Вярнуцца да вучобы, атрымаць міждысцыплінарную еўрапейскую адукацыю і прафесійныя перспектывы цалкам бясплатна — можна. Хоць у 2021 годзе Беларусь выйшла з Усходняга партнёрства, гэта было аднабаковае рашэньне. Напрыклад, стыпендыі Каледжа Еўропы ў Натоліне (Варшава, Польшча) і зараз даступныя для беларусаў.

Дзякуючы праграме EU4Youth студэнты могуць атрымаць у гэтым каледжы ступень магістра гуманітарных навук у галіне еўрапейскіх міждысцыплінарных даследаванняў. Выпускнікі каледжа з розных краін лічаць, што такая адукацыя дапаможа ім у развіцці сваіх родных краін. Пры гэтым стыпендыі ад праграмы EU4Youth цалкам пакрываюць плату за навучанне і пражыванне ў кампусе. Ёсць і іншыя стыпендыяльныя праграмы, даступныя беларусам.

«У Каледжы Еўропы ў Натоліне мы рыхтуем студэнтаў з краін Усходняга партнёрства думаць па-за дысцыплінарнымі межамі, па-за прадузятасцямі, заахвочваем іх пашыраць свае кантакты і глядзець больш шырока на Еўропу, ЕС, і міжнародныя адносіны ў цэлым», — распавёў Якуб Кубіца, кіраўнік праграм па камунікацыям і культуры Каледжа Еўропы ў Натоліне.

Праграмай скарысталіся 40 стыпендыятаў з краін Усходняга партнёрства.

Каледж Еўропы ў Натоліне дае еўрапейскую адукацыю для беларусаў. Туды можна паступіць і атрымаць стыпендыю.
Каледж Еўропы ў Натоліне. Фота: College of Europe

Вярнуцца да вучобы

«Для мяне было вельмі складана вярнуцца да вучобы, бо я атрымала дыплом 10 гадоў таму і мая папярэдняя адукацыя была звязана з зусім іншай сферай», — распавяла Аляксандра Лыса з Украіны, якая скончыла Каледж Еўропы ў гэтым годзе. Апошнюю вышэйшую адукацыю дзяўчына атрымала ў 2012 годзе і да падачы заяўкі на праграму будавала кар’еру ў грамадскіх арганізацыях і органах мясцовага самакіравання ў Вінніцы.

«Не бойцеся, хай няведанне французскай мовы (ці чагосьці яшчэ) не перашкодзіць вам падаць заяўку. Будзьце цікаўныя, выкарыстоўвайце магчымасць мець зносіны з людзьмі з розных краін і вучыць мовы», — раіць яна.

Каледж Еўропы ў Натоліне гэта магчымасць правесці год у добрай навучальнай установе са стыпендыяй.
Уручэнне дыпломаў у каледжы Еўропы ў Натоліне. Фота: College of Europe
Каледж Еўропы ў Натоліне
Каледж Еўропы ў Наталіне. Фота: College of Europe

Што з сябе ўяўляе праграма

Праграма навучання ў Каледжы Еўропы ў Натоліне EU4Youth — гэта 10-месячны паслядыпломны курс па еўрапейскіх міждысцыплінарных даследаваннях. На яго могуць падацца выпускнікі універсітэтаў са ступенню магістра або чатырохгадовай ступенню бакалаўра ўзростам ад 21 года да 35 гадоў.

Першы семестр праграмы дае студэнтам фундаментальнае разуменне працэсу еўрапейскай інтэграцыі. Другі - больш глыбокае ўяўленне пра адну з чатырох спецыялізацый на выбар: сувязі з грамадскасцю і палітыка ЕС; ЕС і свет; ЕС і суседнія краіны; еўрапейская гісторыя і цывілізацыя.

Заняткі ў каледжы - еўрапейская адукацыя для беларусаў.
Каледж Еўропы ў Натоліне. Фота: College of Europe

У вучобе асаблівая ўвага надаецца ўнутранай і знешняй палітыцы ЕС і канкрэтным тэматычным галінам, такім як міграцыя, лічбавы і энергетычны пераход, барацьба з дэзінфармацыяй.

У навучальным годзе праводзяцца дзве экзаменацыйныя сесіі, у кожнай — ад пяці да сямі экзаменаў. Веды ацэньваюць па французскай сістэме ад 0 да 20 балаў. Таксама балы ECTS налічваюцца за навучальныя паездкі.

У канцы студэнты павінны напісаць магістарскую дысертацыю. Па аб’ёме яна бліжэй да бакалаўрскай: у ёй павінна быць ад 12 000 да 18 000 слоў. Тэму варта выбіраць тую, у якой ужо арыентуецеся. Гэта дазволіць зэканоміць час на даследаванне чагосьці зусім новага.

У каледжы сустракаюцца студэнты з 30 краін

Ідэя праграмы — аб’яднаць людзей з самых розных галінаў. Гэта і міжнародныя адносіны, і права, і паліталогія, эканоміка, філалогія, гісторыя, журналістыка, нават медыцына ці біялогія. Удзельнікам павінна быць цікавая еўрапейская палітыка ў шырокім разуменні, функцыянаванне Еўрапейскага саюза, гісторыя і механізмы еўрапейскай інтэграцыі. Акадэмічная праграма адрозніваецца міждысцыплінарным падыходам і магчымасцю вучыцца ў экспертаў у гэтай галіне.

У каледжы выкладаюць навукоўцы і практыкі з усёй Еўропы і з-за яе межаў. Студэнты прыязджаюць прыкладна з 30 розных краін, а ў кампусе праводзяцца нацыянальныя дні, каб дапамагчы вучням пазнаёміцца з рознымі культурамі. Вучэбная праграма ўключае дзве азнаямленчыя паездкі ў ЕС і суседнія краіны.

Каледж Еўропы
Каледж Еўропы ў Натоліне. Фота: College of Europe

Адзін з найважнейшых кампанентаў праграмы — пастаянная камунікацыя з асобамі, якія прымаюць рашэнні ў дзяржаўным і прыватным сектары, прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, СМІ і навукоўцамі з універсітэтаў. Пазавучэбныя мерапрыемствы ў каледжы наведваюць кіраўнікі дзяржаў - як асабіста, так і па відэасувязі.

Як падаць заяўку

Кандыдаты павінны падаць афіцыйную анлайн-заяўку на паступленне. Важна выконваць моўныя патрабаванні каледжа. Працоўнымі мовамі з’яўляюцца англійская і французская. У кандыдатаў павінен быць мінімальны ўзровень B2 для адной працоўнай мовы і мінімум B1 для іншай.

Студэнты ўніверсітэтаў, якія пяройдуць на свой апошні курс навучання восенню 2023 года, могуць падаць заяўку на 2024/2025 навучальны год у каледжы Натоліна ўжо зараз. Заяўкі будуць прымаць з кастрычніка 2023 года да сярэдзіны студзеня 2024 года.

Ні для якіх краін няма асаблівых квот. Арганізатары заяўляюць, што імкнуцца максімальна разнастаіць студэнцкі склад.

свята ў каледжы еўропы
Свята ў Каледжы Еўропы ў Натоліне. Фота: College of Europe

А што пасля каледжа?

Па ўнутранай статыстыцы праграмы, 90% выпускнікоў знаходзяць сваю першую аплачваную стажыроўку або працу на працягу трох месяцаў пасля выпуску. У час навучання можна кансультавацца са спецыялістамі па пытаннях кар’еры. Праграма прапануе прафесійнае навучанне і дапамагае наладзіць кантакты з кампаніямі і дзяржустановамі, распавёў Якуб Кубіца. Еўрапейскі Каледж — вядомы брэнд у сферы, звязанай з ЕС.

Усяго за 30 гадоў існавання натолінскага кампуса тут вучылася амаль 340 студэнтаў з краін Усходняга партнёрства. У апошнія тры навучальныя гады яны змаглі скарыстацца стыпендыямі ў рамках праграмы «EU4Youth Phase III па працаўладкаванні і прадпрымальніцтву моладзі», якую сумесна фінансуюць ЕС і Міністэрства замежных спраў Літвы, і якая рэалізуецца Міністэрствам замежных спраў Літвы і ўкараняецца Літоўскім цэнтральным агенцтвам кіравання праектамі ў краінах Усходняга партнёрства (Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне).

Чытайце таксама: Рэпрэсіі ў ГрДУ пачаліся не ў 2020-м. На YouTube з’явілася відэа пра доўгую гісторыю пераследу ва ўніверсітэце