У мікрараёне Зарыца-1 можа з’явіцца фудтрак. Яго плануюць паставіць побач з крамай «Родны кут» на вуліцы Гожскай, 3. Пляцоўку плошчай 12 кв.м. выставілі на аўкцыён.

У Гродне можа з’явіцца яшчэ адзін фудтрак - гэтым разам на ўскраіне горада
Пляцоўка, на якой хочуць паставіць фудтрак. Крыніца: gcn.by

Аўкцыён на права арэнды пляцоўкі на тры гады адбудзецца 23 красавіка 2024 года ў будынку Гродзенскага гарвыканкама. Першапачатковая цана — 50 рублёў 76 капеек.

Пераможца аўкцыёну павінен будзе прадставіць эскіз знешняга выгляду фудтрака ва Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта. Побач нельга будзе ўсталёўваць тэнтавыя павільёны, размяшчаць лядоўню альбо рэкламныя штэндары, а таксама выкарыстоўваць рытуальную атрыбутыку пры дэкаратыўным афармленні фудтрака.

Цэны пляцовак пад фудтракі даходзілі да $ 6000

У красавіку 2019 года Гродзенскі гарвыканкам выставіў чатыры ўчасткі пад рухомы гандаль. Пляцоўкі размяшчаліся ў цэнтры горада. Права арэнды адной з іх — каля плошчы Савецкай — прадалі з аўкцыёна за 12 200 рублёў (на той момант — $ 6000). Там паставілі фудтрак-кавярню «Wake cup». Яна дагэтуль стаіць там жа, толькі ўжо пад назвай «Желтый».

Права арэнды іншай пляцоўкі - на платнай паркоўцы па вуліцы Віленскай — прадалі тады зf 4000 рублёў. На ёй размясціўся фудтрак «Пан Картофан».