Леакадзіі Узнаньскай 94 гады, але ўсе называюць яе нібы дзяўчынку – паменшаным імём Лёдзя. Яна жыве ў Слупску, на польскім Памор’і. Журналіст Hrodna.life пазнаёміўся з ёй у час экспедыцыі ў пошуках сталых гродзенцаў, якія пасля Другой сусветнай з’ехалі за мяжу. Яе гісторыя увойдзе ў другую кнігу ўспамінаў, выхад якой запланаваны на канец года.

Лёдзя Станіславаўна Узнаньска (Сікорска) нарадзілася ў 1925 годзе ў Сувалках. У 1932 годзе пераехала з бацькамі ў Гродна. Каталічка. Спачатку жыла на Падольнай паміж могілкамі. Падчас нямецкай акупацыі перасялілася на Ажэшкі, а пасля замужжа на Замкавую. У 1945 годзе пані Лёдзя з сям’ёй пакінула Гродна.

Лазілі праз плот, каб паглядзець фільмы з Чаплінам

«У Гродна мы пераехалі, калі мне было 7 гадоў. Жылі на вуліцы Падольнай, паміж каталіцкай і праваслаўнай часткамі [могілак]. Бацька быў сталяром. Працаваў сам на сябе – рабіў мэблю, рэстаўраваў фартэпіяна і іншае. Ён быў на 25 гадоў старэйшы за маму. І калі ён мяне праводзіў да школы, то калежанкі думалі, што гэта мой дзядуля. Мама да 1939 года была хатняй гаспадыняй, даглядала мяне і брата.

Вучылася я пры Бернардзінскім касцёле. За ім быў кляштар, дзе зрабілі школу. Памятаю, у наш клас трэба было спускацца па прыступках, быццам у падзямелле. У гэтай школе я скончыла 7 класаў».

«Горад майго юнацтва». 94-гадовая жыхарка Слупска ўспамінае Гродна і чаму пакінула яго
Лёдзя Узнаньска (злева) пасля першай камуніі, 1930-я гг.

Лёдзя ўспамінае, што Гродна да вайны ёй вельмі падабаўся. Калі яна прыязджала ў 2000-я, многае ўсё яшчэ было ёй знаёма.

«Гродна – гэта горад майго юнацтва. Мы жылі небагата, але бацькі стараліся нас усім забяспечыць. Памятаю, як любілі шпацыраваць над Нёманам, выязджаць за горад на маёўкі. Сябравалі з яўрэямі, у мяне нават сяброўкі былі сярод іх. Хадзілі да іх у краму і бралі тавар “на картку”. У тыя гады ў цэнтры было шмат розных крам. Памятаю, як у мануфактуру на плошчы Баторыя хадзілі. Там быў вялікі выбар.

Хадзілі ў кіно «Пацеха» на вуліцы Ажэшкі, там можна было глядзець два фільмы за 25 грошаў, але часам можна было і бясплатна праз плот пралезці. Калі грошай не было і паказвалі які-небудзь цікавы фільм з Чаплінам, то даводзілася карыстацца такім спосабам. Былі ў Гродне кінатэатры «Апола» на Дамініканьскай [суч. Савецкая] і на Брыгіцкай [суч. Маркса]. У апошнім паказвалі не толькі фільмы, але таксама прыязджалі выступаць артысты».

“Крыжы замянілі партрэтамі Сталіна”

У 1939 году Лёдзя скончыла 7 класаў Бернардынскай школы і паступіла ў гандлёвую школу. Але скончыць яе ўжо не магла – у Гродне памянялася ўлада.

«Пачалася вайна, мы думалі ў Гродна ўвойдуць немцы, але нечакана прыйшлі рускія. Мы былі ўражаны. Пачалася абарона горада. Мой брат якраз перад вайной быў у «юнаках» [установа, дзе рыхтавалі моладзь да вайсковай службы – рэд] на Ерусалімскай [суч. Антонава]. Ён удзельнічаў у абароне горада. У тыя дні нехта прыйшоў на Падольную і сказаў нашай сям’і, што вядуць расстрэльваць людзей на Сабачую горку. Мы з мамай пабеглі туды. А там мноства людзей расстраляных: вайскоўцы і моладзь. Каб апазнаць брата, мы сталі пераварочваць целы. Плакалі і шукалі. Там былі не толькі мы, але і многія іншыя.

Брата мы не знайшлі. Як аказалася пазней, ён збег. Быў у Рызе і неўзабаве вярнуўся дадому. Ці закапалі расстраляных гродзенцаў на Сабачай горцы, мне невядома. Целы маглі вывезці ў іншае месца.

У гэтым жа годзе я здала экзамен у гандлёвую школу на Вітальдовай [суч. Сацыялістычная]. Рыхтавалася ўжо пайсці з 1 верасня на заняткі, пачалася вайна. Пайшла праз некалькі месяцаў. Калі прыйшлі саветы, навучанне спачатку праходзіла на польскай, але пры гэтым пачалі вывучаць беларускую, рускую і нямецкую мовы. У 1940 годзе мяне ўжо пераводзяць у 5 клас, каб вывучаць новую праграму, толькі на рускай. У класах крыжы замянілі партрэтамі Сталіна».


На фота: Гродна і гродзенцы ў 1930-х гг. З архіву сям’і Узнаньскіх

Лёдзя кажа, што 1939 годзе некаторыя гродзенцы думалі, што вернецца польскае войска і пагоніць саветаў.

«Мы верылі ў гэта, але гэтага не адбылося. Пры саветах у крамах нічога не было, але людзі не паміралі з голаду. Проста не было такой разнастайнасці, як да вайны. У 1939 годзе мама пайшла працаваць на чыгунку – мыла вагоны. Была вельмі цяжкая праца. І яшчэ ў яе былі цяжкасці з-за яе вядомага прозвішча – Сікорска. Саветы думалі, што яна сваячка вядомага палітыка. Прыходзіла дадому заплаканая. Начальнік станцыі Маскаленка помсціў ёй за Сікорскага, казаў, што яна яго кузіна. А ў нас нічога не было агульнага з гэтым чалавекам. Проста мелі адна прозвішча».

Прыйшлі немцы. “Прыгожыя хлопцы, як халера”

З прыходам немцаў у Гродна сям’я Лёдзі перасяляецца на вуліцу Ажэшкі. Там яны занялі свабодную прасторную кватэру, хутчэй за ўсё яўрэяў, якіх забралі ў гета. Каб пракарміць сям’ю, Лёдзя з мамай ідзе працаваць.

«Калі прыйшлі немцы ў Гродна, я з сяброўкамі і сёстрамі выйшла пад чыгуначны мост, каб убачыць салдат. Жылі яшчэ тады на Падольнай. Цікава было паглядзець на іх. Нехта ехаў на машынах, нехта пешшу. Прыгожыя хлопцы, як халера. Чысцюткія, не параўнаць з савецкімі салдатамі, якія яшчэ нядаўна ўцякалі з горада. Немцы нас пачаставалі шакаладам. Хтосьці нават з кветкамі сустракаў салдат. Прыйшлі дадому і мама спытала: ну як там немцы? А мы пачалі распавядаць, што ўбачылі прыгожых маладых хлопцаў.

У 1941 годзе мы перасяліліся з Падольнай у вялікі дом на Ажэшкі, каля сабора [сёння Ажэшкі 29]. Мама прыйшла дадому і сказала, што знайшла вольную кватэру. А ў гэтым раёне горада я не часта была. Памятаю толькі, што ў сабор часам заходзіла, падабалася, як там спявалі. І калі мама сказала, што туды перасяляемся, то ўзрадавалася. Прыйшлі, там былі некаторыя рэчы, магчыма, жылі яўрэі, якіх забралі ў гета».

«Горад майго юнацтва». 94-гадовая жыхарка Слупска ўспамінае Гродна і чаму пакінула яго
Лёдзя Узнаньска, 1940-я гг.

Падчас акупацыі працавала ў краме

У перыяд нямецкай акупацыі Гродна Лёдзю два разы маглі вывезці на прымусовыя работы ў Германію. Абодва разы яна гэтага пазбегла.

«Немцы адразу ўсталявалі ў горадзе свае законы – яўрэяў прымусілі насіць зоркі, а потым у гета іх забралі. Да мясцовых палякаў па-рознаму ставіліся. Неяк на плошчы Баторыя мяне злавілі салдаты і ў машыну забралі. Тады моладзь спынялі ў горадзе і вывозілі на працы ў Нямеччыну. Дзякуй Богу, што Саветы ў 1940 годзе прымушалі нас вучыць нямецкую мову. Я ў машыне загаварыла з немцам на яго мове і ён мяне адпусціў.

У другі раз, калі мяне хацелі вывезці, мяне выратавала жонка немца, які трымаў фабрыку, на якой рабілі рэчы на ​​фронт. Яны мяне запісалі да сябе, як працоўную.

Мама пры немцах гандлявала ў краме гароднінай, а мне прапанавалі працу ў краме на Дамініканьскай. Прадавала там розныя тавары. Немцы плацілі, на жыццё хапала.

«Горад майго юнацтва». 94-гадовая жыхарка Слупска ўспамінае Гродна і чаму пакінула яго
У краме на Дамініканьскай, Лёдзя злева. 1942 г.

Памятаю два разы заходзіла ў гета. Мама там мела знаёмага краўца, то мяне адпраўлялі да яго. Цікава было паглядзець, як там жывуць яўрэі. На Замкавай на ўваходзе правяралі дакументы і выпісвалі дазвол на ўваход у гета. Усярэдзіне было трагічна. Дзесьці трупы ляжалі, дзесьці людзі падыходзілі і прасілі аб дапамозе. Але ў некаторых месцах быў і парадак, крамы адчыненыя. Знайшла я гэтага краўца, перадала яму, што трэба рабіць, і сышла. За гатовым паліто ўжо мама хадзіла, я не магла туды вяртацца. Некаторыя палякі дапамагалі яўрэям, хтосьці хаваў, а хтосьці ежу насіў. Да нас прыходзіў адзін такі хлопчык. Мама хацела яго пакінуць, але не атрымалася».

“Хай немцаў чорт пабярэ, тут палякі едуць”

У перыяд нямецкай акупацыі Лёдзя пазнаёмілася са сваім мужам Яўгенам, які працаваў пажарным. Яго бацька быў камендантам часткі. У 1943 годзе маладыя ажаніліся, а праз некалькі месяцаў у іх нарадзілася дачка.

«З Генэкам мы пазнаёміліся ў канцы 1942 года “на прыватках” у горадзе. Пайшлі да адной сваячцы на свята, а яна запрасіла хлопцаў. Ну і пасля мама спытала, хто мне спадабаўся, а ёй распавяла пра высокага хлопца. Яна ацаніла выбар. У яго была сястра, а я з ёй у адным класе вучылася.

Генэк быў пажарным, жыў ля каланчы. Мы палюбілі адзін аднаго і вырашылі ажаніцца ў 1943 годзе. Зрабілі пышнае вяселле: уявіце сабе – 13 дарожак [фурманак – рэд.] ехала ад Ажэшкі да Фарнага касцёла. Усе прыгожыя і з кветкамі. Немцы дзівіліся, хто гэта так едзе. А мы казалі: “Хай немцаў чорт пабярэ, тут палякі едуць”. І гэта ў акупацыю. Муж меў паблажкі, быў пажарным.

Вяселле гулялі ў нас дома на Ажэшкі, было 40 чалавек. Пасля я перабралася жыць да мужа каля пажарнай частцы. Дачка Бася нарадзілася ў самым канцы 1943 года.

Яшчэ калі мы былі на Ажэшкі ў адным з пакояў у нас жыў немец – дырэктар крамы. Ён зрабіў рамонт у кватэры, жылі сабе спакойна. Пазнаёміўся ён неяк з адной жанчынай, таксама немкай. Аднойчы ён быў з ёй на танцах і калі яны вярталіся, то на мосце, недалёка ад дома, гэтага мужчыну застрэлілі. Аказваецца, вярнуўся муж жанчыны з фронту. Было страшна, мы спачатку не ведалі, хто яго забіў. Думалі, гэта зрабілі мясцовыя, а за зайбойства немца маглі расстрэльваць звычайных гараджан. Ужо потым да нас прыйшлі і ўсё распавялі».

У Гродне заставацца баяліся

Пасля вызвалення Гродна савецкімі войскамі Узнаньскія вымушаныя былі пакінуць горад. Яны перабраліся ў Польшчу.

«У 1944 годзе, калі прыйшлі ў Гродна рускія, мы яшчэ жылі на Замкавай. Мы тады хаваліся ў склепе. Муж першым выйшаў адтуль: да яго падышоў савецкі афіцэр і папрасіў паказаць рукі. Генэк паказаў, а гэты яму ў адказ: “Ты не працоўны, ты ў нейкай партызанцы быў”. Хацелі яго забраць і расстраляць, але выйшаў яго бацька і сказаў, што гэта пажарны. Тады яго адпусцілі.

З дома ля каланчы нас выселілі і мы пайшлі зноў жыць да мамы на Ажэшкі. А да яе ў кватэру ўжо падсялілі расійскага афіцэра. Ён адрозніваўся ад іншых, быў яшчэ з царскага перыяду. Інтэлігентны і добры чалавек. Цэлы месяц елі разам.


На фота: разбураны цэнтр Гродна, 1940-я гг. З архіву сям’і Узнаньскіх

У Гродне заставацца мы баяліся, нас маглі вывезці ў любы момант. Нам сказалі з’язджаць у Польшчу, калі жадаем жыць. Так і паехалі ў 1945 годзе. Прыехалі спачатку ў Люблін, там сустрэлі канец вайны. У гэтым горадзе муж вучыўся на афіцэра. Потым мы вырашылі ехаць на захад. Казалі, што там ёсць свабоднае жыллё. Прыехалі ў Сопат, але там усё было занята. Мы хацелі дом з крамай, каб можна было хоць неяк зарабіць на жыццё. У выніку паехалі ў Устку і з цяжкасцю там знайшлі жыллё. Жылі ў гэтым горадзе на беразе мора 40 гадоў, а пасля пераехалі ў Слупск».

«Горад майго юнацтва». 94-гадовая жыхарка Слупска ўспамінае Гродна і чаму пакінула яго
Лёдзя Узнаньска ў 2019 годзе
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life