Увечары 8 ліпеня ў горадзе ішоў дождж і фестываль Кінемо. Я таксама ішла на сустрэчу з кіно і злавалася на дождж, які ў нашай кампаніі відавочна выглядаў трэцім лішнім. На сябе таксама злавалася — за сваю нелюбоў да парасонаў (парасонікаў, парасонішчаў). Калі мы — я, дождж і фестываль — нарэшце сышліся ва ўмоўленым месцы, у дворыку музея гісторыі рэлігіі, аказалася, што адзінота нам не пагражае. Я ўзрадавалася, убачыўшы, што прыйшло шмат людзей. Не важна, што яны мокрыя і хаваюцца пад парасонамі, курткамі і пакетамі.

А музыкі ўжо наладжвалі апаратуру…

З парасонам ці без? Як пайсці на Кінемо, прамокнуць дашчэнту і палюбіць Гродна

Парасон, парасонік, парасонішча

…Сёння ён быў бы жаданей за ўсё. Хоць звычайна нашы адносіны нельга назваць цёплымі. Я проста ненавіджу парасоны. І не толькі ўласны, але і парасоны іншых таксама недалюбліваю, нават пабойваюся. Па-мойму, гэта досыць небяспечны прадмет. Калі побач праходзіць рука з парасонам, мне заўсёды ўяўляецца, як спіца рэжа вока. Жудасць. Але менавіта сёння ён быў ледзь не жыццёва неабходны.

З парасонам ці без? Як пайсці на Кінемо, прамокнуць дашчэнту і палюбіць Гродна
Вось як усё было. Пераблытаўшы гадзіны, я выбралася з дому на Кінемо задоўга да пачатку фільма. Неба толькі пачынала зацягваць, усё яшчэ сляпіла сонца. З-за нелюбові да парасонаў і нежадання несці верхнюю вопратку ў руках, я апранулая лёгка. Вецер прыемна церабіў кашулю — я ішла да прыпынку.

Усё роўна рабіць няма чаго

Капаць пачало, як толькі я выйшла з тралейбуса. Не ведаючы, што наогул рабіць яшчэ тры гадзіны, звярнула ў нейкія двары. Яны не перастаюць здзіўляць сваімі недарэчным рамонтам, спалучэннем неспалучальных матэрыялаў і абшарпанасцю. Не памятаю, на якой вуліцы я доўга стаяла пад аркай — рабіць усё роўна не было чаго. Потым рушыла далей — выйшла на Савецкую плошчу, правяла гадзіну ў касцёле на горцы.

Дождж нястомна навязваў мне ўсё больш блізкія стасункі. Цяжкія кроплі плямамі заставаліся на маіх светлых штанах. Каб пазбавіцца ад яго, збегла ў кафэ «Werden» праз дарогу. Два кубкі капучына разбавілі яшчэ гадзіну суботняга вечара. Слухайце, а не-папяровыя ручнікі - гэта нармальна для Гродна? Выдатна.

З парасонам ці без? Як пайсці на Кінемо, прамокнуць дашчэнту і палюбіць Гродна

Махровыя ручнікі ў жаночым пакоі кавярні, у адрозненні ад архітэктуры мокрых і халодных задворкаў, мяне ўзрадавалі. Увогуле, калі не прыдзірацца моцна (што пластмасавыя трубачкі не спалучаюцца з шыкоўнымі кубкамі-слоікамі са шкла, або, што да той філіжанкі, у якой мне падалі капучына, падыдзе больш круглявая лыжка), калі ўсё гэта прапусціць, то падвальчык мне спадабаўся.

Гадзіна з відам на лужыны

Дождж настойліва чакаў мяне за дзвярыма, пакідаючы толькі рашэнне, як лепш прамокнуць: па дарозе да тралейбуса, у баязлівых уцёках дадому ці на гераічным шляху да фестывальнага кінапаказу. Вярнуцца за столік да яшчэ аднаго кубка цёплага напою я не магла: грошы, здаецца, ужо скончыліся. Ды і не да гэтага было: хутка пачатак сеанса.

З парасонам ці без? Як пайсці на Кінемо, прамокнуць дашчэнту і палюбіць Гродна
Не памятаю, як я вырашылася рушыць, але ўжо праз некалькі крокаў у бок музея павярнула за вугал і апынулася на лесвіцы бара «Магнолія». Я правяла тут яшчэ гадзіну, спадзяючыся, што дождж перастане, ці я дастану які-небудзь парасон. За гадзіну пад дахам з відам на лужыны, залеву і ваду, што сцякае з дахаў, думка пра парасон стала ідэяй фікс. Я чакала. Побач шмат палілі. Кантрасна там: людзі, што запаўнялі прыступкі бара «Магнолія», моцна адрозніваліся ад «падвальнай» публікі Вердена.

Па плошчы праходзілі, прабягалі, праязджалі. Хто з парасонамі, хто на машыне, хто ў башлыку, хто без нічога. А хто міліцыя — у доўгіх чорных плашчах. Усюды вада, лужыны і дождж.
Я чакала, таму што парачкі, што праходзілі па плошчы ў бок музея, не былі сумныя. І дачакалася. Мне паабяцалі прывезці парасон да музея.

Меладрама пад дажджом

Раздзеўшы фотаапарат і надзеўшы шапку на галаву, я выйшла пад дождж. Аказалася — ісці было недалёка. Фільм пачаўся. Парасон са мной. Сёння вечарам у нас з ім перамір'е. На што толькі не пойдзеш дзеля выратавання фотакамеры.

З парасонам ці без? Як пайсці на Кінемо, прамокнуць дашчэнту і палюбіць Гродна
Гродзенцы глядзелі фільм, а я праз мокры відашукальнік камеры глядзела на гродзенцаў. Ішла польская меладрама, і яна вельмі пасавала да гэтага месца і настрою. Праўда, пачатак сюжэту прайшоў міма свядомасці - я фатаграфавала і захапілася — гродзенцы вельмі сімпатычныя людзі.

Мокра, холадна і добра

Музыку нічога не перашкаджала слухаць, яна была надзвычай прыгожай. Месца хапала, я танчыла, людзей было няшмат. Ці - шмат? З-за надвор’я маглі б увогуле не прыйсці.

Было цудоўна: гледачы былі, музыка была і кіно паказвалі. Электронная музыка, па-мойму, выдатна спалучаецца з жоўтым малюнкам даўняга кінафільма. Я змагла ацаніць гэта толькі падчас чацвёртага акту. Пад канец дождж, што нібы спыніўся, забарабаніў з новай сілай. Гук дажджу і музыка, якая ў фінале загучала больш гучна і напружана, выдатна спалучаліся і складаліся ў арганічную карціну.

З парасонам ці без? Як пайсці на Кінемо, прамокнуць дашчэнту і палюбіць Гродна

Зараз думаю: было мокра, холадна, а ўсё адно добра. Дабралася дадому я на апошнім тралейбусе. Парасон высах і чакае свайго гаспадара. Ці сустрэнемся яшчэ? Думаю так. Але свой заводзіць пакуль не збіраюся. Няма мне ў Гродне часу парасоны прыручаць.