Здавалася б, 2000-я былі зусім нядаўна, але глядзіш на каляндар — 20 гадоў мінула! Рэдакцыя Hrodna.life вырашыла ўзгадаць, што адбывалася ў нашым горадзе ў 2003 годзе. Дзеля гэтага мы пачыталі старыя нумары тыднёвіка «Біржа інфармацыі» — апошняй на той момант незалежнай газеты ў Гродне. Той год стаў для яе перадапошнім — у 2004-м газета патрапіла пад рэпрэсіі і перастала выходзіць. Штомесяц цягам 2023 года мы будзем публікаваць цікавыя фрагменты з «Біржы». У першым выпуску перанясемся ў студзень 2003 — калі выйшлі нумары 257−260 газеты.

Грамадства

Прадпрымальнікі адмянілі забастоўку. Але пасля масавых праверак двойчы выйшлі на плошчу

Незарэгістраваны стачкам прадпрымальнікаў Беларусі спачатку прызначыў на 1 студзеня 2003 года забастоўку, а потым сам жа яе і адмяніў. Гродзенскія арганізатары забастоўкі казалі тады «Біржы», што «большасць прадпрымальнікаў не гатовыя да масавых акцый пратэсту».

Аднак першыя тыдні 2003 адзначыліся масавымі праверкамі на рынках. Прадпрымальнікам як з канвеера выпісвалі штрафы і канфіскоўвалі тавары.

У адказ на гэта 22 студзеня прайшла аднадзённая папераджальная забастоўка гродзенскіх прадпрымальнікаў. Старшынёй незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі быў тады гродзенец Валерый Леванеўскі.

акцыя пратэсту 2003
Прадпрымальнікі на плошчы Леніна, 22.01.2003. Фота: levonevski.net

У дзень забастоўкі ў 10.00 каля 300 гродзенскіх бізнесменаў сабраліся на плошчы Леніна. Дэлегаты ад прадпрымальнікаў з заявай (патрабаваннем забяспечыць магчымасць спакойна працаваць) накіраваліся да старшыні гарвыканкама Аляксандра Антоненкі. Праз некаторы час той выйшаў да прысутных са словамі: «Лічыце, што я на вашым баку». Антоненка заклікаў прадпрымальнікаў выйсці на працу, а сітуацыю абмеркаваць са спецыялістамі адпаведных службаў у бліжэйшы час.

Такая сустрэча, з мясцовымі ўладамі і дэпутатамі парламента, адбылася 27 студзеня, але вынікаў не мела. На наступны дзень каля 300 прадпрымальнікаў зноў сабраліся на плошчы Леніна. На рынках тады распаўсюдзілі лістоўку стачкама пад кіраўніцтвам Леванеўскага з інфармацыяй, што несанкцыянаваны мітынг ладзіць БНФ, а патрабаванні прадпрымальнікаў улады нібыта выканалі. За гэта сабраныя выгналі Леванеўскага з плошчы. У той жа дзень затрымалі мастака і актывіста Зміцера Іваноўскага, які размаўляў з сабранымі на плошчы прадпрымальнікамі. На яго склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага мітынга.

У Саюзе палякаў галадалі актывісты

У галоўнай сядзiбе Саюза палякаў Беларусi 26 гадзiн галадалi 60-гадовы Станiслаў Пачобут i 70-гадовы Леон Подлях. Прычынай галадоўкi стала грубае парушэнне кiраўнiцтвам Саюза палякаў статутных дакументаў - больш года не збiралася Рада, паседжаннi якой, згодна статуту, павiнны адбывацца двойчы ў год.

Сядзіба саюза палякаў у Гродне, 2009 год. Фота: flickr.com/photos/polandmfa/
Сядзіба саюза палякаў у Гродне, 2009 год. Фота: flickr.com/photos/polandmfa/

Сябры СПБ неаднойчы звярталiся з запытам аб тым, каб сабраць Раду, не толькі таму, што гэтага патрабуе статут, але i таму, што накапілася шмат праблемаў, якiя патрэбна абмеркаваць. «Нiякай рэакцыi, аднак, на нашы неаднаразовыя звароты мы так i не дачакалiся, таму прыйшлi да скрайняй меры», — распавёў Станіслаў Пачобут. У выніку галадоўкі актывісты дамагліся свайго — пасяджэнне Рады прызначылі на 1 сакавіка.

Станіслаў Пачобут і Леон Подлях былі ў 1989 аднымі са стваральнікаў Саюза палякаў. Станіслаў Пачобут — бацька журналіста і польскага дзеяча Анджэя Пачобута.

Чытайце таксама: Рэакцыя на суд Анджэя Пачобута: сюжэты дзяржпрэсы, акцыі салідарнасці і заклікі вызваліць

Замежныя студэнты скардзіліся на міліцыю

Замежныя студэнты Гродзенскага медунiверсiтэта казалі, што iх пераследуе мiлiцыя. Ардынатар медунiверсiтэта Мешканi Маджтаба наведаў начальнiка абласной мiлiцыi генерал-маёра Анатоля Белашэўскага i перадаў яму зварот, якi падпiсалi 59 замежнiкаў. Гэта грамадзяне Сiрыi, Палестыны, Пакiстану, Егiпту — студэнты i ардынатары з васьмi краiнаў. У звароце замежныя студэнты наракалі, што мiлiцыянты могуць спынiць iх без прычыны, забраць дакументы, аштрафаваць па максiмуму. Яны таксама прасілі замянiць супрацоўнiцу пашпартна-вiзавай службы Валянцiну Шуляк, якая кантралявала замежных студэнтаў. Генерал паабяцаў правесці праверку.

Зімовы Гродна пачатку 2000-х. Фота ілюстрацыйнае з архіва Аляксандра Мінько, prosto-free.livejournal.com
Зімовы Гродна пачатку 2000-х. Фота ілюстрацыйнае з архіва Аляксандра Мінько, prosto-free.livejournal.com

Азотаўцы палічылі сябе падманутымі пры акцыянаванні прадпрыемства

Акцыі «Азот» пачалі свабодна прадаваць у канцы 2002 года, але сярод супрацоўнікаў іх набылі толькі два чалавекі, расказаў «Біржы» старшыня незалежнага прафсаюза Сяргей Антусевіч. Справа ў тым, што акцыі прадаваліся толькі за грошы, хаця раней казалі, што работнікі прадпрыемства змогуць набыць іх за чэкі «Маёмасць». Таму рабочыя «Азота» лічылі, што іх падманулі. Азотаўцы планавалі праз прэзідэнта Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука звярнуцца ў Канстытуцыйны суд.

Сёння Антусевіч і Ярашук у турме, а прафсаюзы ліквідаваныя.

У Гродна прыязджала легенда польскай журналістыкі

Па запрашэнні грамадскага аб’яднання «Ратуша» Гродна наведаў знакаміты польскі журналіст, былы кiраўнiк польскай службы радыё «Вольная Еўропа» Ян Новак-Езёраньскi. Новаку-Езёраньскаму было ўжо 89 гадоў, але ён актыўна займаўся грамадска-палiтычнай дзейнасцю: прадстаўляў у Штатах польскiя iнтарэсы, паспрыяў хуткаму ўваходжанню Польшчы ў NATO. У Гродне Ян Новак-Езёраньскi пабываў у сядзiбе Саюза палякаў, польскай школе, Польскай мацежы школьнай, сустрэўся з Андрэем Саннiкавым i Станiславам Шушкевiчам, а таксама з гродзенскай iнтэлiгенцыяй, прадстаўнiкамi палiтычных партый i журналiстамi.

«Ратушу» ўлады ліквідавалі яшчэ ў тым самым годзе. Сёння Саюз палякаў разгромлены, польская школа русіфікаваная, Польская мацеж школьная ў працэсе ліквідацыі.

Чытайце таксама: У Гродне прадаюць будынак «Польскай Мацежы школьнай». Арганізацыю ліквідавалі восенню

Палітыка

Мікола Маркевіч вярнуўся са шпіталя на «хімію»

Мікалай Маркевiч, рэдактар зачыненай уладамi гродзенскай газеты «Пагоня», вярнуўся ў Асiповiчы, дзе ён адбываў паўтарагадавое пакаранне на «хiмii». Больш за два тыдні ён правёў у кардыялагiчным аддзяленні Гродзенскага шпiталя № 2 з дыягназам «гiпертанiчны крыз».

Прадпрымальнікі на плошчы, аўтобус у Нёмане, галадоўка ў Саюзе палякаў: пра што пісала гродзенская прэса 20 гадоў таму
Маркевіч на хіміі

У той час пакаранне на «хіміі» было адносна лёгкім: напрыклад, Маркевічу дазволілі паехаць на Каляды дадому ў Гродна.

Чытайце таксама: У Гродне затрыманы Мікалай Маркевіч

Горад рыхтаваўся да мясцовых выбараў

У 2003 у Беларусі выбіралі 24 тысячы мясцовых дэпутатаў. У Гродне найбольш кандыдатаў у гарадскі Савет падрыхтавала партыя БНФ — 10 чалавек. Аб’яднаная грамадзянская партыя выставіла 5 кандыдатаў.

У выбарчыя камiсiі тады ўключылі толькі «правераных» людзей. Гэтак, ніводнага з 33 кандыдатаў ад БНФ у камісіі ў Гродне не прапусцілі. Адзiн з чыноўнiкаў тады заявiў: у камiсii бяруць толькi вопытных людзей, якiя ў iх ужо працавалi. Аднак і людзі са стажам працы ў камiсiях ад БНФ не прайшлі.

Паляк прасіў палітычнага прытулку ў Беларусі

Беларускія памежнікі затрымалі грамадзяніна Польшчы, якія незаконна перайшоў мяжу. Паляк, 35-гадовы Дарыюш Калышка, расказаў, што пайшоў у Беларусь па лепшыя ўмовы жыцця і збіраецца прасіць тут палітычнага прытулку. Яму арганізавалі сустрэчу з консулам Польшчы, але гэта не змяніла яго цвёрдага рашэння застацца ў Беларусі.

Чытайце таксама: «В Польше нет свободы слова». Поддерживающий Путина поляк попросил убежища в Беларуси

Гарадская прастора

Туманная перспектыва «Паўднёвага»

«Туманнай» назвалі ў газеце будучыню «Паўднёвага» рынка ў сувязі з адкрыццём «гіганцкага цэнтра опта-рознічнага гандлю „Карона“ на тэрыторыі былога прадзільна-ніткавага аб’яднання». Маўляў, большасць гандляроў запісалася ў чаргу на арэнду месцаў у «Кароне». Як бачым, і праз 20 год рынак «Паўднёвы» яшчэ жывы.

Южный рынок Гродно
Рынак «Паўднёвы», 2003 год. Здымак Google Earth

Чытайце таксама: Торговый центр «Корона» должен «Гронитекс» почти 1 млн рублей. Дело дошло до суда

Дарэчы, а вы памятаеце, што ў той час невялікі рынак быў яшчэ і ў Лядовым палацы? Прастору там арэндавалі амаль 100 прадпрымальнікаў і пра іх у студзені 2003 «Біржа» таксама пісала — у сувязі з павышэннем арэнду на «рынку».

Не хапала цвярозых дворнікаў

Гродзенцы скардзіліся на непасыпаны пяском галалёд і заснежаныя вуліцы. Прычына была ў тым, што з 180 гарадскіх дворнікаў толькі сотня — пастаянныя і сумленныя супрацоўнікі. Астатнія — п’яніцы, якім уладкавацца ў дворнікі прапанаваў умоўны ўчастковы пад крамай. Яны працавалі да першай зарплаты, пасля чаго ішлі ў загул, за што іх звальнялі за прагулы. Іншых супрацоўнікаў у камунальных службаў на той момант не было. Зарплата дворніка ў студзені 2003 складала каля 100 тыс. рублёў - на той момант гэта крыху больш за 50 долараў.

У Гродна прыйшоў МТС

У канцы студзеня ў Гродне афіцыйна пачалі эксплуатацыю мабільнай сеткі ад МТС. Гродна стаў трэцім абласным горадам, куды прыйшоў гэты аператар. Урачытасць прайшла ў малой зале драмтэатра. Прадстаўнікі МТС падарылі старшыні гарвыканкама Аляксандру Антоненку мабільны тэлефон.

У Новым замку паказвалі старадаўні цыферблат з Фарнага касцёла

Круглы цыферблат на гадзінніку на вежы Фарнага касцёла з’явіўся толькі ў час рамонту ў 1989 годзе. На старых жа здымках, яшчэ 1930-х, добра бачна, што цыферблат быў квадратным. Яго можна было ўбачыць у студзені 2003 у Авальнай зале Новага замку на выставе «Времени не скажешь: «Подожди!». Здаецца, з таго часу гэты артэфакт больш не паказвалі на публіцы.

Гадзіннік часы Фарны касцёл
Фарны касцёл у 1960-х. На вежы добра бачны стары квадратны цыферблат гадзінніка. Фота з архіву Hrodna.life

Канцэртная зала «Гродна» зноў стала кінатэатрам

Гродзенскі аблвыканкам вырашыў вярнуць статус «Гродна» яшчэ ў кастрычніку 2002, але адкрыўся ён толькі 8 студзеня 2003. Праўда, вялікая зала і тады заставалася зачыненай — рамонт не быў скончаны. Працаваў відэасалон, які перамясціўся сюды з Чырвонаармейскай (сёння — будынак МТС ля аўтавакзала). У ім можна было ўзяць касеты ў пракат, паглядзець кіно ў відэакабінах, пагуляць у відэагульні.

кинотеатр Гродно молодежный центр
Канцэртная зала «Гродна» на вул. Савецкай. Пачатак 2000-х. Фота з архіва Аляксандра Мінько, prosto-free.livejournal.com

«Гродна» быў канцэртнай залай абласной філармоніі нядоўга — са студзеня 2000 да кастрычніка 2002. Сёння былы кінатэатр і канцэртная зала працуе ў статусе «моладзевага цэнтра».

Здарэнні

Аўтобус з’ехаў у Нёман

На вуліцы Рыбацкай, недалёка Каложы, аўтобус Mercedes з’ехаў у Нёман. Высветлілася, што прычына здарэння — коўзкая дарога, якую ніхто не пасыпаў пяском. Аўтобус належаў фірме «Арбат», у якой на Рыбацкай знаходзіўся гараж. Калі кіроўца забіраў аўтобус з гаража, яго пачало заносіць задняй часткай у бок ракі. Лёд на рацэ выступіў у ролі «тормаза». У выніку ніхто не пацярпеў. Вядома было, што аўтобус 1991 года выпуску толькі нядаўна вярнуўся з капітальнага рамонту ў Турцыі. Пасля здарэння рамонт спатрэбіўся яму зноў.

автобус Неман авария
Фота з архіву Леаніда Шчаглова, prosto-free.livejournal.com

Затапіла заапарк

З-за пацяплення растаў снег, сабраны ў двары заапарка. Утварылася шмат вады, якая падабралася да вальераў некаторых жывёл. Супрацоўнікі заапарка паспелі прадухіліць патоп: лапатамі капалі траншэі для адводу вады ў Гараднічанку.

Галоўны ўваход у гродзенскі заапарк у пачатку 2000-х. Фота: tuda-suda.by
Галоўны ўваход у заапарк у пачатку 2000-х. Фота: tuda-suda.by

Кралі з падвалаў і кішэняў

На Урублеўскага з падвала пенсіянеркі скралі 45 слоікаў варэння і саленняў, а таксама 60 кг бульбы і 18 кг цыбулі. З суседняга падвала сцягнулі горны ровар.

Там жа, на Урублеўскага, нехта скраў машыну «Масквіч». Аўто з пашкоджаннямі пазней знайшлі ў Пышках.

У тралейбусе на прыпынку «Дзіцячы шпіталь» затрымалі кішэннага злодзея: 32-гадовы беспрацоўны сцягнуў кашалёк студэнткі. У ім была ўсяго 1000 рублёў - палова долара на той момант.

Адзінаццацікласнік гродзенскай школы напаў на кіраўніка адной з гродзенскіх фірмы: пырснуў у твар з газавага балочыка і забраў мабільны тэлефон.

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.

Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon

Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.