вядомасць у Польшчы і бойкі з вакалістам Генэкам Лоскам. Відэа размовы з’явілася на YouTube, а Telegram-канал Радыё “Harodnia” паглядзеў і выбраў самае цікавае.

“Мы проста не хлусілі людзям”. Гітарыст Seven B Андрэй Макарэвіч распавёў пра Гродна, рок-н-рол і тое, што самае хрэновае
Андрэй (Макар) Макарэвіч. Скрыншот з відэа

Да рок-н-рола прывяло “нешта на генетычным узроўні”, кажа сам Макарэвіч. “Мне ў галаву не прыйшло нічога цікавейшага, чым рок-н-рол. Каб ездзіць па розных гарадах, знаёміцца з людзьмі. І мяне ўвесь час штурхае да апантанасці”.

Хард-блюз гурт Seven B у 1987 годзе стварылі студэнты Гродзенскага культасветвучылішча Генадзь (Генэк) Лоска і Андрэй (Макар) Макарэвіч. У 1992 годзе гурт выпусціў на касеце першы альбом “Over Doze“. У тым жа годзе калектыў выступіў на фестывалі “Басовішча” ў Польшчы. Пасля гэтага музыкі вырашылі застацца за мяжой. 

Яны зараблялі выступамі на вуліцах. Спачатку музыкі жылі ў Беластоку і гралі на Кавалерыйскім рынку, але ў 1993 годзе пераехалі ў Кракаў. З часам яны атрымалі польскае грамадзянства. Гурт існаваў да 2006 года, калі музыкі афіцыйна спынілі дзейнасць.

Seven B пачынаўся, як каманда на адзін канцэрт

Макар навучаўся ў Гродзенскім культасветвучылішчы [сёння – Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў – Радыё “Harodnia”]. Там жа навучаўся Генэк Лоска. Там пачалася гісторыя гурта Seven B. Падчас перапынкаў Лоска пачынаў спяваць. “Прыкінулі: А можа сыграем што? – Ну давай сыграем”. Гурт пачынаўся як каманда на адзін канцэрт. “Мы падумалі, што сыграем на адным фестывалі, гэта “Рок-форум” быў. Сыграем адзін канцэрт і ўсё. Сыгралі мы адзін канцэрт і так гралі 18 гадоў”, – сказаў Андрэй.

Запісваць першы альбом ехалі ў агульным вагоне

У Беларусі гурт Seven B запісаў адзін альбом – “Over Doze” – першы ў дыскаграфіі. Каб запісаць песні музыкі ездзілі ў агульным вагоне ў Мазыр [Гомельская вобласць – Радыё “Harodnia”].

“Там была каманда “Отражение” і ў іх была самая класная студыя ў Беларусі. Бо яны фінансаваліся з хімічнай фабрыкі. Вельмі, вельмі класная студыя. Мы жылі ў нейкім інтэрнаце. Ехалі ў агульным вагоне, не было як сядзець і як стаяць у вагоне гэтым. Але гэтым не замарочваліся. Камфорт не стаяў нават у першай 10-цы нашых прыярытэтаў”.

Андрэй Макар Макарэвіч гурт Seven B
Вокладка альбома Over Dooze

“Мы проста не хлусілі людзям”

Чаму гурт Seven B быў папулярны на фоне таго, што ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў набіралі моц трэш-металёвыя каманды?

“Мне падаецца, што мы проста не хлусілі людзям. Гэта было так: як мы ўмелі, так і гралі. Мы давалі ўсе 100% і нават наш дэбют у Доме культуры хімікаў на фестывалі: там хаерамі трэслі і металісты пад сцэнай. Мне падаецца, гэта быў вулкан энергіі. Мы палонных не бралі. Выходзіш, робіш сваё. Пасля цябе можа прыйсці толькі прыбіральшчыца і падмесці”, – сказаў Андрэй. 

Андрэй Макар Макарэвіч Генэк Лоска гурт Seven B
Выступ гурта “Seven B”. Крыніца: last.fm

“Праца над памылкамі будзе цяжкай, сур’ёзнай і вельмі доўгай”

Паводле словаў Макара, у пачатку 1990-х гадоў Гродна быў самым прагрэсіўным горадам Беларусі. “Тут адбываліся самыя цікавыя праекты. Памятаю, як перад нейкім фестывалем да нас прыехалі хлопцы з Мінска. З нейкай цэнтральнай газеты, тыпу “Знамя Юности”. Яны не маглі паверыць, што тут адбываецца”, – сказаў Андрэй.

“Больш іх здзівіла, як Дзіма Змей сказаў: “Хлопцы, трэба мне вам паказаць чувака ў шапцы на лыжах”. Якога чувага? Ішлі мы праз усю Савецкую, выйшлі на Стары замак. А там абвалілася тынкоўка і выглядала [быў вобраз падобны на тое], як чувак у лыжнай шапцы на лыжах. І чувакі пастаялі, паглядзелі і сказалі: “Так, Гродна цікавы горад”. 

Цяпер чувак на лыжах і ў шапцы кіруе 26 гадоў краінай. Напэўна, той вобраз, – сказаў інтэрв’юер Алесь Дзянісаў.

“Ніхто не чакаў такога павароту падзей, як гэта адбылося [у 1994 годзе –  Радыё “Harodnia”]. Я памятаю гэтыя канцэпцыі, як людзі казалі, што “Мы хочам толькі працаваць”. Ну і папрацавалі. Праца над памылкамі будзе цяжкай, сур’ёзнай і вельмі доўгай”.

Жыў там, дзе была патрэбна яго музыка

Андрэй Макарэвіч не шкадуе, што ў 1993 годзе пераехаў у Польшчу. “Мы пакінулі Беларусь вольнай, нармальнай краінай. Праз нейкі час, калі прыехаў, здзівіўся. Што людзі з гэтай нармальнай, свабоднай краіны зрабілі? Але гэта пытанне ўжо іншае”.

Макар лічыць, што ён “не тое каб пераехаў”. Ён далей жыве там, дзе яму хочацца. “Я жыў у Польшчы, жыў крыху ў Велікабрытаніі, жыў ў Германіі, крыху ў Галандыі. Там, дзе была патрэба ў маёй музыцы, там і жыў”. 

Андрэй Макар Макарэвіч гурт Seven B
Андрэй (Макар) Макарэвіч падчас выступа ў Гродне ў сакавіку 2020 года. Скрыншот Hrodna.life

Каб прыйсці да кампрамісу біліся з Генэкам Лоскам

“Была праблема, што і я і Гена вельмі моцныя асобы. Два альфа-самца. Быў час, калі проста, нармальна, банальна біліся перад канцэртам. І потым, вядома, цёмныя акуляры на паўтвара, каб не было бачна эфекта нашага сяброўства”, – сказаў Андрэй.

Генэк Лоска гурт Seven B
Генэк Лоска. Крыніца: kultura.onet.pl

Фронтмэн Seven B Генэк Лоска ў 2011 годзе перамог у першым сезоне шоў “X Factor” у Польшчы. Музыка атрымаў грашовы прыз і магчымасць запісаць альбом са сваім новым праектам “Gienek Loska Band”. Гітарыстам новага гурта стаў таксама Андрэй Макарэвіч. У тым жа годзе выйшаў альбом “Hazardzista”, які набыў статус залатога. У 2013 годзе выйшаў альбом “Dom”. Нягледзячы на папулярнасць, Лоска працягваў граць на вуліцы.

У 2018 годзе Лоска прыехаў да маці ў Белаазёрск (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці), каб зрабіць від на жыхарства ў Беларусі. Але ў яго здарыўся левабаковы інсульт і закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Цягам 2,5 гадоў Генэк ляжаў паралізаваным у бацькоўскай кватэры. Пры гэтым музыка знаходзіўся ў прытомнасці. 9 верасня 2020 года Генэк Лоска памёр у Белаазёрску.

Аднойчы, падчас джэм-сэйшэна з бас-гітарыстам гурта Scorpions Паўлам Манціводам (Paweł Mąciwoda) у Кракаве, Андрэй і Гена пачалі ўстаўляць сэт, але не змаглі дамовіцца. І пакуль Павел чакаў іх, музыкі выйшлі на лесвіцу. “Некалькі сур’ёзных аргументаў, проста пабіліся і прыйшлі да высновы, што кампраміс гэта добра. І мы абралі нейкі кампрамісны сэт і сыгралі”, – распавёў Андрэй.

Апошні альбом Seven B прынёс папулярнасць у Польшчы

Агулам у дыскаграфіі гурта “Seven B” чатыры альбомы і адзін DVD. Першы запісалі ў Беларусі, наступныя тры і DVD – у Польшчы. Пасля запісу апошняга альбома “Rock Tales” музыкі атрымалі ў Польшчы папулярнасць і “дарогу”. 

“Атрымаўся вельмі цікавы альбом. Але студыя была такая сабе. Мы прыехалі, у чувака былі дзве пары навушнікаў у студыі. Хто прыходзіў – запісваліся па чарзе. Мы паехалі ў Tesco [сетка польскіх супермаркетаў – Радыё “Harodnia”], набылі гэтых навушнікаў, каб ён вылічыў з таго, што мы яму плацілі. Але мы запісваліся жыўцом, усе адразу. Нас тады блюз-рокавая тусоўка заўважыла і пачалі граць канцэрты, даволі сур’ёзныя. Гралі на Rawa Blues – 15 тыс. народу”, – распавёў Андрэй.

гурт Seven B
Вокладка альбома “Rock Tales”, які прынёс гурту папулярнасць у Польшчы

У Гродне штогод павінна выстрэльваць нейкая каманда

Андрэй не ведае, чаму ў Гродне не “стрэліў” ніводзін гурт [не здабылі такой агульнабеларускай вядомасці як, напрыклад, Akute з Магілёва ці ТТ34 з Гомеля – Hrodna.life]. “Ну Гродна, госпадзі, тут штогод павінна выстрэльваць нейкая каманда, – мяркуе Андрэй. – Можа людзі крыху змяніліся, можа згубілі веру ў сябе. Бог яго ведае. Бо гэта самае хрэновае, калі губляеш веру ў сябе: “Ай так нічога не атрымаецца”. Тады не атрымаецца”. 

Андрэй Макар Макарэвіч гурт Seven B
Андрэй (Макар) Макарэвіч. Скрыншот з відэа.

“Канец рок-н-ролу, ніколі больш”

“Рок-н-рол можа перашкаджаць мне жыць і яшчэ шматлікім людзям”, – лічыць Макар. Але калі ён пераехаў у Шатландыю, зразумеў, што без гэтага не выжыве. “Я памятаю, як пераехаў жыць у Шатландыю з думкай, што ўсё, канец рок-н-ролу, ніколі больш. І першая рэч, якую я набыў, гэта была гітара. Зразумеў, што без гэтага не выжыву. Гэта спосаб рэагаваць на жыццё і яшчэ што небудзь сказаць людзям”.

Чытайце таксама: Гурт “Seven B”: ад вулічных музыкаў да хэдлайнераў блюз-фестывалю