Як разгадаць “Код горада”? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Саша Енджыеўскі кажа ўзнёслыя словы, патрасаючы грывай. “Проста Ірына Сільвановіч” сыпле блёсткамі эмоцый. Наташа Наземцава нагадвае, што кніжкі таксама людзі. Руслан Кулевіч гатовы сарвацца з месца. Януш Паруліс упрыгожвае сабой прастору. Сяргей Курыла загадкава маўчыць і хаваецца ў цені  фотаздымкаў. У Гродзенскай выставачнай залі 15 мая адкрылі выставу “Код горада”.  У праеце – амаль 60 удзельнікаў. На вернісажы ўдалося схапіць за гузік і прыціснуць да сцяны пытаннем пра код толькі 10. Але і астатнім не раім расслабляцца. Мы за вамі сочым!

Код Кулевіча: Усё сваё заўжды з сабой

Першым у мітусні трэба лавіць Руслана, бо ён хутка ўцячэ. Ён заўсёды хутка ўцякае, бо навіны самі сябе не напішуць. Сёння ўпершыню бачыла, як Руслан з выбачэннямі і сыходзіў з працы а пятай: “Трэба штаны папрасаваць перад выставай”. Звычайна ён такі хлопец дзёрзкі, а тут на вернісажы кажа: “Не чакаў, што акажуся ў такой кампаніі, што паставілі ў адзін шэраг з грамадскімі дзеячамі, мастакамі і артыстамі”. Для Руслана ўсё было проста: Сяргей папрасіў – прыйдзі з любой кнігай. Руслан прыйшоў. Дакладней – прыехаў. На сваім ровары, са сваёй кнігай.

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

В Гродно открыли выставку «Код города». Там есть и Руслан Кулевич

Код Каляды: Зрабіць мары яваю

Не ведаю, як вы, а я неяк прапусціла, калі Юля з дзевачкі на ровары ператварылася у сур’ёзнага стратэга. Юля глядзіць на праблему і бачыць рашэнне. Прычым нейкім чынам робіць, каб астатнія паднялі попу ад канапы і пачалі рухацца ў накірунку да мэты. Што робіць стратэг Юля у адказ на запрашэнне сфатаграфавацца з кнігай? Думае. Аналізуе. Плануе.  “Я зразумела, што ўсе “гродзенскія” кнігі – пра мінулае. А я  – грамадскі дзеяч, я займаюся паляпшэннем цяперашняга і стварэннем будучыні. Таму мне хацелася сфатаграфавацца з кнігай пра дзень заўтрашні. Такой кнігі не было. Мы самі яе зрабілі  і назвалі “Гродна заўтра”.

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Юліна кніга, як і ўся выстава – чорна-белая. Чорныя літары на вокладцы, белыя старонкі ўнутры. Пакуль народ і бурбалкі шампана бурлілі на вернісажы, Юля падыходзіла да гасцей і прасіла напісаць пра свае ідэі для Гродна. “Мы не ведаем, якім будзе заўтрашні дзень, але гэта залежыць ад нас”.

Код Пятрова: Несці музыку

Музыкаў я трохі пабойваюся, бо ніколі не ведаю, чаго ад іх чакаць. Вось маэстро Пятроў. Прыстойны чалавек, а ускрывае душу скрыпічным ключом, нібы злодзей-медзвяжатнік сейф адмычкай. Чаму як злодзей? Бо заўжды нечакана. Проходзіш сабе такі на канц, “нічто не предвешчало”, а тут адкуль ні вазьміся – Аляксей. І ты ўжо плачаш.

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

А на выставе кажа, як па маслу: “Музыка – мой код. Я частка гэтага горада, яго культуры. Стараюся несці яе далей.”

Шаўковы шлях да музыкі. Піяніст з Гродна выкладае ў Кітаі, а кітайскія музыкі спяваюць “Купалінку”

Код Салаўёвых: Гродна дзень і ноч

Паша Салаўёў жыве ў Гродне. Дакладней – паміж “Зялёнкай” і Парыжам. Маленькім. Як у кніжцы на фота. “Мой складнік кода Гродна – архітэктура і музыка, ці проста – музыка гродзенскіх вуліц”.

“Гроб на колёсиках” прынёс гродзенскаму барду перамогу на “Віцебскім лістападзе”

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Таня заўжды з Пашам, толькі Паша расказвае пра дзень,  а Таня – пра ноч. Што не замінае ім разам выходзіць у горад у любы час дня і ночы. Таня кажа, што разгадаць код Гродна можна толькі ўначы. Пажадана – вярнуўшыся з далёкага падарожжа. Тады робяцца бачнымі незаўважныя ў дзённай мітусні дэталі і дробязі. ”Гэта бачна толькі ноччу, у асобым стане. Калі горад больш узвышаны, калі яго лягчэй адчуць і з ім суаднесціся”.

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Код Госцева: Ключ да кода  – краязнаўства

Калі б Алесь захацеў памясціць у кадр усе свае кніга пра Гродна, самому б не засталося месца. Такога фатограф не дапусціў. Таму Алесь сам пералічвае, што з яго кніжак засталося ў цені фотаздымка. Праз краязнаўства, мяркуе Госцеў і трэба “раскадзіраваць”  горад. “Краязнаўства – гэта вызначэнне генетычнага кода мясцовасці. Для мяне праект патрапіў у самую кропку.

Алесь Госцеў: “У 70 гадоў жыццё толькі пачынаецца!”

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Як гарадзенец па месцу і гарадзенец увогуле, я гляджу шырэй за межы горада. Краязнаўства – гэта спроба вызначыць закадзіраваны спектр Гарадзеншчыны і Панямоння”.

Код Паруліса: Найлепшы экспанат уласнага музея

“Мяне запрасілі, як музейнага працаўніка, каб упрыгожыць выставу. То я прыцягнуў з сабой “кансольку”, партрэт Элізы Ажэшкі арыгінальны і кніжак штук 40. А дома яшчэ 200 ёсць”. Як па праўдзе, думаю, што у Януша дома ёсць нават больш, чым ён падазравае. Па маім сціплым меркаванні, у закутках і каморках яго музейчыка схавана сама душа Гродна. Толькі знайсці там нешта – квэст не для слабакоў. Ды і не ставіць сабе Януш задачкі “вытрасці душу” з рэчаў. Назіраючы за ім, разумееш: у пошуках душы і кода горада галоўнае – атрымліваць асалоду ад працэса.

Януш і Яніна. Гродзенскі стыляга і паненка з вёскі Ягадка расказалі, як пражыць паўвеку ў згодзе

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Код Татарнікава: Гродна трымаецца малітвамі

Пастар Уладзімір расказвае, што Гродна для яго увесь час незвычайны і загадкавы. “Нам да канца не разгадаць яго код, закладзены багатай гісторыяй.” Сённяшнім жыхарам, яго меркаваннем, трэба імкнуцца захаваць горад і яго таямніцы для будучых пакаленняў. Канечне, каму, як не святару, узгадаць пра сакральную частку гарадскога  кода. Меркаваннем Татарнікава, Гродна не быў бы сабой без захаваных храмаў і без малітваў за яго.

Пастар Уладзімір Татарнікаў: “Замежнікі едуць да нас у кірху хрысціць дзяцей – гэта нармальна”

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Код Адасікаў: З усяго можна зрабіць замак

На фотаздымку сям’і Адасікаў –  замак з кніг. “Гэта наш працоўны матэрыял, мы працуем з імі, некаторыя па два-тры разы чыталі. Усе яны карысныя ў нашай нялёгкай справе.” Наконт архітэктурнай пабудовы з кніжак кажуць: “Ведаеце, мы замкі ўжо з усяго робім.” Код горада для Ігара і Ксеніі ў архітэктуры. А меркаваннем малодшага пакалення, Эміліі і Адэліны, раскусіць код Гродна не атрымаецца без наведвання кавярняў і цукерняў.

Замкі, мадэлі ваеннай тэхнікі і музычныя інструменты: Ігар Адасік і яго хобі  

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

Код Рыжага: Код у замку. Замак у Гродне

Да Сан Саныча ў выдавецтва добра заскочыць раніцай, перад працай, за новай кніжкай. Ці падбегчы на выставе, таксама за новай кніжкай. Увогуле, за новай кніжкай – гэта да Рыжага.  Сан Саныч выдае кніжкі пра Гродна і не толькі. Адна з апошніх кніг выдавецтва “Замак Берасцейскі”. Адна з мараў Рыжага – выдаць такую ж, толькі пра замак Гарадзенскі. “Усе упрымаюць Брэст, як Брэстскую крэпасць. Але  пад ёй ёсць Берасцейскі замак. Закапаны і забыты”. Код горада, паводле выдаўца, ў яго замках. Калі не самі замкі, то іх гісторыю, трэба раскапаць і ператварыць у кніжкі.

“Пасля зброі, наркотыкаў і прастытуцыі – самы прыбытковы бізнес”. Гродзенскі кнігавыдавец пра друкарскую справу з мясцовым каларытам

Як разгадаць "Код горада"? Расказваюць 10 герояў фотапраекта

-А можа сам бы такую кніжку напісаў? Быў бы твой “Замак Гарадзенскі”.

-Ага, як у анекдоце. Але Рыжы не пісьменнік. І нават не чытач. Рыжы выдавец.

***

Самым маўклівым удзельнікам імпрэзы заставаўся хіба фатограф, Сяргей Курыла. Напэўна,  калі б ён хацеў расказаць усё словамі, то гуляць у святло і цені не было б патрэбы і фота праект “Код горада” так бы і не з’явіўся.

 

 

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: