Ежы і Тамара Кежкоўскія ў шлюбе з 1953 года — ужо 67 гадоў. Да Дня Закаханых яны распавялі нам, як ім удалося стварыць моцны шлюб і захаваць сямейныя адносіны на доўгія гадоў.

Кежкоўскія ўсё жыццё жывуць у Гродне. Ежы Мар’янавіч нарадзіўся ў 1928 годзе ў Варшаве і адразу пасля нараджэння з бацькамі пераехаў у Гродна, адкуль родам яго мама. Тамара Васільеўна (Баран) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне, яе сямейны дом знаходзіўся там, дзе цяпер стаіць помнік-танк, але ў 1941 годзе ў яго трапіў нямецкі снарад. Гродзенцы перажылі вайну і пасля яе не з’ехалі ў Польшчу, як гэта рабілі многія.

Была дзяўчына, але выбраў Тамару

Будучыя муж і жонка пазнаёміліся ў Новым свеце, на вуліцы Бялінскага. Яны сустрэліся ў Юзафа Компеля дома ў Навагоднюю ноч.

Т.В.: Юзік гэта мой стрыечны брат. У навагоднюю ноч з 1952 на 1953 год ён мяне запрасіў да сябе. Там былі яго сябры, сярод іх быў і Ежы. Я яго адразу заўважыла.

Е.М.: А я жыў там побач і ведаў добра Компеля. У яго і сустрэліся ўпершыню з Тамарай. Яна мне спадабалася, такая ціхая і спакойная дзяўчына. Тады я ўжо сустракаўся з іншай прыгожай жанчынай з Малышчына. Яна была мяне старэй на 10 гадоў, заўзятая такая полька. Я нават маме казаў, што ажаніўся з ёю, так падабалася. І мама ўжо пачала рыхтавацца да вяселля, пайшла да яе бацькоў дамаўляцца. Пасля гэтай размовы мы пасварыліся з нявестай. Я перастаў з ёй сустракацца і ўсю ўвагу пераключыў на Тамару.

“Усё жыццё аддаваў зарплату жонцы”. Сакрэт сямейнага шчасця раскрылі ў Гродне
Кежкоўскія паказваюць фатаграфію, дзе захаваная іх першая сустрэча

“Усё жыццё аддаваў зарплату жонцы”. Сакрэт сямейнага шчасця раскрылі ў Гродне
Святкаванне Новага года 1953. Ежы Мар’янавіч у верхнім шэрагу другі злева, Тамара Васільеўна побач

Дзве бутэлькі гарэлкі і святочны абед

Маладыя гродзенцы сустракаліся крыху больш за месяц і ўжо 10 лютага вырашылі ўзаконіць адносіны. Грошай на ўрачыстасць у іх не было.

Т.В.: Я заканчвала фельчарска-акушэрскую школу і па размеркаванні мяне маглі адправіць куды-небудзь далёка ад дома. І Ежы пабаяўся, што там будуць бегаць за мной іншыя мужыкі. Таму ён прапанаваў мне выйсці за яго, а я пагадзілася. Мы распісаліся перад размеркаваннем і мяне ўжо адправілі на практыку бліжэй да дому, у Гожу.

Е.М.: Вяселле не рабілі, куды там. Пасля вайны ўсе бедныя былі. Сабраліся толькі дома сваімі і ўсё. Дзве бутэлькі гарэлкі прынёс сябар і святочны абед прыгатавалі. Тады вяселле маглі адзначыць толькі так. Я быў рады, што Тамару нікуды не адправілі, жонка як ніяк. Жылі мы ў маёй мамы на Ажэшкі. Я працаваў на чыгунцы, а Тамару потым перавялі з Гожы ў Гродна ў анкадыспансер, які аб’ядналі ў будучыні з абласной бальніцай.

“Усё жыццё аддаваў зарплату жонцы”. Сакрэт сямейнага шчасця раскрылі ў Гродне
Кежкоўскія паказваюць свае фатаграфіі, якія былі зроблены да вяселля

“Усё жыццё аддаваў зарплату жонцы”. Сакрэт сямейнага шчасця раскрылі ў Гродне
Пасведчанне аб шлюбе сям'і Кежкоўскіх

«Разам мы выкараскаліся»

Праз год пасля вяселля Ежы Мар’янавіч захварэў на сухоты. Некаторыя ўрачы казалі, што ён не выкараскаецца, але яго маладая жонка зрабіла ўсё магчымае, каб муж жыў.

Т.М .: Неяк Ежы на паравозе адправіўся ў паездку. А як вярнуўся, у яго паднялася высокая тэмпература. Паклалі яго ў чыгуначную бальніцу і паставілі дыягназ — адкрытая форма сухотаў. Але адразу ж выпісалі, бо такім хворым там нельга было ляжаць. Хацелі яго перавезці ў Баранавічы, але я пайшла ў аблздраў і прасіла начальства, каб яго пакінулі ў Гродне. Хацела быць з ім побач у цяжкую хвіліну.

Мне дапамаглі, але доўга ў шпіталі яму не далі ляжаць. Сказалі забіраць дадому, мы на насілках неслі яго. Уяўляеце, у такім дрэнным стане быў. Прыйшлося ратаваць мужа, хоць нават яго мама казала кідаць і займацца асабістым жыццём, бо была маладая. Але я яго не кінула ў цяжкі час, мне вельмі дапамаглі мае бацькі, яны былі вернікамі людзьмі і сказалі быць з ім да канца. І разам мы выкараскаліся.

Е.М.: Дзе я падхапіў гэтую хваробу, нават і не ведаю. Можа ў час працы, бо вугаль тады быў вельмі дрэнным. А можа яшчэ падхапіў падчас нямецкай акупацыі. У нас тады дома жыў палонны рускі афіцэр, дапамагаў па гаспадарцы. І ён якраз хварэў на сухоты.

Калі я захварэў, мне было 26 гадоў. Вылечыўся дзякуючы Тамары. За гэта я ёй ўдзячны. Пасля хваробы я кінуў паліць і піць. Я і так мала выпіваў, асабліва пасля вяселля. Баяўся, што калі буду піць, то ўсе грошы будуць сыходзіць на алкаголь і гулянкі, і жонка кіне. А тады ў пасляваенныя гады многія рабацягі выпівалі і співаліся. А я застаўся верны сям'і.

“Усё жыццё аддаваў зарплату жонцы”. Сакрэт сямейнага шчасця раскрылі ў Гродне
Ежы Мар’янавіч і Тамара Васільеўна Кежкоўскія

Усё жыццё працуюць

У 1956 годзе ў Кежкоўскіх нарадзілася дачка Наташа. Муж і жонка сталі яшчэ больш працаваць, каб забяспечыць сям’ю ўсім неабходным.

Т.В.: Спачатку мы жылі на Ажэшкі з яго бацькамі. Усю зарплату аддавалі ім і праз тры гады яны купілі сабе дом у Азёрах. З’ехалі і пакінулі нам кватэру. Але на пачатку 1960-х дом знеслі і далі нам жыллё на Міра. На пятым паверсе, а я не хацела там жыць і абмянялі кватэру з іншай сям’ёй. Вярнуліся на Ажэшкі, толькі ў іншы дом. І ўяўляеце, зноў нас знеслі і далі жыллё на Паповіча. Так вось маталіся, працавалі і дзіця гадавалі.

Пасля мы зноў пераехалі, толькі ўжо на Дзяржынскага, там жывем і сёння. Трымалі гаспадарку і агарод. Ежы працаваў ужо на тонкасуконным, а ў начны час падпрацоўваў качагарам. А я працягвала ў бальніцы працаваць, заўсёды на 1,5 стаўкі. Таму ў мяне сёння добрая пенсія. Часам пасля працы мужу дапамагала. Для нас самы шчаслівы час быў - гэта калі нарадзілася Наташа. Радаваліся і глядзелі як яна расла.

Кежкоўскія кажуць, што залог поспеху іх сямейнага жыцця ў тым, што яны шмат працавалі і заўсёды былі разам.

Е.М.: Мы не лаяліся, я заўсёды падпарадкоўваўся жонцы. Яна ў нас у сям'і галоўная: як скажа, так і будзе. Усю зарплату заўсёды ёй аддаваў. Тамара Васільеўна не хацела падарункаў, толькі казала — давай грошы. Таму сямейным бюджэтам яна да гэтага часу распараджаецца.

Т.В.: Вось так і пражылі да старасці. Ні ў якія рэстараны не хадзілі, на мора не ездзілі. Ніякай рамантыкі. У Польшчы была адзін раз і ўсё. Не было магчымасці ў нас раз’язджаць. Мы больш у беднасці жылі. Раней зусім іншае жыццё было. Радасць была, калі выбіраліся ў кіно. На танцы не хадзілі, мы нават танцаваць не навучыліся за столькі гадоў. Калі шчыра, то нават туды і не цягнула.

Праца і дом. Так што наша жыццё салодкім не было ніколі, заўсёды даводзілася працаваць. Пражылі жыццё, ну і добра. Дай Бог, каб памерці было лёгка, каб не быць клопатам. А так дзякуй, што пражылі такое ​​доўгае жыццё. Хтосьці пытае наш сакрэт даўгалецця, але я скажу так: мы працавалі, правільна сілкаваліся і нідзе не бадзяліся.

“Усё жыццё аддаваў зарплату жонцы”. Сакрэт сямейнага шчасця раскрылі ў Гродне
Кежкоўскія са сваімі хатнімі ўлюбёнцамі

Галоўнае рухацца, а не сядзець дома

Ежы Мар’янавічу ў гэтым годзе будзе — 92, а Тамары Васільеўне — 87. Разам яны 67 гадоў і ўсё жыццё жывуць у Гродне. Іх родны горад разрастаўся на вачах.

Т.В.: Ведаеце, мы жылі за польскім часам, пры немцах і саветах, але ў незалежнай Беларусі нам лепш за ўсё жывецца. Усе, хто да нас прыходзіў, усё хапалі сабе. Зараз мы спрабуем зрабіць сваю дзяржаву і жыць у сваёй краіне лепш за ўсё. Чым мы цяпер займаемся? Яшчэ ў мінулым годзе саджалі бульбу каля дома, так што можна нас убачыць яшчэ ў агародзе. Ежы шмат чытае, часам глядзіць тэлевізар. І ходзіць у дзве бібліятэкі.

Е.М.: Так, я люблю чытаць. Мне падабаецца пазнаваць нешта новае. Стараюся хадзіць на сходы партыі БНФ, чытаю «Народную волю». Бо па тэлевізары няма чаго глядзець, адна прапаганда. Амаль як у саветаў. Надакучыла слухаць гэтыя навіны за ўсё жыццё. Усё што яны гавораць па тэлевізары, гэтага мы не бачым.

Ну і ў горад з Тамарай мы выбіраемся праз дзень. То ў краму, то на рынак. Галоўнае рухацца, а не сядзець дома. Была справа, хадзілі скардзіцца на каўбасу, што вады шмат сталі дадаваць. І на такое мы здольныя сёння. Праезд у транспарце для нас бясплатны, так што можна катацца хоць кожны дзень. Месца не заўсёды саступаюць, але мы не крыўдзімся.

“Усё жыццё аддаваў зарплату жонцы”. Сакрэт сямейнага шчасця раскрылі ў Гродне
Ежы Мар’янавіч і Тамара Васільеўна Кежкоўскія

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life