У Мінску было «Хутка Смачна», у Баранавічах — «Лодачка», а ў Гродне — «Калабкі». Лакальны гродзенскі фастфуд праіснаваў 11 гадоў. У лістападзе 2020 года апошняя кропка «Калабкоў» закрылася. Адзін са стваральнікаў першага фастфуду ў Гродне Аляксандр Гаварухін распавёў журналісту Hrodna.life, як з’явіліся і чаму закрыліся «Калабкі».
Ля вытокаў «Калабкоў» стаяла трое гродзенцаў. Сярод іх — Аляксандр Гаварухін. Першае кафэ адкрылася на Савецкіх пагранічнікаў, 31 у 2010 годзе. Апошняе Аляксандр закрыў у парку Жылібера ў лістападзе 2020 года.
У 1997 годзе Аляксандр вярнуўся ў Гродна з войска. Паспрабаваў зрабіць вайсковую кар’еру і пайшоў на кантракт, але прапрацаваў усяго паўгода. Пасля звальнення ён знайшоў працу ў прыдарожным кафэ «Блюз» каля беларуска-польскай мяжы.
«Так пачаўся мой досвед у грамадскім харчаванні. У тым кафэ я пазнаёміўся з будучым кампаньёнам Юрыем і іншымі цікавымі людзьмі. Гарадскія пра кафэ мала ведалі, але тыя, хто быў звязаны з мяжой, там часцяком бывалі. Асабліва пасля начных гулянак да нас прыязджалі за дабаўкай. У горадзе ўсё ўжо зачынялася, а мы працавалі да раніцы».
Праз некалькі месяцаў «Блюз» закрыўся. Аляксандр і Юрый засталіся без працы. Тады ў Гродне развіваўся бізнэс па продажы куранят-грыль. У горадзе стаялі вагончыкі, у якіх пяклі і прадавалі птушку.
«У гэты бізнес мы зусім выпадкова трапілі. Былі маладымі і галоднымі да працы. Дапамаглі ўласніку развіць яго прадпрыемства — павялічылі продажы. Пры гэтым мы зараблялі добрыя грошы».
У канцы 1990-х Аляксандр з’ехаў на заробкі. Спачатку працаваў на будоўлі ў Польшчы, а потым перабраўся ў Англію, дзе ўладкаваўся ў KFC. Праз год Аляксандр ужо працаваў кухарам на кухні пяцізоркавага гатэля.
«Пачынаў звычайным мыйшчыкам посуду, потым праца была цікавейшая. У Гродна я вярнуўся ў 2003 годзе. Вядома, Англію і Беларусь было не параўнаць, каласальная розніца ва ўсім. Я як паглядзеў на родны горад, так вырашыў з’ехаць далей на заробкі. На гэты раз абраў Маскву. Там быў чатыры гады».
У Расіі Аляксандр працаваў у будаўніцтве і ў навукова-вытворчай фірме. У 2007 годзе ён зноў вярнуўся ў Гродна. Тут ён вырашыў заняцца бізнесам са старым прыяцелем Юрыем, з якім некалі пачынаў працаваць у «Блюзе».
«Сустрэліся з Уладзімірам — новым уласнікам бізнесу з куранятамі-грыль. Ён на той момант прытаміўся ад яго. Мы з Юрам спыталі: можа, ён проста хоча адысці ад спраў, а мы б самі займаліся яго бізнесам і ён бы атрымліваў сваю долю? Абгаварылі ўсе нюансы і ўзяліся за працу».
Аказалася, ва ўласніка кропак з курамі быў яшчэ адзін бізнес з блінамі. Ён дзяліў яго з іншым кампаньёнам.
«Гэты чалавек збольшага загнаў фірму ў пазыкі. У „прычэпе“ Уладзімір аддаў нам гэтыя бліны. Мы, каб не ўкараняцца ва ўсялякія нюансы, з Юрам усё падзялілі. Я пачаў займацца курамі, а ён узяўся за бліны».
Калі ўзяліся за бізнэс, тады і пачаліся праблемы з дзяржавай, успамінае Аляксандр. Перавазныя вагончыкі з ежай, фактычна, забаранілі. Хлопцам даводзілася сустракацца з чыноўнікамі і пераконваць іх, што горад мае патрэбу ў такіх кропках грамадскага харчавання.
«Пасля доўгіх спрэчак прыйшлося шукаць стацыянарнае месца. Ва Уладзіміра на Савецкіх пагранічнікаў быў пятак зямлі з вагончыкам, дзе прадавалі бліны. Побач была залітая падушка з бетону. Я прапанаваў пабудаваць там безалкагольнае кафэ, дзе мы маглі б прадаваць сваю прадукцыю. На той момант было відавочным, што горад мае патрэбу ў месцы з хуткім харчаваннем і зручнай лагістыкай для аўтамабіля».
Аляксандр адзначае, што ў 2010-м машына для гродзенцаў не лічылася раскошай. Для многіх гэта быў звычайны штодзённы транспарт.
«Хацелася зрабіць кафэ, каб людзі прыязджалі на машыне, рабілі замову і хутка яе забіралі. На момант адкрыцця кафэ на Савецкіх пагранічнікаў у нас ужо ў кожнага было па бізнесе, з якога мы зараблялі грошы. Я займаўся павільёнамі з куранятамі грыль, а Юра рабіў бліны на сваіх кропках. З гэтых бізнэсаў мы зарабілі грошы і адкрылі стацыянарнае кафэ».
Першую ўстанову кампаньёны будавалі блізу года. «Калабкі» адкрыліся 31 сакавіка 2010 года. Праўда, тады яшчэ гэта было кафэ без назвы. Яно падзялялася на дзве часткі: у адной прадавалі бліны, у другой — бульбу фры і курыцу.
«Праз тры тыдні пасля адкрыцця кафэ я прыехаў на Савецкіх пагранічнікаў і праслязіўся. Гэта быў поспех. Машыны стаялі ў вялікай чарзе — аж да басейна „Лазурны“».
Многія ў Гродне спачатку не верылі ў поспех «Калабкоў». Асноўнае пытанне было: як працаваць без алкаголю?
«Выявілася, людзям патрэбна была проста добрая кава ў звычайным папяровым посудзе, да чаго мы потым і прыйшлі. Нават пастаўшчыкам посуду плацілі перадаплату, каб нам яго прывозілі з-за мяжы. Як аказалася, бліны былі запатрабаваныя таксама, потым з’явіліся гамбургеры і бульба фры. На той момант у горадзе ніхто гэтым не займаўся, ніхто гэта не прапаноўваў. А мы адкрылі, і велізарную колькасць бульбы прадавалі. Гэта была наша першая кропка».
Аляксандр лічыць, што «Калабкі» былі асноўным трыгерам для развіцця грамхарчу ў Гродне. Назву для свайго кафэ кампаньёны доўга не маглі прыдумаць. Каля пяці месяцаў установа працавала без назвы.
«За гэты час нас паспелі празвалі „наш маленькі Макдональдс“. Потым мы селі гутарыць з Юрам на гэтую тэму. Я прапанаваў назву „Калабок“, ён прапанаваў „Калабкі“. На апошнім і сышліся».
Пасля паспяховага старту кампаньёны сталі абдумваць пашырэнне бізнесу. Яны марылі адкрыць некалькі кропак грамадскага харчавання ў розных частках горада.
«Трэба было хутка рухацца і займаць месца, бо кафэ хуткага харчавання былі вельмі запатрабаваныя ў Гродне. Мы пачалі ставіць аб’екты ў горадзе, дзе можна было. Юра займаўся вагончыкамі, а я ўклаўся ў нерухомасць».
Наступныя стацыянарныя «Калабкі» адкрыліся ў парку Жылібера. Горад выставіў на аўкцыён будынак папулярнага ў мінулым кафэ «Бярозка», і кампаньёны яго купілі.
«„Бярозка“ пасля продажу была ў жаласным стане, мы ўсё там перараблялі. Спачатку працавалі ўдваіх з Юрыем. Зрабілі два аддзелы, як і ў першым кафэ на Пагранічнікаў. Але потым мы ўзялі яшчэ адно памяшканне на вуліцы Савецкай каля Моладзевага цэнтра „Гродна“ і вырашылі падзяліцца. У нас ужо былі свае інтарэсы. Я застаўся ў парку, а Юрый узяў кафэ на Савецкай».
Поспех і папулярнасць «Калабкоў» у Гродне Аляксандр звязвае з тым, што яны зрабілі ўсё своечасова. Пасля ўдалых трох гадоў працы ў Гродне кампаньёны вырашылі выходзіць на новы рынак. Яны перабраліся ў Мінск.
«На жаль, гэта быў няўдалы вопыт. Мы не разумелі тады, што такое вайна ў суседняй дзяржаве — Украіне. Гэта было пачатак 2014 года, неўзабаве узляцеў еўра. Відавочна, трэба было сябе стрымліваць, не трэба было рвацца. На піку ставак па арэндзе зайшлі ў сталіцу. Я арандаваў два памяшканні, купілі спецыяльны транспарт для работы і абсталяванне для кафэ. Шмат дроў наламалі і ў выніку адкрылі тры ўстановы ў Менску. А ў 2016 годзе ўсё добра скончылася».
Калі падскочыў еўра, Аляксандр з кампаньёнам прасілі мінскіх арэндадаўцаў пайсці на саступкі. Гродзенцы тлумачылі, што могуць зачыніцца, але іх пачулі толькі тады, калі яны вырашылі пакінуць бізнэс у сталіцы.
«Мы былі выматаныя, выціснутыя і нічога не хацелі. Вядома, быў крэдыт на кафэ ў Мінску, які вельмі моцна нас падбіў. За пяць гадоў ён высмактаў з нас вельмі шмат сродкаў. Ён заканчваўся ў лістападзе 2020 года і, каб яго закрыць, давялося ў выніку прадаць аўтамабіль. Там заставалася $ 15 000».
Аляксандр дадае, што бізнес у Мінску не атрымаўся яшчэ праз тое, што ён не змог стварыць там працоўны калектыў. Кажа, не знайшоў зацікаўленых і адказных людзей.
«Я браў там кіраўніка аб’екта тры разы і нічога не атрымлівалася. Кожны раз абсалютна незацікаўленыя людзі. Падбор персаналу — гэта заўсёды задача нумар адзін. Як толькі вы ставіце побач абыякавага чалавека, якому абыякава гэтая праца, вы адразу ж падаеце ўніз».
Пасля няўдалай спробы заваяваць Мінск пачаліся праблемы з «Калабкамі» ў Гродне. У 2017 годзе ў горадзе было чатыры кафэ хуткага харчавання гэтай сеткі, але з часам кампаньёны сталі закрываць установы. Апошнія «Калабкі» ў парку Жылібера зачыніліся ў лістападзе 2020 года.
«Я спакойна зараз развітаўся з усім гэтым бізнэсам. Ні аб чым не шкадую і адраджаць „Калабкі“ не планую. Не бачу сэнсу. На гэты рынак зайшло вельмі шмат сетак, з якімі сапраўды складана змагацца. Калі б не Менск, гэты кепскі досвед, то можа ў Гродна яшчэ папрацавалі б».
Чытайце таксама: Уходит эпоха. Вместо «Колобков» в Гродно появится кафе с выпечкой
Папрацаваўшы больш за 10 гадоў у грамадскім харчаванні ў Беларусі, Аляксандр лічыць, што заўсёды ў выйгрышы невялікія ўстановы, непадобныя на сеткавых, якія даюць унікальныя прадукты.
«Адназначна, гэта гамбургеры, калі яны згатаваныя з добрага мяса, сыр годны, булку калі самі зрабілі. У „Калабках“ фішкай былі бліны, якія ў горадзе ніхто не рабіў».
Аляксандр кажа, што ў 2020 годзе надышоў скаданы час для бізнеса ў Гродне. За апошні год горад страціў шмат кропак грамадскага харчавання. Многія не справіліся з абмежаваннямі, падаткамі і зачыніліся.
«На жаль, дзяржава не пайшла насустрач. Я лічу, што трэба было падтрымаць прыватны бізнес. І мы не казалі: „Дайце нам грошай“. Мы казалі, проста не забірайце цяпер падаткі, зрабіце падаткі як у іншых краінах, растэрміноўкі па плацяжах, і ўсё. Банкі практычна на саступкі не пайшлі, я не ведаю чаму. Усюды трэба было аддаваць крэдыты. А як іх аддаць, калі ў цябе няма продажаў? Вось і прыходзіцца потым прадаваць сваю маёмасць».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…