Аляксандр і Наталля з расійскага горада Сызрань адважыліся на далёкую паездку ў беларускі Гродна на савецкім матацыкле «Мінск». Пры сярэдняй хуткасці 65 км/г яны пераадолелі амаль 2500 км за пяць дзён. Як і чаму маладыя людзі рушылі ў шлях, даведаўся Hrodna.life.

Доўга стаяў у гаражы

Сызрань знаходзіцца ў Самарскай вобласці. Ідэя прыехаць у Гродна на старэнькім матацыкле ўзнікла ў 2017 годзе, калі Аляксандр атрымаў правы.

«Бацькоўскі матацыкл „Мінск“ доўга стаяў у гаражы, але год таму я паставіў сабе мэту вывучыцца на правы і асвоіць гэты транспарт, — распавядае Аляксандр. — Сам матацыкл быў выпушчаны яшчэ ў 1990 годзе, каб на ім катацца і адпраўляцца ў падарожжа, трэба было ўсё дэталёва вывучаць, а таксама навучыцца яго рамантаваць».

Даказаць, што на «Мінску» можна падарожнічаць

Выбралі Гродна, бо Наталля родам адсюль, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехала ў Расію.

«У асноўным мы па Сызрані каталіся, а хацелася чагосьці большага. Нечакана з’явілася вар’яцкая ідэя паехаць на матацыкле на радзіму Наталлі, — кажа Аляксандр. — Многія, асабліва сваякі, адгаворвалі нас і называлі вар’ятамі. Наш „Мінск“ ніхто сур’ёзна не ўспрымаў, усе думалі, што гэта нейкі сельскі матацыкл, які прызначаны для паездак на малыя адлегласці. Я ж вырашыў даказаць, што на ім можна падарожнічаць».

На такую далёкую паездку пару падштурхнулі яшчэ і канструктары матацыкла «Мінск» Пілюкевіч і Захарын, якія на падобных матацыклах перасеклі Савецкі Саюз. Па выніку сваіх падарожжаў стваральнікі пасля напісалі кнігу: «Мотатурызм: спорт і адпачынак».

«У гэтай кнізе стваральнікі далі слушныя парады мотатурыстам-пачаткоўцам: да чаго рыхтавацца ў паездках і чаго баяцца. Была адна частка, што мотатурызм трэба пачынаць з кароткіх паездак выхаднога дня на 300−400 км, мы ж адразу замахнуліся на 2350 і гэта толькі ў адзін бок», — дадае Аляксандр.

Ідэю падтрымалі нямногія

Да паездкі Аляксандр пачаў рыхтаваць матацыкл з вясны: перабраў усе дэталі, зрабіў зарадку, купляў спецыяльныя навушнікі, каб у дарозе з дзяўчынай можна было спакойна размаўляць. Выехалі Аляксандр і Наталля з Сызрані 30 ліпеня, а ў Мінску былі ўначы 4 жніўня. Там пара пагасцявала суткі і адправіліся ў Гродна.

Каб прыехаць у Гродна пара з Расіі на савецкім матацыкле «Мінск» пераадолела 2500 км
У сярэднім у дзень пара была ў дарозе па 5−6 гадзін. За 100 км да Мінска госці з Расіі прабілі кола.
Аляксандр распавядае, што ідэю з далёкай паездкай мала хто падтрымаў. Ехаць прыйшлося праз такія гарады: Сызрань, Пенза, Тамбоў, Ліпецк, Арол, Бранск, Гомель, Бабруйск, Мінск і Гродна.

«Перад паездкай я быў устрывожаны, бо не ведаў што нас чакае. У нас амаль ніхто не верыў. І ўсе дзівіліся, асабліва ў Беларусі, калі бачылі нас на дарозе на матацыкле „Мінск“ з расійскімі нумарамі. Але ўсё ў выніку атрымалася. У канчатковай кропцы нашага падарожжа мне ўсё спадабалася, а дзяўчына сюды ехала як дадому, так што гэта ўдвая больш прыемна».

Каб прыехаць у Гродна пара з Расіі на савецкім матацыкле «Мінск» пераадолела 2500 км
З сабой у дарогу Аляксандр і Наталля ўзялі спальнікі, палатку, газавую гарэлку і нешта з прадуктаў. У цэлым на бензін і харчаванне ў адзін бок яны патрацілі каля 150 беларускіх рублёў.

Краіны не для мотатурызму

Пасля тыднёвага адпачынку на захадзе Беларусі пара адпраўляецца назад у Сызрань. Яны плануюць трохі змяніць маршрут.

«Уся паездка ў нас павінна выйсці каля 4500 км. Адзінае, што мы зразумелі падчас паездкі: пакуль Беларусь і Расія не моцна прызначаны для мотатурызму. Падчас падарожжа практычна не было парковак для матацыклаў і ахоўных зон у тым ліку. Даводзілася начаваць у лесе побач з матацыклам. Але ў цэлым мы засталіся задаволеныя паездкай і сабой. Матацыкл нас не падвёў. Сёння мала хто вырашаецца на падобныя паездкі».

Ёсць планы і на будучыню

Пасля вяртання ў Сызрань пара будзе рыхтаваць план чарговай паездкі. Магчыма, яны адправяцца на поўнач Еўропы.

Дарэчы, пара вядзе групу ў Вконтакте, дзе распавядае пра сваё падарожжа.

Каб прыехаць у Гродна пара з Расіі на савецкім матацыкле «Мінск» пераадолела 2500 км
Падчас знаходжання ў Гродне Аляксандра і Наталлю паспеў пазнаць адзін гродзенец, які сочыць за іх падарожжам у сацыяльных сетках.