«Кароль Леў» 2019: тэхналогій дадалі, пра магію кіно забыліся

«Дамба» і «Аладзін», а раней «Кніга джунгляў» і «Прыгажуня і пачвара». Гэта ўжо назвы не толькі анімацыйных фільмаў, якія пакінулі след у гісторыі кінематографа. Зараз гэта яшчэ і сучасныя перазапускі без змены сцэнарыяў, але з ужываннем апошніх дасягненняў камп’ютарных тэхналогій.

www.youtube.com/watch?v=7TavVZMewpY

Толькі ці ёсць у іх магія кіно або карпарацыя «The Walt Disney Company» вяртаецца да сваіх прызнаных шэдэўраў дзеля каласальнага заробку?

«Кніга джунгляў» удалася, а «Кароль Леў» пакінуў пытанні

Дыснэеўскія прадзюсары даверылі стварэнне чарговага «мульцяшнага» рымейку праверанаму байцу рэжысёрскага цэха Джону Фаўра. Маючы пазітыўны паслужны спіс, пастаноўшчык раней парадаваў студыю і гледачоў пераздымкай менш раскручанай «Кнігі джунгляў» (2017). Ужо там рэжысёр паспяхова апрабаваў камп’ютарныя трансфармацыі анімацыйных персанажаў Кіплінга ў рэалістычных прадстаўнікоў індыйскай фауны. І калі «вярнуўшыяся з нябыту» прыгоды Маўглі пакінулі прыемнае ўражанне, то новы досвед пераасэнсавання «Караля Льва» пакідае больш пытанняў, чым станоўчых адказаў.

Сучасную інтэрпрэтацыю прыгод Сімбы не памянялі ні ў чым. Той жа сюжэт, які быў 25 гадоў таму, тая ж гамлетаўская трагедыя на прасторах афрыканскай саваны. Было вырашана не замарочвацца і расказаць зноў гісторыю, якая абавязкова выцісне слёзы бацькоў, якія глядзелі гэты мультфільм у далёкім дзяцінстве, і іх дзяцей, якія, магчыма, пра яго штосьці чулі.

Спачатку паглядзіце арыгінал

Не раіў бы глядзець фільм нікому, хто не знаёмы з арыгіналам. Таму што ў гэтым камп’ютарным фільме спрэс адсутнічаюць тыя таемныя інгрэдыенты, што ператвараюць «шэкспіраўскую драму з ільвамі» ў сапраўдную чароўную казку; таму што майстры па камп’ютарных эфектах змянілі мілыя і кранальныя моманты ў звычайны аналаг перадачы «У свеце жывёл».

Спецэфекты падарылі фільму маштабную фотарэалістычнасць, але загубілі магічную праўдападобнасць. Персанажы на буйных планах атрымаліся як праўдзівыя асобіны жывёльнага свету, але калі камера набліжалася да іх мордачак, адразу выяўляўся ключавой мінус фільма: адсутнасць мімікі. Менавіта яна гуляе ключавую ролю ў адлюстраванні эмоцый. Магчыма, гэта было галоўнай «зброяй» анімацыі 1994 года, якая ўразіла мільёны сэрцаў. Злёгку прыадчыненыя пысы падчас дыялогаў і зярністыя ад вільгаці вочы не дапамагаюць успрымаць трагізм таго, што адбываецца.

Рэалістычнасць выклікае пытанні

Дзякуючы фантастычнай рэалістычнасці фільм дадае толькі больш пытанняў. Калі стваральнікі так спрабуюць дамагчыся падабенства да рэальнага свету, то як Сімба на адных лічынках насякомых змог ператварыцца ў такога моцнага і прыгожага льва? Вы баяліся узроставых абмежаванняў альбо паламаць дзіцячую псіхіку, пазбавіўшы персанажаў відавочных палавых прыкмет падчас пагоні за якасцю карцінкі? Затое Пумба, як сапраўдны барадавачнік, выглядае страшнавата для дзіцячага кіно.

Гэтыя (і не толькі) пытанні ніколі б не паўсталі пры праглядзе «Караля льва» 1994 года, бо анімацыя згладжвала пэўныя моманты, а іншыя выключала. Бо «мульцікі» не абавязаныя быць гіперрэалістычнымі.

Пшык, а не злодзей

Фільм месцамі чапляе характарамі персанажаў. Гіены верныя сабе, разумеюць хто яны, і ў іх прысутнічае дынаміка асобы. Герой Муфасы больш нагадаў пра сувязі фільма са сваім арыгіналам — з ім звязаны найбольш кранальныя моманты.

А вось Шнар быў толькі бляклай копіяй самога сябе: не страшным, маральна знішчаным ад пачатку. Шнар мульцяшны дзівіў сваёй хітрасцю і схаваным падступствам. Тут атрымаўся пшык, а не злыдзень.

Асабліва фільму дапамагае музыка Ханса Цымера — аднаго з нешматлікіх, якога вярнулі праз 25 гадоў для стварэння рымейку.


«Кароль Леў» 2019 году — раскошная дэманстрацыя тэхнічных магчымасцяў, але гэта не дапамагло ўдыхнуць у старую гісторыю магію кіно.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025