Апошнія калядоўшчыкі заходзяць у дамы 14 студзеня, на стары Новы год, завяршаючы сезон, які пачаўся 24 снежня. Гродзенцы Ганна і Віктар захоўваюць беларускую традыцыю калядавання ў эміграцыі і далучаюць да яе не толькі землякоў, але і палякаў.
Запыт на захаванне беларускасці ў эміграцыі
«Каляды былі вельмі важным святам у маёй сям’і, – згадвае беларус Віктар, які жыве ва Уроцлаве. – Стараліся рабіць усё згодна з традыцыяй. Гатавалі 12 посных страваў, пад абрус клалі сена ці салому. Заўсёды на стале стаяла талерка для таго, хто ўжо не можа быць побач з намі. На Куццю запрашалі людзей адзінокіх – тых, каму няма з кім сустракаць Раство. Гэта быў дзень еднасці, калі трэба дзяліцца цеплынёй. І я рады, што беларуская традыцыя святкавання Калядаў працягваецца тут».
«Гэта тое, чым я цікавілася ў Беларусі. І мне захацелася працягнуць гэта тут, у месцы, дзе я цяпер жыву. Калядаванне – гэта традыцыя, якая нясе людзям надзею, добрыя эмоцыі, сустрэчы з людзьмі. Мы ўпэўніліся, што ў беларусаў у эміграцыі ёсць запыт на гэта», – тлумачыць Ганна.

Яна напісала сцэнар, сабрала ахвочых, і вось ужо пяты год запар беларусы калядуюць ва Уроцлаве.
Ад «Танцаў гарадзенскіх дворыкаў» да «Беларускіх танцаў ва Уроцлаве»
Ганна скончыла эканамічны факультэт БНТУ, а цяпер, у эміграцыі, працуе ў ІТ. Віктар вучыўся на настаўніка фізкультуры, але звязаў сваю прафесійную дзейнасць з будаўніцтвам. А яшчэ Ганна і Віктар спяваюць, граюць на музычных інструментах і танчаць.
Цікавасць да ўсяго беларускага была ў Ганны з дзяцінства. Найбольшае захапленне прыйшло пасля таго, як яна далучылася да Студэнцкага этнаграфічнага таварыства – аб’яднання этнографаў, майстроў і зацікаўленай моладзі, якія вывучаюць беларускую традыцыйную культуру і імкнуцца захаваць спадчыну. Віктар з дзяцінства чуў беларускую мову і беларускія спевы. Сам вельмі любіў спяваць, а потым прыйшла і любоў да беларускіх танцаў.
Яны пазнаёміліся яшчэ ў Беларусі. Абое родам з Гродзеншчыны – Віктар з вёскі Адэльск, што пад Гродна, Ганна – са Шчучына. Сустракаліся на правядзенні абрадаў Багача, Купалля, на майстар-класах па беларускіх народных танцах, а таксама на «Танцах гарадзенскіх дворыкаў» – вечарынах, на якія збіраліся гродзенцы і пад жывую музыку танчылі беларускія танцы.

Выпадкова сустрэўшыся ўжо ва Уроцлаве – на канцэрце гурта Naviband, беларусы падумалі: а чаму б у эміграцыі не зладзіць ініцыятыву, падобную да «Танцаў гарадзенскіх дворыкаў»? Так з’явіўся праект «Беларускія танцы ва Уроцлаве», у межах якога Ганна і Віктар ладзяць заняткі, на якіх вучаць асновам беларускага і польскага танца. Танчаць у парках, на адкрытых пляцоўках ці ў памяшканнях – у залежнасці ад надвор’я. Далучаюцца не толькі беларусы, але і палякі, і ўкраінцы. Менавіта з «танцораў» і склалася група калядоўшчыкаў ва Уроцлаве.
«Трымаемся традыцыі і дадаём новае, жартаўлівае, нечаканае»
Падрыхтоўка да Калядаў звычайна пачынаецца за некалькі тыдняў. Удзельнікі прадумваюць касцюмы, вучаць абрадавыя песні, вершы, абавязкова некалькі разоў збіраюцца на рэпетыцыі. За аснову бярэцца гродзенская традыцыя з яе каляднымі песнямі. Заўсёды дадаецца нешта новае – жартаўлівыя вершыкі, нейкая інтэракцыя з гаспадарамі, – каб было цікава нават тым, да каго калядоўшчыкі прыходзяць не ўпершыню.
Абавязковыя ролі – баба і дзед, анёл, зорканоша, мядзведзь і, канешне, каза. Каза – гэта, бадай, галоўны персанаж, вакол якога і пабудаваная ўся драматургія. Яна больш за ўсіх узаемадзейнічае з гаспадарамі, скача, танчыць, гарэзіць. І яна ж увасабляе галоўны сімвалічны матыў смерці і адраджэння. У пэўны момант каза нібыта памірае, а пасля ажывае з дапамогаю гаспадароў, якія пад адмысловыя песні-прасілкі ахвяруюць на ўваскрэшанне казы розныя стравы – каўбасу, сала, капусту, хлеб…

«Бывае, што гаспадары занадта літаральна ўспрымаюць тэкст прасілак, пачынаюць хвалявацца, што чагосьці не стае, мітусіцца, шукаць пачастункі. Даводзіцца іх заспакойваць», – расказваюць калядоўшчыкі.
Колькасць персанажаў можа вар’явацца: ад пяці да дзесяці – больш у хаце ці кватэры папросту не размесцяцца. «Сёлета ў нас дадаўся персанаж п’яніцы, які, дарэчы, «выдатна» сыграў сваю ролю: у адной з хатаў разбіў тры келіхі. Вядома ж, гэта адбылося выпадкова і насамрэч хлопец цалкам непітушчы. Гаспадары ўспрынялі гэта як добры знак: у іхнай хаце будзе багата шчасця», – смяецца Віктар.
«Я ведаю польскі звычай, і мне цікава, як калядуюць беларусы»
Ганна і Віктар загадзя абвяшчаюць у сацыяльных сетках, што група калядоўшчыкаў гатовая завітаць да тых, хто іх чакае. А запрашаюць да сябе не толькі беларусы, але і палякі.
А некаторыя палякі далучаюцца і да арганізацыі. Ужо каторы год у беларускім калядаванні бярэ ўдзел полька Магда. Сёлета ў групе беларускіх калядоўшчыкаў ёй дасталася галоўная роля – Казы.
Чатыры гады таму Магда ўпершыню прыйшла на заняткі па беларускіх народных танцах да Ганны і Віці. Знаёмства перарасло ў сяброўства і супрацу. Полька “закахалася” ў беларускую культуру і ў беларусаў. Разам з беларусамі яна спявае ў гурце «Wieś białoruska», ездзіць на фестывалі польскай, беларускай і ўкраінскай культураў, ладзіць майстар-класы. На апошніх прэзентуюцца між іншага беларускія традыцыі пляцення павукоў, ткацтва, выцінанкі, беларускія танцы і спевы. У мінулым годзе нават паставілі разам спектакль «Лада і Цмок», заснаваны на беларускіх народных казках.

«Я добра ведаю польскі звычай калядавання, і мне цікава было, як калядуюць беларусы», – кажа полька. Параўноўваючы дзве традыцыі, Магда адзначае, што ў беларусаў калядаванне захавалася як жывы, непасрэдны абрад: з гумарам, шматгалоссем, танцавальнымі элементамі, «прасілкамі» і абавязковым узаемадзеяннем з гаспадарамі.
У Польшчы ж традыцыя абыходу хатаў амаль знікла. Калядаванне часцей мае тэатралізаваны характар і ладзіцца ў выглядзе пастановак пры касцёлах альбо школах. Да таго ж у беларускім абрадзе больш паганскіх матываў, тады як у Польшчы сучаснае калядаванне ў асноўным мае рэлігійны характар. Адсюль і розніца ў складзе груп калядоўшчыкаў. Гэтак, у Польшчы распаўсюджаныя вобразы цара Ірада, трох каралёў, якіх у беларускай традыцыі амаль не сустрэнеш. Яшчэ адзін цікавы персанаж – Туронь. Ён мае выгляд фантастычнай істоты, няведамай жывёліны, ці то казы, ці то быка з разяўленай пашчаю.
Прастора сустрэчаў, супольнасці і культурнага дыялогу
Гродзенцы нямала пакалядавалі: акрамя наведванняў хатаў, яны бралі ўдзел у некалькіх імпрэзах, што ладзіліся для дзетак ва Уроцлаве. Шмат эмоцыяў, шмат сустрэчаў, шмат словаў удзячнасці.

Але ж і шмат часу, высілкаў, энергіі. Што натхняе гэтых людзей? Імкненне захаваць беларускасць у сабе і дапамагчы тым, хто імкнецца гэта рабіць тут, у эміграцыі – адказваюць нашыя героі.
«Пры гэтым мы не закрываемся ў нашай выключна беларускай бурбалцы. Мы нясём нашую культуру, паказваем яе ў тым ліку польскай супольнасці і з ахвотаю далучаемся да розных міжнацыянальных падзеяў, бяром удзел у інтэграцыйных праектах. Нярэдка ад палякаў чуем словы захаплення нашай беларускай культурай. Ёсць і тыя, хто рэальна дапамагае захоўваць і развіваць яе, як, напрыклад, нашая сяброўка Магда», – дадае Ганна.
Чытайце таксама: Як святкавалі Каляды і Новы Год у Гродне 100 гадоў таму (+ рэцэпт перніка)



