Гродзенская студыя распрацоўкі настольных гульняў «Кубік» сумесна з кампаніяй ОZ. by выпусціла чарговую калоду ігральных карт. Яны зноў прысвечаны Вялікаму Княству Літоўскаму.

Альгерд, Казімір Ягелончык, Соф’я Гальшанская. Гродзенскі “Кубік” выпусціў новую “гістарычную” калоду карт
Другая частка ігральных карт ВКЛ. Крыніца: oz. by

«Калі мы выпусцілі першую калоду [карт — заўв. Hrodna.life] ВКЛ, убачылі яе папулярнасць. Яна вельмі добра прадавалася, стала папулярнай і паўплывала на думку, што трэба працягваць выданне ігральных карт. Было шмат каментароў, чаму той ці іншы князь не патрапіў у калоду», — распавёў Hrodna.life адзін са стваральнікаў карт Антон Янкоўскі.

На картах у ролі каралёў, дамаў і вальтоў - 12 гістарычных постацей часоў ВКЛ. Сярод іх князі і князёўны, асветнікі, ваяры: Альгерд, Казімір Ягелончык, Мікола Гусоўскі, Соф’я Гальшанская і іншыя. У брашуры ўнутры калоды ёсць кароткае апісанне кожнага персанажа.

Серыя аформлена ў адным стылі

Адваротны бок картаў выкананы ў адным стылі з папярэдняй калодай. Яе выпусцілі ў кастрычніку 2021 года. Гэта дазволіць аб’яднаць калоды і скласці сваю з любімымі постацямі.

«Ужо ў пачатку зімы мы абмяркоўвалі, што трэба працягваць. У канцы лютага ўсё было гатова. Трэба было толькі запусціць у друк», — сказаў Антон пра серыю «Беларускія гістарычныя ігральныя карты».

Цана за адну калоду ў краме OZ. by - 11,90 рублёў. Карты падаражэлі, у параўнанні з мінулым годам, бо ў Беларусі моцна выраслі кошты якаснага друку і якаснай паперы.

Раней ужо былі гістарычныя карты — і не толькі пра дзеячоў ВКЛ

У 2017 годзе выйшлі «Карты Лапіных» — адноўленая калода гродзенскай фарыкі ігральных карт 1930-х гадоў. Таксама студыя распрацоўвала калоду з выявамі ўладальнікаў Мірскага замка і сувенірную калоду для завода «Кристал», у будынку яго калісці выпускалі карты.

Альгерд, Казімір Ягелончык, Соф’я Гальшанская. Гродзенскі “Кубік” выпусціў новую “гістарычную” калоду карт
Карты Лапіных. Фота: Hrodna. life

«Мы бачым, што ёсць вялікая цікаваць да ігральных карт. Менавіта з гістарычным напаўненнем. Яны добра прадаюцца, маюць добрыя водгукі. Я думаю, мы працягнем выдаваць ігральныя карты. Восенню выйдзе новая калода, але з чым яна будзе звязана — сакрэт», — сказаў Антон.

Чаму абралі перыяд ВКЛ

«ВКЛ гэта вялікая і цікавая веха ў гісторыі Беларусі. Гэта перыяд росквіту беларускіх земляў, перыяд калі былі князі, рыцары, княгіні і каралеўны. Гэта якраз тое, з чаго складаюцца ігральныя карты: дама, валет, кароль. ВКЛ гэта быў лагічны выбар, пра які думалі даўно, яшчэ ад часоў карт Лапіных» — распавёў Антон.

Альгерд, Казімір Ягелончык, Соф’я Гальшанская. Гродзенскі “Кубік” выпусціў новую “гістарычную” калоду карт
Другая частка ігральных карт ВКЛ. Крыніца: oz. by

«Закрыўшы краму, пачалі больш актыўна працаваць над праектамі»

«Закрыўшы краму „Кубік“, мы больш актыўна пачалі працаваць над праектамі з OZ.by. Зараз распрацоўваем каля пяці праектаў. А таксама праект для рускага выдавецтва», — сказаў Антон.

Ён мяркуе, што ў гэтым ці наступным годзе яны выпусцяць цікавыя настолкі: як на беларускай, так і на рускай мовах. Якія гэта будуць настолькі Антон пакуль не раскрывае.

«Мы паставілі мэту — развіваць настольную індустрыю ў Беларусі. Папулярызаваць настолкі не толькі праз адметнае і гістарычнае, а зрабіць цягам двух год некалькі цікавых праектаў. Яны будуць паказваць культуру Беларусі з пасылам, каб гэтыя праекты былі цікавыя і расійскаму, і еўрапейскаму грамадству», — сказаў Антон.

Чытайце таксама: