Рэдакцыя Hrodna.life працягвае ўспамінаць, што адбывалася ў нашым горадзе 20 гадоў таму. Дзеля гэтага мы чытаем нумары тыднёвіка «Біржа інфармацыі» за 2003 год. Гэта была апошняя на той момант незалежная газета ў Гродне. Штомесяц цягам 2023 года мы публікуем цікавыя фрагменты з «Біржы». У другім выпуску пераносімся ў люты 2003.
Чытайце першы выпуск: Прадпрымальнікі на плошчы, аўтобус у Нёмане, галадоўка ў Саюзе палякаў: пераносімся ў Гродна 2003 года
На вул. Горкага, 104 адкрылася Генеральнае консульства Лiтоўскай Рэспублiкi. Амбасадар Лiтвы ў Беларусi Ёнас Паслаўскас павiншаваў супрацоўнiкаў консульства і зазначыў, што iх установа павiнна служыць для дабрабыту грамадзян як Лiтвы, так i Беларусi. Прамаўляў Ёнас Паслаўскас на выдатнай беларускай мове.
Чытайце таксама: Былое памяшканне Генконсульства Літвы ў Гродне прадаюць — за пазыкі аднаго з прадпрыемстваў вобласці
Рынак «Паўднёвы» з’явіўся ў Гродне восенню 1993. Зімой 2003 на ім акурат ішла рэканструкцыя гандлёвых плошчаў. Адміністрацыя рынку планавала цягам года пабудаваць крытыя металічныя боксы з дахамі, якія б замянілі індывідуальныя палаткі прадпрымальнікаў. Гэта рабілі, каб абараніць гандляроў і пакупнікоў ад непагоды, бо тады ў «Паўднёвага» з’явіўся новы канкурэнт — крыты рынак «Карона» на Горкага. Тады ж ішла будоўля новай дарогі да рынка ад шпіталя № 4. Раней дабрацца да «Паўднёвага» можна было толькі па Індурскай шашы.
У 2003 годзе пісалі, што адкрыццё новага корпуса абласной бібліятэкі імя Карскага запланавана на 2006 год. Ён меў з’явіцца на праспекце Касманаўтаў, а палову кошту будаўнічых працаў павінны быў аплаціць Кувейцкі фонд арабскага эканамічнага развіцця. З бюджэту збіраліся вылучыць грошы на завяршэнне праекта і пачатак будаўнічых працаў. Але ў выніку новы будынак так і не з’явіўся. Бібліятэка пераехала з Новага замку толькі ў канцы 2019 года і размясцілася ў былым банку на Карбышава.
Гродзенскі стадыён «Нёман» у пачатку 2000-х ужо 40 гадоў дзейнічаў без рамонту і рэканструкцыі. Востра стаяла пытанне яго перабудовы паводле стандартаў УЕФА. Тагачасны дырэктар пляцоўкі Мікалай Крышаловіч абяцаў здаць новы стадыён нават хутчэй, чым было запланавана — праз два, а не праз тры гады. У лютым 2003 акурат будаваліся кафэ і частка трыбун. У планах былі крытая трыбуна і дадатковае поле са штучным пакрыццём (усё ў выніку так і зрабілі), а яшчэ манеж (яго прыйшлося чакаць яшчэ 14 гадоў).
Рэканструкцыю стадыёна ацэньвалі тады ў $ 8 млн. Дырэктар быў упэўнены, што інвестыцыя акупіцца. Маўляў, акрамя спаборніцтваў, там можна ладзіць канцэрты. Праўда, ніхто іх потым так і не ладзіў.
З тэкстаў газеты вынікае, што парк, які сёння мы называем Каложскім, тады ўсё яшчэ насіў сваю старую назву «Новы парк імя 40-годдзя ВЛКСМ».
Заапарк, які ў 2003 годзе адзначаў 75-годдзе, прапанаваў прыватным асобам і прадпрыемствам заключаць дамовы на апеку над абранай жывёлай. Такі апякун абавязваўся на час ад 6 месяцаў да года забяспечваць жывёлу ўсім неабходным харчаваннем або вылучаць на гэта грошы. За гэта заапарк вешаў на клетках таблічкі з інфармацыяй пра спонсара, а спонсар атрымліваў прыярытэт у размяшчэнні рэкламы і меў права даваць імёны дзецям жывёл, якімі апекаваўся. Прыдуманая 20 гадоў таму практыка захавалася дагэтуль.
Гаспадарчы суд (цяпер ён называецца эканамічным) прыпыніў дзейнасць папулярнай недзяржаўнай смаргонскай газеты, якую выдаваў Рамуальд Улан. Закрыць газету вельмі хацеў Смаргонскі райвыканкам, бо газета Улана выходзіла два разы на тыдзень агульным накладам 13 тыс. асобнікаў, а дзяржаўная раёнка — тры разы на тыдзень агульным накладам усяго 9 тыс. Але афіцыйнай прычынай назвалі неаднаразовыя парушэнні заканадаўства. Сярод іх былі як несвоечасовая сплата падаткаў і неадпаведныя кадравыя дакументы, так і… адсутнасць інструкцыі па пажарнай бяспецы.
Усе штрафы Улан сплаціў. Да таго ж даваў працу 22 (!) чалавекам і пералічаў штогод у бюджэт каля $ 9000 падаткаў. Але гэта не перашкодзіла закрыць справу паспяховага бізнесмена. Гэта здарылася акурат тады, калі Улан спрабаваў стварыць яшчэ дзве недзяржаўныя газеты ў суседніх раёнах — Ашмянскім і Астравецкім.
Чытайце таксама: У Смаргонях асуджанага на «хімію» прадпрымальніка завалілі замовамі
Пасля закрыцця газеты Улан працягваў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. У студзені 2021 года Улана асудзілі на 2,5 гады «хіміі» нібыта за паклёп на міліцыянта. Зараз ён адбывае пакаранне ў Гомелі.
Гэта сёння Гродзенская выставачная зала належыць гораду ў складзе Цэнтра культуры. А ў 2003 належала Саюзу мастакоў, які тады баяўся высялення. Указ прэзідэнта восенню 2002 года змяніў правілы аплаты дзяржаўнай арэнды — і яна павінна была значна падскочыць. Мастакі не ведалі, ці захаваюць свае майстэрні і галерэю. Гарадскія ўлады абяцалі пакінуць ім выставачную залу, а вось што стане з майстэрнямі, у лютым 2003 было яшчэ невядома.
«Гродзенская лыжня — 2003» прайшла 23 лютага ў «Пышках» і была прысвечана не толькі Дню абаронцы айчыны, але чамусьці і 85-годдзю Пятра Машэрава. На лыжы сталі тагачасныя старшыня аблвыканкама Уладзімір Саўчанка і старшыня гарвыканкама Аляксандр Антоненка. Аўтар «Біржы» напісаў, што мясцовыя чыноўнікі відавочна пераймалі стыль кіраўніка дзяржавы. «Тэмп трымалі добры, а некаторыя беглі нават вельмі эстэтычна», — апісаў свае ўражанні рэпарцёр. Аднак заўважыў і тое, што Саўчанка сышоў з дыстанцыі ўжо пасля першага кола, а Антоненка, хоць і пераадолеў усю дыстанцыю, прыйшоў на фініш адным з апошніх. Гарадскі начальнік абяцаў зрабіць «лыжню» традыцыйнай, але да 2023 усе пра чыноўнікаў на лыжах даўно забылі.
Выбары мелі прайсці 2 сакавіка. На 30 месцаў у гарадскі савет зарэгістравалі 53 кандыдаты, на 60 месцаў у абласны — 73 кандыдаты. Амаль у палове акругаў у Гродне выбары атрымліваліся безальтэрнатыўнымі: дапусцілі толькі па адным кандыдаце, і ўсе яны былі прадстаўнікамі дзяржаўных структур.
Дарэчы, менавіта «дзяржаўныя» кандыдаты тады адкрыта парушалі правілы: тры з іх распаўсюджвалі лістоўкі без выхадных дадзеных, адзін не меў рахунка за паслугі друку.
Сярод незарэгістраваных у кандыдаты былі амаль адныя прадстаўнікі апазіцыі. Старшыня абласной выбарчай камісіі Лучына тады выказаў думку, што, маўляў, БНФ адмыслова няправільна аформіла дакументы на сваіх кандыдатаў.
«Біржа інфармацыі» тады прапанавала ўсім кандыдатам бясплатна апублікаваць свае звароты да выбарцаў. Адгукнулася толькі траціна, пры тым некаторыя сумняваліся, ці бяспечна гэта — публікавацца ў недзяржаўнай прэсе.
«Біржа інфармацыі» ў тыя гады праводзіла штотыднёвае тэлефоннае апытанне гродзенцаў: журналіст званіў сотні гараджан, задаваў пытанне і падлічваў статыстыку. Так, гэта былі часы, калі людзі яшчэ не баяліся размаўляць з журналістамі і казаць, што думаюць.
На пытанне, ці маюць мясцовыя саветы дэпутатаў уплыў на палітычнае жыццё краіны 89% апытаных адказалі: «Не, не маюць». Ужо тады людзі казалі, што саветы гэтыя — марыянетачныя, а іх склад вызначаны загадзя. І хаця 30% гродзенцаў казалі, што «ўсё вырашана да нас», большасць на выбары ісці збіралася — часам «за кампанію».
Толькі пяць чалавек з 100 — тры дзяржслужбоўцы і два беспрацоўныя — верылі, што мясцовыя дэпутаты на штосьці ўплываюць. Шэсць чалавек не змаглі адказаць, бо не вельмі ведалі, чым дэпутаты наогул займаюцца.
Актывіста руху «Гарадзенскі выбар» асудзілі за ўдзел у студзеньскай акцыi прадпрымальнiкаў. Суддзя Дземчанка вырашыў, што гэта быў несанкцыянаваны мiтынг. На судзе Iваноўскi сцвярджаў, што людзi прыйшлi на плошчу самастойна, ён толькi адказваў на iх пытаннi, бо прадстаўляў прадпрымальнiкаў на перамовах з уладамi. Іваноўскі, нязгодны з рашэннем суддзі, абвесціў галадоўку.
Міліцыя прыйшла з ператрусам у кватэру, якую здымаў на вуліцы Ліможа дзеяч прадпрымальніцкага руху Валерый Леванеўскі. Адтуль супрацоўнікі забралі рызограф (тэхніка для аператыўнай паліграфіі, фактычна — вялікі прынтар) i каля 1000 асобнiкаў бюлетэня «Предприниматель». Нагодай для ператрусу сталі ўлёткі, якая распаўсюджваліся ў горадзе i краiне ад iмя незарэгiстраванага стачкама прадпрымальнiкаў.
Згодна з тагачасным беларускiм заканадаўствам, уласнiк павiнен быў мець дазвол на набыццё рызографа і лiцэнзiю на палiграфiчную дзейнасць. У Леванеўскага іх не было.
Той жа Леванеўскi ў лютым падаў iск у суд на газету «Біржа інфармацыі». Ён сцвярджаў, што газета сказiла падзеi 28 студзеня 2003 года падчас несанкцыянаванага мiтынга прадпрымальнiкаў, калі напісала, што «лидер стачкома Республики Беларусь был с позором изгнан с площади». Леванеўскi патрабаваў вярнуць яму 280 рублёў (на той момант — $ 0,15), якія ён выдаткаваў на пакупку газеты ў кіёску, і заплаціць 100 тысяч рублёў ($ 52) за прычыненую маральную шкоду.
Сённяшні палітвязень Павел Мажэйка быў палітычным зняволеным і 20 гадоў таму. Тады яго асудзілі за публікацыі ў газеце «Пагоня» разам з рэдактарам гэтай газеты Міколам Маркевічам. У лютым 2003 Вярхоўны суд займаўся разглядам скаргі Паўла на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна. Гэты суд у 2002-м пакараў журналіста двума гадамі «хіміі», але адразу скасаваў адзін год у межах абвешчанай тады амністыі.
Чытайце таксама: Рабіў Гродна горадам, якім хочацца ганарыцца. Чым вядомы журналіст і актывіст Павел Мажэйка, які зараз у СІЗА
Тады ж, у лютым 2003, гродзенская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравала ў МУС і ў адміністрацыю жлобінскай «хіміі», дзе адбываў пакаранне Мажэйка, хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленні, бо ў сакавіку мінала палова яго тэрміну. Чым гэта скончылася — будзем чытаць у сакавіцкіх нумарах «Біржы».
17-гадовы другакурснік ПТВ ноччу скочыў з пятага паверху інтэрната. Паводле інфармацыі пракуратуры ён выкінуўся з акна свайго пакоя адразу пасля сваркі з дзяўчынай.
27-гадовага жыхара вёскі Луцкаўляны позна ўвечары каля гатэля «Турыст» збіў 26-гадовы гродзенец. Ён зняў з прыезджага куртку, у кішэні якой быў пашпарт, вайсковы білет і $ 40. Раней злачынцу ўжо судзілі за падобнае рабаванне.
У тым жа месяцы тры дзяўчыны 16, 18 і 20 гадоў збілі 50-гадовага мужчыну. Усе тры былі ў нецвярозым стане.
Пракуратура перадала ў суд справу хатніх злодзеяў. Група ў складзе беспрацоўнага, маляра і старшыні міліцыі пранікла ў кватэру прадпрымальніка і скрала рэчаў і апаратуры на 1,5 млн рублёў (каля $ 800). У час крадзяжу старшыня быў у міліцэйскай форме і з рацыяй, так што яго дадаткова абвінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Справу расследавалі каля года.
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…