Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны гродзенскіх старажылаў, якія ў будучыні ўвойдуць у кнігу. Гэтым разам мы расказваем пра даваенны і ваенны перыяд жыцця гродзенца Ежы Мар’янавіча Кежкоўскага, які нарадзіўся ў 1928 годзе. Успаміны гэтага чалавека прымеркаваны да гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны ў Гродне.
Мама Ежы, з роду Макарчук, была карэннай гродзенкай і нарадзілася ў Гродне ў 1900 годзе. Уся яе сям’я Макарчукоў - праваслаўныя, якія вымушаныя былі эміграваць ва Украіну падчас Першай сусветнай вайны. Праз некалькі гадоў Макарчукі вяртаюцца ў Гродна. На той момант іх родны горад быў пад польскай уладай.
«Мама расказвала, што вярнуцца яе сям'і ў родны горад было складана, — кажа Ежы Мар’янавіч. — Была ўжо мытня і не ўсіх яна прапускала. Пашанцавала, што тата мамчын быў ліцейнікам і сям'і дазволілі вярнуцца дадому. З часам у Гродне жыццё стала наладжвацца і мама выйшла замуж за польскага легіянера Кежкоўскага».
У касцёле пару вянчаць не жадалі, прапаноўвалі дзяўчыне перайсці ў каталіцкую веру. Сям’я не адважылася на такі крок і пайшла ў праваслаўную царкву, дзе іх без праблем павянчалі.
«Бацькам трэба было хутка пажаніцца, бо тата ад’язджаў на фронт. На двары быў тады дзесьці 1920-ы год і на мяжы з Польшчай было шмат бандытаў. Праз чатыры гады пасля жаніцьбы тата звальняецца з войска, таму што на яго маглі падумаць, што ён шпіён — з-за рускай жонкі. Але нічога такога не было. У нас была нармальная сям’я. Мама дома малілася на рускай мове, тата на сваёй. Паміж сабой размаўлялі на польскай».
Пасля таго як бацька Ежы звольніўся з войска, ён прапанаваў жонцы пераехаць у Варшаву. Сям’я з Гродна ў сярэдзіне 1920-х з’ехала ў сталіцу. Там і нарадзіўся Ежы Мар’янавіч у 1928 годзе.
«У Варшаве мама скончыла курсы майстра па манікюры, а тата цырульніка. Вучыліся яны ў французскіх і італьянскіх майстроў. За два гады навучання бацькі аддалі ў Варшаве больш за 2000 тагачасных польскіх марак. Жыць у Варшаве сям’я не магла. Праз час мама запатрабавала ў бацькі вярнуцца ў родны Гродна».Вярнуўшыся ў Гродна сям’я Кежкоўскіх вырашыла адкрыць свой бізнес — цырульні. Досвед працы ўжо быў.
«У 1930-я ў нашай сям'і ўжо былі дзве цыру1льні першага разраду. Адну адкрылі ў раёне „76“ (раён былых казармаў на Чырвонаармейскай, калі там быў 76-ы полк імя Людвіка Нарбута), а другую на выглу Ажэшкі і Сацыялістычнай. Гэтага будынка цяпер ужо няма. Стрыгчыся да нас прыходзілі багатыя людзі, бо разрад цырульні дазваляў прымаць такіх кліентаў. Напрыклад, падстрыгчыся і пагаліцца ў нас можна было за 1,5 злотых, а вось у цырульнях трэцяга разраду стрыглі за 30−40 грошаў. Тады бацькоў маглі выклікаць і на дом. Памятаю, мама хадзіла да дырэктара банка, а каб да яго патрапіць, трэба было мець пропуск. Ці жонка палкоўніка Панасюка запрашала маму да сябе. Багатыя людзі маглі сабе гэта дазволіць».
Ежы Мар’янавіч распавядае, што ў 1930-я гады ў Гродне выклік цырульніка на дом каштаваў каля 2,5 злотых, але добрыя кліенты маглі плаціць і 5 злотых.
Сям’я Кежкоўскіх зарабляла добра і спачатку здымала кватэру ў раёне Сеннага рынку, а пасля на Пілсудскага (сучасная Леніна).
«Дзяцінства сваё я памятаю добра. Пакуль я не хадзіў у школу, бацькі часам пакідалі мяне з яўрэйскай суседкай Сарай Наваравай. Потым, калі мне споўнілася 7 гадоў, я пайшоў у школу. Спачатку вучыўся ў школе імя каралевы Ядвігі, а пасля таго, як сям’я пераехала на вуліцу Пілсудскага, мяне перавялі ў „батарувку“ [школа імя Баторыя, у яе будынку зараз гуманітарны каледж на Леніна — рэд.]. У першай маёй школе была дысцыпліна. Урокі ўвесь час пачыналіся з малітвы. А ў „баторувцы“ было лепш».
У 1930-х гадах Кежкоўскія жылі добра да таго моманту, пакуль глава сямейства не стаў гуляць у азартныя гульні. Гэта яго загубіла і прывяло да развалу сям'і.
«Сям'я ў нас была не бедная, але тата збунтаваўся потым. Стаў гуляць у карты, здраджваў маме. Цэлы скандал у нас быў. Яго грошы загубілі, ён стаў вельмі азартным чалавекам. Акрамя карт гуляў яшчэ ў рулетку на сучаснай вуліцы Тэльмана. Шмат грошай сыходзіла на гульні, а плаціць падаткі за цырульні трэба было, і часам не было чым. Неяк выкручваліся бацькі. Але пасля сямейных праблем цырульні апусціліся да трэцяга разраду. У выніку бацькі канчаткова пасварыліся і разышліся. Тата з маім братам паехаў у Варшаву, а мама са мной засталася ў Гродне».
Пасля разводу мама Ежы яшчэ некаторы час працавала цырульнікам, але пасля закінула гэтую справу. У 1938 годзе жанчына зноў выйшла замуж, гэтым разам за знаёмага беларуса і пераехала з сынам жыць да яго ў Станіславова (раён сучаснай вуліцы Ціміразева).
«Жылі мы там у бараках на былой каралеўскай тэрыторыі, у самім жа палацы ніхто не жыў. Там быў музей і бібліятэка, туды з мясцовых мала хто хадзіў».
Толькі год сям’я нармальна жыла ў Станіславове, неўзабаве пачалася Другая сусветная вайна. Гродзенцы рыхтаваліся да абароны горада ад немцаў, а ў выніку прыйшлі саветы. Гэты перыяд жыцця Ежы запомніў вельмі добра.
«Яшчэ да нападу немцаў ў 1939 годзе былі чуткі, што будзе вайна. Людзі вырашылі дапамагаць арміі рознымі спосабамі. Перад вайной я быў у лагеры, спачатку ў Парэччы, а пасля павінен быў быць яшчэ і ў Азёрах. Месяц у лагеры каштаваў каля 60 злотых.
Але нас усіх адправілі дадому. Перад пачаткам вайны дзяцей сабралі ў школе і ўжо папярэджвалі, што немцы нападуць. У адзін дзень выступіў дырэктар «батарувкі» і сказаў: «Дарагія мае дзеці, Польшча знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі. Трэба ўзбраенне, хто можа чым дапамагчы: жалеза, грошы». Я ўжо сабе ўяўляў што такое вайна, хоць і зразумець не мог, што гэта насамрэч. Думаў, гэта як алавяныя салдацікі.
[irp posts="74 339″ name="Горад адзін, а ўспаміны розныя: сталая гродзенка ўспамінае горад 1930−40-х"]
Я прыходжу дадому і адразу за гаршкі з крупамі бяруся, а мама пытаецца, што я варыць буду. Я ў адказ: нічога не буду, трэба для Польшчы. Сабраў гаршкі, а пасля пачаў у мамы прасіць грошы. Дзеці там прыносілі па 5−10 злотых, бедныя па 2. Мама вырашыла мне даць 50 грошаў. Я ёй у адказ: што ты мне даеш, за гэтыя грошы нічога нельга купіць, ані карабіна. Але мама казала, што за 5 злотых можна 3 дні жыць, а за 10 і тыдзень. Я кажу: мама не трэба нам жыць, трэба абараняцца, 5 злотых і канец. У выніку яна дала мне 2 злотых. Мы тады, школьнікі, думалі, што трэба абараняцца, а калі не абараняцца, то Польшча знікне з карты".
Ежы Мар’янавіч успамінае, што перад пачаткам вайны некаторыя маладыя гродзенцы ішлі добраахвотнікамі ў армію. Рэкрутаў набіралі на вуліцы Бэма (за сённяшнім аўтавакзалам), каля казармаў, ім там акрамя формы выдавалі яшчэ супрацьгазавыя маскі, бо ў Гродне хадзілі чуткі, што немцы могуць скідаць з самалётаў газавыя бомбы. А гараджанам раілі шыць маскі самім.
«За пару дзён да вайны гарадскія ўлады абвясцілі, што польская авіяцыя правядзе пробны налёт на Гродна. Дзесьці ў 8 вечара. Падчас вучэнняў электрастанцыя выключаецца, пачынаюць працаваць санітары. Падчас такога пробнага налёту выла сірэна, паліцыя па горадзе хадзіла. Гараджанам выходзіць з дому было забаронена. Страшна і цёмна было ў горадзе. Праляцелі польскія самалёты. Пакружылі і паляцелі. Праз 30 хвілін святло ўключылі».
Па ўспамінах Ежы, калі ў Гродне паведамілі, што немцы перайшлі мяжу, на чыгуначнай станцыі 76-ы полк цалкам узброены адпраўляўся на Варшаву. У Гродне тым часам рыхтавалі абарону.
«Вайна пачалася, а мы яшчэ ў школу пайшлі. У адзін дзень самалёты ляцелі, і мы з маім калегам Тадзікам схаваліся за вуглом дома і глядзелі, якія самалёты ляцяць. Убачыў два самалёты, але дакладна гэта былі злыдні. Артылерыя гарадская па іх страляла, але збіць не ўдалося. Самалёты паспелі кінуць бомбы на «76», але не патрапілі амаль.
З пачаткам вайны казалі, што ў горадзе ёсць нямецкія шпіёны, якія на вуліцах горада раскідвалі розныя прыгожыя скрынкі, а калі падымеш іх, то яны выбухаюць. Улады папярэджвалі, каб гараджане нічога не падымалі на вуліцах".
Прыблізна 15 верасня раніцай жыхароў Станіславова падняла паліцыя і ўсім загадала капаць акопы. Маўляў, немец надыходзіць.
«Трэба было абараняцца і ўсё Станіславова паднялося. Нават я ўзяў рыдлёўку і разам з Тадзікам пайшоў дапамагаць. Людзі казалі - наша польская моладзь тут. Я быў гарадскім хлапчуком і капаць не ўмеў, а сябра мой вясковым быў і ў яго гэта лепш атрымлівалася. Пасля рыдлёўкі ў мяне мазалі былі.
Потым да нас у дапамогу прыгналі жыхароў вёскі Падкрыжакі. І калі капалі, адзін мужык з той вёскі знаёмаму казаў, што польскі ўрад ўцёк. Я спалохаўся, кінуў рыдлёўку, і думаю: што гэта робіцца — усё паўцякалі! Прыйшоў дадому, а ў нас у гасцях акурат быў дырэктар банка, які ўсё казаў, што цяжка, вельмі цяжка, а потым сышоў. Мама налівае мне ёсць, а я не магу есці. Столькі ў мяне было мазалёў, што не мог лыжку браць. Айчым мой казаў - вось жа ваяка, прыйдуць бальшавікі, я выдам цябе. Менавіта тады ўжо пайшлі чуткі, што прыйдуць у Гродна саветы".
З набліжэннем бальшавікоў да Гродна, у горадзе стала з’яўляцца мясцовая міліцыя з чырвонымі павязкамі. Ежы Мар’янавіч распавядае, што, па чутках, яўрэі, якія прытрымліваліся камуністычных поглядаў, нападалі на палякаў, якія адыходзілі.
«Я выйшаў неяк на вуліцу і ўбачыў польскую ўзброеную кавалерыю, за імі конная і зенітная артылерыя. Былі і лётчыкі. Каля нас яны спыніліся папрасілі паесці. Людзі ім дапамаглі, вынеслі малако і хлеб. Былі ў нас у Станіславова і тыя, хто прытрымліваўся камуністычных поглядаў. І хтосьці з іх стрэліў побач з польскімі салдатамі. Выйшаў тады з машыны капітан і сказаў: «Што вы тут бальшавікоў чакаеце? Як вам не сорамна!». Людзі сталі абурацца. Два сяржанты падбеглі да аднаго бараку, а там жылі самыя-самыя заўзятыя польскія патрыёты. Праверылі дакументы і папрасілі прабачэння. Пасля паручнік выйшаў і сказаў капітану, што трэба ехаць. Салдаты адступілі да Літвы.
Тым часам нашы загартаваныя жанчыны сталі думаць, хто ж стрэліў у афіцэраў. Яны набралі палак і грабель і пайшлі ў адзін дом, у якім па чутках збіраліся мясцовыя камуністы. Там аказаліся чатыры чалавекі. Як высветлілася, яны падгаварылі аднаго дурня Сямёна, каб той стрэліў у бок салдат. Казалі яму: «Ты Сямён стрэльні, а яны ўсе ўцякуць і тады мы назбіраем шмат трафеяў». Ён так і зрабіў, а пасля спалохаўся і ўцёк. Калі б яго знайшлі нашы жанчыны, то збілі б да паўсмерці".
Калі ў Гродна прыйшлі камуністы, мама Ежы адважылася пайсці ў горад, каб купіць сыну рэчы ў школу. На вуліцах горада ўжо былі савецкія танкі.
«На плошчы Баторыя [сучасная плошча Савецкая — рэд.] адзін танк мясцовыя падпалілі, побач з кіно гарэў яшчэ адзін. Абаронцаў у Гродне ў верасні 1939 года было шмат. А я тады сядзеў дома. Мама купіла, што трэба, але прыбегла дадому перапалоханая і сказала мне сядзець дома і нікуды не выходзіць. Я баяўся, хоць і хацеў супраціўляцца».
Гродзенец распавядае, што з прыходам новай улады ў Гродна, мясцовых жыхароў сталі арыштоўваць і вывозіць. У асноўным гэта адбывалася ноччу.
«На саветаў мясцовы народ узлаваўся за гэта і не хацеў з імі нічога мець агульнага. А кожны яўрэй, які раней меў краму, пры саветах адразу стаў начальнікам. Хутка яны адмаўляліся ад крам. Казалі, што яны старыя марксісты і дзесьці дакументы знаходзілі. Яўрэям больш верылі, чым падпольшчыкам беларускім і палякам.
Пры першых саветах спачатку былі чэргі ў крамах, але пасля ўсё наладзілася. Я працягваў хадзіць у сваю школу. Выкладаць нам пачалі на рускай і беларускай мовах. Усіх польскіх настаўнікаў ад выкладання адхілялі. Новыя настаўнікі нам распавядалі пра Расію і хвалілі яе. Але я як паглядзеў, што такое Расія, то за галаву браўся".
Самым страшным годам у Гродне для Ежы Мар’янавіча быў 1941, калі тут чарговы раз чакалі немцаў.
«Адчувалі, што вайна з немцамі будзе, але баяліся пра гэта казаць. У дзень пачатку вайны я раніцай прачнуўся, а ўсе страляюць. Выходзіш на вуліцу, а там поўнае неба нямецкіх самалётаў. З прыходам новай улады з’явіліся і новыя законы. Не пашанцавала яўрэям, іх амаль адразу ў гета. Іх тут у Гродне было два.
Палякам і беларусам жылося лепш. Калі яны хацелі, то маглі працаваць. Мама мне казала, каб я толькі не лез у палітыку і таму не цікавіўся лёсам тых жа яўрэяў і іншых. Ведаю, што вывозілі яўрэяў з Гродна ў каменданцкую гадзіну, калі людзей не было ў горадзе. Калі яўрэяў з Гродна вывезлі, можна было заходзіць у былое гета. Плаці 5 марак і бяры там што хочаш. Вядома, добрыя рэчы немцы не аддавалі гараджанам".
«Яшчэ да ліквідацыі гета ў Гродне быў выпадак, што адзін гродзенец схаваў яўрэяў, яны яму за гэта далі золата. Сказаў ён жонцы, што хавае яўрэяў, а тая вельмі баялася і прапаноўвала адправіць іх. Мужык са злосці узяў і жонку зарэзаў. Цела памерлай паклаў у пакет і пад мост. Суседзі выявілі, што няма доўга яго жонкі, і паведамілі ў жандармерыю. Мужык хутка прызнаўся і паказаў, дзе схаваў цела. Забойцу ў турму, а яўрэяў у гета забралі».
Пры немцах Ежы Мар’янавіч працаваў на мэблевай фабрыцы. Там ён дапамагаў рабіць мэблю, а таксама чыніць скрыні для снарадаў. Немцы плацілі 29 марак у месяц. Грошы хлапчук аддаваў маме, а яна ўжо купляла на іх прадукты.
«Яшчэ пры немцах мы перабраліся са Станіславова ў Малышчына. Я працаваў у горадзе і зарабляў на жыццё нашай сям'і. Гродна ад немцаў саветы вызвалілі ў 1944 годзе. Спачатку адну частку, а недзе праз тыдзень іншую частку. Было шмат параненых, нават мы ў сябе трымалі адных і кармілі іх супам».
Пасля вайны Ежы Мар’янавіч пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, а ў 1948 годзе быў прызваны ў рады савецкай арміі. Пасля службы ў войску гродзенец працаваў слесарам і токарам.
«Пасля вайны ў Гродне было шмат свабодных кватэр, але мы, і іншыя мясцовыя, імкнуліся іх не займаць, бо гэта чужая ўласнасць была. У любы момант туды мог вярнуцца гаспадар. Але амаль усе карэнныя гродзенцы з’ехалі хто куды, большая частка ў Польшчу. Зараз у Гродне жывуць іншыя людзі, якія прыехалі сюды з усходняй Беларусі і з Расіі. Пустыя кватэры гродзенскіх палякаў і яўрэяў у пасляваенным Гродне займалі гэтыя людзі. З сапраўдных гродзенцаў дадому ніхто амаль так і не вярнуўся».
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …