Генеральны консул Польшчы Яраслаў Ксёнжэк працуе ў Гродне ўжо восем месяцаў. За гэты час дыпламат паспеў палюбіць новы для сябе горад і знайсці шмат новых сяброў. Карэспандэнту Hrodna.life ён расказаў пра сваё жыццё і працу ў Гродне.
Яраслаў Ксёнжэк жыве тут разам з жонкай. Кажа, адчувае сябе тут як дома, у Польшчы. Беларускі горад нагадвае яму многія родныя мясціны.
«Кожны горад, дзе я працаваў, мае свой смак і спецыфічнае паветра. Я працаваў у Сеўле, Харкаве, Брэсце і Маскве, так што складана параўнаць усе гэтыя месцы. Але Гродна для мяне мае асаблівае значэнне. Я па адукацыі гісторык, а гэты горад вельмі багаты гістарычнымі аб’ектамі. Я вельмі люблю хадзіць па цэнтры Гродна, іншы раз робім гэта з жонкай, якая пераехала сюды разам са мной. Спачатку было цяжка, бо не ведалі горада, а цяпер ужо спакойна шпацыруем па старых вулачках».
Першым у галаву консула прыходзіць параўнанне Гродна з Беластокам — як ніяк гарады-пабрацімы, размешчаны побач і падобныя адзін да аднаго: насельніцтва амаль такое ж, нават развіццё гарадоў амаль аднолькавае. Агулам Гродна на думку Ксёнжэка падобны да многіх польскіх гарадоў: «У ім нават ёсць, на мой погляд, трохі Любліна. У будучыні я хачу вывучаць не толькі Гродна, але і яго наваколлі і вобласць у тым ліку. Але пакуль на гэта недастаткова часу».
Любімае месца генеральнага консула ў горадзе — вуліца Савецкая, а таксама Кафедральны касцёл, куды ён імкнецца хадзіць па магчымасці ў нядзелю на Імшу.
«Мне падабаецца цэнтр горада, там я магу спакойна хадзіць, глядзець і думаць. Там заўсёды ў мяне добры настрой. Як гісторык скажу: вельмі шкада, што ў Гродне няма Фары Вітаўта. Гэты помнік змог бы ўпрыгожыць горад і прыцягнуць сюды яшчэ больш турыстаў. Касцёл існаваў з XIV стагоддзя і меў важную ролю ў жыцці горада.
Мне здаецца, што ў Гродне не хапае розных кафэ, рэстаранаў і «рэстаранчыкаў», кавярняў, дзе былі б розныя віды кухні. Таксама я б дадаў у цэнтр горада больш фірмовых крамаў".
Нядаўна ў Гродне бурна абмяркоўвалі тэму помніка Стэфану Баторыю. Яраслаў Ксёнжэк ідэю гродзенцаў падтрымаў і нават, канешне неафіцыйна, параіў месца — плошча Савецкая, якая раней насіла імя караля.
«Ідэя паставіць помнік вялікаму каралю Стэфану Баторыю ў Гродне вельмі цікавая. Тут ён жыў і памёр, любіў гэты горад. Што тычыцца ўстаноўкі, то ў гэтай сітуацыі ўсё залежыць ад кампетэнтных улад. Калі яны змогуць афіцыйна разгледзець гэтае пытанне, то я ўпэўнены, што польскі бок таксама гатовы падключыцца і як-небудзь дапамагчы».
Пасля ўступлення ў сілу ўказа аб бязвізавым уездзе замежнікаў у Гродна, плынь турыстаў з польскага боку павялічылася, кажа дыпламат.
«Палякі сталі прыязджаць у Гродна часцей, але не так, як бы хацелася. Цяпер мы рыхтуемся да пачатку турыстычнага сезону, хочам яго адкрыць гучна, каб больш палякаў даведалася пра бязвізавую магчымасць наведаць горад і яго наваколлі. Гэта цяжка, але мы будзем працаваць над гэтым пытаннем.
Ведаю, што беларускія ўлады плануюць пашырыць раёны для бязвізавых турыстаў. Чым менш фармальнасцей, тым лепш будзе для прыезджых. Але хачу адзначыць, што трэба даваць больш інфармацыі і рэкламы аб Гродзенскім рэгіёне ў Польшчы. Трэба таксама паляпшаць умовы перасячэння мяжы, гэта складанае пытанне, але яго трэба вырашаць".
Па дадзеных Яраслава Ксёнжэка, цягнік Кракаў-Гродна-Кракаў запатрабаваны. У планах польскага боку запусціць яшчэ адзін цягнік, які злучаў бы Беларусь з Польшчай.
«Кракаў - гэта поўдзень Польшчы, можна злучыць Беларусь і з поўначчу. Нам ёсць што паказаць. Адзін цягнік — гэта добра, але два — лепш. Над гэтым пытаннем мы цяпер працуем».
Што тычыцца выдачы віз, то іх колькасць у параўнанні з мінулым годам практычна не змянілася. Консульства імкнецца, каб кожны беларус без перашкод атрымліваў візу. Яраслаў Ксёнжэк адзначае, што з іх боку ён не бачыць ніякіх візавых праблем.
А вось пра беларуска-польскае бізнес-супрацоўніцтва дыпламату казаць складана, бо ў Гродне няма эканамічнага аддзялення, каб адсочваць гэтую сферу. Хоць у Гродне і працуюць фірмы з польскім капіталам ды польскі падрадчык за польскія грошы будуе буйны гандлёва-забаўляльны цэнтр Trinity.
«Ведаю, што прадстаўнікі Падляшскага ваяводства цесна супрацоўнічаюць з гродзенскімі калегамі. Ведаю дакладна, што многія польскія бізнесмены зацікаўлены ў адкрыцці сваіх кропак у Гродна. Нядаўна нашы бізнесмены і мадэльеры падтрымалі „Grodno Fashion Show“, яны засталіся задаволеныя ўбачаным і звярнуліся ў Консульства з пытаннем аб адкрыцці ў Гродне крамы з дызайнерскім адзеннем. Мы зацікаўлены ў такім супрацоўніцтве і паспрабуем ім дапамагчы».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…