Чытачом-тэсціроўшчыкам нашай старонкі на мінулым тыдні, з 20 да 26 сакавіка, быў бард і актор Віктар Шалкевіч. Яго водгук атрымаўся такім эмацыйным, і такім “гродзенскім”, што размесцім яго тут цалкам. І, канечне, падумаем над яго прапановамі. Бо тычацца яны не толькі працы ці зручнасці сайта, але і значна больш глыбокіх рэчаў.

Малайцы! Гэтым словам магу ахарактэрызаваць вашую працу! Малайцы ўсе без выключэння, не хачу праходжвацца па асобах, бо тады будзе як у дрэнным спектаклі – гэты акцёр граў добра, а гэты – крышку горш.

Сабраліся пад адной стрэхай маладыя і амбітныя журналісты – цяпер трэба сур’ёзна падумаць, як іх пад гэтай стрэхай утрымаць і чым? Быў ужо такі прыклад у гісторыі гарадзенскай журналістыкі, калі Мікола Маркевіч сабраў у “Пагоні” проста патрэсных майстроў друкаванага слова, і газета пару год трымалася на высокім узроўні, проста потым, на жаль, па розных прычынах яны разляцеліся, а шкада…

Чытайце яшчэ:  25.ІІІ.1992. 25 гадоў таму выйшаў «нулявы» нумар «Пагоні»

Кожны сродак масавай інфармацыі павінен выконваць тры функціі – люстэрка, павелічальнага шкла і magic mirror, “чароўнага люстэрка”. Калі гаварыць пра люстэрка – ваш партал адбівае ўсё, што адбываецца ў горадзе. Чытаючы Hrodna.life і параўноўваючы з… некаторымі іншымі гарадскімі сайтамі, адзначу, што выданне несумненна робіць уражанне цэласнага і неслабога.

Наконт “павелічальнага шкла”:  тут – дзякуй рэдактару!  Навіны падаюцца граматна і паслядоўна. Відаць, што вы людзі незалежныя, то можаце акцэнтаваць тое, што важна.

Што да magiс mirror, то медыя павінны яшчэ і выхоўваць народ. Бо ўсе зараз такія жоўтыя сталі, аж страшна проста, братцы мае. А дзе нейкія такія развагі аб будучыні нашай бацькаўшчыны? Дзе дарожкі ў гэта? Здаецца, што вось такога нестае, што варта шукаць аўтараў, здольных пра гэта пісаць і  над гэтым працаваць.

Не забывайцеся, калі ласка, і пра тых шматлікіх гарадзенцаў, якія па розных прычынах мусілі выехаць адсюль  даўно і нядаўна. Пішыце таксама пра іх і для іх. Яны, жывучы Там, вельмі цікавяцца, што адбываецца Тут…

А так – мне сапраўды падабаецца ўсё. Асабліва – артыкулы пра мінулае – гэта ж трэба такое знайсці!

Чытайце яшчэ:  Два героі аднаго рамана: як гродзенцы патрапілі ў “Цусіму”, якую самі так і не прачыталі

Традыцыйна жадаю стаячага пяра, нясохнучага атраманту, катаклізмаў, пратэстаў народных масаў, землятрусаў і выхаду Нёмана з берагоў – каб было пра што пісаць!