“Вясновае абуджэнне” – так называецца новая серыя з пяці кактэйляў, што 30 сакавіка прадставілі гасцям бара Houdini. У склад усіх напояў уваходзяць розныя гатункі мёду ад прадпрыемства “Мядовы шлях”. Пасекі знаходзяцца ў Парэччы, таму назвы напояў таксама звязаны з гэтымі мясцінамі. Выпіць “Малочнае возера” ці адпачыць пад “Фанфары сяброў” хутка зможа кожны. Ужо ў красавіку навінкі з’явяцца ў кактэйльнай карце.

“Праз кактэйлі “Вясновага абуджэння” мы хацелі паказаць новыя магчымасці выкарыстоўваць мёду. Давесці, што яго можна не толькі есці дома лыжкамі ці дадаваць у кандытарскія вырабы, але і гатаваць смачныя і эстэтычныя з выгляду кактэйлі”, – распавёў Андрэй Грушынаў, аўтар новых напояў і мэнеджар бара. Разам з мёдам у склад кактэйляў уваходзяць травы і садавіна, што ўтрымліваюць вітаміны. Таму напоі будуць карыснымі для здароўя.


Кожны з кактэйляў утрымлівае адзін з гатункаў узбітага мёду вытворчасці кампаніі “Мядовы шлях”. Для кактэйля “Фанфары сяброў”, з грэйпфрутам і сокам лайма, дадаюць мёд з кветкавай пыльцой, да “Кветкавага гасцінца”, асновай якога стаў ахалоджаны настой каркадэ і цытрусавыя, добра пасуе мёд з чарніцамі і ягадамі асаі, а “Малочнае возера” дапаўняе мёд з малінай.

Назвы напояў таксама прывязаны да знаёмага гродзенцам Парэчча. “Мяркуем, што гэта будзе спрыяць папулярызацыі нашай мясцоваці, што турысты захочуць больш пра яе даведацца, а гродзенцы лішні раз выберуцца на прыроду”, – разважае Андрэй.

Калі ўсё ж паехаць у сапраўднае Парэчча атрымліваецца не часта, то правесці “Суботнік на сядзібе” можна будзе і ў бары. Дэтокс-кактэйль са шпінатам і яблыкам забяспечыць ачышчэнне арганізма ад шлакаў, што сабраліся за зіму.

Падтрымаць здароўе дапаможа і “Знахар” – адзіны з мядовых кактэйляў новага шэрагу, што падаецца гарачым. Для яго прыгатавання выкарыстоўваецца настой чабору, рамонкаў і размарыну, а разам з мёдам у напой дадаюць яшчы сіроп шыпшыны.

Кожны з новых кактэйляў можа ўжывацца самастойна, але для паўнаты ўражанняў у бары прапануюць іх кампазіцыйную падачу. Ліманады дапаўняе садавіна ці цытрусавыя, а да малочнага кактэйля плануюць падаваць печыва і шакалад.

Усе кактэйлі “вясновага абуджэння” – безалкагольныя. “Праз іх стварэнне мы мелі паказаць, што бар таксама можа мець здаровы імідж, – распавядае Андрэй. – Тое, што бар – гэта толькі алкаголь і танцы – стэрэатып, каторы не адпавядае сучаснасці. Мы хочам паказаць і другі бок барнай культуры – са здаровым адпачынкам і карыснымі кактэйлямі, што спрыяюць здароўю”.

Яшчэ адным нечаканым “фокусам” ад Houdini стала прэзентацыя новай залі. Яна месціцца ў сутарэннях пад барам і мае больш стрыманы, вышуканы стыль. Месца тут, хутчэй, на спакойныя размовы, чым на шумную “тусоўку”. Дапаўняе атмасфернасць аўтэнтычная цагляная кладка сцен, стогадовае піяніна з шыкоўным гукам і жывое полымя свечаў.
https://youtu.be/SgDICDApIM8


