Гродзенцу Анатолю Уладзіміравічу баліць душа за старую лесвіцу ў цэнтры горада, якая вядзе на Завяршчызну. Тут прайшло яго дзяцінства, а сёння прыступкі руйнуюцца на вачах. Ратаваць іх ніхто не спяшаецца.
«Чорны пінжак і белая латка»
Ужо некалькі гадоў Анатоль Уладзіміравіч піша ў розныя гарадскія інстанцыі з просьбай адрамантаваць лесвіцу. Але ніхто за справу не бярэцца. Асноўная праблема — подпорная сцяна ля лесвіцы, якая нахілілася і хутка абрынецца.
«Я пісаў тры гады таму ў гарвыканкам з нагоды гэтай лесвіцы, каб навялі там парадак, — распавядае Анатоль Уладзіміравіч. — Праз некаторы час мне прыйшоў ліст з подпісам Гецэвіча — начальніка будаўнічай службы, што рамонт выкананы. Так, дзесьці яны падмазалі і ўставілі тратуарную плітку, але з падпорнай сцяной нічога не вырашылі, спасылаліся на праект і іншыя праблемы. Такі рамонт можна параўнаць з чорным пінжаком і белай латкай. Няўжо нельга вырашыць праблему? Паваліцца ж усё хутка і мы страцім такую цікавую лесвіцу».
Магчыма, лесвіцу рабілі за польскім часам
Нарадзіўся Анатоль Уладзіміравіч ў 1945 годзе на вуліцы Найдуса. Лесвіцу на Завяршчызну ён ведае з дзяцінства: па ёй ён і іншыя пасляваенныя хлапчукі з бліжэйшых раёнаў бегалі пастаянна.
«У гэтым месцы прайшло маё дзяцінства і сёння мне балюча назіраць, што тут адбываецца. Лесвіца старая і мае сваю незвычайную гісторыю. Дагэтуль краязнаўцы не могуць сказаць дакладна, хто і як яе будаваў. Я не лічу, што яна пабудавана з яўрэйскіх магілаў, як многія лічаць».
Спадар Анатоль лічыць, што лесвіцу зрабілі з апрацаваных камянёў - такіх, якія яшчэ можна ўбачыць у падмурках суседніх пабудоў, ды ў фрагментах мосту праз Гараднічанку ў раёне вуліцы Рабочай.
[irp posts="54 689″ name="Прыбяруць мост і пашыраць раку. Горад узяўся за Гараднічанку?"]
«Магчыма, лесвіцу рабілі за польскім часам. Выканана яна якасна, на стагоддзі. Мае бацькі, з 1920-х гадоў, ды я і сам, многія гады хадзілі па гэтай лесвіцы і ніколі не бачылі якіх-небудзь яўрэйскіх літар на камянях. Ды і ніхто з мясцовых старых не казаў ніколі, што камяні з могілак. Гэта нейкая легенда».
Лесвіца доўга праслужыць, калі яе будуць даглядаць
Пенсіянер распавядае, што ў 2017 годзе брыгада рабочых зноў прыходзіла да лесвіцы і пачала яе рамантаваць. Але надоўга рабацяг не хапіла.
«Пачалі яны рабіць поручні, выкапалі ямы і кінулі ўсё. І ў такім стане лесвіца ўжо некалькі месяцаў. Большая частка сёння ў здавальняючым стане. Можна яшчэ ўбачыць ідэальную ліўнёўку і выдатную працу старых майстроў. Але ёсць і праблемы, якія тэрмінова трэба вырашаць. Гэтая лесвіца яшчэ доўга праслужыць, калі ёй будуць займацца».
Дык хто будаваў лесвіцу?
Вязень гродзенскага гета Рыгор Хасід у 2006 годзе выказваў сумнеў, што лесвіца сапраўды пабудавана з яўрэйскіх надмагільных пліт. Гэтую інфармацыю пацвярджае журналістка Наталля Макушына, якая запісала ўспаміны Хасіда.
Мы з Хасідам падымаліся па лесвіцы, і я спытала:
— А ці праўда, што яна зроблена з камянёў з могілак?
— Цяпер так кажуць, але гэта не так было. Можа дзе пару прыступак і ёсць, потым узялі, умацоўвалі. Але лесвіцу будавалі яшчэ да немцаў. Там наверсе, дзе Рыбны рынак быў, была майстэрня каменачэсная. Добрыя майстры былі, на ўвесь горад. У іх шмат заказаў было, яны рабілі.
— А як жа артыкул Валерыя Чарапіцы «Сумная лесвіца на Завяршчызну» пра тое, што яе прымусілі будаваць яўрэяў у 1942−43 гадах?
— Гэтага я не ведаю, можа, там нейкая свая інфармацыя… Я ведаю, што было так.
Лесвіцу трэба захаваць як помнік
Сёння ўжо не засталося старажылаў на Завяршчызне. А тыя, хто прыехаў сюды ў пасляваенныя гады, сцвярджаюць, што лесвіца зробленая палоннымі з надмагільных пліт. Некаторыя, нібыта, яшчэ некалькі гадоў таму бачылі яўрэйскія літары на камянях. Але калі просіш людзей паказаць хоць адзін такі камень, ніхто не ведае дзе шукаць.
Як і хто будаваў гэтую лесвіцу — сёння цяжка даведацца. Але правільным будзе захаваць яе як помнік. Бо другой такой лесвіцы са сваёй загадкавай гісторыяй у Гродне больш не знайсці.