Людзі і справы

«Трэба дзесьці быць дзіваком, вар’ятам». Руслан Кулевіч — пра 4 гады эміграцыі, прабачэнні Бондаравай і як улады шукалі яго мёртвага бацьку

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч летам 2020-га збіраўся згуляць вяселле, а да канца года — выпусціць трэцюю кнігу з успамінамі пажылых гродзенцаў. З ім размаўлялі і бяздомныя, і тагачасны старшыня гарвыканкама, а падпісчыкаў у Instagram было — як цяпер у фудблогеркі Леначкі Лукашык. Карэктывы ў жыццё ўнеслі выбары і затрыманне. Руслан з’ехаў з Беларусі ў верасні 2020 года. Пажыў у Латвіі, пераехаў у Польшчу і заснаваў тут праекты MOST і «Мы вернемся». Да чарговай гадавіны эміграцыі пагаварылі з ім пра страту аўдыторыі ў Гродне, новыя кнігі з успамінамі і сілавікоў, падпісаных на яго «экстрэмісцкія» сацсеткі.

Як ты сам сябе прэзентуеш у 2024 годзе?

Першае, што мне прыйшло ў галаву — гэта медыяменеджар. Але я застаюся тым жа Русланам Кулевічам, які і тэксты піша, і спрабуе кіраваць, і нешта новае прыдумляе. У нас ужо тры гады фірма, але складана мне ў кіраўніцтве. Я вучуся, сёлета скончыў школу медыяменеджараў, і да гэтага ў Латвіі ў Стакгольмскай школе эканомікі скончыў курс па медыяменеджменце.

Хоць многія хваляць MOST. Мы за тры гады, я лічу, сталі адным з галоўных медыя беларусаў у Польшчы.

Што прымушае цябе так думаць?

У нас як такіх канкурэнтаў няма, таму што мы ў свой час сталі будаваць праект менавіта на дыяспару. Многія мяне крытыкавалі і казалі, што табе будзе складана знайсці фінансаванне. Але я ўсім казаў, што мы будуем сваю Беларусь тут. Мы пачыналі з праекта для беларускай дыяспары Беластока. Але за 2023 год мы выраслі ў медыя, дзе асноўная аўдыторыя — гэта Варшава, Вроцлаў, Гданьск. Цяпер, калі глядзець статыстыку, у нас асноўная аўдыторыя знаходзіцца менавіта ў буйных гарадах Польшчы. Беласток на сёмым месцы, Гродна — на восьмым.

Мы падзялілі: сайт у нас больш на дыяспару. Відэапраекты нашы: 70% - гэта беларусы.

Мне балюча губляць беларускую аўдыторыю. На выхадных мне напісалі, што чарговага чалавека судзілі ў Гродне за падпіску на мяне, на мае сацсеткі.

Прыйшла інфармацыя, што 250 чалавек па Ленінскім раёне Гродна судзілі. І я бачу, як масава людзі адпісваюцца ад мяне і чысцяць перапіску. Ну, гэта сумна, але людзей разумею. Гэта мая аўдыторыя, над якой я, можна сказаць, усё жыццё працаваў. Калі я ад’язджаў у эміграцыю, у Instagram у мяне 16 тысяч было. Цяпер — 9 тысяч.

Былі выпадкі, што людзі прыязджалі ў Польшчу і казалі: «Руслан, я на цябе злы. Ты не папярэдзіў мяне». Я кажу: А як я магу папярэдзіць? Я рабіў пост і распавядаў, што, рабяты, са мной змагаюцца ў Беларусі, што мае сацыяльныя сеткі прызнаюць экстрэмісцкай прадукцыяй, і калі вы падпісваецеся, то ў вас будуць праблемы. Але людзі на свой страх і рызыку чытаюць і далей. Я ведаю, што і некаторыя людзі з прэс-службы УУС падпісаныя на мяне. Я нават заскрыніў. Чаму іх не судзяць, цікава. Калі так змагаюцца са мной, значыць, я працягваю неяк уплываць на беларускую аўдыторыю. Мяне чытаюць, мяне ведаюць. Я, бывае, сустракаю людзей з Гродна ў краме ці на забегу. Людзі падыходзяць, абдымаюцца. Хтосьці кажа, што прабач, мы не можам сфатаграфавацца, бо сам разумееш, ездзім у Беларусь. І я сябе часам некамфортна адчуваю, калі людзі з Гродна прыязджаюць, і нешта мы робім, і ўсе фоткаюцца, і я не магу з імі сфатаграфавацца.

Цяпер у мяне новая місія — аб’яднаць дыяспару і быць голасам беларускай дыяспары ў Польшчы.

Журналісцкія кантакты ў цябе засталіся ў Гродне?

Не, ні з кім. Людзі баяцца. Бывае, хтосьці праз кагосьці нешта перадасць.

У сілавых структурах таксама няма?

У мяне быў адзін знаёмы амапавец, які кнігі купляў мае. У яго нумар памяняўся на расійскі. Можа, ён недзе ў Расіі.

Ведаю, што ў людзей пытаюцца пра мяне, цікавяцца, як працуе MOST, дзе Кулевіч узяў грошы, як ён тут.

Нават дадому тэлефанавалі, <пыталіся> пра бацьку. А бацькі ў жывых няма ўжо 26 гадоў. Пыталіся, дзе ён, ці мае зносіны з Русланам. У 2021 годзе, калі я толькі з’ехаў, прыйшоў ліст у офіс Hrodna.life. Там напісалі, каб ён прыйшоў у цэнтр занятасці, стаў на «дармаедства». Гэта нейкая містыка. Таму што ў нас офіс знаходзіўся на Кірава, 3. А мой бацька ў 90-я таксама жыў на Кірава, 3. Вядома, усе былі здзіўлены. Як так? Быццам бы структура працуе, а ў іх няма дадзеных.

Бондарвва спрабавала таксама зачапіць маім бацькам. Пісала ў 2021 годзе, што Кулевіч — сын беларускага бандыта, якога забілі ў 1998 годзе. Але потым прынесла прабачэнні - тыпу, інфармацыя няправільная.

Я лічу, што мы ўжо адарваныя ад Гродна. Хоць мы тут за 70 кіламетраў, і Гродна так блізка і так далёка. Самае крыўднае, што нас выціскаюць з горада. А на наша месца прыязджаюць людзі з іншых рэгіёнаў, з Расіі. Нават прыйшла інфармацыя, што мне забаранілі хадзіць у вопратцы, якую я купіў у Гродне [гаворка пра адзін гродзенскі рух і яго айдэнтыку — Hrodna.life].

Яшчэ будзеш кніжкі па краязнаўстве выпускаць?

Так, я ўсім абяцаў у 2020-м. Сабраў, напэўна, больш за дваццаць гісторый. Мы павінны былі паставіць кропку ва ўспамінах 20−30-х гадоў. Але я выехаў у эміграцыю. На адной з канферэнцый я паабяцаў, што выпушчу ў студзені 2025 года. Кніга гатовая на 70%. Засталося структураваць, даць рэдактару, заняцца вёрсткай і знайсці выдаўца. Хоць людзі просяць, каб я першую і другую кнігі дадрукаваў. Мы адразу можам тры кнігі выпусціць — у мяне ёсць усе правы. Была цікавасць з польскага боку, каб на польскі перавесці ўсе кнігі.

Жонка кажа, каб я паехаў кудысьці на тыдзень і проста выключыў інтэрнэт і сядзеў, працаваў. Але мне даводзіцца і на сайце быць, і ўсюды. Я адчуваю, што не хапае дысцыпліны — прыбраць лішнія праекты і займацца менавіта тым, што трэба.

Для мяне цяпер галоўны праект — гэта сайт. Ну і відэапраекты трэба падтрымліваць. Хтосьці недаацэньвае наш праект «Мы вернемся». Ён класны і падобных няма. Мы з 2021 года здымалі гісторыі беларускіх актывістаў, але потым пераключыліся на палітвязняў. Мы запісалі больш за 100 гісторый. Па Польшчы ездзім, па Літве. Раней рабілі па чатыры выпускі ў месяц, гэта было вельмі складана, пастаянныя пошукі, працавалі ўдваіх з аператарам. Мае сувязі дапамагалі знайсці. Імя тут таксама працуе для мяне, гэтае імя ўжо іншае — тое, якое я тут зарабіў. Цяпер мы яшчэ даем па два выпускі ў месяц. Ёсць добрыя прагляды. Апошні выпуск набраў 58 тысяч. Бываюць, вядома, правальныя — 3,5 тысячы.

Дарэчы, чаму назву не памяняеце? Таму што ўжо ясна, што ў бліжэйшы час ніхто не вернецца.

Гэта брэнд, і для пошукавікаў. Кожны выпуск — гэта новая гісторыя чалавека. У нас быў хлопец, які сядзеў побач з Ціханоўскім, хлопец, які працаваў у калгасе, лесбіянка ў калоніі, хлопцы, якія ў гродзенскай турме сядзелі. Я заўсёды марыў трапіць на экскурсію ў гродзенскую турму. А тут людзі распавядаюць, я ў іх увесь час пытаюся, якія келлі [у гродзенскай турме раней быў манастыр — Hrodna.life], як выглядае мур, а ці бачная вежа касцёла.

Табе не здаюцца аднатыпнымі гэтыя відэа?

Не. Ёсць шмат гісторый аднатыпных, але мы стараемся выцягваць нешта новае. Калі чалавек шмат распавядае тое, што ў нас было падобнае, мы скарачаем выпуск да 20 хвілін. Але мая місія, мая задача — знаходзіць простых людзей і распавядаць іх гісторыі. У нас адразу «топы» не пайшлі. Калі Дудзь прыязджаў, мне было прыемна пачуць яго меркаванне. Ён кажа: «Вы класна робіце тое, што запісваеце ноўнэймаў, людзей, якіх ніхто не ведае».

Як думаеш, колькі яшчэ такому фармату можна жыць?

Людзей запалохваюць, сваякоў запалохваюць, каб не давалі інтэрв'ю, бо канал экстрэмісцкі. Людзям хочацца выгаварыцца. І мы даем магчымасць выгаварыцца.

Можа, дзесьці хтосьці перабольшыў нешта. Напрыклад, быў хлопец з калоніі ў Шклове. Пасля інтэрв'ю прыйшла інфармацыю, што ён працаваў з адміністрацыяй і зліваў інфармацыю пра іншых асуджаных. Кажуць, нельга з такімі рабіць інтэрв'ю. Я кажу, ну слухайце, ён палітвязень. Ён таксама сядзеў, таксама мае права голасу. Але мы ніяк не маглі праверыць яго гісторыю.

А вы спрабуеце нейкі фактчек рабіць па іх словах?

Так, калі ёсць гісторыя на «Вясне» або «Палітзэк», мы разумеем, што гэта нармальны палітвязень. Цяпер мы цесна працуем з арганізацыямі палітвязняў. Яны ўжо самі правяраюць. Новыя палітвязні прыязджаюць, ім кажуць, што вось ёсць праграма «Мы вернемся».

А чаму яны згаджаюцца?

Таму што яны глядзяць інтэрв'ю: «Вось, з гэтым я сядзеў, а гэты перабольшыў. Добра, мне таксама ёсць што расказаць». У кагосьці ёсць крыўда на рэжым і хочацца выказацца. Але, як паказвае практыка, жорсткіх ганенняў на рэжым няма. Людзі проста распавядаюць, як яны выжывалі ў турме. І іншы раз мы паказваем пазітыўныя моманты. Усе смяюцца, калі распавядаюць, як уваходзіць у «хату». Але гэта самы класны момант.

А чыя гісторыя цябе больш за ўсё ўразіла?

Спадабалася гісторыя хлопца, які амаль чатыры гады сядзеў, быў з Ціханоўскім — Глеб Гатоўка. І вось ён выйшаў. Усміхаецца, вясёлы. Кажа, што людзям трэба дараваць. Ён вернік. Шмат кніжак прачытаў. І мне спадабалася, як вось ён пераасэнсаваў гэта ўсё, і як цяпер жыве. Я сачу за ім у Instagram.

Мне падабалася гісторыя хлопца, які ў калгасе працаваў — Уладзіслаў Лагуценка. Я з задавальненнем бы запісваў такіх людзей, якія працуюць у глыбінцы.

Як ты перажываеш смерці герояў?

Больш за ўсё мне шкада Мішу Шавельскага. Міша — такі патрыёт. У Гродне спрабаваў завязаць са мной кантакт і тут, у эміграцыі. Ён хацеў увайсці ў медыя. А я баяўся. Я тады толькі прыехаў, 2021-ы год. І я думаў, можа, ён дзе засланы ці што. Потым ён паступіў на святара вучыцца. Паехаў ваяваць. Думаю, ён загінуў як герой. Паводле маёй інфармацыі, ён поўз ратаваць украінскага салдата і яго расстралялі з танка.

Яшчэ ў нас быў той хлопец палітвязень — першы загінулы. Міша другі. Вася Грудовік, вулічны музыка, ён у Варшаве граў у гурце True Story, і таксама паехаў ваяваць і загінуў.

Мне было прыемна, што ўсе бралі фатаграфіі скрыншота з нашага відэа, калі Вася загінуў. Што ён у майцы «Пагоня» быў. Прыемна, што мы паспелі пры жыцці запісаць гісторыю, гісторыю іх пратэсту, гісторыю асобы. Калі б не мы, то памяць пра людзей проста сышла б.

Я сабе стаўлю мэту, калі мы вернемся, зрабіць у Гродне вуліцу Міхаіла Шавельскага. І шыльду ў кірсе павесціць. Усё ж такі ён і на пратэстах стараўся, і студэнцкія акцыі арганізоўваў ва ўніверсітэце. Ён абвінаваціў ва ўсім Кітурку і Сянько [Ірына Кітурка — рэктар ГрДуУ імя Янкі Купалы, Васіль Сянько — прарэктар па выхаваўчай частцы — Hrodna.life]. Да нас у офіс [у Беластоку] усталёўваць інтэрнэт прыйшоў сваяк гэтага Сянько. Ён кажа: «У мяне „радзіна“ [сям'я па-польску — Hrodna.life] ва ўніверсітэце». Я кажу, а вы ведаеце, чым ён займаецца? Паказаў інтэрв'ю Мішы. І яны былі ў шоку. У шоку.

А часта табе прылятае за інтэрв'ю ад сваякоў людзей або яны самі з наступствамі інтэрв'ю сустракаюцца?

Не часта. У Гродне часцей лаяліся. Тут мы маем больш аўтарытэту. Так, людзі просяць выдаліць нейкую гісторыю, бо баяцца за сваякоў. Гэта крыўдна і непрыемна. Таму што мы тут стараемся з усіх сіл працаваць па журналісцкіх стандартах. І каб у нас не былі ананімныя героі. Каб мы і фатаграфіі рабілі. А калі людзі ставяць палкі ў колы…

Быў марш у цэнтры Варшавы. І я зрабіў фотарэпартаж у 2021-м годзе ці 2022-м. Шмат людзей выйшла на Дзень Волі. І ў 2023-м годзе, або 2024-м, пішуць: «Выдаліце фатаграфіі майго сына, мяне». Я кажу, слухайце, а чаму я павінен выдаляць? Марш быў у цэнтры горада. Я прыйшоў як журналіст. Вы ведалі, што там будзе шмат журналістаў. Хочаш, каб цябе не бачылі? Не ідзі на марш або апранай маску. Але мы тым людзям пайшлі насустрач і быццам бы замазалі іх і паставілі фота.

Мяне бесіць тое, што нас там ушчамлялі і цяпер ушчамляюць тут, не даюць працаваць, як трэба. Даводзіцца часам ўключаць кемлівасць.

І я беларусам кажу — хтосьці баіцца на фотаздымках быць, хтосьці баіцца каментары даваць — усё, жывіце, дайце нам магчымасць таксама развівацца. Крыўдна, калі рэклама таксама знікае праз «экстрэмісцкі» статус, бо частка бізнесу яшчэ ў Беларусі. Як нам развівацца?

Я думаў, што мы станем першым беларускім медыя ў эміграцыі, якое навучыцца самастойна зарабляць. У нас тры чалавекі ў рэкламным аддзеле працавала ў 2023 годзе, і кавамабіль мы зрабілі, і ўсё рабілі для таго, каб паказаць донарам, што мы вучымся зарабляць самі. Цяпер у нас адзін чалавек застаўся. Трэба шукаць чалавека ў Варшаве. Мы выраслі з Беластока, мы тут усе офісы абышлі.

Зараз мы можам закрыць адну-дзве пазіцыі [супрацоўнікаў рэдакцыі] за кошт рэкламы. Я бачу патэнцыял. Мы патрэбныя польскаму кліенту, таму што нас чытаюць беларусы, якія ходзяць у кафэ, рэстараны, гасцініцы, карыстаюцца паслугамі. Мы, напэўна, топ-1 медыя, у якіх польскія рэкламадаўцы павінны заказваць рэкламу, таму што мы працуем менавіта на дыяспару.

Я не магу займацца і бізнесам, і медыя, і асабістым жыццём. Кампаньён з кавамабілем ездзіць на фестывалі, мы зарабляем па 200, па 300 еўра. Апошні раз мы ўсе грошы перадалі адной сям'і, дзе ёсць палітвязні.

Я думаў, што калі з дыяспары кожны дасць па долары ў месяц на MOST, нам не патрэбна будзе ніякая донарская падтрымка. Але, як паказала практыка, складана збіраць грошы з людзей.

У нас за два гады існавання MOST памянялася каманда. Палова людзей сышла. Цяперашні склад класны. Я вельмі задаволены. Мы знайшлі класнага рэдактара, які выцягнуў наш сайт на новы ўзровень. Нас сталі часта цытаваць.

Складана з журналістамі. У 2022−2023 гадах усе спрабавалі адкрыць свае праекты — была такая магчымасць, і лёгка было знайсці фінансаванне. Цяпер з гэтым складана, і ўсе спрабуюць працаваць на некалькі выданняў. Калі б далі мне магчымасць стабільнага фінансавання на 2−3 гады, мы б увайшлі ў топ-3 беларускіх медыя. Я калегам кажу: «Наша задача — дагнаць „Нашу Ніву“ [усміхаецца — Hrodna.life]».

Якія яшчэ ў вас планы ёсць па развіцці праекта, акрамя як дагнаць «Нашу Ніву»?

Мы яшчэ сталі такой кнігай скаргаў беларусаў у Польшчы. Мы заўважылі, што беларусы звяртаюцца да нас па розных праблемах. І мы расказваем гэтыя гісторыі. Дрэнна, што нас не чытае польскі жонд [урад — Hrodna.life] і яны не могуць аператыўна вырашаць гэтыя пытанні. Але нас чытаюць беларускія арганізацыі, чыноўнікі тыпу Паўла Латушкі [сябра Каардынацыйнай Рады, Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання, Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях транзіту ўлады — Hrodna.life].

Я прыхільнік таго, каб журналістыка была як прыгода. Вось у мяне ў Гродне была пастаянна прыгода, таму што я не ведаў, што будзе заўтра. І хочацца, каб тут так было. Так, планаванне — гэта важна. Але важна прадчуваць, што табе прынясе заўтрашні дзень.

Мы шмат інфармацыі знаходзім у чатах, У групах. Шмат дзе мяне ці маіх калегаў ужо заблакавалі. Таму што я прыхільнік таго, што калі матэрыял выйшаў, яго трэба расшарыць. Калі не расшарыў, значыць, дрэнна папрацаваў. Заўважыў, што не ўсе калегі шараць матэрыялы. Яны ці баяцца, ці ім сорамна паказаць сваю працу. Ну, класна ж, калі твой матэрыял набраў не 100 праглядаў, а 10 тысяч.

Якія планы ў нас? Пабудаваць MOST. Заставацца галоўным медыя беларусаў у Польшчы. Навучыцца больш зарабляць на рэкламе. Наладзіць Patreon — інструкцыя ёсць.

Што для вас важней? Унікальны кантэнт, аўтарскія тэксты, хуткія навіны?

85% нашага кантэнту з’яўляецца ўнікальным. Мы стараемся працаваць больш па буйных гісторыях. У нас добрая зваротная сувязь. У Telegram людзі адгукаюцца, праз Instagram, іншыя сацыяльныя сеткі. Прыходзяць сюды [у каворкінг у Беластоку — Hrodna.life].

Я сваім журналістам кажу, што не трэба сядзець ля камп’ютара, хоць там таксама можна знайсці навіны. Трэба часам выходзіць у горад, нават польскі горад. Можна знайсці беларуса. Гэта можа быць вулічны музыка. Гэта можа быць бізнес. Трэба спрабаваць, трэба рухацца. І трэба рабіць тое, што не робяць іншыя. Я прыхільнік таго, каб быць дзесьці дзіваком, вар’ятам. Але гэта прынясе свой плён, мне здаецца.

Па чым ты сумуеш у журналістыцы?

Каментары ад чыноўнікаў - каб аператыўна можна было патэлефанаваць. У Гродне можна было і Гою [былы старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой — Hrodna.life] набраць, або ў аддзел ідэалогіі. Прэс-служба УУС давала нам каментары. Тут на нас часам наязджаюць, што мы не можам узяць каментары ў паліцыі — ёсць адзін хейтар. Мы тэлефануем у паліцыю. Яны кажуць: «Мы пакуль не ведаем, тэлефануйце туды». «Мы таксама не ведаем». Яны не адмаўляюцца, яны проста перанакіроўваюць.

Па чым я яшчэ сумую? Напэўна, па аператыўных навінах. Калі я ў любую хвіліну мог выехаць на ровары, калі нешта адбываецца, то тут я…

Ну, гэта мяне не цікавіць. Так, беларусы жывуць, да прыкладу, у Беластоку ці ў Варшаве, і пра гэта трэба пісаць. Але няма такога азарту, як гэта было ў Гродне. Калі ты ведаеш, што там зносяць дом, ты павінен за хвіліну даехаць і зрабіць фатаграфіі. Гэта і архіў будзе, і свежыя каментары. Тут гэтага не зробіш, хоць чытачы высылаюць пажары і аварыі.

Часта катаешся на ровары тут?

Кожны дзень. Еду на працу па пяць хвілін. Гэта той жа велік, які я купіў у 2020 годзе ў Гродне — б/ушны. Велік — гэта класна, але аддаю перавагу бегу.

Што табе дае спорт?

Разгрузку, напэўна, у першую чаргу. І… тут няма сяброў. Мы ўсе апынуліся ў эміграцыі. Бег нас аб’яднаў. Мы забылі пра свае праблемы. Гэта такая традыцыя: ты пабегаў, выпіў з рабятамі з бегавога клуба гарбаты. І адчуваеш сябе камфортна. І гэтыя рабяты, якія ў бегавым клубе — яны сталі нейкай сям’ёй. З кімсьці ты ходзіш у кніжны клуб, з кімсьці ходзіш у лазню, з кімсьці ідзеш на дзень нараджэння.

Я лічу, што бег — гэта неад’емная частка майго жыцця. У гэтым годзе я пачаў з трэнерам працаваць. Узяў спецыяльна польку. Яна — дзеючая спартсменка, адна з лепшых бягунак Беластока. Мне не хапае зваротнай сувязі. Але трэба аддаць належнае, за год я павысіў свой узровень. І кожны афіцыйны забег у мяне рэкорд.

Спорт — гэта жыццё. Ён дае магчымасць падарожнічаць, спазнаць Польшчу. Нам не хапае зносін з палякамі. А дзякуючы забегам ты можаш пазнаёміцца з палякамі, з іншымі бегавымі клубамі.

Як на вас рэагуюць палякі на забегах?

Класна. Класна, што мы ўжо ўяўляем нейкую супольнасць, нейкую сілу. Усе ведаюць, што гэта ідзе наш клуб TEA.M RUN. Яны камунікуюць, вітаюцца.

Няма негатыўнай рэакцыі?

Не, ні разу я не чуў наогул. Я думаю, бег аб’ядноўвае ўсіх, наадварот.

А ў прынцыпе? Не сярод бегуноў?

Былі негатыўныя выпадкі, напэўна, адзін раз ці два. Мне асабіста не казалі «спердаляй» [польскае «spierdalaj» — валі адсюль — Hrodna.life]. Казалі маім знаёмым. Адзін раз падчас бегу я заступіўся за сяброўку. Я кажу: «Як ты можаш такое казаць? Мы прыехалі сюды не па сваім жаданні». А другі раз мы каля бара Beer4you [бар, дзе ўладальнікі і большасць кліентаў — беларусы — Hrodna.life] стаялі, здаровы хлопец сказаў: «Спердаляй ва Украіну». < … > Я кажу — у мяне 10 чалавек на той момант працавала: «Мы плацім падаткі, паляпшаем горад, а ты што робіш?» Потым я ўспомніў свае польскія карані, я кажу, што наогул чысты паляк з Гродна. Здавалася б, ён мог мяне высечы, але мы паціснулі рукі ў канцы. Такім палякам іншы раз трэба тлумачыць, чаму беларусы тут знаходзяцца.

Як так хутка беларусы пачалі заўзець за мясцовую футбольную каманду «Ягелонія»? Чаму людзі сябе ўжо з ёй суадносяць?

Калі браць нас, гродзенцаў, то ў «Нёмана» і ў «Ягелоніі» былі сяброўскія адносіны. Гэта яшчэ з даваеннага перыяду, калі Польшча была, і гродзенскія і беластоцкія каманды гулялі паміж сабой. Нашы заўзятары ў эміграцыі памятаюць гэта і ходзяць падтрымліваць «Ягелонію».

Яшчэ людзі ходзяць, таму што — атмасфера. У нас не было на стадыёне такой атмасферы, як тут, у Беластоку. Тут тысяч 15 пастаянна ходзяць на стадыён, і ўсё «на колерах», гэта патрыятызм. Я думаю, нашым людзям хочацца быць часткай гэтай усёй атмасферы, і яны купляюць шалікі. Я ведаю многіх беларусаў, якія жывуць тут 2−3 гады і ўвесь час ходзяць на матчы, за «Ягелонію» заўзеюць.

Чаму ў іх так, а ў нас па-іншаму? Тут заўзець за сваю каманду — гэта таксама патрыятызм. Мы можам убачыць у горадзе вялікую колькасць графіці, звязаных з «Ягелоніяй». У нас адразу на корані ўсё гэта сячэцца, а тут так выхоўваюць: ты з дзяцінства павінен заўзець за сваю каманду, твае колеры — жоўта-чырвоныя. Гэта твой клуб, і ты павінен біцца за яго. У нас, на жаль, у Гродне такога няма. Калі я вярнуся ў Гродна, я б хацеў працаваць на стадыёне ў маркетынгавым аддзеле і прыцягваць людзей на футбол, пераняўшы досвед у «Ягелоніі».

Тут таксама ёсць хуліганы, якія б’юцца. Але гораду ўдалося наладзіць дыялог з імі. Фанаты, да прыкладу, сабралі грошы і паставілі помнік каля стадыёна заснавальнікам клуба.

Такая ж сітуацыя і ў Варшаве — усе заўзаюць за «Легію», або ў Кракаве, або ва Уроцлаве.

Як вам з Таняй удалося пабудаваць моцную сям’ю, што вы вытрымалі эміграцыю? У чым сакрэт?

Мы любім адзін аднаго, усё класна. У апошні час я злы. Мне не падабаецца, калі ідзе не па маім плане. І ў Тані тое ж самае. Можа, нас таксама бег аб’яднаў. Таня хоча больш падарожнічаць. Больш ездзіць па розных канцэртах. Я лепш буду збіраць грошы на нешта. А яна кажа, трэба жыць тут і цяпер і гэтак далей. Ну, працуем, абмяркоўваем нейкія моманты. Гаворым пра будучыню.

Што ты адчуваеш пасля чатырох гадоў эміграцыі? Як табе яны даліся?

Шчыра — лёгка. Я адпусціў Гродна яшчэ ў 2021 годзе. Мой сябар Караль Калвейт — яму было тады 91 або 92 гады — мне патэлефанаваў і сказаў:

«Руслан, ты апынуўся ў такой жа сітуацыі, што і я пасля Другой сусветнай вайны. Я ў маладым узросце ўцякаў з Гродна і думаў, што таксама вярнуся. Але мая эміграцыя доўжылася да 1995 года. Я ў 1995 годзе толькі ўпершыню паехаў у Гродна паглядзець свой дом, касцёл, дзе я служыў».

І ён кажа: адпусці Гродна, ладзь сваё жыццё ў эміграцыі. Будуйце сям’ю, дом, кватэру. І прыйдзе час — вы вернецеся. Але не дапусціце нашых памылак. Вось гэтыя словы Калвейта запалі мне ў душу. І я адпусціў тады Гродна. І мне лягчэй стала. Караль ужо памёр, але яго словы запомніліся мне.

Чытайце таксама: Памёр «першы хуліган з Гродна» гродзенец Караль Калвейт — адзін з герояў кнігі Руслана Кулевіча

Думаю, гэта было правільнае рашэнне. Таму што нам трэба было нешта рабіць. Мы разумелі, што мы не вернемся.

Назаві 3−5 галоўных падзей, галоўных дасягненняў за гэты час?

Мы купілі машыну. Таня адвучылася на правы. Я здаў польскую мову на В1.

Мы кожны год пішам планы і вешаем на халадзільнік. І потым перад курантамі адзін з адным абмяркоўваем, што выканалі, што не выканалі. У гэтым годзе пісаў «стабілізаваць сітуацыю ў MOST». Мы паказалі найлепшыя паказчыкі за ўвесь час сайта. «Захаваць відэапраекты» — мы ўсё гэта захавалі. Спартыўныя вынікі палепшыць — гэта я таксама палепшыў. «Здаць польскую на B1 і атрымаць польскі пашпарт» пісаў.

Продкі мне далі карані [польскія карані спрашчаюць легалізацыю ў Польшчы — Hrodna.life]. Трэба карыстацца гэтым шанцам. Калі б у мяне не было карты паляка ў 2021 годзе, магчыма, не было б і MOST. Карта паляка дала мне магчымасць хутка атрымаць «сталы побыт» [пастаянны від на жыхарства ў Польшчы — Hrodna.life] і адкрыць фірму. Цяпер мы падыходзім да моманту, калі ў мяне ёсць магчымасць атрымаць польскае грамадзянства. Думаю атрымліваць польскі пашпарт. Калі ў нас народзіцца дзіця, у яго павінна быць грамадзянства. У нас беларускія пашпарты заканчваюцца. Трэба думаць пра будучыню.

У пачатку года я звязаўся з нумаролагам. Яна сказала: «У гэтым годзе ў вас будзе кліч продкаў». Мы здалі ДНК-тэст. І на мяне выйшла дзяўчына, якая нарадзілася ў Нарвегіі і цяпер жыве ў Польшчы. І кажа: «У нас супала з вамі ДНК». Аказалася, яна мая сваячка. Яе прапрадзядуля — родны брат маёй прапрабабулі. Потым яе сястра, цётка патэлефанавалі з розных гарадоў Польшчы. Я пачаў больш даведвацца пра сваю сям’ю. Яны называлі сябе палякамі, якія жылі на Гродзеншчыне, але пасля Другой сусветнай вайны рэпатрыяваліся ў Польшчу.

А ты сябе кім адчуваеш?

Я сябе адчуваю… Я сябе адчуваю, напэўна… беларусам з польскімі каранямі.

А як ты адчуваеш польскія карані?

Я лічу, што ў нашай сітуацыі мы павінны гэтым карыстацца. Таму што мы не па сваёй волі апынуліся ў эміграцыі. Гэта дае нам магчымасць хутчэй легалізавацца. Я бачу, як людзі пакутуюць з міжнароднай абаронай. Або кожныя тры гады падаўжаюць ВНЖ.

Я нядаўна думаў, што атрымаю польскі пашпарт — пайсці, можа, папрацаваць пажарным у вячэрні час? Я б, можа быць, вайскоўцам пайшоў бы працаваць. Або ў паліцыю. Але гэта ўжо, напэўна, позна.

Як ты зразумеў, што для цябе Беласток, Польшча сталі домам?

Я ехаў з нейкага мерапрыемства, са здымак. Кажу: «Усё, едзем дадому». І мы прыязджаем у Беласток. І ты разумееш, што ўжо вуліцы знаёмыя. І дадому заходзіш, цябе сабака сустракае, Таня сустракае.

Вядома, важна мець сваё гняздзечка. Не проста здымныя кватэры.

Чаму вы купілі кватэру ў Беластоку?

Мы ўзялі крэдыт на жыллё. Паспелі пад 2%. Так атрымалася, што ўсе знаёмыя пачалі браць крэдыты. Мы таксама жывем чатыры гады тут. Я зразумеў, што прыйшоў наш час. Гэта першы ў нашым жыцці крэдыт. І гэта, напэўна, такі чарговы крок у пабудове сям'і. Потым можна будзе думаць пра дзяцей. Вядома, гэта ўсё затратна.

Ну, як ты думаеш, ці памятаюць цябе чытачы ў Гродне? Людзі ў Гродне?

Я думаю, памятаюць. Я паўгода таму зайшоў у «Biedronka» [сетка крам у Польшчы — Hrodna.life] у нашым раёне. І жанчына падышла: «Можна вас абняць?» І ў яе слёзы пацяклі. Яна кажа: «Мы вас памятаем, мы вас чытаем. Беражыце сябе».

Мне стала прыемна, калі да мяне падышла дзяўчына ў Беластоку. І сказала: «Руслан, я хацела табе дапамагчы з рэабілітацыяй у 2020 годзе. Але ты мне не адказваў на паведамленні. Ведай, што я пісала табе». Я ведаю, што ёсць людзі, якія хацелі б са мной сустрэцца, але баяцца.

Ты добра памятаеш Гродна? Назвы вуліц, маршруты.

Назвы вуліц ужо забываю, а маршруты памятаю. Думаю, спакойна б цяпер разабраўся. Чатыры гады праляцелі так хутка, што піпец.

Я перажываю тое, што забываю старыя назвы гэтых вуліц. Раней ведаў, дзе хто жыў. Таму што я распавядаў гісторыю людзей праз іх дом, або дома — праз гісторыю людзей.

Цяпер у мяне іншая місія. Вось я нядаўна ў вёску ездзіў на паўмарафон — у Сейны. Я хацеў бы папрацаваць журналістам у мястэчку, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Але Гродна я адпускаць не хачу.

Але ці бачыш ты сябе яшчэ ў Гродне? Хочаш вярнуцца туды?

Я зараз будую MOST. Будую бізнес так, каб у будучыні мы маглі зарабляць. Калі адкрыюць мяжу, пачнецца прыгранічны бізнес, розныя паездкі - як турыстычныя, так і шоп-туры. Патрэбны будзе рэсурс, які будзе ўсё гэта папулярызаваць. І я лічу, што мы ў свой час стрэлім і пачнем зарабляць добрыя грошы. Таму што Гродна і Беласток шмат чаго аб’ядноўвае. І я лічу, што MOST таксама адыгрывае ключавую ролю ў гісторыі двух гэтых месцаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024