На трэці дзень фестывалю нямога кіно і жывой музыкі гродзенцы паглядзелі тры кароткаметражныя фільмы. Надвор’е было зноў ясным, кава цёплай. Апошні фільм скончыўся хэпі-эндам, пакінуўшы радасць за герояў і думкі пра свет, дзе ўсё проста і любыя перашкоды пераадольваюцца.
9 ліпеня паказалі фільмы “Паліцэйскія” Эдварда Ф.Клайна і Бастэра Кітана (1922), “Напад” Эрнэ Метцнера (1928) і “На галавакружнай вышыні” Хэла Роўча (1920). Агучвалі іх піяністка Вольга Падгайская, віяланчалістка Ілона Лесь, скрыпачка Анастасія Карпенка і Максім Круглы за электронікай.
За першыя два дні фестывалю гродзенцы паспелі паглядзець амерыканскую камедыю “Параходны Біл-малодшы” і польскую меладраму “Людзі без заўтра”. На трэці дзень гледачоў было так шмат, што супрацоўнікі Музея гісторыі рэлігіі мусілі выносіць на вуліцу дадатковыя крэслы.

Мы спыталі ў гродзенцаў, за што яны любяць “Кінемо”.
– У мінулым годзе я пазнаёмілася з “Кінемо” ў Мінску і не ведала, што ён будзе ў Гродне. Вельмі пракайфавала ад таго, што такое цудоўнае мерапрыемства ў такім цудоўным месцы будзе праходзіць, – кажа Анастасія Роўба,арганізатарка Біг-Міні-Фестывалю вулічных мастацтваў. – На мой погляд, гэта вельмі патрэбнае і важнае мерапрыемства для Гродна. Радуе, што яго наведала шмат людзей. Зараз час адпачынкаў, і “Кінемо” – цудоўны спосаб яго правесці.
– Мне вельмі падабаецца атмасфера сённяшняга вечара, як і кожны раз, калі праходзіць “Кінемо”, – кажа гродзенка Ганна. – Падабаецца, што я магу тут сустрэць знаёмых. Тры гады запар хаджу сюды з вялікім задавальненнем. Гродна змяняецца, становіцца іншым – еўрапейскім. Асабліва гэты дворык – у мяне наогул з ім звязаны моцныя эмоцыі. Ёсць у ім нейкая энергетыка.

– А дзе яшчэ ёсць магчымасць паглядзець нямое кіно з жывымі музыкамі? Першы раз я прыйшоў дзеля цікавасці – даведацца, што такое нямое кіно. З тых часоў наведваю фестываль кожны год, – кажа Лявон. – Найбольш цікавыя амерыканскія камедыі – кожны год у праграме ёсць фільмы з Бастарам Кітанам. Меладрамы ў памяць не запалі. Памятаю жахі – усе смяяліся з фільму 1921-га году, таму што атмасфера ў гэтых фільмах жахаў зусім інакш успрымаецца, чым у сённяшніх. Надвор’е толькі не кожны год радуе. Адзіны мінус, што нікуды не схавацца, затое свежае паветра.




