Папулярнасць карэйскай культуры ў Гродне расце. У чарговы раз мясцовыя аматары Азіі арганізавалі Korean workshop. Месцам незвычайнага мерапрыемства стала адна са школ горада.

Даведацца больш пра карэйскую культуру, паслухаць музыку, пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні і прыняць удзел у розных забаўляльных мерапрыемствах, прыйшло каля 40 чалавек. Сярод іх былі як падлеткі, так і дарослыя прадстаўнікі карэйскага баявога мастацтва — тансудо.

«Korean workshop ў школе мы праводзім не першы раз — актавая зала вельмі зручная. Дырэктарка з задавальненнем прадастаўляе нам памяшканне — школа адкрыта для навін і супрацоўніцтва з рознымі арганізацыямі. На мерапрыемстве мы пастараліся пашырыць погляды на карэйскую культуру, крыху далей, чым «Psy — Oppa Gangnam style», — расказала прадстаўніца клуба аматараў Карэі Наталля.

Korean workshop

Пад куратарствам валанцёра з Францыі Эмрыка, у гульнявой форме ўдзельнікі паказалі адну са старых карэйскіх легенд.

Таксама на працягу гадзіны адна з арганізатараў мерапрыемства, Вольга, распавядала пра сваё падарожжа ў Карэю. Дзяўчыне пашчасціла на працягу месяца гутарыць з носьбітамі мовы і пажыць тым жыццём, пра якое заўсёды марыла.

«Візу было адкрыць не складана, у гэтай справе галоўнае жаданне. Таксама і з пералётам — галоўнае браць квіткі загадзя, тады можна добра зэканоміць. Што тычыцца жылля, то з ім у Карэі цяжка, трэба абавязкова шукаць да прыезду. Мне пашанцавала і я жыла ў сябра, які мне паказаў вельмі прыгожыя месцы і пазнаёміў з многімі карэйцамі. Жыхары гэтай краіны вельмі цікавыя і вясёлыя, але калі пачынаеш з імі мець зносіны, становяцца трохі сарамлівымі. Але пры гэтым яны любяць еўрапейцаў», — расказала Вольга.

Korean workshop

Кульмінацыяй вечара стала дэгустацыя карэйскай ежы. Усе ўдзельнікі маглі паспрабаваць такія стравы як кiмчы - марынаваная вострая пекінская капуста, такпаль - курыныя лапкі ў вострым соусе, пандэгі - лічынкі шаўкапрада і карэйская карры, а таксама чапчхе і рамён.

У канцы традыцыйна арганізатары правялі віктарыну якая закранае розныя аспекты карэйскага жыцця. Прызёры атрымалі кнігі пра Карэю, якія былі прадстаўлены Карэйскай амбасадай у Беларусі.

Korean workshop
Korean workshop