Іх радаводы запісаныя, гены замарожаныя, імёны захаваныя. На адпаведнасць вышэйшым стандартам у іх праверана ўсё, аж да валасяных цыбулін. Яны здымаліся ў кіно і заваёўвалі еўрапейскае «золата». Гэта – коні са стайні «Эйтуны» саўгаса «Лідскі». Адна з тутэйшых парод захавалася з часоў Вялікага Княства Літоўскага, другая – адзіная выведзеная ў Беларусі.
Стайню для гадоўлі племянных коней пабудавалі ў Эйтунах у пачатку 90-х. З тых часоў рамантавалі толькі касметычна. Мэтавае фінансаванне конегадоўлі скончылася разам з Савецкім Саюзам.
Паводле нормаў звычайнага саўгаса, племянны маладняк не самы выгадны ў жывёлагадоўлі бізнес. Утрыманне «заслужаных дзядкоў» не прадугледжана наогул – іх трэба здаваць на мяса, не зважаючы на мінулыя дасягненні.
Пра тое, як энтузіясты разводзяць коней і шукаюць раўнавагу паміж эканомікай і этыкай, распавяла Hrodna.life Святлана Юркевіч, заатэхнік па конегадоўлі з Эйтунаў.
Тут пачынаўся беларускі конны спорт
Святлана працуе на стайні саўгаса «Лідскі» з 1987 года. Разам з мужам яны прыехалі сюды маладымі спецыялістамі. Мужа прыслалі працаваць трэнерам па конным спорце, Святлану – заатэхнікам па конегадоўлі.

Для коннага спорту пры Саюзе грошай не шкадавалі. “Коней розных [у мясцовай спартыўнай школе] трымалі: тракенаў, голштынцаў, будзёнаўцаў. Там трэніраваліся прафесіяналы. Коней для іх куплялі за мяжой і на найлепшых конезаводах СССР”.
Святлане паставілі задачу стварыць пры спартшколе сваю конеферму – практычна з нуля. У гаспадарцы на той час было ўсяго пяць коней у старэнькім хляве.
Конь па цане «Волгі»
Для развіцця племянной справы выбралі беларускую запражную і тракененскую пароды.
«Па тых часах такія коні каштавалі шалёных грошай – 15 000 рублёў абыходзілася адна кабыла. Гэта як машына «Волга» прыкладна».
Тракененская парода коней. Вывелі ў XVIII стагоддзі на конезаводе Тракенен ва Усходняй Прусіі, паблізу Кенігсберга (цяпер Калінінградская вобласць). Гэтых коней пастаўлялі для каралеўскага двара Фрыдрыха Вільгельма I і яго войска. Пасля Другой сусветнай вайны частку коней вывезлі ў СССР на конезавод імя Кірава ў Растоўскую вобласць, другую частку – у Заходнюю Нямеччыну. Тракененскія коні больш за 50 гадоў уваходзяць у топ-20 найлепшых спартыўных парод свету.

Беларускі запражны конь. Аснову пароды заклалі коні конезаводаў XVII стагоддзя, частка якіх размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці – у Вішневе, Крэве, Данюшаве і іншых. Цяпер беларуская запражная – адзіная нацыянальная парода Беларусі.

Пастаянна купляць спартыўных коней было занадта дорага нават для саўгаса-мільянера саюзнага падпарадкавання. Але на племянную працу грошы вылучалі. У Эйтунах былі такія коні, што ў 1996 годзе ўвесь племянны табун здымалі ў кіно.
Да гэтага часу самае любімае кіно Святланы Юрэвіч. «Абавязкова паглядзіце, вельмі добры фільм», – раіць яна ўсім гасцям.

Беларускае золата
Цяпер у табуне саўгаса «Лідскі» 93 кані. «Усё жыццё я імі займаюся», – Святлана абводзіць стайню позіркам і гатова расказаць пра кожнага тутэйшага насельніка.

«Гэта Напор. Выгадавалі тут, на нашай конеферме. Ён выйграў Чэмпіянат свету сярод вайскоўцаў у Бельгіі. У 90-х пяць гадоў запар быў найлепшай канём Беларусі па канкуры».

«Гэта Закон. Яму 14. Прыгажун з характарам». Закон цяпер – самы знакамітая конь краіны. Ён абсалютны чэмпіён Беларусі сярод жарабцоў-вытворнікаў у намінацыі «Найлепшы племянны конь», пераможца Белагра-2020 і III Рэспубліканскага фестывалю запражных коней. Ад яго нарадзіліся больш чым 50 жарабят.

Тамерлан – ужо зусім дзядуля і ветэран. Яму хутка 30 гадоў. “У апошні час ён ужо і ў возе не ходзіць. Пасвіцца разам з жарабятамі. Ён яшчэ не самы стары. Пластыку, жарабцу-вытворніку, з якога гэтая конеферма пачыналася, было 32 гады”.

Андрэй «Манамах», Саша «Бетховен» і Лена «Хвастун»
У тэлефоннай кніжцы Святланы Юрэвіч частка абанентаў пазначаная «падпольнымі мянушкамі». Гэта імёны коней, якіх яны купілі. Цяпер купляюць коней у асноўным прыватнікі – спартсмены або трэнеры. Святлана распавядае, што правярае кожнага, ці ён зможа стварыць для каня прыдатныя ўмовы.
«Неяк тэлефануе адзін, кажа: “Хачу купіць у вас Коржика”. Пытаюся:
– Дзе ў вас стайня?
– Няма.
– А для чаго табе конь?
– Хачу дзяўчыне на дзень народзинаў падарыць.
Вось хіба можна яму каня прадаць? Гэта ж не сабачка пакаёвы. Куды яго ў горадзе падзенеш?».
Малады конь са стайні ў Эйтунах каштуе каля $2000-3000. Праз некалькі гадоў трэніроўкі іх прадаюць ужо ў дзясяткі разоў даражэй. «І за $20 000, і за $50 000 нашых коней прадавалі. Калі скача высока або прызы бярэ, то і да $100 000 кошт можа падняцца». Каб давесці каня да такога ўзроўню, патрэбныя манежы, спецыялісты, трэнеры. На каняферме такіх умоў і спецыялістаў няма. Тут займаюцца толькі племянной працай і гадуюць маладняк.
«Не маем права іх страціць»
«Гэта ж генафонд! – адказвае Святлана на пытанне, чаму важна захаваць гэтых коней. – Падчас вайны і тое захавалі. А цяпер што, вайна? Мы не маем права іх страціць».
Паводле ацэнак Святланы, цяпер па ўсёй Беларусі не больш за сто кабыл-матак тракененскай пароды. З іх каля 30 – у Эйтунах. Яны не менш важная частка агульнай памяці, чым архітэктура, народныя песні ці вышыванкі.

«У першую чаргу наша задача – палепшыць умовы для гэтых жывёл, – кажа Антаніна Мархоцкая, кіраўнічка Лідскага раённага цэнтра па племянной працы. – Трэба рамантаваць дах, мяняць вокны – ім ужо 30 гадоў хутка. У саўгаса на гэта няма сродкаў. Племаабъяднанне вылучае частку грошай для куплі новых кабыл і жарабцоў-вытворнікаў, але рамонт стайняў аплаціць не можа».

Намеснік дырэктара саўгаса па жывёлагадоўлі Вадзім Грынько – ветурач паводле адукацыі. Прыйшоў у гаспадарку два гады таму. «Калі ў першы раз быў у стайні – вялікімі вачыма глядзеў, эмоцыі перапаўнялі, – распавядае ён. – На наступны дзень прывёў сюды жонку і дзяцей – захацелася далучыць сям’ю».
«Раней з коньмі не працаваў, цікава было разбірацца – як утрымліваюць, як разводзяцца, як племянная работа арганізавана», – кажа Вадзім Грынько. Конегадоўля – рэдкая спецыялізацыя ў жывёлагадоўлі. У Гродзенскай вобласці саўгас «Лідскі» – адзіная гаспадарка, дзе займаюцца коньмі. «Усё гэта трэба захаваць і перадаць наступным пакаленням. Тое, што тут [у Эйтунах] стварылі – нацыянальнае багацце. Ім трэба ганарыцца і перадаваць наступным пакаленням».

Чытайце таксама:
















