Прыкладна раз у адзін-два тыдня старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік праводзіць нараду. Справаздачы публікуе «Гродзенская праўда». Рэдакцыя Hrodna.life стварыла візуалізацыю на аснове гэтых тэкстаў, каб зразумець, якія паняцці і сімвалы часцей за ўсё выкарыстоўвае старшыня ў сваёй прамове.

Інструмент «воблака слоў» дазваляе зразумець, як часта якія-небудзь словы ўжываліся ў тэксце і на чым рабіліся акцэнты. Тэксты мы падзялілі на чатыры кварталы і зрабілі візуалізацыю па кожным з іх. Глядзіце, што ў нас атрымалася.

Першы квартал: гаспадаркі і работнікі

У першым квартале Уладзімір Каранік казаў пераважна аб гаспадарках, работніках, калектывах. Прасочваецца «сезоннасць» прамоваў - у яго словах ёсць «снег» і «дарогі».

Другі квартал: з'яўляецца COVID

З другога квартала пачалася актыўная кампанія па вакцынацыі - увесь астатні год "вакцынацыя" і "COVID" будуць прысутнічаць у павестцы нарадаў. Таксама, як можна зразумець з візуалізацыі, улады заняліся прафілактыкай ДТЗ, бяспекай і імунітэтам.

Трэці квартал: барацьба з каранавірусам выходзіць на першы план

У трэцім квартале кампанія набірала сілу: «вакцынацыя» і «вакцыны» тут сустракаецца аж тры разы. Турбаваўся старшыня аблвыканкама аб «ахове здароўя» і «захворваннях».

Чацвёрты квартал: без мігрантаў

Рэдакцыя Hrodna.life меркавала, што ў чацвёртым квартале шмат увагі надасца тэме мігрантаў, але нашы здагадкі апынуліся няслушнымі. Верагодна, у аблвыканкаме падводзяць вынікі года - на гэта паказваюць словы "трэба", "павінны", "неабходна". Таксама, мяркуючы па ўсім, да канца года, асабліва пасля выяўлення "амікрона", яшчэ больш актуальнай стала вакцынацыя.