Візавыя цэнтры VFS Global у Беларусі, у тым ліку ў Гродне, павінны былі пачаць выдаваць балгарскі шэнген з 1 красавіка 2024 года. Але ў гэты дзень Амбасада Балгарыі ў Мінску паведаміла, што падаць дакументы можна будзе пазней.

Прымаць дакументы на балгарскія візы ў візавым цэнтры ў Мінску пачнуць з 15 красавіка 2024 г. У візавых цэнтрах у іншых гарадах, у тым ліку ў Гродне, падаць дакументы можна будзе з 1 траўня 2024 г.

Больш падрабязная інфармацыя пра шэнгенскія візы Балгарыі будзе даступная з 8 красавіка 2024 года на сайце візавага цэнтра «VFS Global» (https://visa.vfsglobal.com/blr/ru/bgr) і ў кол-цэнтры па нумары +375 17 3 882 912.

Прымаць дакументы на балгарскі шэнген плануюць візавыя цэнтры ў Мінску, Брэсце, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Гродне, Лідзе, Магілёве і Пінску. Консульскі збор павінен скласці € 35, збор візавага цэнтра — € 25.

Балгарыя і Румынія ўступілі ў «частковы Шэнген»

Па рашэнні Рады Еўрапейскага саюза, з 31 сакавіка для Румыніі і Балгарыі адмянілі памежны кантроль на марскіх і паветраных межах у межах Шэнгенскай зоны. Пры гэтым на наземных межах кантроль захаваецца яшчэ нейкі час.

Але нават такі ўрэзаны варыянт пашырэння шэнгенскай зоны дазволіў Балгарыі і Румыніі выдаваць паўнацэнныя шэнгенскія візы.

Балгарыя і Румынія ўступілі ў Еўрасаюз у 2007 годзе. Ужо ў 2011 годзе яны тэхнічна былі гатовыя ўступіць і ў Шэнген. Аднак гэты крок блакіравалі іншыя краіны ЕС, найперш Аўстрыя.