Яшчэ гадоў 5 таму вуліца 1-я Працоўная ў цэнтры Гродна мела шэраг закінутых пабудоў. Сёння яна прыкметна змяняецца. Там можна ўбачыць банк, крамы, офісы і папулярную ў горадзе італьянскую піцэрыю. На пачатку мая рабочыя ўзяліся і за апошнюю закінутую пабудову на вуліцы. Яе прывядуць у парадак да 2019 года.

Закінуты дом № 6 па вуліцы 1-я Працоўная быў пабудаваны на пачатку XX стагоддзя, як аднапавярховы маленькі дом (на тры акна). У свой час у пабудове была гандлёвая крама і склад, а таксама жылі людзі, якіх адсялілі ў пачатку 2000-х гадоў. У будучыні ў будынку могуць адкрыцца офісы ці крамы. Хто з’яўляецца ўласнікам старой пабудовы, пакуль невядома, але працы на аб’екце пачаліся.

Маленькая вуліца 1-Працоўная складаецца ўсяго з некалькіх пабудоў і знаходзіцца ў цэнтры Гродна за вуліцай Вялікая Траецкая. Гэтая вуліца выходзіць на аўтастаянку, дзе да ХІХ стагоддзя размяшчаліся найстарэйшыя яўрэйскія могілкі. Побач з могілкамі знаходзіўся Нямецкі (Рыбны) рынак. Яшчэ да нядаўняга часу ў падвалах пабудоў і адрын на вуліцы 1-Працоўнай можна было знайсці і старыя бочкі і розныя гаспадарчыя прыстасаванні. Сёння тыя пабудовы ідуць пад знос.