53 гады таму акруговы суд Кёльна прысудзіў да пажыццёвага зняволення былога начальніка гродзенскага гета Курта Візэ. Пасля Другой сусветнай вайны яму ўдалося пазбегнуць пакарання, але ў пачатку 1960-х на яго след выйшаў «паляўнічы за нацыстамі» Сымон Візенталь. Матэрыял Hrodna.life пра тое, як праз 23 гады пасля вайны асудзілі злачынца, датычнага да гібелі больш за сотні гродзенскіх яўрэяў.
Курт Візэ нарадзіўся ў 1914 годзе ў сям'і чыгуначніка. Адвучыўся на цырульніка, але ў гэтай прафесіі не застаўся. У 1934 годзе Візэ пайшоў добраахвотнікам у войска. Праз тры гады ўступіў у шэрагі СС. У пачатку 1939 года яго прынялі на працу ў памежную паліцыю. Прыкладна з лістапада 1941 года Візэ перавялі ў Беласток.
Ужо праз месяц ён быў залічаны ў гестапа і адпраўлены ў Гродна на пасаду каменданта гета № 1.
У архівах засталося няшмат дакументаў, якія тычацца гродзенскага гета. Пераважна — рукапісныя і на нямецкай мове. Курт Візэ ў канцы акупацыі знішчыў большую частку архіва, клапоцячыся пра сваю будучыню.
Калі яго арыштавалі ў 1964-м, па многіх злачынствах у Гродне ён так і не быў асуджаны праз адсутнасць доказаў. Але паводле паказанняў сведак ён быў датычны да забойства больш чым сотні вязняў гета. Візе асудзілі ў 1968 годзе. Ён выйшаў з турмы 24 сакавіка 1986 года, а праз год памёр.
У шматлікіх паказаннях сведак у судзе над Куртам Візэ гаворыцца, што ён адрозніваўся асаблівай жорсткасцю да вязняў гета. Казалі, што ён любіў асабіста забіваць сваіх ахвяр стрэлам у патыліцу.
Візе збудаваў свой вартавы пакой у былой фруктовай краме на рагу вуліцы Замкавай, недалёка ад уваходу ў гета. Там ён звычайна сядзеў і сустракаў вязняў, якія вярталіся з працы. Кожны раз, калі Візэ уваходзіў у гета, яўрэі у страху кідаліся ў свае дамы. Яўрэі лічылі Візэ «прывідам» гета, гаспадаром жыцця і смерці. Яго калегі-
афіцэры і начальства лічылі Візэ, якому ў той час было 28 гадоў, разумным і хвацкім маладым чалавекам.
Чытайце таксама: «Калі б нас не вывезлі, мы б загінулі ў гета». Гродзенская яўрэйка ўспамінае гісторыю выратавання
Яўрэяў, якіх злавілі за межамі гета без дазволу, дастаўлялі да Візэ. Ён таксама адказваў за дэпартацыю яўрэяў з Гродна ў лагеры смерці.
У Гродне Візэ знаходзіўся да 15 ліпеня 1944 года. У той дзень ён быў паранены ў час антыпартызанскіх аперацый. Візэ атрымаў пералом сцегнавой косткі, што ў выніку прывяло да скарачэння адной нагі прыкладна на шэсць сантыметраў. На наступны пасля ранення дзень, 16 ліпеня, савецкія войскі вызвалілі цэнтральную частку горада.
Траўму Візэ лекавалі ў шэрагу палявых медпунктаў. У лістападзе 1944 года Візэ зноў прызналі годным да ўнутранай службы і адправілі ў Аленштэйн. Неўзабаве горад занялі савецкія войскі. Візе бег праз Балтыку ў Любек, а пасля адправіўся ў Кіль, дзе зноў трапіў у шпіталь. Візе выпісалі ў жніўні 1945 года з палявога шпіталя ў Бад-Брамштэдце.
Пасля гэтага Візэ з’ехаў пагасціць да сваякоў у Вестфалію. Пазней ён пераехаў у Ван-Эйкель, дзе тады жылі яго бацькі. Ён без праблем уладкаваўся там інспектарам у ахоўную фірму. У жніўні 1951 года ён пераехаў у Кёльн. Там уладкаваўся на фабрыку па вытворчасці фрэзерных станкоў. Праз некалькі месяцаў перайшоў на працу ў фірму «Нова-Люкс». Потым працаваў на заводзе Ford у Кёльне.
У 1960 году пошукамі Курта Візэ занялася ізраільская выведка «Масад». Першы раз Візэ арыштавалі ў Кёльне ў 1963 годзе. Але неўзабаве ён быў вызвалены пад заклад у памеры 4000 нямецкіх марак у чаканні суда. Ён павінны быў адзначацца ў пракуратуры кожныя тры дні, але пасля таго, як ён не з’яўляўся цэлы тыдзень,
паліцыя абвясціла яго ў вышук.
У канцы траўня 1964 года Візэ пакінуў ФРГ пад выдуманым імем, каб пазбегнуць судовага пераследу. Тады аўстрыйскі грамадскі дзеяч Сымон Візенталь напісаў ліст да рэдактара газэты «Frankfurter Allgemeine Zeitung». У лісце ён скардзіўся на распаўсюджаную практыку вызвалення нацысцкіх злачынцаў пад заклад,
якая дазваляла ім лёгка бегчы і хавацца. Падазраючы, што Візэ знаходзіцца ў Аўстрыі, Візенталь заручыўся дапамогай асведаміцеля. Так ён напаў на след Візэ.
Толькі пасля таго, як Візенталь звязаўся з аўстрыйскімі і нямецкімі судовымі органамі, у Аўстрыі быў выдадзены ордэр на арышт Візэ. Ён тады знаходзіўся ў горадзе Грац. Візе затрымалі 14 ліпеня 1964 года, як раз перад тым, як яго цягнік павінны быў перасекчы аўстрыйскую мяжу. Беглы нацыст планаваў схавацца ў Егіпце.
Сымон Візенталь — аўстрыйскі грамадскі дзеяч, яўрэй паводле паходжання. Пасля Другой сусветнай вайны заняўся пошукамі нацысцкіх злачынцаў, якія хаваюцца ад правасуддзя. Стварыў Цэнтр яўрэйскай дакументацыі ў Лінцы (пазней у Вене). Удзельнічаў у вышуку і злове шэрагу нацысцкіх ваенных злачынцаў. Паводле адной з версій, мог быць супрацоўнікам «Масада» і нават удзельнічаць у злове Адольфа Эйхмана, які адказваў за «канчатковае вырашэнне яўрэйскага пытання» ў гестапа.
У сваіх успамінах Візенталь так апісваў злоў Візэ:
«Імя Візэ я чытаў досыць часта. Я ведаў, што ў 1942 і 1943 гадах у Гродне і Беластоку ён удзельнічаў у забойстве не менш як 200 чалавек, у тым ліку 80 яўрэйскіх дзяцей. У час прэс-канферэнцыі ў Вене я гутарыў з Уладзімірам Гавілеўскім, кіраўніком Венскага аддзялення савецкага інфармацыйнага агенцтва ТАСС.
Гавілеўскі прапанаваў мне напісаць у Савецкі Саюз і папрасіць матэрыялы супраць Візэ. Ён мне іх перадаў і, наколькі мне вядома, гэта быў першы выпадак, калі саветы супрацоўнічалі з Захадам у такім выпадку».
У савецкіх дакументах была інфармацыя пра злачынствы Візэ, імёны сведак і іх паказанні. Візенталь выказаў здагадку, што Візэ збег з Кёльна ў Аўстрыю. «Гэта была ўсяго толькі здагадка, але я навучыўся давяраць сваім прадчуванням», — пісаў ён.
Візенталя пісаў, што ў раёне Гродна ў час акупацыі размяшчалася мноства падраздзяленняў СС, якія складаліся з немцаў і аўстрыйцаў. Ён падазраваў, што Візэ паспрабуе пранікнуць у Аўстрыю, каб там звязацца з некаторымі былымі таварышамі, якія маглі б дапамагчы яму схавацца, а затым адправіць у бяспечную краіну, у Паўднёвую Амерыку ці на Блізкі Усход.
«Паляўнічы за нацыстамі» выйшаў у Аўстрыі на сваіх інфарматараў. Тыя паведамілі, што ёсць тры гарады, куды бягуць з Нямеччыны: Інсбрук, Грац і Зальцбург.
«Увечары мне патэлефанаваў Алекс з Граца. Ён паведаміў, што адзін з тутэйшых «таварышаў» сказаў яму, што толькі што прыехаў чалавек, нібыта ўцякач з савецкай зоны Германіі. Мне было вельмі цікава. Можа быць, гэта той хлопец, якога мы шукаем? Я спытаў: «Як ён трапіў у Грац?». Чалавек, які прасіў дапамогі ў Грацы, прадставіўся Юбертам Цымерманам, ён моцна кульгаў. З Граца ён адправіўся ў вядомае месца ў гарах, у 100 кіламетрах ад Вены.
«Я патэлефанаваў доктару Ёзэфу Візінгеру з Міністэрства ўнутраных спраў і спытаў, ці ёсць у аўстрыйскіх уладаў нямецкая просьба аб вышуку Візэ. Доктар Визингер адмаўляў. У Вене не было ні запіскі, ні ордэра на арышт. Я даў доктару апісанне Цымермана-Візэ: высокі, каля 50 гадоў, апрануты ў цёмна-шэры касцюм і акуляры. Кульгае на правую нагу ў выніку ранення».
У аўторак 14 ліпеня 1964 года інфарматар Візенталя паведаміў, што трэба хутка дзейнічаць, або Візэ назаўжды сыдзе.
«Візэ двойчы быў у егіпецкім пасольстве ў Вене. Мабыць, у яго скрадзены пашпарт. У яго былі нейкія непрыемнасці з егіпецкімі чыноўнікамі. Яны не хацелі выдаваць яму егіпецкую візу ў Вене.
Ён вырашыў адправіцца ў Бялград і там прасіць візу».
Як успамінаў Візенталь, у аўстрыйскіх службаў было менш за шэсць гадзін, каб знайсці Візэ і арыштаваць яго. Калі яго ўпусціць, то Егіпет потым не выдасьць збеглага злачынца.
Візенталь стаў патрабаваць у нямецкіх улад інфармацыю на Візэ, але яе не выдалі адразу. Адзіны спосаб — аб’явіць у вышук па лініі Інтэрпола.
«У нас заставалася ўсяго гадзіна. Я тэлефанаваў службам і казаў, што абвінавачаны ў масавым забойстве вось-вось знікне назаўсёды. Мне казалі, што ў чалавека нямецкае пасведчанне асобы на імя Цымермана, ён не парушаў ніводнага аўстрыйскага закона. Большага я зрабіць не мог. Прыйшлося чакаць. У 15:18 у маім кабінеце зазваніў тэлефон, мне сказалі, што мае дадзеныя адпавядаюць рэчаіснасці, з аўстрыйскімі службамі звязаўся Інтэрпол. Цымерман — гэта Візэ».
Далей пачалася аперацыя па злове Візэ. Затрымалі яго ў цягніку. Састаў ужо крануўся, дэтэктывы паспелі ўскочыць у апошні вагон. Яны пачакалі, пакуль цягнік пройдзе па тунэлі і наблізіцца да наступнай станцыі. У купэ сядзеў самотны мужчына, яго правая нага была выцягнутая. Дэтэктывы моўчкі назіралі за чалавекам. Раптам ён ўстаў, каб узяць газету з багажнай сеткі над сабой. Яны заўважылі, што ён кульгае на правую нагу. Тады яны адважыліся зайсці ў купэ.
— Спадар Візэ, — сказаў адзін з дэтэктываў. — Мы ведаем, спадар Візэ, вы падарожнічаеце пад імем Юберт Цымерман. Ці можам мы ўбачыць ваш пашпарт?
Ён даў ім пашпарт, а калі цягнік спыніўся, яго арыштавалі.
Чытайце таксама: Па рэчы ніхто не вярнуўся: якую гродзенскую гісторыю распавядае знаходка з Траецкай вуліцы
Візе адвезлі на машыне ў Вену. У пастарунку ён зрабіў поўнае прызнанне. Таксама ён распавёў, што планаваў уцёкі ў Егіпет.
Летам 1964 года Візэ экстрадавалі ў Нямеччыну. Праз чатыры гады, 27 чэрвеня 1968, ён быў прызнаны вінаватым і прысуджаны да пажыццёвага зняволення за падзеі 1941−44-х гадоў у Гродне.
Падсудны быў прызнаны вінаватым у забойстве па сямі пунктах і саўдзеле ў забойстве па дзесяці пунктах, восем з якіх — разам з іншымі злачынцамі.
Пасля вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года ў жывых засталося каля 50 яўрэяў з 27 тысяч вязняў гета. Усе яны хаваліся ў час нямецкай акупацыі ў ваколіцах горада. Яшчэ каля 300 чалавек выжылі ў лагерах смерці і пасля вызвалення раз’ехаліся па розных краінах. Гэтыя людзі і былі асноўнымі сведкамі на судзе супраць Візэ.
Чытайце таксама: От Замковой до Виленской. Первый аудиогид для прогулки по бывшему гетто создали в Гродно
З перакладам судовага разбору па справе Візэ рэдакцыі Hrodna.life дапамагла гродзенка Кацярына Маскалёва. Яна ўжо больш за 10 гадоў працуе гісторыкам у Германіі.
«Што мы можам вынесці для сябе з гэтай гісторыі? Трэба прайсці праз усе перашкоды, барацьба за справядлівасць варта часу і часам праходзяць гады, але яе можна і трэба дасягнуць», —
кажа Маскалёва.
У Нямеччыне дагэтуль знаходзяць злачынцаў часоў Другой сусветнай вайны. Нядаўна знайшлі галоўную сакратарку аднаго з канцэнтрацыйных лагераў.
«Сваю віну не прызнае. Кажа, што нічога не ведала. Аднак праз яе стол і праз яе рукі прайшлі сотні актаў людзей, якіх нацысты адправілі на смерць. Яе прызналі вінаватай, але не пасадзілі ў турму.
Яна вінаватая і з гэтым мусіць жыць і памерці «, — кажа Кацярына.
Далёка не ўсіх ваенных злачынцаў знайшлі. Хтосьці даўно памёр, нехта жыве ў Аргентыне пад іншым імем.
«Жыць у страху, што цябе могуць знайсці, што тваё мінулае цябе дагоніць, гэта яны дакладна заслужылі. Маладым беларусам важна ведаць пра студэнцкі рух у Заходняй Германіі ў 1960-я і яго ролю ў раскрыцці ўсіх злачынстваў і зачыстцы былых нацыстаў. Гэта цікава і павучальна «, — лічыць Маскалёва.
Чытайце таксама:
У Гродне акупацыйныя ўлады абвясцілі аб стварэнні двух гета для яўрэяў 1 лістапада 1941 года. Яны знаходзіліся ў двух кіламетрах адзін ад аднаго.
Гета № 1 (на 15 000 чалавек) знаходзілася ў квадраце вуліц Замкавая — Вялікая Траецкая (мяжа па яры) — Віленская, Савецкая. Гета № 2 (на 10 000 чалавек) размяшчалася ў квадраце праспект Касманаўтаў - вуліца Антонава — Лідская — Белуша — Паліграфістаў.
Абодва гета напярэдадні перасялення туды габрэяў абгарадзілі калючым дротам. Уваход быў арганізаваны толькі праз адну браму, якую ахоўвалі жандары і гестапаўцы. За самавольны выхад з гета пагражаў расстрэл на месцы або павешанне. Яўрэі з Гродна і ваколіц былі знішчаныя ў некалькі этапаў на працягу 1941−43 гг. Большасць вязняў вывезлі ў лагеры смерці Аўшвіц і Трэблінка.
У сярэдзіне сакавіка 1943 года яўрэяў з Гродна перавялі ў Беластоцкае гета. Пасля гэтага Гродна на мове гестапа было «judenrein» (свабодным ад яўрэяў). Аднак паліцыя бяспекі ўтрымоўвала 12−15 кваліфікаваных рамеснікаў для сваіх ўласных патрэб і размясціла іх на заднім двары свайго будынка. Пра іх лёс дакладных звестак няма.
Чытайце таксама: «В Гродно чувствую себя как дома». Потомок выживших узников гетто приехал из США посмотреть город предков
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…