Кожная партыя ў Magic — гэта бітва чараўнікоў. Яны выкарыстоўваюць замовы, разыгрываюць артэфакты, заклікаюць на дапамогу розныя сутнасці, каб перамагчы праціўніка. Турнір па магіі быў адной з падзей фестывалю UNICON & GAME EXPO MINSK 2021, які прайшоў 16 траўня ў Менску.
Самым моцным «чараўніком» і пераможцам усебеларускага турніру па картачнай гульні «Magic the Gathering. Arena» стаў гродзенец Яўген Сахацкі. Яшчэ двое гродзенцаў прывезлі з фестывалю прызы і ўвайшлі ў васьмёрку найлепшых. Для Hrodna.life яны распавялі, як гэта было.
У звычайным жыцці найлепшы маг Беларусі Яўген Сахацкі працуе аператарам лічбавага друку ў адным з рэкламных агенцтваў Гродна. Амаль 20 гадоў ён гуляе ў Magic the Gathering. Спачатку гуляў у папяровыя карты. «У 2009 годзе з’явілася электронная версія і захацелася вернуцца ў магію», — распавёў пераможца.
На Unicon Яўген прыехаў упершыню і адразу перамог. Раней ён таксама ўдзельнічаў у тэматычных фестывалях па «Magic the Gathering. Arena» і займаў прызавыя месцы.
Magic the Gathering (MTG, Magic) — калекцыйная картачная гульня. Яе прыдумаў амерыканскі матэматык Рычард Гарфілд ў 1993 годзе. Magic — адна з самых папулярных картачных гульняў. Яна выдадзена на 11 мовах, уключаючы рускую. Гуляць у «Магію» можна ў папяровай версіі і анлайн. У бітве чараўнікоў гульцы выкарыстоўваюць карты з артэфактамі, замовамі, татэмамі. Кошт кожнай карты залежыць ад карыснасці ў гульні і рэдкасці. Цэны на асобныя карты даходзяць да тысяч долараў.
Адборачны турнір фестывалю прайшоў анлайн 9 траўня. У Мінск прыехалі чацвёра з топ-8 гульцоў. Трое з іх — гродзенцы: Яўген Сахацкі, Максім Капыловіч і Глеб Крапіўніцкі.
«Мы не маглі змарнаваць магчымасць паўдзельнічаць у GAME EXPO. Вырашылі прэзентаваць гульню „Magic the Gathering. Arena“. У яе спаборніцкі характар», — распавёў Hrodna.life Глеб Крапіўніцкі, які заняў чацвёртае месца ў турніры.
«З чатырох чалавек хтосьці сапраўды пераможа, як карта ляжа, у прамым сэнсе», — так ацэньваў шанцы на перамогу перад пачаткам турніру Максім Капыловіч.
Глеб вучыцца на юрыста ў Акадэміі кіравання і працуе ў агенцтве нерухомасці. Ён гуляе ў «Магію» два гады. З 2015 — сябра Гродзенскай асацыяцыі кіберспорту. «Спачатку федэрацыя існавала толькі на паперы. Актыўна развіваць кіберспорт мы пачалі толькі год таму», — распавёў Крапіўніцкі.
Трэцяе месца заняў Максім Капыловіч, адзін з заснавальнікаў федэрацыі кіберспорту ў Гродне. Ён працуе ў пракаце будаўнічых інструментаў. Максім пачаў гуляць у Magic the Gathering 15 гадоў таму. Спачатку гэта было хобі. З 2015 выступае на прафесійным узроўні. Удзельнічаў у турнірах з буйнымі грашовымі прызамі.
У адной з зонаў пляцоўкі кіберспорту гродзенец Сяргей Баркоўскі прадстаўляў гульнявую прыстаўку Nintendo Switch. «Я сам гуляю і разумею ўладальнікаў Nintendo Switch. Гэтая рэч для многіх навіна. Мы хацелі падтрымаць кліентаў і гульцоў. Я сказаў - хачу вялікую прыстаўку Nintendo! Ёсць маленькая, а мы зрабілі тату-Nintendo, бо Nintendo гэта бацька ўсіх прыставак», — падзяліўся з карэспандэнткай Hrodna.life Сяргей.
Ганна Баркоўская прыехала на UNICON & GAME EXPO разам з мужам, Сяргеем Баркоўскім. «Сказалі, трэба быць у касцюме, вось я і прыдумала — буду Малефісентай», — успамінае Ганна. Ідэя прыйшла спантанна, рыхтавала практычна ўсё сама.
«Месяц ляпіла па некалькі пёркаў штодзень,» — успамінае Ганна. Кій дапамагалі рабіць сябры: «Разматалі катушку з вяроўкай і цягнулі ў розныя бакі. Адзін трымаў, другі заматывал, трэці мацаваў. Так за адзін вечар зрабілі кій», — распавёў Hrodna.life Сяргей Баркоўскі.
Чытай таксама: Гары Потэр, цмокі і робаты. Фестываль Unicone & Game Expo Minsk 2021 у фотагісторыі ад гродзенскіх фатографаў
У Гродзенскую федэрацыю кіберспорту ўваходзіць 30 чалавек. Сярод іх — Іван Петушок, адзін з арганізатараў спаборніцтваў па «Магіі», а да нядаўняга часу — уладальнік тайм-кафэ «Партал», якое закрылася ў канцы 2020 года. «Наш турнір невялікі. Кіберспорт толькі набірае абароты. На Unicon шмат людзей у тэматыцы, якія любяць гульні і забавы, разам робяць касцюмы і прыемна бавяць час», — распавёў Іван карэспандэнтцы Hrodna.life.
Зараз арганізатары Беларускай асацыяцыя кіберспорту падрыхтавалі заяўку ў Алімпійскі камітэт. Яны просяць прызнаць кіберспорт афіцыйным відам спорту.
«Мы ўпэўненыя, што атрымаецца», — кажа Сяргей Баркоўскі.
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …