Панараму Гродна, гродзенскую «Эйфелеву вежу» і Фарны касцёл можна пабачыць на выставе ў Варшаве. А таксама — выяву Брэста, зробленую з натуры з гатэля ля польскага Цярэспаля, і Варшаву з балкона музыкі Алеся Дзянісава. У Варшаўскай акадэміі выяўленчага мастацтва 22 лістапада 2023 года адбылося адкрыццё выставы гродзенскага мастака Яраслава Кірвеля. Hrodna.life наведаў вернісаж і паразмаўляў з аўтарам мастацкіх твораў.
У Гродне Яраслаў вучыўся ў Гродзенскім каледжы мастацтваў. У лютым 2022 года ён з’ехаў з Беларусі, бо пераймаўся, што з пачаткам вайны Расіі супраць Украіны, у Беларусі могуць абвесціць мабілізацыю і ён патрапіць у войска. У Польшчы хлопец паступіў у Akademia Sztuk Pięknych w Warszawie (Варшаўская Акадэмія выяўленчана мастацтва).
На выставе Яраслаў выставіў творы, якія ён намаляваў за 2022−2023 гады. «У асноўным гэта працы, якія я зрабіў ад пачатку міграцыі да сённяшняга дня, па-за межамі вучобы», — сказаў мастак.
Гэта партрэты, частка пейзажаў, а таксама канцэртныя замалёўкі на вінілавых плытках, якія Яраслаў зрабіў падчас канцэртаў.
«Прафесар сам абіраў працы і месца, дзе іх павесіць, каб ўсё было прыгожа. Такім чынам атрымалася практычная лекцыя, як вешаць сваю выставу — такі элемент нейкага навучання».
Сярод пейзажаў на выставе ёсць выявы Гродна. «Вялікая карціна Гародні - два метры на 60 см. Яна дзесьці на тры чвэрці зробленая, але прафесар сказаў, што карціна на кожным сваім этапе мусіць выглядаць завершана. Нават калі для цябе яна не завершаная. На гэтым этапе яна завершаная», — тлумачыць Яраслаў. — Адна траціна — стары горад, дзве траціны — вялікая тэлевежа. Бо для мяне з дзяцінства гэта штосьці вялікае, такі іспалін, які заўсёды бачу. Мне заўжды было цікава на яе глядзець. Мне яна нагадвала Эйфелеву вежу".
Акрамя тэлевежы, ёсць выявы Фарнага касцёла. «Ёсць Фарны касцёл з тралейбусам, ёсць Фарны касцёл з танкам. Там амаль усё нерэалістычна. Бо яно, амаль, усё прапушчанае праз сваё бачанне, свой почырк. Хтосьці спрабуе рэалізм-рэалізм, але я не спрабую», — сказаў Яраслаў.
Сярод гарадоў, акрамя Гродна, ёсць панарамныя выявы Вільні і Варшавы. Вільню мастак намаляваў, бо яму гэты горад падабаецца архітэктурна, эстэтычна, і чымсьці нагадвае Гродна. Варшаву — бо Яраслаў жыве і вучыцца ў гэтым горадзе.
«Дарэчы, панараму Варшаўскую я намаляваў на балконе ў Алеся Дзянісава, калі быў у яго ў гасцях. Там быў маленькі балкончык, з якога адкрываецца добры від. І калі я прыйшоў першы раз у госці да яго, то ён мяне адразу паклікаў на балкон. Я, калі ўбачыў від, то адразу падумаў, што павінен гэта намаляваць», — распавёў Яраслаў.
Таксама сярод твораў ёсць панарама Беларусі, але мастак яе намаляваў, знаходзячыся ў Польшчы. Каб намаляваць гэты твор, Яраслаў паехаў у Церэспаль і з натуры маляваў Брэст, які знаходзіцца па іншы бок мяжы.
«Я паехаў у Цярэспаль, каб намаляваць Брэст. То бок, намаляваць Беларусь, не маючы магчымасці пабываць у Беларусі. Фізічна ты яе бачыш, але ў той жа час фізічна ты ў ёй не знаходзішся», — сказаў Яраслаў. — Месца знайшоў не ў самім Цярэспалі, бо там няма пагоркаў. Мясцовыя жыхары мне сказалі, што дзесьці за Цярэспалем, праз кіламетр, ёсць пагорак, з якога бачна Брэст. А побач з ім стаяў высокі чатырохпавярховы будынак мясцовай адміністрацыі. Я прыйшоў на рэсэпшн і сказаў, што хачу намаляваць Брэст з Цярэспаля. Яны мяне завялі да сакратара, якая завяла да кіраўніцы, і яны сказалі: «Ок, але мы праз 1,5 гадзіны зачыняемся». Я сказаў: «Добра». І за гэты час намаляваў Брэст".
Сам канцэпт канцэртных замалёвак Яраслаў прыдумаў, калі хадзіў на заняткі «Мова Нанова» у Гродне. Туды прыязджалі розныя музычныя госці: Ігар Варашкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч, Андрусь Такінданг.
«Я хацеў банальна ўзяць аўтограф, але проста аўтограф мне было нецікава браць, — распавёў мастак. Таму ён маляваў музыкаў падчас выступаў і прасіў паставіць аўтограф на яго працу. Калі Яраслаў з’ехаў у Польшчу, то працягнуў маляваць музыкаў.
Летам 2023 года мастак прыйшоў у госці да гродзенскага выканаўцы Максіма Скавінскага з гурта «Бредятина дятела». Той даў Яраславу некалькі вінілавых плытак. «І мне адразу прыйшоў канцэпт — маляваць музыкаў на плытках», — распавёў Яраслаў. — Я ўзяў у яго некалькі плытак. Першы гурт, які я намаляваў - РСП (Разбітае сэрца пацана), на наступны дзень выступала «Петля Пристрастия».
Плыткі займаюць адну сцену і «яны як хмары вісяць раскіданыя». Сярод іх выявы беларускіх гуртоў - Dzieciuki, J:Морс, Soż, Дай Дорогу, Volski. Таксама ёсць асобныя выканаўцы: Андрусь Такінданг, Святлана Бень, Аляксандр Памідораў.
Сярод партрэтаў, якія мастак маляваў, выстаўлены выявы Алеся Дзянісава, Максіма Жбанкова, Святланы Ціханоўскай, Зянона Пазняка, Аляксандры Ханевіч, Івана Марозькі, Ігара Банцэра, Паліны Рэспублікі, Кацярыны Ваданосавай.
«Я не планаваў гэтую выставу, яна атрымалася вельмі спантанна. На першым курсе ўсе вучацца ў адной групе, а на другім курсе усіх размяркоўваюць да прафесараў. Ты сам абіраеш прафесара, а той ужо кажа, прымае ў сваю майстэрню ці не», — сказаў Яраслаў Кірвель. — Мой прафесар мае хваробу на ногі, таму ён перасоўваецца на вазку і з’яўляецца раз-два на месяц. З-за гэтага, на першую сустрэчу з прафесарам трэба было прынесці свае працы па жывапісу і малюнкі, каб ён меў уяўленне, як я малюю".
Чытаце таксама: «Гэтая несправядлівая сітуацыя прымусіла мяне маляваць». Мастак з Гродна, — аб пратэстных паштоўках і партрэце Ціханоўскай
Калі прафесар — Анджэй Рысінскі - паглядзеў працы Яраслава, то сказаў, што «pan ma wolne ręke (У пана вольная рука)» [выраз, які азначае, што мастак не скаваны ў нейкіх рамках і бачна, што твор намаляваны лёгка, а не праз боль і скрэжат зубоў - Hrodna.life]. Таксама прафесар спытаў, ці выстаўляў хлопец ужо свае працы, ці шмат у мастака твораў і ці хопіць іх на калідор?
Анджэй Рысінскі — прафесар Варшаўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва. Вучыўся на факультэце жывапісу ў Варшаве з 1984 па 1989 год. Атрымаў дыплом у майстэрні прафесара Тадэвуша Дамініка. Займаецца жывапісам, маляваннем і графікай. У сваёй творчасці выкарыстоўвае багацце арнаменту розных культур, у тым ліку польскага народнага мастацтва, знаходзячы ў ім першапачатковыя значэнні. Стварае вобразы, накіраваныя на абстракцыю. Аўтар больш за дзясятак персанальных выстаў. Прыняў удзел у больш чым 20 групавых выставах польскіх, нямецкіх, беларускіх, расійскіх, французскіх, літоўскіх і славацкіх.
«То мы можам адразу, напачатку навучальнага году, арганізаваць выставу. Каб усіх уразіць. Ты павінен на наступным тыдні прывезці ўсе свае працы», — пераказаў словы прафесара Яраслаў Кірвель.
«Асістэнты [памочнікі прафесара — Hrodna.life] мне сказалі: «Хлопец, табе вельмі пашанцавала. Ён [прафесар — Hrodna.life] такія выставы робіць вельмі рэдка», — сказаў Яраслаў.
Выстава называецца Kirvelizm. Назву мастак прыдумаў хутка. «Мне за адзін дзень трэба было прыдумаць назву. Мне прыйшло „Кірвелізм“ — па прыколу. Прафесар сказаў: „Чаму не“. Назва гучыць „сціпла“», — сказаў Яраслаў.
Выстава будзе працаваць да 15 снежня 2023 года. Яе можна ўбачыць ў Варшаўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва на Krakowskie Przedmieście, 5, акрамя суботы-нядзелі і святочных дзён.
Чытайце таксама: У Гродне з’явіліся паштоўкі салідарнасці. На іх намаляваны палітзняволеныя
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…