Прадстаўнікі польскай партыі «Фронт» наведалі Гродна з візітам 31 ліпеня. Іх прынялі ў аблвыканкаме і зладзілі сустрэчу з супрацоўнікамі дзяржаўных газет і тэлебачання. Тыя асвятлілі візіт так, быццам прыехалі аўтарытэтныя палітыкі, якія прадстаўляюць значную частку польскага грамадства. Але ўсё зусім не так.
Ачоліў польскую дэлегацыю Кшыштаф Талвіньскі. Пра яго «Гродзенская праўда» піша, што ён старшыня партыі «Фронт», бізнесмен, палітык, які ў розныя гады займаў пасады намесніка маршалка Падляскага ваяводства, намесніка міністра дзяржаўнай казны, быў дэпутатам Сейма.
Ствараецца ўражанне, што Гродна наведаў значы польскі палітык. Але гэта маніпуляцыя. Самыя важныя пасады Талвіньскі займаў або дастаткова даўно, або нядоўга, а трапляў на іх дзякуючы палітычным перабежкам ці выпадковым здарэнням.
Кшыштаф Талвіньскі - паспяховы фермер з Падляшша, ён пачаў дзейнасць у гэтай сферы ў 1989 годзе, яго гаспадарка перадусім займаецца прадукцыяй малака. У 90-х і 2000-х ён быў дзеячам самакіравання і прафсаюза фермераў, таксама займаў кіраўнічыя пасады ў грамадскіх арганізацыях «Саюз Польскай Шляхты» і «Таварыства памяці Юзафа Пілсудскага». У той жа час быў чальцом партыі PSL, якая пазіцыянавалася як сялянская. Менавіта як сябар гэтай партыі ў 2002−2006 гадах Талвіньскі быў віцэмаршалкам Падляскага ваяводства. На выбарах 2001, 2005 і 2007 ён спрабаваў патрапіць у парламент, але без поспеху.
Яму ўдалося нядоўга пабыць дэпутатам Сейма ў 2010−2011 гадах, але не таму, што ён выйграў выбары — ён набраў толькі 5854 галасы і не змог патрапіць у парламент. Але яго папярэднік з дэпутацкім мандатам Кшыштаф Путра загінуў у катастрофе прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам у красавіку 2010 года і згодна з тагачасным польскім правам яго месца мусіў заняць наступны па колькасці галасоў кандыдат. У чарговых выбарах у 2011, 2015 і 2019 гадах Талвіньскі зноў не змог перамагчы.
Цягам сваёй палітычнай кар’еры Талвіньскі пераходзіў з PSL у адкалоўшуюся ад яго партыю Piast, пазней у PiS, яшчэ пазней у Kukiz'15 і Konfederacja — усё гэта былі больш ці менш правыя і еўраскептычныя партыі. Дзякуючы такім перабежкам ён і стаў віцэміністрам дзяржаўнай казны ў 2007 годзе, але прабыў ім усяго тры месяцы — з верасня да лістапада. Пасля 2011 года ніякіх поспехаў у палітыцы ў Талвіньскага не было. У 2023 годзе ён стварыў уласную партыю Front.
Партыя Кшыштафа Талвіньскага «Фронт» ставіць сабе некалькі мэтаў:
Газета Rzeczpospolita, прааналізаваўшы праграму партыі Талвіньскага, сцвярджае, што цяпер у Польшчы ёсць партыя, якая адкрыта падтрымлівае Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку. У размове з газетай Талвіньскі адзначыў, што хоць яго продкі-шляхцічы змагаліся з расійцамі, сёння часы змяніліся і палякі павінны кіравацца «рацыянальным цынізмам».
«У недалёкай будучыні манетарная сістэма, пабудаваная на долары, абрынецца, што зменіць міжнародную палітыку. Я згодны з думкамі, што ідзе час Азіі, у сувязі з чым трэба разнастаіць наша палітычнае мысленне», — кажа Талвіньскі.
Таксама ён лічыць, што пройгрыш Украіны ў вайне з Расіяй пайшоў бы на карысць Польшчы.
Кшыштаф Талвіньскі без праблем займаецца ў Польшчы пракрамлёўскай прапагандай і ніхто яго не спыняе. Пракуратура ў Беластоку адмовілася распачынаць расследаванне яго антыўкраінскіх і прарасійскіх выказванняў, падтрымкі агрэсіўнай вайны, абразлівых і антысеміцкіх выказванняў.
На сустрэчы ў Гродне Талвіньскі сказаў, што больш за 30% палякаў сёння не згодныя з палітыкай і дзеяннямі свайго ўрада. Як прыклад ён дае канфлікт з Беларуссю і Расіяй, які, з яго словаў, польскі бок сам пачаў і працягвае нагнятаць.
Сапраўды, падтрымка ўраду партыі PiS з цягам набліжэння парламенцкіх выбараў у Польшчы змяншаецца. Сёння толькі каля 30−33% палякаў гатовыя прагаласаваць за PiS, а 26% - за апазіцыйную Грамадзянскую кааліцыю (KO). Эканамічную палітыку ўрада PiS цягам апошніх васьмі гадоў лічаць кепскай амаль 60% палякаў. А вось далей Талвіньскі хлусіць. Паводле аднаго з апытанняў, 80% палякаў добра ацэньвае палітыку ўраду па падтрымцы Украіны ў вайне з Расіяй, паводле іншага задаволеныя польскай дапамогай Украіне 71% апытаных.
Сам Талвіньскі называе дзеянні польскіх уладаў у адносінах з Беларуссю правакацыяй. Напрыклад, узмацненне польска-беларускай мяжы вайскоўцамі пасля перамяшчэння да яе «вагнераўцаў» — гэта «агрэсіўная палітыка» паводле Талвіньскага.
«Каб пазбегнуць эскалацыі, не варта было разглядаць перамяшчэнне інструктараў іншай дзяржавы як нагоду для перамяшчэнне ўзброеных сілаў бліжэй да мяжы», — сказаў Талвіньскі.
Ён гатовы апраўдаць яшчэ і размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі. Ён называе гэта рашэнне абгрунтаваным, на якое ў Беларусі ёсць поўнае права згодна з міжнародным правам. Але ў ім нібыта не было б неабходнасці, калі б не «яўныя пагрозы і правакацыі з боку Захаду». Маўляў, урад Польшчы таксама заяўляе пра жаданне размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую ядзерную зброю.
На сустрэчы з супрацоўнікамі дзяржаўных выданняў польскі палітык акцэнтаваў увагу таксама на «вострых праблемах, з якімі сёння даводзіцца сутыкацца палякам». Праблемамі ён назваў быццам бы існуючы ў Польшчы недахоп жыццёва важных лекаў і «прыкметнае пагаршэнне якасці прадуктаў харчавання». У Беларусі, на думку Талвіньскага, «мяса, малочная прадукцыя, хлебабулачныя вырабы вырабляюцца на прадпрыемствах з улікам усіх патрабаванняў, з клопатам аб здароўі спажыўцоў, а ў Польшчы, наадварот, на першы план выходзіць выгада».
Пра Беларусь Талвіньскі перыядычна ўзгадвае і на сваім YouTube-канале. У адным з відэа ён заклікаў пад чырвона-зялёным сцягам віншаваць са святам Дня незалежнасці 3 ліпеня беларускую амбасаду ў Польшчы і Аляксандра Лукашэнку. Іншае відэа — агляд камбайна ад «Гомсельмаш». У апошнім са сваіх відэа ён акурат анансіраваў сустрэчу ў Гродне, візіт у адзін з гродзенскіх шпіталёў і на мяса-малочную ферму.
Кшыштаф Талвіньскі ўжо двойчы прыязджаў з «афіцыйнымі дэлегацыямі» ў Беларусь. У жніўні 2022 ён наведаў Ваўкавыск. Ваўкавыская раёнка «Наш час» тады назвалі гэта візітам «дэлегацыі Падляскага ваяводства». За гэтую фармуліроўку супрацоўнікаў беларускіх дзяржмедыяў прыйшлося апраўдвацца маршалку Падляскага ваяводства Артуру Касіцкаму. «Ніводная з гэтых асоб не выконвае ніякіх функцый у органах ваяводскага кіравання і не ўпаўнаважана наладжваць супрацоўніцтва ад імя Падляскага ваяводства», — напісаў тады Касіцкі. Падляскае ваяводства спыніла адносіны з Гродзенскай вобласцю яшчэ ў сакавіку 2022 года.
У лістападзе 2022 Талвіньскі наведаў Гродна і пахваліў БелАЭС і барацьбу з санкцыямі.
У сакавіку 2023 Талвіньскі даслаў адкрыты ліст дэпутату беларускага парламента Алегу Гайдукевічу. У ім ён прасіў дапамогі ў вызваленні з польскай турмы свайго калегі Войцеха Альшаньскага па мянушцы «Яшчар». Альшаньскі - лідар яшчэ адной прапуцінскай і пралукашэнкаўскай польскай групоўкі «Rodacy Kamraci», які атрымаў паўгода турмы за пагрозы — ён публічна заклікаў забіваць палітычных праціўнікаў. Ён вядомы сваімі прарасійскімі, антыўкраінскімі і антысеміцкімі выказваннямі, барацьбой з ЛГБТ-супольнасцю, крытыкай Еўрасаюза, ЗША, вакцын, паліцыі і журналістаў - апошніх ён лічыць ворагамі польскай незалежнасці. Таксама Альшаньскі выступаў на беларускім тэлебачанні, дзе хваліў Лукашэнку.
Талвіньскі ў лісце да Гайдукевіча назваў Альшаньскага палітвязнем, а таксама папрасіў беларускага дэпутата на міжнароднай арэне расказаць пра тое, што ў Польшчы нібыта парушаюцца прынцыпы дэмакратыі, няма свабоды дзейнасці партый, а ўлады будуюць сапраўдны таталітарызм.
Насамрэч, гэта чарговая дэзінфармацыя з боку Талвіньскага, а Беларусь — дакладна не прыклад краіны, дзе свабодна могуць дзейнічаць партыі. Вярхоўны суд Беларусі ўжо ліквідаваў партыю «Зялёныя», на 9 жніўня прызначаны суд па справе ліквідацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, на 14 жніўня — па ліквідацыі партыі БНФ, на 31 жніўня — Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міністэрства юстыцыі прапанавала самаліквідавацца.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…