У самым пачатку 2000-х здарылася важная, можна сказаць, гістарычная падзея. Расійскія паляводы ўпершыню знайшлі каларадскага жука на пасевах бульбы ў Прыморскім краі ў ваколіцах Хабараўска. Такім чынам гэтая казурка завяршыла сваё перможнае шэсце па еўраазійскім кантыненце і цяпер прысутнічае на абодвух берагах Ціхага акіяна — у Расіі і ў ЗША.
Між тым, калі амерыканскі энтамолаг Томас Сэй у далёкім 1824 годзе ўпершыню апісаў дзесяціпалосага жука, які радасна паядаў ядавіты дзікі паслён, ніхто не мог сказаць, якая вялікая палітычная кар’ера чакае гэтае насякомае.
Жук не з Каларада
Радзіма каларадскага жука — не амерыканскі штат Каларада, а рэгіён на поўначы Мексікі - самы цэнтр Паўночнаамерыканскага кантынента. А любімая ім бульба паходзіць з Паўднёвай Амерыкі і расце ў Андах. Гэта тысячы і тысячы кіламетраў адлегласці. Пакуль на захад Паўночнай Амерыкі не прыйшлі пасяленцы, жук харчаваўся дзікімі і вельмі ядавітымі паслёнавымі раслінамі і цікавіў толькі спецыялістаў па насякомых.
Жук-пераможца
Жук даўся ў знакі амерыканцам. Вядома, што калі з ім не змагацца, ён знішчае 100% пасеваў бульбы. Па некаторай інфармацыі ўжо ў 1840-х ён трапіў у Германію. Яго выпадкова прывезлі сюды быццам з нейкім новым сортам бульбы. Праўда нямецкі ўрад аб’явіў жуку такую татальную вайну, што яго ўдалося перамагчы.
Далей біёлагі расказваюць наступнае.
У час Першай Сусветнай вайны амерыканцы разам з бульбай для сябе і французаў прывезлі жука ў французскі порт Бардо. Адтуль жук і пачаў пераможнае шэсце па Еўропе, апанаваўшы да канца 1930-х усю Францыю.
Жук як дзіва
Пра з’яўленне каларадскага жука на Гродзеншчыне ўпершыню загаварылі ў 1949 г. Справа ў тым, што жук мігруе і на крылцах разам з папутнымі вятрамі (а ў нашым рэгіёне яны летам збольшага дуюць з паўднёвага-захаду) можа за сезон пераляцець нават 400 кіламетраў. Ды і шчыльна зачыненая мяжа СССР для жука, зразумела, перашкодай не была.
Дзяцей збіраць жука яшчэ не выганялі, улады былі занятыя больш важнай праблемай — заходнебеларускую вёску трэба было калектывізаваць. Але былі выпушчаны плакаты, якія расказвалі пра жука, і нават надрукаваныя этыкеткі да запалкавых карабкоў з выявай самога жука і яго лічынкі. За знаходжанне жука прапаноўвалася нават невялікая прэмія. Па Гродзеншчыне ездзілі прапагандысты, якія мелі ў баначках пару заспіртованых жукоў і лічынак і паказвалі іх вяскоўцам як дзіва.
Жук як герой прапаганды
Летам 1950 жук такі дабраўся да СССР. Яго ўбачылі адначасова на Львоўшчыне, Валыні, Брэстчыне, Гродзеншчыне і ў Літве. Каларадскаму жуку была нават прысвечаная спецыяльная запіска міністра сельскай гаспадаркі СССР, якую той паслаў Берыі. Кіраўніцтва хутка зразумела, што з гэтага шкодніка-бульбаеда можна атрымаць палітычныя бонусы і ўдарыла па ім са сваіх прапагандысцкіх гармат.
Жук як зброя
І вось тут пачалося. Газеты запоўніліся карыкатурамі з выявамі жукоў, якія на парашутах спускаюцца з амерыканскіх самалётаў. Выпускалі плакаты, дзе з аднаго боку быў паказаны атамны выбух, а з другога — каларадскі жук. То бок жук па сваёй небяспецы прыраўноўваўся да атамнай зброі. Жук быў вельмі каларытны з выгляду, да яго вельмі лёгка было дамаляваць паласаты амерыканскі сцяг, нават некаторы час у газетах яго называлі не каларадскім, а менавіта «амерыканскім жуком».

Жук з Уол Стрыт
Народнае збіранне «ворага міра», «пасланца з Уол Стрыт», «імперыялістычнага забойцы» (менавіта так называлі каларадскага жука) нічога не дало. У 1960-х гг. ён наспяхова дайшоў да РСФСР, а ў 1980-х пераваліў за Урал. Ды і рабіць з жуком, які перамог сацыялістычны лад, ужо не было чаго. Таму за працу ўзяліся біёлагі і хімікі і на сёння ўжо распрацаваныя даволі эфектыўныя сродкі барацьбы з каларадскім жуком.