На лінейку да пачатку навучальнага года школьнікі традыцыйна ідуць з кветкамі. А што адбываецца далей з ахапкамі галандскіх руж, дачных астраў або набытых у бабуль хрызантэм? І якія шукаюць альтэрнатывы гродзенскія бацькі, каб павіншаваць педагогаў з пачаткам навучальнага года?

Букеты даглядалі да апошняй кветкі, а цукеркі з’ядалі ўсім класам

Марыя (імя зменена) працавала настаўнікам старэйшых класаў у адной са школ Гродна. Былы педагог кажа, што па колькасці падораных кветак заўсёды можна было зразумець, як ставяцца да настаўніка школьнікі.

— Былі настаўнікі, у якіх заўсёды было шмат кветак… Напэўна, так вучні хацелі праз букеты праявіць сваё цяпло настаўніку. А былі тыя, у каго, скажам так, было бедна з гэтым.

Марыя не толькі вяла прадметныя ўрокі, але і была класным кіраўніком. На 1 верасня ў яе заўсёды была вялікая ахапка кветак. Дадому іх педагог не адносіла — спецыяльна купіла ў клас вазы і расстаўляла ў іх падораныя кветкі.

— Яны яшчэ доўга стаялі ў мяне. Калі святы праходзілі, настрой у класе ўсё роўна заставаўся ўрачыстым. У другую змену ў кабінет прыходзіў ужо іншы клас, а там — букеты. І адразу такі настрой, як быццам свята, хоць ужо не свята.

Хто-небудзь з дзяцей мог прынесці на пачатак навучальнага года яшчэ і каробку цукерак. Марыя дадому яе не несла, а адкрывала на класнай гадзіне і частавала вучняў.

— Я ж разумела, што гэта дзеці, і ім самім хочацца іх з’есці. Калі ўсё за раз не з’ядалі, пакідалі на іншыя класныя гадзіны.

Падораныя кветкі настаўніца даглядала да апошняга: завялыя выкідала, а яшчэ свежыя падразала, каб яны як мага даўжэй стаялі.

— Памятаю, хтосьці ў інтэрнэце выклаў фотаздымак, быццам каля сметніцы 1 верасня было шмат выкінутых кветак. Асабіста я такога не бачыла ніколі сваімі вачыма.

У некаторых настаўнікаў няма свайго кабінета, іншыя не хочуць даглядаць кветкі. У школе, дзе працавала Марыя, яны адносілі кветкі настаўніцы біялогіі. У яе заўсёды быў «батанічны сад» — яна ведала, як ажывіць любы букет. Напрыклад, пырскала іх кіпенем, каб яны даўжэй стаялі.

Адміністрацыя бегала па кабінетах, каб забраць самы прыгожы букет

Гродзенка ўспамінае, што часта па кабінетах хадзіла адміністрацыя школы і выбірала самы прыгожы букет для запрошаных на лінейку гасцей.

— Дзеці спачатку збіраліся ў класе, а потым ужо разам ішлі на ўрачыстую частку. Букеты таму дарылі раней, чым пачыналася лінейка. І завуч ці дырэктар бегала па кабінетах і шукала прыгожы букет, каб перадарыць яго каму-небудзь з гарадскіх чыноўнікаў, хто выступаў на лінейцы. Я свае не аддавала ніколі. З чаго б гэта? — задаецца пытаннем Марыя.

Чытайце таксама: Як не звар’яцець, калі дзеці ідуць у школу

Зараз Марыя працуе ў іншай сферы, але ў яе сям'і ёсць два сыны-школьнікі. Іх настаўнікі папрасілі не несці кветкі ад кожнага вучня: падарыць адзін букет ад класа, а сабраныя грошы пералічыць на лячэнне хворага дзіцяці.

— Але ўсё роўна асабістых падарункаў ніхто не адменіць. Таму я замовіла па скрынцы зефіру ручной працы і куплю яшчэ па адной жывой кветачцы. Можа, па сланечніку якім…

Зефір, дабрачынныя акцыі і агульны букет ад класа: што яшчэ можна падарыць настаўніку на 1 верасня

Не ўсе бацькі гатовыя адмовіцца ад традыцыі дарыць настаўнікам кветкі на першае верасня.

Hrodna.life даведаўся, якія альтэрнатывы звыклым букетам выбіраюць гродзенскія бацькі.

Кампазіцыі з зефіру

Мода на «зефірныя букеты» ў Гродна прыйшла некалькі гадоў назад. Салодкія кампазіцыі заказваюць у мясцовых кандытараў. Афармленне такога падарунка можа быць любым: гэта могуць быць невялікія скрынкі з зефірам або пышныя букеты. Цана залежыць ад памеру і напаўнення. Напрыклад, невялікая скрынка абыдзецца ў сярэднім у 20 рублёў, букеты — ад 45 рублёў.

Акцыя «Дзеці замест кветак»

Сутнасць акцыі заключаецца ў зборы грошай на лячэнне дзяцей. Замест звыклых руж, хрызантэм і іншых кветак дзеці прыходзяць на лінейку з папяровым сцяжком, дзе напісана «Дзеці замест кветак». Такім чынам яны дэманструюць, што грошы, якія маглі б выдаткаваць на куплю кветак, перавялі на лячэнне цяжка хворых дзяцей. Але нават у такім выпадку настаўніку дорыцца адзін букет ад класа. Сумы пераводаў на дапамогу вар'іруюцца, у сярэднім каля 100 беларускіх рублёў з класа.

Як расказала Hrodna.life адна з гродзенскіх мам, у мінулым годзе адміністрацыя школы, дзе вучыцца яе дзіця, забараніла выкарыстоўваць назву «Дзеці замест кветак». Маўляў, гэта «незарэгістраваная сімволіка». Бацькам патлумачылі, што фонды, якія ўдзельнічаюць у падобных акцыях, недзяржаўныя і «могуць узнікнуць праблемы». Тады адзін з прадстаўнікоў бацькоўскага камітэта звярнуўся ў аддзел адукацыі з пытаннем, ці можна класу прыняць удзел у акцыі. Чыноўнік адказаў, што на дзяржаўным узроўні гэтае пытанне не рэгулюецца, усе рашэнні прымае выключна адміністрацыя школы.

Адзін букет ад усяго класа

Яшчэ адна з тэндэнцый апошніх гадоў. Бацькоўскі камітэт арганізавана купляе кветкі ў колькасці, роўнай колькасці дзяцей у класе. Перад пачаткам лінейкі кожнаму школьніку раздаюць па кветцы. Пасля таго як усе падораць кветкі, у руках у настаўніка застаецца адзін, але больш пышны букет з аднолькавых кветак.