Праца лекара зараз нагадвае пекла, кажа Ірына (імя зменена па просьбе гераіні). З вясны 2020 яна працуе ў кавід-брыгадзе адной з гродзенскіх паліклінік, ездзіць да пацыентаў з каранавірусам, афармляе іх бальнічныя. Цяпер яе працоўны дзень — па 14−15 гадзін, з адным выхадным на тыдзень. У 90% тых, хто захварэў, ёсць сімптомы, стала нашмат больш пнеўманій, і толькі ў адной паліклініцы — каля 900 чалавек з пацверджаным COVID-19. Другая хваля прыйшла ў Гродна ў пачатку кастрычніка 2020 года. Пра яе заявілі афіцыйна, але аб маштабах чыноўнікі пакуль маўчаць. Карэспандэнтка Hrodna.life запісала маналог доктара.

Кожны другі - з «каронай». Першая і другая хваля

— Другая хваля прыйшла з кастрычніка 2020 года і паволі пачала набіраць абароты. Не было вялікай разбежкі з тым, калі пра гэта сказалі афіцыйна. Я падумала — ого, яны сказалі! Але цяпер не кажуць пра маштабы. Паказваюць, што ўсё добра, усяго хапае. Гэта не так!

З тых, хто звяртаецца ў паліклініку, кожны другі - з «каронай». Гэта вельмі заразная вірусная інфекцыя.

У першую хвалю пнеўманіі былі рэдкасцю. З дзесяці чалавек магла быць у аднаго, дваіх. Цяпер з дзесяці - у пяці. Раней быў загад — усіх з пнеўманіяй класці ў стацыянар, і хворыя больш-менш змяшчаліся. Цяпер — месцаў няма. У першую хвалю было вельмі шмат бессімптомныя формаў, нават без тэмпературы, проста з станоўчым тэстам ПЦР. Цяпер у 90% ёсць якая-то сімптаматыка.

Чытайце таксама: Караник: по коронавирусным пневмониям стабильно, а РВИ не больше, чем в прошлом году

У другую хвалю сімптомы ў хворых сталі цяжэй. Восенню і зімой рэспіраторных інфекцыі больш. Цяпер яшчэ няма грыпу, але нікуды не падзеліся іншыя вірусы. Калі чалавек захворвае на кавід і чымсьці яшчэ адначасова, атрымліваецца комба-варыянт.

У некаторыя домы заходзім — прывітаннне яшчэ раз. Мы былі тут тры месяцы таму. Тады быў кавід і пнеўманія, і цяпер пнеўманія. Імунітэт выпрацоўваецца, але ён не ўстойлівы.

Рэальныя лічбы тых, хто захварэў на COVID-19

— Колькасць выпадкаў штучна зніжаюць. Міністэрства аховы здароўя і так нулікі недзе губляе. Цяпер у нас пад назіраннем у паліклініцы каля 900 чалавек з каранавірусам. У сярэднім на такую колькасць хворых у гродзенскіх паліклініках 3−4 лекары. Штодзённы прырост у нашай паліклініцы — пад 100 чалавек. І так тры тыдні ўжо. Калі па краіне штодзённы прырост пісалі 600, толькі ў нас, у адной паліклініцы, быў 80.

Чытайце таксама: Медики: прирост по коронавирусу — 6170 случаев в сутки. В 5 раз больше официальных цифр

“Як у пекле. Кожны другі - з "каронай", працуем па 15 гадзін на дзень". Лекарка распавяла пра другую хвалю каранавіруса ў паліклініках Гродна
Фота ілюстрацыйнае

Калі б былі вядомыя рэальныя лічбы, у людзей было б усведамленне, што гэта не жарты. У першую хвалю лічбы афіцыйна трымалі да тысячы. Калі б усё ішло па нармальнай нарастальнай, людзі б разумелі, што адбываецца. Таму тактыка Міністэрства аховы здароўя па статыстыцы першапачаткова была няправільнай. Усе і так усё бачаць: у каго зараз у асяроддзі няма людзей, якія захварэлі?

«Нічога не паспяваем!». Праца лекараў

Кожны тэрапеўт працуе на паўтары стаўкі - шмат хворых, і самі лекары хварэюць. Але тэрапеўты маюць два выхадных кожны тыдзень. Мы ў кавідных брыгадах стараемся працаваць так, каб у кожнага з нас быў хоць бы адзін выхадны на тыдзень. Але заўсёды нехта выходзіць і ў суботу, і ў нядзелю.

Раней мы спрабавалі хаця б аб’ездзіць людзей, паглядзець, цяпер — нічога не паспяваем! Мы павінны агледзець хворага ў першы раз, на 14-ы дзень, прыехаць да тых, каму стала горш. Калі не паспелі - пераносім на наступны дзень. Але некаторых мы не наведалі ні разу. Лекар можа выехаць на 30−35 выклікаў, далей адключаюцца і ногі, і галава. Працоўны дзень кіроўцы — да 17.00. Пешшу, «касманаўтамі», мы не пойдзем. Пасля візітаў у паліклініку, афармляем лісткі непрацаздольнасці, прастаўляем дні зноў паступілі. Трэба пісаць дзённікі аглядаў, ўносіць вынікі тэстаў, даты кантактаў, кансультаваць па тэлефоне пацыентаў і калег.

Па факце наш працоўны дзень можа быць і да дванаццаці ночы. Звычайна ён 14−15-гадзінны, і так ужо каля месяца.

Бывае, на выкліку затрымліваешся на гадзіну, спрабуеш шпіталізаваць чалавека, а ён у цябе на руках «ад'язджае» з тэмпературай 39, ты выклікаеш рэанімацыю, чакаеш яе. Бывае, чалавек хрыпіць, ты спрабуеш дазваніцца да «хуткай». Раней у стацыянар тэлефанавалі мы, цяпер хуткая вырашае, куды везці. Можа быць так: ўзгаднілі, пакуль даехалі - месца ўжо занята, павезлі ў іншую бальніцу. Бывае, чалавек з 39 чакае кавідную брыгаду: мы ж усемагутныя — з фанендаскопам і пульсоксіметрам.

А сэнс рабіць тэсты?

У нас няма афіцыйнага загаду — не рабіць тэсты, гэта негалосна ў лекараў - не накіроўваць на іх. А сэнс? Амаль усе ВРІ, калі ёсць сімптомы — усё кавід. ПЦР можна рабіць у самым пачатку, экспрэс-тэсты — гэта ўжо пяты, сёмы дзень. Чалавек хварэе тыдзень, яму прызначаюць экспрэс-тэст, а ён адмоўны. Хварэе далей, робіць тэст, а ён станоўчы. Ва ўсіх па-рознаму імунная сістэма працуе. У некаторых антыцелы могуць з’явіцца на 12-ы дзень. Не накіроўваюць на тэсты і з-за калегіяльнасці, каб не перагружаць кавідные брыгады.

Чытайце таксама: Владимир Караник снова говорит о плато по COVID-19. Но количество заболевших в Гродно не раскрывает

Лабараторыя, якая займаецца ПЦР-даследаваннямі, працуе на некалькі паліклінік і перагружаная. Зараз робяць мазкі верагодным выпадкам і перад планавай шпіталізацыяй, а кантактам першага ўзроўню — у асноўным экспрэс-тэсты.

У паліклініцы чэргі на некалькі гадзін. Ва ўмовах кавіда ўсё вельмі павольна, бальнічных — незлічоная колькасць. Пасля 14 дзён самаізаляцыі тэсты не робяць па загадзе міністэрства. Але ні адзін з тэстаў і не дасць дакладнага адказу, заразных чалавек ці не.

“Як у пекле. Кожны другі - з "каронай", працуем па 15 гадзін на дзень". Лекарка распавяла пра другую хвалю каранавіруса ў паліклініках Гродна
Чарга на прыём хворых з тэмпературай у адной з гродзенскіх паліклінік. Фота ілюстрацыйнае

Абавязковая самаізаляцыя і бальнічны пры каранавірусе — 14 дзён, або да заканчэння сімптаматыкі, але яна можа доўжыцца яшчэ месяц. У кантактаў першага ўзроўню ізаляцыя 10 дзен з моманту кантакту з хворым, калі свой тэст адмоўны, 14 — калі станоўчы. Кантактамі зараз лічым тых, хто жыве разам з хворым.

Пнеўманіі і шпіталізацыя

Большасць пнеўманій знаходзіць тэрапеўт падчас агляду. Калі чалавек доўга лечыцца, няма зменаў, дрэнныя аналізы — яму робяць флюараграфію. Калі там бачныя так званыя «неспецыфічныя змены ў лёгкіх» — пры наяўнасці клінічнай карціны ставяць пнеўманію. Тады тэстуюць на кавідную інфекцыю. Пры яе пацвярджэнні, цяжкай пнеўманіі са зніжэннем сатурацыя (насычэннем крыві кіслародам) або выяўленымі зменамі ў аналізах пацыента шпіталізуюць. Калі магчыма лячыць амбулаторна, тэрапеўт перадае яго кавіднай брыгадзе. Мы назіраем такіх людзей, робім аналізы і па заканчэнні ізаляцыі накіроўваем на кантрольныя здымкі.

У бальніцу кладзем тых, хто пяць дзён тэмпературыць, п’е антыбіётыкі, і нічога не мяняецца. Ім трэба нешто калоць, прытым у вену, дома мы калоць не будзем. Кладзем з пагаршэннем стану пры амбулаторнай пнеўманіі, тых, у каго ёсць спадарожныя паталогіі, напрыклад, дыябет, нядаўна быў інсульт ці інфаркт.

Масачны рэжым ўвялі позна

— Масачны рэжым карысны можа ўжо толькі ў псіхалагічным плане: людзі пачнуць мыць рукі, не будуць кашляць ў адкрытую на ўсіх, усведамляюць праблему больш маштабна, раз ужо такія меры ўжываюць. Яго было добра ўводзіць, напэўна, месяц, таму. Прынамсі, магчыма, зменшылася б колькасць хворых.

Маску правільна мяняць кожныя дзве-тры гадзіны, і шматразовую таксама. Правільна, каб яна прылягала да носа. Рэспіратараў добрых зараз няма нават у нас, нам выдалі такія, якія не прылягаюць да носа, без фільтра.

Як берагчы сябе і ці небяспечныя пратэсты

Каб не захварэць, трэба не стрэсаваць, не быць галодным. Насіць маску сэнс ёсць. У пальчатках няма вялікай неабходнасці, калі вы не лезеце рукамі ў нос, вочы. Калі любіце грызці пазногці, лепш надзець пальчаткі. Галоўнае — мыць рукі па прыходу дадому, у нейкія ўстановы. Але мыць іх так, як паказана на схемах, якія ўсюды вісяць, — перабор. Гэта дарэчна перад хірургічнай аперацыяй.

“Як у пекле. Кожны другі - з "каронай", працуем па 15 гадзін на дзень". Лекарка распавяла пра другую хвалю каранавіруса ў паліклініках Гродна
Фота ілюстрацыйнае

Трэба піць больш вадкасці, ужываць вітамін С у натуральным выглядзе. Можна прафілактычна прапіць курс супрацьвіруснага. Толькі не рэмантадын — бессэнсоўнана, і не флустоп — гэта лячэнне. Эхінацея, элеутеракок, імбір, часнык падымаюць імунітэт. Антыбіётыкі прафілактычна піць не трэба. А там — як пашанцуе.

Натуральна, трэба менш хадзіць у месцы збору людзей. Аб пратэстах кажуць, што на іх заражаюцца — але, можа, толькі калі чалавек перемёрзне, і зніжаецца імунная абарона. У памяшканні рызыка захварэць відавочна большая, так што лепш схадзіць на пратэст, чым на дыскатэку.

Чым цяпер лечаць

Калі разумееш, што захварэў - адразу трэба шмат піць, варта прымаць супрацьвіруснае для павышэння імунітэту. Прамываць нос, горла слабым солевым растворам — там лакалізуецца інфекцыя.

Памылка большасці хворых у тым, што ўжо пры тэмпературы 37,2 пачынаюць есці антыбіётыкі. П’юць адзін, другі, трэці, а тэмпература так і стаіць. Парушаецца тэрмарэгуляцыя, імунная сістэма шалее. 37,2 могуць быць на фоне выдатных аналізаў.

Зараз папулярна прызначаць вітаміны. Вітамін С — ён пры ўсіх хваробах. Яшчэ прызначаюць антыаксікапс з цынкам і вітамін Д.

Антыбіётык трэба выпісваць, калі да віруснай інфекцыі далучаецца бактэрыяльная. Гэта відаць па аналізе крыві. Але няма магчымасці ўзяць кроў ва ўсіх, таму ўсім прызначаюць антыбіётыкі. Часцей за ўсё бактэрыяльная інфекцыя ўсе ж далучаецца, асабліва калі чалавек дрэнна лечыцца ў самым пачатку.

Цяпер абмяркоўваюць тактыку лячэння кавідных пнеўманій толькі адхарквальнымі, гармонамі і антыкаагулянтамі, каб не было тромбаў. Але на практыцы даводзіцца прызначаць антыбактэрыйныя прэпараты.

Сродкі індывідуальнай абароны і безвыходнасць медыкаў

Са сродкамі індывідуальнай абароны праблемы, і матэрыяльнай дапамогі няма. Наўпрост дапамагаць медыкам нельга. Дапамога ад валанцёраў скончылася. А раней у нас былі нават прэпараты, якія мы маглі прызначыць бясплатна пры амбулаторных пнеўманіях.

Цяпер сродкі абароны зрабілі шматразовымі. Пальчатак не даюць. У тых, хто працуе ў паліклініцы, наогул толькі маска і экран. Экраны засталіся ад валанцёрскай дапамогі, і паліклініка раней закупляла.

За ўвесь час з васьмі лекараў, напрыклад, тры хварэлі з пацверджаным кавідам. Астатнія хварэлі, але не здавалі аналіз. Усе планавыя прыёмы па магчымасці спыненыя, на паўторны прыём пасадзілі вузкіх спецыялістаў.

Чытайце таксама: В Гродно умер главврач инфекционной больницы. Там лечили пациентов с COVID-19

Афіцыйна кажуць, што ўсё добра, усе спраўляюцца. А мы гаворым людзям, што не ведаем, калі да іх прыедзем — праз дзень, два, ці тры. У лекара на ўчастку можа быць сорак выклікаў, плюс прыём. Нават не ведаю, што могуць зрабіць медыкі. Не выходзіць на працу — негуманна. Усіх, хто выказваецца, — адразу «закрываюць». Напэўна, мы яшчэ не дайшлі да кропкі кіпення.

Жудасны стан безвыходнасці, калі не ведаеш, за што брацца, усюды кепска. Мне плакаць няма калі, я толькі ем і сплю. У нядзелю мне могуць на асабісты нумар патэлефанаваць разоў дзесяць па працы, у суботу яшчэ горш. Але мы ўжо паўгады ў гэтым.

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).