Не толькі аднаўляць строі і зброю, але і жыць у лесе як паўстанцы 1863-1864 гг. плануюць беларусы Беластока. Беларускі клуб гістарычнай рэканструкцыі стварае гродзенец пад псеўданімам В.Шэры. Чым яшчэ зоймуцца “паўстанцы”, ён расказаў Hrodna.life.

Паўстанне – тэма малавядомая, нават для свядомых беларусаў, якія ведаюць гісторыю, сцвярджае Шэры. “Я не з’яўляюся гісторыкам, я, хутчэй, аматар гісторыі. І разумею, што тых павярхнёвых звестак, якія ёсць у інтэрнэце і кнігах, не дастаткова. Мы амаль нічога не ведаем пра побыт паўстанцаў. Мы нічога не ведаем дакладна пра тактыку, пра ўзбраенне, пра перамяшчэнне”, – лічыць В.Шэры.
Ідэя з’явілася, як толькі патрапіў у асяроддзе беларусаў
Гістарычнай рэканструкцыяй гродзенец цікавіўся заўсёды. Ідэя стварыць клуб у Беластоку з’явілася ў яго, як толькі восенню 2022 ён патрапіў у асяроддзе беларусаў у Польшчы.
Тэма паўстання – лакуна ў беларускай свядомасці, лічыць Шэры. “Яна заўсёды была, проста мы не звярталі на яе ўвагу ў Беларусі, тым больш, што яна была пад негалоснай забаронай”.
Будуць жыць ва ўмовах паўстанцаў і ладзіць лясныя рэйды
У клубе гістарычнай рэканструкцыі ўдзельнікі будуць адпрацоўваць веды пра паўстанне на практыцы. У планах клуба: рэканструкцыя і пашыў паўстанцкіх строяў, стварэнне і наданне аўтэнтычнага выгляду зброі. Таксама плануюць вывучаць манэўры і рабіць рэканструкцыі баёў паўстанцаў.
“Будзем спрабаваць пажыць ва ўмовах, у якіх маглі жыць паўстанцы. Гэта кшталту лясных рэйдаў, нейкага паўстанцкага бушкрафту [веды і ўменні для жыцця ў дзікай мясцовасці – Hrodna.life]. Таму што паставіць той самы табар пасля пераходу – таксама мастацтва. А гэтыя ўсе моманты праходзяць міма тых, хто чуе пра паўстанне 1863 года”.

Запрашаюць не толькі мужчын
У баях удзельнічалі мужчыны, але Шэры не плануе ствараць чыста мужчынскі клуб. “Ёсць яшчэ глыбейшая тэма – жанчыны ў паўстанні, – кажа ён. – Гэта не будзе толькі плутон касінераў, якія будуць маршараваць, махаць косамі і шаблямі, страляць з пістоляў ці з рушніцаў. Гэта больш шчыльнае і дасканалае паглыбленне ў гісторыю. Гэта і ўдзел жанчын. Тых, хто падтрымліваў, і тых, хто змагаўся на ідэалагічным фронце паўстання, праз свой знешні выгляд і праз распаўсюд нейкіх наратываў. Усё гэта было і гэта трэба паказваць беларусам”.

Добры чыннік для камунікацыі з палякамі
“Польскі погляд на гісторыю паўстання ў асноўным абмяжоўваецца Польшчай. Але значная частка паўстання была на беларускіх землях з удзелам беларусаў”, – кажа В.Шэры. Таму клуб можа стаць добрым чыннікам для камунікацыі з палякамі, лічыць ён.
Першы сход клуба адбудзецца 17 чэрвеня 2023 года ў беларускім хабе “Новая зямля” на вуліцы Wyszyńskiego, 6A ў Беластоку. Зацікаўленых клубам пакуль каля 30 чалавек.
“Але зацікаўленыя гэта не значыць, што абавязкова далучацца. Я спадзяюся, што калі далучыцца чалавек 10-15 – гэта будзе бомба на старце. Але рэчаіснасць можа быць розная, таму я не будую нейкіх там ружовых мараў. Колькі збярэцца, столькі збярэцца, а далей мы ўжо будзем папулярызвацаь гэты напрамак і спрабаваць неяк у гэтым развівацца”.
Чытайце таксама:


