Гарадзенскі музыка Аляксандр Зімін хоча пазнаёміць гарадзенцаў з цiкавым iнструментам. Хэндпан — перкусійны інструмент, які пакуль не вельмі распаўсюджаны ў Беларусi. Першае знаёмства з ім прайшло 1 кастрычніка ў антыкафэ «Партал».
— Хэндпан — інструмент-містыка, узвышанасць, нерэальнасць, адрыў ад усяго свету, — кажа Аляксандр. — Для Гродна гэта інструмент-дзівоцтва, а мне хацелася даць гараджанам нешта новенькае, цікавае.
Ён лічыць, што інструмент мае медытатыўныя і лекавыя свойствы. Яго ўрач пацвяджае, што за два месяцы гры на хэндпане ў Аляксандра палепшылася дробная маторыка.
Інструмент вынайшлі ў Швейцарыі ў 2000 годзе на аснове вывучэння разнастайных перкусійных інструментаў. Ён складаецца з дзвюх выгнутых пласцін з магчымасцю настройкі пад пэўны музычны строй. У свеце ён асацыюецца з лятаючай талеркай і касмічным гукам.
Вытворчасць інструмента не масавая, а практычна індывідуальная. Аляксандр мае інструмет маскоўскага вытворцы «Overtone». Ужываны хэндпан каштаваў 1350 даляраў. Новыя, сярэдняй цэнавай катэгорыі, абыдуцца ў 2000 даляраў і вышэй.
— Кошт інструмента — адна з прычын яго экзатычнасці ў нас. У свеце прыкладна 70−80 вытворцаў і думаю, у бліжэйшы час не будзе перадумоў для адчувальнага зніжэння цаны, — кажа Аляксандр.
Кошт залежыць ад вытворцы, колькасці нот (ад 7 да 10), матэрыялу, ступені абароны ад карозіі і іншага. Хэндпан трэба настройваць ў сярэднім раз на пару гадоў. Для гэтага трэба ехаць да вытворцы.
У Беларусі вытворца хэндпанаў і школа хангу ёсць у Мінску. У сталіцы таксама праводзяцца музычна-турыстычныя мерапрыемствы. Напрыклад, сплавы на байдарцы пад музыку хэндпана. У Гродне ён сустракаецца вельмi рэдка, таму Аляксандр плануе зарабляць на інструменце.
— Спосабы заробку з хэндпанам ва ўсім свеце розныя. Можна граць на вуліцах, у чайных, у ёга-клубах, на вечарынках, рабіць свае праекты. Я гляджу на Расію: у Маскве і Піцеры магчымасці вулічнай і клубнай музыкі непараўнальныя з Гродна. Музыка і выкладчык маскоўскай школы хэндпана Аляксей Шапавалаў (Kseno), у якога я набываў свой апарат, казаў, што граючы на вуліцы ў Піцеры можна за пару месяцаў адбіць кошт інструмента. У нас гэта нерэальна, як мне здаецца.
Навучыцца граць на хангу можна за два-тры месяцы. Аляксандр лічыць, што ў ігры на ім галоўнае не музычная адукацыя, а пачуццё музыкі.
Хэндпан набірае папулярнасць ва ўсім свеце. Адмыслова для інструмента ствараюцца музычныя творы. У пазамінулым годзе Дзідюля выкарыстоўваў ханг для нумару на адборачны тур «Еўрабачання». Шмат музыкантаў працуе з хангам, дапаўняючы яго гучанне флейтай, арфай, бубнамі. Аляксандр таксама хоча знайсці сабе напарніцу з флейтай.