Сяргей Верамеенка выпадкова знайшоў сваю мэблю на сайце канфіскату, пасля чаго пачаў весці спіс датычных да «адціскання» людзей. Ён гэта робіць, каб пакараць іх у будучыні. Мужчына кажа, што 70 гадоў таму маёмасць забралі ў яго дзеда, а цяпер — у яго. Алена Янушкоўская пакінула свой дом у Беларусі і вымушана выехала за мяжу з адным чамаданам. Яна страціла сувязь з прыёмнай дачкой, якая на яе пакрыўдзілася і стала «ябацькай». Юлія Сліўко адмыслова не ўступала ў правы спадчыны, але палічылі, што маёмасць належыць ёй. Яна ўспамінае яблыню і ружы, якія пасадзіла яе маці перад смерцю — і якія Юлія не можа даглядаць. Рэдакцыя Hrodna.life запісала гісторыі беларусаў, у якіх улада канфіскавала дамы.

Гісторыя сям'і Верамеенкаў: маёмасць распрадаюць да судоў

Для сям'і Верамеенкаў - бізнесменаў, уладальнікаў крамы «Адметнасць» і палітычных актывістаў - усё пачалося з прызнання экстрэмісцкай інфармацыяй іх асабістых старонак і старонак іх крамы. Потым сацсеткі іх крамы прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Затым у афіцыйных «лукашэнкаўскіх» каналах паведамілі пра крымінальныя справы: спачатку — на Сяргея Верамеенку, пасля — на яго жонку Вольгу. Яшчэ пазней — узбудзілі яшчэ тры крымінальныя справы на Сяргея — за ўдзел у выбарах у Каардынацыйную Раду ад спіса «Салідарнасць». Усе блокі на выбарах у КР прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Фармальна крымінальную справу звязалі з «экстрэмізмам».

Сяргей Верамеенка ў краме "Адметнасць". Фота з архіва Hrodna.life
Сяргей Верамеенка ў краме «Адметнасць». Фота з архіва Hrodna.life

Пасля сям’я ўбачыла на сайце «Белюрзабеспячэнне», што яе маёмасць прадаецца: мэбля, пральная машына, лядоўня, фатэлі, столікі, люстэрка. Гэта значыць, што маёмасць канфіскаваная. Якім рашэннем — Сяргей не ведае. На ліпень 2024 года лядоўню ўжо прадалі.

 — Хаця не было ніякіх судоў, са мной аніякім чынам не звязваліся. Я думаю, гэта проста, калі яны ведаюць мой Facebook, Telegram, Instagram. Яны ж дадумаліся пазначыць іх як экстрэмісцкія каналы. Значыцца, маглі са мной элементарна звязацца, — абураецца Сяргей і згадвае магчымасць правядзення судоў па Skype. — Тым не менш, яны паступаюць як бандыты.

Пазней гродзенцы даслалі фота дома Верамеенкаў. Ён і адрына, гараж былі закалочаны дошкамі. «На кожным налеплена паперка, на якой напісана, што нейкі супрацоўнік КДБ па прозвішчу „Тверсков“ апісаў гэтую маёмасць, што ўваход забаронены», — кажа Сяргей.

Раней у доме бясплатна жыла сям’я, якая даглядала яго. Верамеенкі нават самі аплачвалі камунальныя паслугі. Сяргей напісаў ліст, не завераны натарыяльна, што ён дазваляе ім жыць там. Пры апісванні сям’ю, па словах Сяргея, проста выселілі. Сувязь з імі знікла.

«У дзеда забралі дом бальшавікі-камуністы. А ў мяне — новыя „камуністы“»

Дом, які хочуць прадаць, належаў дзеду Сяргея Верамеенкі - Сцяпану Пракопчыку. Раней яны жылі ў вёсцы Бірулічы каля Скідзеля. Дзеда прызвалі ў войска на Другую сусветную вайну. Ён вярнуўся, атрымаў ордэн Вялікай айчыннай вайны. У 40-я гады яго пачалі клікаць у калгас — тады яшчэ запрашалі. «На што дзед адказваў заўсёды: «Ідзіце вы ў сраку са сваім калгасам. У мяне свой калгас — у мяне восем дзяцей», — кажа Сяргей. У 50-х, нягледзячы на тое, што ён быў ветэранам, паставілі ўмовы: або едзеш у Сібір, або ідзеш у калгас. Давялося дзяліцца домам, трыма гектарамі зямлі і дзесяццю гектарамі лесу, якія яны з сястрой, сіроты, выкупілі ў пана, да якога пайшлі парабкамі.

 — Дзед — прадпрымальнік, можна сказаць. Ён шыў боты, дарошчваў маладых клячаў, якіх купляў у Скідзелі на базары, і прадаваў.

 — То атрымліваецца, у вас у крыві прадпрымальніцтва.

 — Ну, хіба што так. Мой сын потым займаўся матацыкламі, скутарамі, якія купляў танна, рамантаваў, прадаваў. Я і кажу: «Калюня, у цябе, як у прадзеда, бачыш, той канямі займаўся, і ты канямі, толькі жалезнымі».

Сяргей Верамеенка з сынам Мікалаем. Фота з архіву
Сяргей Верамеенка з сынам Мікалаем. Фота з архіву

Дзед Сцяпан працягваў падпрацоўваць, і купіў палову дому — тады на ўскрайку вёскі Пярэселка, цяпер — у мікрараёне паблізу цэнтра горада. Дом перайшоў у спадчыну да маці Сяргея, пасля яе смерці - яму. Некаторы час зямля, участак у тры соткі, была ў запусценні. Жонка Сяргея Воля пачала апрацоўваць яе.

«Пры чым настолькі вынікова, што я раней ніколі не бачыў, што ў нас такое можа расці. Мы збіралі два ўраджаі бульбы, гору агуркоў, памідоры, якія раслі, як вінаграднік. Там дрэвы, якія я памятаю з дзяцінства — яблыкі белы наліў, слівы, высаджвалі новыя яблынькі», — кажа актывіст. У цяжкія часы сям’я жыла з гэтага.

«У выніку ў дзеда забралі дом бальшавікі-камуністы. А ў мяне — новыя „камуністы“, лукашысты», — кажа мужчына.

«Не купляйце чужога, вы купляеце чужое гора»

Сяргей не мае ілюзій: у яго сяброўкі-актывісткі арыштавалі дом у Віцебскай вобласці. Яго прадалі за 18 000 рублёў за некалькі гадзін. Ён жа быў маральна гатовы да гэтага з 2020 года: «Тое, што належыць маёй сям'і, я забяру назад».

Сяргей фіксуе ў папцы «Скрадзеная маёмасць» кожнага, хто датычны да продажу яго маёмасці, пачынаючы ад супрацоўніка Твярскога — нават калі гэта яго псеўданім. З некаторымі дадзенымі дапамаглі «Кіберпартызаны». У папцы ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Ён лічыць, што гэтыя людзі будуць адказваць персанальна: «Я спадзяюся, што мы дажывём да гэтага часу, калі ім прыйдзецца адказваць па закону, калі ўжо мы іх будзем судзіць. Калі гэта будзе не пры маім жыцці, у мяне ёсць сын — ён-та дакладна дажыве». Збор працягваецца.

 — Калі чалавек купіў незаконна скрадзеную маёмасць, значыцца, ён можа быць саўдзельнікам — калі ён набыў свядома. Калі ён купіў несвядома, ён верне іх уласніку і можа падаць у суд на чалавека, які яму гэта прадаў, — лічыць Сяргей.

Сяргей збіраецца адправіць ліст новым жыхарам, у якім патлумачыць, што яны жывуць у «скрадзенай маёмасці». Сумленныя людзі анулююць здзелку, лічыць Сяргей. Ён ужо даведаўся, хто купіў лядоўню, і звязаўся з імі. Спытаў, навошта яны гэта зрабілі. Гэтыя людзі не адказалі. Верамеенка раіць нічога не набываць у крамах канфіскату: «Не купляйце чужога, вы купляеце чужое гора».

Трэба рыхтаваць закон аб рэстытуцыі

Гродзенец не ведае, колькі грошай ён страціць разам з домам: «Я ніколі не ацэньваў свой дом у грошах. Ніколі ў нас не было мэты яго прадаць — нават калі я выязджаў з Беларусі. Я не магу прадаць. Я ні маральна, ні нейкім іншым чынам не гатовы. Немажліва ацаніць — гэта спадчына мая. Улада паставіла мяне ва ўмовы, што вымушаны быў пакінуць краіну. І калі я, пакідаючы, прадаю тое, што там застаецца, за абы-што… Гэта тое самае, што мой дзед, якому кажуць: або Сібір, або калгас. Я выбраў эміграцыю».

Сяргей і Вольга Верамеенкі. Фота з архіва Сяргея
Сяргей і Вольга Верамеенкі. Фота з архіва Сяргея

Сяргей прапануе беларускім дэмакратычным сілам рыхтаваць закон аб рэстытуцыі. Ён лічыць, што землі павінны вяртацца да ўласнікаў. Пры чым, на думку Сяргея, адлік трэба весці ад 1918 года, ад БССР. Таму ён разлічвае і на дом і зямлю дзеда, якія забралі бальшавікі. Можна карыстацца вопытам Польшчы, Літвы, постсавецкіх краін, якія праз гэта прайшлі. Калі раптам на месцы вашай маёмасці стаіць завод, вам ніхто яго аддаваць не будзе, вы можаце атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы, тлумачыць Сяргей. Грошы на гэта ён прапануе браць з еўрапейскіх крэдытаў. Наколькі Сяргею вядома, працэс стварэння законапраекту ўжо ідзе. Публічна аб падрыхтоўцы закона не паведамлялі.

У еўрапейскія суды Сяргей не пойдзе — каб яны не камунікавалі з нелегітымнай уладай.

Зараз сям’я Верамеенкаў арандуе кватэру ў Беластоку. Першы час Сяргею было цяжка ў кватэры — прывык да дому: «Хочаш — крычы, хочаш — пазагарай».

У Беласток Верамеенка ездзіць з 90-х. Польскую мову ведае ад «Болека і Лёлека» (мультфільм — Hrodna.life). Таму ён адчувае сябе камфортна ў Польшчы, але жыць яму тут маральна цяжка.

«Трэба ўвесь час плаціць за хату, каторая мне не належыць. А купіць ці пабудаваць нешта новае эмігрантам складана, асабліва калі табе за 50. Складана атрымаць крэдыт, атрымаць высокааплачваемую працу», — кажа мужчына.

Жонка Вольга вырошчвае бульбу і кветкі. Толькі зараз — на балконе.

«Брыдка, што па маёй хаце ходзяць чужыя людзі»

У Алены Янушкоўскай з Віцебскай вобласці, грамадскай дзяячкі, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі арыштавалі дом за неаплачаныя штрафы і падаткі - за прапісанага ў кватэры арандатара. Сябры прапаноўвалі сабраць гэтыя 1400 рублёў. Алена параілася са знаёмымі. Ёй сказалі, што няма сэнсу сплачваць: выставяць новыя штрафы, у тым ліку заднім чыслом — напрыклад, за тое, што трава непакошана ці смецце не вывезена.

— Палічылі, што сэнсу няма: усё роўна адбяруць. Тым больш, што я ім там крыві папіла, калі блогерствам паказвала іх недахопы і парушэнні і прымушала іх працаваць. Таму мы не сталі сплачваць гэтую суму, — расказала Алена.

Алена Янушкоўская з Віцебскай вобласці, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Алена Янушкоўская. Фота з архіва гераіні

30 траўня кватэру прадалі з таргоў. Былі два ўдзельнікі. Улады ацанілі дом у 10 000 рублёў. Алена знайшла дамы нашмат горшыя ў горшых месцах у тры разы даражэй.

— У мяне проста скралі жыллё. Я — чалавек, ужо загартаваны ў баях. Для мяне ні штрафы, ні ІЧУ не ўпершыню. Да таго ішло… Але вельмі брыдка, што па маёй хаце ходзяць чужыя людзі, — кажа жанчына.

Алена мела дзве гадзіны ў лютым 2021 года, каб сабрацца. Узяла з сабой столькі, колькі дазваляла ручная паклажа ў самалёце. У хаце засталося шмат дарагіх Алене рэчаў - дакументы, фотаздымкі. Вывезці іх не было магчымасці. Хто едзе — вывозяць перадусім свае рэчы. Да таго ж, іх трэба спачатку даставіць з вёскі каля Віцебска ў Мінск, а адтуль — праз мяжу.

У хаце засталася жыць прыёмная дачка Алены. Пры арышце маёмасці ёй сказалі з’язджаць. Цяпер з ёй страчана сувязь. Перад тым, як з’ехаць, некаторыя рэчы яна спаліла. «Яна вельмі пакрыўджана. Яна не разумее, што я не магу ніякую даверанасць ёй напісаць, што яна не працуе. З’ехала ў сваю сацыяльную кватэру, і маўчыць пакуль што. Ёй прамылі мазгі - яна ўжо амаль ябацька стала», — кажа Алена.

Акрамя сваёй дачкі, у Алены ў свой час было пяць прыёмных. Каб усім хапіла месца, Алена купіла дом у трох км ад Віцебска за $ 9000. Падключылі ваду, паставілі бойлер — з часам усё апісалі на штрафы. Разам з домам ішоў вялікі ўчастак — 25 сотак афіцыйна і 29 — у дадатак, імі можна было карыстацца. Побач — сажалка з рыбай, лазня, гаспадарчыя пабудовы. Калі Алена праз блогерства трапіла ў «чорныя спісы» і ёй не давалі працу, з гэтага агарода і гаспадаркі кармілася сям’я.

Таматы ў цяпліцы Алены. Скрыншот з канала гераіні
Таматы ў цяпліцы Алены. Скрыншот з канала гераіні

Алена шмат змагалася, каб у яе вёсцы палепшыліся ўмовы: з’явіўся водаправод, вулічнае асвятленне. «За страчаныя грошы ў мяне няма болю. Столькі туды ўкладзена — успамінаў і маёй працы. Там могілкі, там мама. Грошы — гэта грошы. А гэта жыццё тваё, 16 год там пражыта». Сумуе яна і па парніку, дзе яна, «таматаголік», вырошчвала памідоры — каля 100 сартоў. Адзін мог важыць больш за 1,5 кг. Усе сябры «былі ў памідорах».

Тры гады «жылі на чамаданах»

Прадаваць дом Алена не планавала. Спачатку не верыла, што да гэтага дойдзе. А калі стала ясна, што адціснуць, прадаць яго ўжо не было магчымасці - даверанасці не працавалі.

Хто купіў дом, Алена не ведае: «Я ўпэўнена, што набылі людзі, якія ручкаюцца з рэжымам. Можа, частка таго рэжыму. Прыехаць, і пад зад каленам — каб яны адчулі тое, што адчувала я. Ну не могуць людзі так бяздумна рабіць».

«Я ведаю, што калі я не дажыву, то дзеці мае ці ўнукі прыедуць туды. Ну не можа так цягнуцца, не можа так быць», — кажа Алена. Яна спадзяецца, што да таго часу будзе распрацаваны закон аб рэстытуцыі. Яна лічыць, што яе запазычанасць і продаж дому несуразмерныя. Актывістка звярнулася да праваабаронцаў, якія дапамагаюць ёй звярнуцца ў еўрапейскія структуры. Юрыст, які займаўся яе справай, раптоўна памёр. Цяпер Алена чакае іншага. Гэта патрэбна, каб зафіксаваць, што правы Алены былі парушаныя.

Алена Янушкоўская. Фота з архіва гераіні
Алена Янушкоўская. Фота з архіва гераіні

Алена жыве на здымнай кватэры з дачкой. «Пакуль што не маю ніякага даходу, бо не магу працаваць, і пакуль што вішу на шыі ў дзяцей. Гэта вельмі цяжка, і ім цяжка таксама», — кажа актывістка. У Польшчы яна адчувае сябе чужой. Толькі ў 2024 годзе яны расклалі рэчы — да гэтага «жылі на чамаданах». Дзеці і ўнукі застануцца ў Польшчы, лічыць Алена.

«У мяне нічога няма. Я — голая-босая»

Актывістцы стачкама «Гроднапрамбуд» Юліі Сліўко напісалі сілавікі і сказалі, што «яе» маёмасць забяруць — частку дома бабулі і мамін дом. Хаця актывістка кажа, што яна ёй не належыць. Яна выехала, калі настаў час уступаць у правы спадчыны, і не афармляла ніякіх дакументаў. Ужо тады Юлія разумела, што ўсё могуць забраць. Замест яе ў правы спадчыны ўступілі браты і цёткі: «Таму ў мяне нічога няма. Я — голая-босая».

Юлія Сліўко. Фота з архіва гераіні
Юлія Сліўко. Фота з архіва гераіні

Наколькі вядома Юліі, маёмасць зараз у статусе арыштаванай. Сувязі з роднымі яна не падтрымлівае. Яна іх заблакавала ў мэсэнджарах, каб тыя выпадкова не звязаліся з Юліяй — дзеля іх бяспекі. Чакаецца спецвытворчасць (завочны крымінальны працэс у дачыненні да тых, хто з’ехаў з Беларусі - Hrodna.life), пасля якой стане вядомы лёс маёмасці. У доме мамы жыве брат, у якога гэта адзінае месца жыхарства, таму паводле беларускага закону яго не могуць выселіць.

Ад суседзяў вядома, што ёсць паперы, у якіх пералічваюцца артыкулы Крымінальнага кодэксу, але іх ніхто не бачыў. Таму Юлія не ведае, чаму на маёмасць, якая ёй па законе не належыць, наклалі арышт.

Гэта не першая адабрання маёмасці ў Юліі. Раней яе з сынам праз суд выпісалі з інтэрната, які быў у пажыццёвай арэндзе і за які яна, як сцвярджае, плаціла.

Купляюць, таму што танна, і не задумваюцца, што будзе заўтра

«Там прайшло маё дзяцінства, падлеткавы ўзрост. Там у мяне рос сын. Гэта ж не проста дамы, разумееце? Калі ты любіш сваю радзіму, любіш свой горад, сваю зямлю, сваіх родных — гэта не толькі людзі, гэта яшчэ і мясціны. Яны ж не проста спрабуюць забраць дамы. Дамы там амаль нічога не каштуюць. Яны спрабуюць нанесці апошні маральны ўдар, каб поўнасцю расціснуць, зламаць чалавека. Так, балюча, вельмі балюча. Але гэтая памяць застаецца ў галаве, у сэрцы. Я буду змагацца за гэта. Я проста так не аддам свае ўспаміны, свае мясціны», — кажа актывістка.

Юлія Сліўко ў Варшаве. Фота з архіва гераіні
Юлія Сліўко ў Варшаве. Фота з архіва гераіні

Юлія мае на ўвазе сваю актывісцкую дзейнасць: маршы, каб замежнікі памяталі пра беларусаў, іншыя кірункі. Не пра ўсе з іх яна можа гаварыць публічна. У тым ліку дзеля барацьбы за спадчыну яна хацела ўступіць у Каардынацыйную Раду разам з камандай «Еўрапейскі выбар». Адзін з кірункаў іх працы — стварэнне дакумента аб рэстытуцыі. Над ім будуць працаваць далей — на аснове досведу Літвы, Эстоніі: «Мы падрыхтуем дакументы дзеля таго, каб мы вярталіся ў свае дамы, а не проста свой горад». Яна спрабавала падаць скаргу ў еўрапейскія структуры, але не атрымалася. Таму сканцэнтраваліся на законе.

Іншыя людзі, якія будуць купляць чужую маёмасць, адабраную незаконным шляхам, крымінальным спосабам — таму што гэта проста захоп маёмасці. Гэта рэкет 90-х чыстай вады. Гэтыя людзі павінны памятаць, што сваё шчасце не пабудуеш на чужым няшчасці. Што яны проста пойдуць у нікуды. І добра, калі гэта скончыцца тым, што яны проста будуць выселеныя з гэтых дамоў і не атрымаюць ніякіх крымінальных спраў. Таму што кожная такая справа па такім захопе маёмасці будзе разглядацца асобна.

Юлія думае, што людзі купляюць маёмасць, бо гэта проста танна, і не задумваюцца пра тое, што будзе заўтра, ці не ў курсе, што адбываецца ў краіне. Тлумачыць ім, што яны набылі, актывістка не плануе — лічыць, што гэта не яе адказнасць.

Бабулін дом у Мастах пабудаваны на зямлі, якая належала Юлінаму прадзеду. Сям’я ўзводзіла яго, маючы чатырох дачок. Маці Юліі ў Мастоўскім раёне працавала на яго «ўсё жыццё». Юлія яго «ўсё жыццё» рамантавала — звонку і ўсярэдзіне. Туды правялі ваду, каналізацыю, змянілі вокны з драўляных на пластыкавыя. Агароды прыводзілі да ладу — зараз яны зарастаюць. Пасадзілі дрэвы. Толькі матэрыялаў працоўных там засталося на $ 2000.

«Гэта ўсё — гэта не проста грошы, гэта частка тваёй душы і сэрца. Гэта не ацэньваецца грашыма. Мама перад смерцю пасадзіла там яблыні - я ні аднаго яблыка яшчэ з той яблыні не з’ела. Там растуць маміны ружы, якія яна пасадзіла перад тым, як даведалася, што хварэе на анкалогію. Яна казала: „Калі я сыду — ружы будуць вам напамінаць пра тое, што я разам з вамі“. Сёння я нават не магу дагледзець гэтыя ружы, каб працягнуць памяць», — кажа Юлія.

Любімае месца, дзе спакойна і ўтульна, — гэта магіла трэцяга брата, куда Юлія прыязджала. Ёй здавалася, што ён выслухвае і дапамагае. І гэтага цяпер у яе няма. Яна не захавала фота дома, каб не раніць сябе яшчэ больш.

Юлія абжылася ў Варшаве, мае свае радасці і шчасце. Мае сяброў, знаёмых, справу — манікюрны салон. «Мой дом у Гародні. Я там, дзе мой сын. Нам тут падабаецца, але гэта не наш дом», — кажа яна. Праз паўгода эміграцыі перавезла ката Васіля. Сына ён адразу прыняў, Юлію — праз тыдзень. Цяпер Васіль спіць з сынам, глядзіць з ім тэлевізар ці ляжыць на педыкюрным крэсле Юліі.

Кот Василий
Кот Васіль. Фота з архіва гераіні

Юлія чакае суда. Яна кажа, што ў яе могуць забраць маёмасць і грамадзянства — але не памяць, прыналежнасць да нечага і любоў да Гародні і Беларусі.