Сябры клуба LeGourmet з Мінска — хатнія кулінары, прафесійныя кухары і кіраўнікі прадпрыемстваў харчавання, блогеры і фуд-фатографы. У межах фуд-туру ў Гродна яны наведалі, сярод іншых устаноў, бар «Куба», які не пакінуў іх абыякавымі.

Яны прыехалі ў Гродна, каб даследаваць мясцовыя смакі і распавесці пра самыя лепшыя з іх будучым вандроўнікам.

[irp posts="26 915″ name="Ад бельгійскага шакаладу да беларускай самагонкі: як смакаваў Гродна сталічным гурманам"]

“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
Мінскія гурманы ў гасцях у гродзенскай «Кубы»

Чэ Гевара ні пры чым

Проста зараз іх чакала самае кароткае ў свеце падарожжа да «Кубы» — з дзясятак прыступак у паўпадвальчык — гэта нашмат хутчэй, чым некалькі гадзін авіяпералёту.

— Вы былі на Кубе? Ваш кумір Чэ Гевара?

— Не [усмешка]

— Вас натхнілі кубінскія бары Масквы і Піцера? Ці Еўропы?

— Таксама не [яшчэ адна усмешка]

— Тады — чаму «Куба»?

Госці засыпалі пытаннямі гаспадара бара Андрэя Антановіча. Зрэшты, навошта адказы, можна іх потым пашукаць. А такую абаяльную ўсмешку — яшчэ ці знойдзеш.

“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
Андрэй Антановіч, бармэн з 15-гадовым стажам, гатуе кактэйлі для гасцей
З тлумачэнняў галоўнага бармэна выходзіла, што назва мае нагадаць пра часы ўвядзенне сухога закону ў Штатах, калі ахвотныя да адпачынку з алкаголем у велізарнай колькасці скіраваліся на выспу Свабоды.

Філасофія ўстановы таксама свабоды не цураецца. Нават абмежаванняў у выглядзе кактэйльнай карты тут няма. «Мы арыентуемся на камунікацыю паміж бармэнамі і нашымі кліентамі і гатуем кактэйлі на базе класічных рэцэптаў, але пад настрой кожнага госця - індывідуальна. Хочацца даць людзям увагу і камфорт».

“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
Увага і камформ у дадатак да кактэйля ствараюць наведвальнікам добры настрой

«Мой хіт — «Дайкіры»

Кактэйлі Андрэй называе «асобным светам» і ўпэўнены, што ў жыцці правільны кактэйль можа змяніць абсалютна ўсё. Мабыць, таму і размовы паміж майстрамі кухні і гаспадаром стойкі ўвесь час вырульвалі на тэму кактэйляў. Нават фільмы «кубінскі» бармэн асацыяваў найперш з кактэйлямі, што ўжывалі героі: «Сэкс ў вялікім горадзе, Кэры — пасля яе «Брамбл» — джын, сок лімона, ажынавы сіроп — стаў самым топавым» … «Вы не ведаеце «Белы Рускі»? Гэта як у «Вялікі Лебоўскі» — гарэлка, кава, вяршкі». Хлопцы спрабавалі выпіваць кактэйль напрацягу фільма кожны раз, калі і герой бярэцца за шклянку. Да канца стужкі яшчэ ніводзін не пратрымаўся…

“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
 — Кактэйль можа змяніць у жыцці абсалютна ўсё. — І гэты таксама? — Напэўна
На просьбу мінскіх гасцей Андрэй назваў і ўласны топ з пяці класічных кактэйляў. У яго ўвайшлі «Дайкіры», «Крывавая Мэры», «Манхэтан», «Олд фэшн» і «Джын фізз».
“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
Класіка і хіт бармэна — «Дайкіры». Канечне, у замарожаным кілішку

«Каб кожны атрымаў задавальненне»

Што да «рэкамендаванай» колькасці і разнастайнасці напояў за вечар, то з гэтым кожны мае вызначыцца сам, мяркуе бармэн. «Галоўнае, моцна не мяшаць. Не так, каб пачаўшы з джына, перайходзіць на віскі, а потым — гарэлку з півам і ягермайстар. Тут наступствы самі разумееце якія могуць быць. Бармэну таксама трэба мець гэта на ўвазе і дапамагаць кліенту з выбарам. Каб у выніку кожны атрымаў задавальненне».

Ад пытанняў пра «сваю школу» Андрэй адмахваецца: «Ніякай школы. Проста ўжо 15 год за стойкай, а да гэтага яшчэ поварам бегаў. Зараз дзялюся — мне сваіх ведаў не шкада».

Меркаванне гурмана

«Бар Куба ўразіў і вельмі спадабаўся, — расказала пасля візіту Наталля Міракле, адна з удзельніц клуба LeGourmet, лаўрэатка яго першага кулінарнага фестывалю. — Ад людзей, што там працуюць, вее жаданнем жыць і працаваць. Па гэтых хлопчыках за стойкай відаць, што яны прыйшлі на працу не проста змену адстаяць. Яны шчыра хочуць быць побач з кліентам, у створанай для яго камфортнай атмасферы. А як яны кактэйлі гатавалі! Божа мой, гэта ж былі нейкія проста танцы з бубнамі!»

“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
За майстарскім прыгатаваннем кактэйляў назіраць не менш цікава, чым за танцам з бубнамі
Месца, лічыць Наталлі, мае непаўторную аўру: «Мне ёсць з чым параўнаць, я была ў кубінскіх барах Еўропы — у Сарбоне, Празе, Вроцлаве. У Гродне я адчула пэўны кантраст і з Мінскам, дзе часам можна сустрэць за стойкай ну ве-е-е-е-льмі стомленага жыццём бармэна. Тут — атрымала сапраўдны прыток энергіі. Гэта для мяне вельмі важна, мы ж не проста за алкаголем сюды прыйшлі. Хутчэй — за сапраўднымі эмоцыямі».
“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
Бармэны «Кубы» за працай
На думку Наталлі, у час, калі вакол так шмат глянцавай, але падробнай прыгажосці, асобую каштоўнасць набываюць рэчы сапраўдныя: «Хочацца крафтавага хлеба, хэндмэйд-цацак ці добрых установаў. Нават калі яны даражэйшыя, яно таго каштуе. У „Кубе“ бачу — працуюць з душой, не хімія з лёдзікам і вялай мятай, і гэта падкупае. Такое стаўленне мне пасуе. Гледзячы на іх, хочацца таксама вось так натхнёна жыць і працаваць».
“Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар
Прапусціць такое шоў - проста недазваляльна. А захаваць імгненні дазваляе камера смартфона