Атракцыёнам у парку Жылібера вырашылі памяняць дызайн: іх аформяць тэматычна. Першымі абнавілі амерыканскія горкі. Лесвіцу да атракцыёна і парапет задэкаравалі плітамі з выявамі культуры племя мая і іх пісьменства. Побач з’явіліся бетонныя дыскі - Камень сонца і Камень смерці ацтэкаў і пліта з «касманаўтам» з Паленке. Гэта паменшаныя копіі старажытных артэфактаў.

Ідэя ўласнікаў у тым, каб з часам зрабіць рэдызайн усіх атракцыёнаў. Напрыклад, у парк збіраюцца вярнуць атракцыён «Лебедзі». «Раз лебедзі - значыць, побач будзе нейкае возера, вада. Мы ўжо дасягнулі такога ўзроўню, што можам заказваць у вытворцаў атракцыён пад сябе», — распавёў Hrodna.life ўладальнік парку атракцыёнаў Юрый Солтан.

«Ёсць ідэя выявіць усе цуды свету і славутасці, пачалі з мая», — патлумачыў уладальнік атракцыёнаў. Побач з атракцыёнамі плануюць уладкаваць і тэматычную дзіцячую пляцоўку.

Сляды мая ў Гродне

Частку дэкору «у стылі майя» на амерыканскіх горках адлілі з бетону, частку — выразалі з пенапласту і пакрылі спецыяльным грунтам, пігментамі і поліўрэтанавым лакам. Пасля апрацоўкі пліткі досыць трывалыя — проста так прабіць рукой іх нельга. Каб элементы выглядалі больш натуральна, на іх хочуць вырасціць мох. Пазней з’явіцца і дадатковае асвятленне.

Амерыканскія горкі ў стылі мая: атракцыёнам у парку Жылібера мяняюць выгляд
Пазней да барельефаў дададуць падсвятленне

Над дэкорам працавала цэлая каманда. Барэльефы стваралі паводле фатаграфій рэальных помнікаў культуры плямёнаў мая і ацтэкаў.

Малюнкі выразалі з пенапласту на ЧПУ-станку, які спецыяльна для гэтага сабраў Ігар Малахоўскі. На аснове фатаграфій арыгіналаў артэфактаў ён стварыў 3D-мадэлі, паводле якіх ужо і выразаў барэльефы.

Уручную эфект каменя і пігменты на пліты наносіў дызайнер Ігар Кулакоўскі. Ён займаецца дызайнам інтэр'ераў, дэкарыраваннем, некалькі гадоў працаваў за мяжой.

Амерыканскія горкі ў стылі мая: атракцыёнам у парку Жылібера мяняюць выгляд
Сярод іншых ідэй — задэкараваць аўтадром пад антычныя руіны з калонамі. Альтэрнатыўная прапанова дызайнера — размясціць на ім дэталізаваны фальш-фасад Нотр-Дама.

Чытайце таксама: